ФЕАКРЫ́Т (Theokritos; канец 4—1-я пал. 3 ст. да н.э.),

старажытнагрэчаскі паэт. Нарадзіўся ў Сіракузах (Сіцылія) ці паблізу ад іх. Росквіт літ. дзейнасці супадае з яго знаходжаннем у Александрыі пры двары Пталамея II. Заснавальнік жанру ідыліі, напісанай пераважна ў форме дыялогу або маналога. Выкарыстоўваючы сіцылійскую фалькл. традыцыю пастухоўскіх спаборніцтваў у спевах, стварыў букалічныя творы з умоўнымі вобразамі пастухоў, якія пакутуюць ад кахання на ўлонні прыроды («Тырсіс»). У ідыліях пра гараджан працягваў традыцыю дарыйскіх мімаў Сафрона: пераважалі любоўныя пачуцці («Вядзьмаркі»), быт. характарыстыкі («Сіракузянкі, або Жанчыны на свяце Адоніса»). Некат. ідыліі напісаны на міфалагічныя сюжэты («Дыяскуры», «Гілас» і інш.). Стыль Ф. адметны спалучэннем вытанчанасці і натуралізму, іроніі і сур’ёзнасці, наіўнасці і выразнасці. Збераглося каля 30 яго ідылій (з іх не ўсе арыгінальныя) і больш за 20 эпіграм.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Феокрит. Мосх. Бион: Идиллии и эпиграммы. М., 1958.

Літ.:

Чистякова Н.А. Эллинистическая поэзия. Л., 1988.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)