Сві́ршня ‘вага або вочап у студні з жураўлём’ (воран., лід., ДАБМ, камент., 809–810), сьвіршня́ (ашм., Стан.), ‘вал з ручкай у калодзежы’ (Сцяшк.), сві́рсня ‘вага або вочап у студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809–810), свіршня́, свяршня́, свірсня́ ‘журавель у студні’, ‘вага ў студні з жураўлём’ (Сл. ПЗБ). Балтызмы. Параўн. літ. svirksnis, svirksnỹs, лат. svir̃kstenis, svirkstene ‘прыстасаванне для пад’ёму вады з калодзежа’ (Лекс. балтызмы, 15; Лаўчутэ, Балтизмы, 50; Анікін, Опыт, 91). Гл. таксама асвер, свер, свір.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скабі́ць ‘скрэбці (бульбу)’ (Мат. Гом.), магчыма, сюды ж (калі гэта не другаснае ўтварэнне) ска́біць ‘заганяць стрэмку’ (Нас., Байк. і Некр.), параўн. каш. skobʼic ‘здзіраць кару з дрэва’. Відаць, узыходзіць да прасл. *skobiti ‘скрэбці вострай прыладай’, роднаснага літ. skõbti ‘дзяўбсці, рваць, шчыпаць’, лац. scabere ‘драпаць’, ст.-в.-ням. scaban ‘тс’, ням. schaben ‘скрэбці, церці’, адносна якога выказваецца меркаванне пра яго страту ў славянскіх мовах яшчэ ў праславянскі перыяд (Варбат, Этимология–1971, 3). Гл. таксама SEK, 4, 281.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаланда́ ‘пасмешышча’, ‘нікчэмнасць, дрэнь’ (Нас.), ‘скандал’: век жывуць са скаландой (Мат. Гом.), скулунда́ ‘аткіды, смецце’, ‘астатак’ (Бяльк.), скулінда́ ‘дробязь, вельмі мала’ (Юрч.). Насовіч (Нас., 580) узводзіць да грэч. σχανδαλον ‘спакуса’, ‘перашкода’, параўн. сканда́л (гл.), што магло паўплываць на семантыку. Відаць, запазычанне з літ. skalánda ‘доўгая адшчэпленая лучына для пляцення кошыкаў і да т. п.’, ‘трэска, асколак’, skelénda ‘трэска, асколак’, якія, паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 2, 269), ад skélti ‘шчапаць’ з суф. ‑da. Да семантыкі параўн. дробязь < дробны < драбіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сталя́р ‘спецыяліст па тонкай апрацоўцы драўніны’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сто́ляр ‘тс’ (Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк.), ст.-бел. столяръ ‘тс’; сюды ж сталя́рскі, сталя́рства (ТСБМ, Шат.). Укр. сто́ляр, рус. столя́р, разм. сто́ляр. З польск. stolarz ‘тс’, якое ўтворана ад stół ‘стол’ і калькуе ням. Tischler ‘тс’ ад ням. Tisch ‘стол’; гл. Фасмер, 3, 766 з літ-рай; Брукнер, 517. Карскі (1, 414) непасрэдным запазычаннем з польскай лічыць формы з націскам на першым складзе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысце́нь ‘вялікая ручайка пражы ў дзве або ў тры ніткі’ (арш., Бяльк.), ‘клубок нітак’ (віц., круп., Трух.). Утворана ад трысці́ць (гл.) пад уплывам лексемы прасце́нь1 ‘мера палатна ў даўжыню’ (гл.), якое з пра- < літ. priẽ ‘каля, ля, побач з, пад’ і сцень < сцяна́ (гл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад прасце́нь ‘адно верацяно’, ‘верацяно, зматанае з двух верацёнаў’, што звязана з тэхналогіяй снавання на сценах хаты. Параўн. про́сцень ‘тс’, якое Трубачоў (Ремесл. терм., 101) выводзіць ад просты, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́люс — лаянкавае слова: Padlo! Tulus! (ваўк., Федар. 4). Слова цьмянага паходжання. Па форме і па тэрыторыі ўжывання блізкае да tuolis ‘чорт’ у т. зв. “Польска-яцвяжскім слоўнічку” (Зінкявічус, Балто-слав. иссл., 1983, 19). Апошняе залічана да балцкай лексікі, якая не мае ідэнтычных словаўваральных або семантычных адпаведнікаў у іншых балтыйскіх мовах. Паводле Зінкявічуса (там жа), можа быць звязана з імем прускага бога падземнага царства Patollus, Patollos, літ. Patulas < pa + *tula ‘зямля’, ст.-прус. talus ‘падлога з гліны’. Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́шчы ‘худы, шчуплы, пусты, парожні’ (Ласт.), тушчэ́ць ‘марнець, знясільвацца’ (там жа). Суадносіцца з тшчы ‘пусты, дарэмны’, то́шчы ‘худы, шчуплы, пусты’ (гл.) у рознай ступені вакалізму, параўн. тухнуць, тхнуць, тохнуць, гл. Разам з прасл. *tъštь ‘парожні’, літ. tùščias ‘пусты, парожні, нікчэмны’, лат. tukšs ‘тс’, ст.-інд. tucch(y)ah ‘тс’ узыходзяць да і.-е. *teus‑/*tus‑ ‘парожні, апаражняць’ (Смачынскі, 696; Борысь, 92; ЕСУМ, 5, 612; Арол, 4, 91). Сюды, відаць, і ту́шчыцца ‘засмучацца ў час наступлення хваробы’ (гор., Мат. Маг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ён, яна, яно ’асабовы займеннік 3‑й ас. Укр. він, вона, воно, рус. он, она, оно, ст.-рус. онъ, она, оно, балг. он, она, оно, серб.-харв. о̏н, о̀на, о̀но, славен. òn, óna, óno, польск. on, ona, ono, чэш. on, ona, ono, в.-луж. won, wona, wono. Ётацыя пачатку беларускіх форм пад уплывам ускосных склонаў (ёняго) (Карскі, 1, 304–305). Іншыя індаеўрапейскія паралелі: літ. añs ’тс’, ст.-іран. ana‑ ’гэты’ і інш. (ESSJ, 2, 529–533).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імбі́р ’трапічная травяністая расліна з мясістым коранем, багатым на эфірны алей’ (ТСБМ), інбе́р (Бяльк.). Ст.-бел. имберъ (имбаръ, имбиръ, инберъ, инкберъ) 1498 г. < ст.-польск. imbier, inbir, ingbier < с.-в.-ням. ingebër, ingewër, imbër < лац. zingiber < с.-грэч. ζυγγίβερις < ст.-інд. śr̥ñgaveram (літаральна ’рогападобны’); гл. Булыка, Лекс. запазыч., 150; Слаўскі, 1, 451. Для рус. имби́рь, инби́рь, укр. імби́р таксама пасрэднік польская мова (Праабражэнскі, 1, 271; Фасмер, 2, 129); з польск. і літ. im̃bieras (Скарджус, Slav., 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́ЧНЫЯ ВО́БРАЗЫ, сусветныя вобразы,

умоўная назва вобразаў літаратурных герояў, якія ўзніклі ў канкрэтную гіст. эпоху, але ў свядомасці людзей наступных эпох ператварыліся ў мнагазначныя і шырокавядомыя сімвалы, здольныя ўвасабляць з’явы агульначалавечага зместу. Кожны з гэтых вобразаў (Праметэй, Дон Жуан, Фауст, Гамлет, Дон Кіхот) па-свойму адлюстроўвае спрадвечныя сутнасныя канфлікты самавыяўлення чалавека, гранічнасць яго жыццёвых ідэалаў і памкненняў, супярэчлівую рэальнасць яго магчымасцей. Маст. ёмістасць і шматмернасць такіх вобразаў, багаты вопыт іх інтэрпрэтацый у сусв. л-ры і мастацтве вядуць да новых абагульненняў, пераацэнак рэчаіснасці ў адпаведнасці з умовамі і патрэбамі часу.

Тытан Праметэй — герой стараж.-грэч. міфалогіі ў трагедыі Эсхіла пададзены як смелы багаборац, а ў больш позніх творах як сімвал сапраўднай чалавечнасці, падзвіжніцкага служэння вял. мэце (у Дж.​Байрана, П.​Б.​Шэлі, М.​Агарова, Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Ліста, А.​Скрабіна, Тыцыяна). Сярэдневяковая легенда пра рыцара, які аддаў жыццё пошукам любоўных уцех, выклікала шмат літ. наследаванняў, у якіх Дон Жуан выступаў прадстаўніком арыстакратычнага грамадства (Мальер), заўзятым шукальнікам неўвядальнай жаноцкасці (опера В.​А.​Моцарта, апавяданне Э.Т.​А.​Гофмана), бунтаром у імя свабоды асобы (паэма Байрана), звычайным спажыўцом бурж. тыпу (раман А.​Бальзака), эгаістычным жыццялюбцам, для якога настаў час расплаты за мінулае («маленькая трагедыя» А.​Пушкіна). Этапныя маст. вытлумачэнні легенды пра Фауста, які нібыта прадаў душу д’яблу дзеля ведаў і багацця: п’еса К.​Марла «Трагічная гісторыя доктара Фауста»; трагедыя І.​В.​Гётэ «Фауст», прасякнутая верай у сілу чалавечага розуму; раман Т.​Мана «Доктар Фаустус», у якім трагічны лёс Фауста супастаўляецца з лёсам усёй Германіі 1-й пал. 20 ст. Характар Гамлета са скандынаўскай сагі, у якой гал. герой настойліва дасягае сваёй мэты і карае злачынцу, пераасэнсаваны ў аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра, дзе Гамлет паўстае найперш мысліцелем, які выпрабоўвае сумненнямі традыц. погляды.

Першыя спробы асваення вечных вобразаў у бел. л-ры — пераклады Бібліі: да біблейскіх вобразаў звярталіся ў сваёй творчасці Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі. Многа міфал. вобразаў парадзіравана ў ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». У 1920—30-я г. найб. часта згадваўся вобраз Праметэя, багаборніцкія імкненні якога адпавядалі рэв. ўздыму і грамадскім настроям часу. Надзвычай важным для бел. л-ры стаў вобраз музыкі — нар. песняра, мастацтва якога раскрывала душу бел. народа, векавую крыўду і боль прыніжанага чалавека, незгасальную веру ў моц нар. духу і неўміручасць нар. генію («Курган» Я.​Купалы, «Сымон-музыка» Я.​Коласа).

Літ.:

Берков П.Н. Вклад восточных славян в разработку так называемых «мировых образов» // Берков П.Н. Проблемы исторического развития литератур. Л., 1981.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)