Рэфарма́цыя ’правядзенне рэлігійных пераўтварэнняў у духу пратэстантызму’ (Булыка, СІС). Ст.-бел. реформация ’рэлігійнае пераўтварэнне’ < ст.-польск. reformacyja < лац. refōrmātio ’пераўтварэнне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 181).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Тырці́льніца (тырті́лныця) ‘жанчына, якая трэ лён’ (драг., Выг., З нар. сл.). Да це́рці (гл.), ад мясцовага тэ́ртэ (Бел. дыял. 2), параўн. трэйка 1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гаплі́к ’кручок (у адзежы)’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Шатал.). Ст.-бел. гапликъ ’засцежка’ (гл. Булыка, Запазыч., 79). Зыходным для бел. (ст.-бел.) слова з’яўляецца, паводле Булыкі (там жа), Рудніцкага (563), ст.-польск. heftlik < ням. Heftel. Але пры такім тлумачэнні няяснай застаецца форма бел. слова (у прыватнасці, а замест е). Гэта а ёсць і ў іншых мовах: укр. гапли́к ’тс’ (з XVI ст., гл. Цімчанка, I, 508, які прыводзіць зыходнае ням. Haftel), рус. дыял. га́плик, гаплю́к ’кручок на вудачцы’ (якое Фасмер, 1, 392, правільна тлумачыць з зыходнага ням. Haftel, Heftel праз польск. heftlik). Вытворным ад гаплі́к з’яўляецца зафіксаванае ў Бяльк. гаплі́чка ’драцяная пяцелька’. Форма гаплю́к ’гаплік’ (Бяльк., Сцяц. Словаўтв., Сцяшк. МГ), якая сустракаецца (Бяльк.) і са значэннем ’малы чалавек’ (гэта — бясспрэчная метафара: ’кручок’ — ’малы чалавек’), узнікла адаптацыяй да вядомага ў слав. мовах суфікса ‑юк. Неверагодным было тлумачэнне Карскага (гл. Сцяц. Нар., 124): гаплю́к запазычана з цюрк. моў (відаць, на падставе, як мяркуе Сцяцко, там жа, ацэнкі элемента ‑юк у якасці цюркскага).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́стаўка ’птушка юрок, Fringilla montifringilla’ (рэч., Мат. Гом.). У іншых гаворках адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам не адзначана. Дакладны адпаведнік у рус. алан. калистовка ’птушка юрок’. Далей сюды ж алан. калистик ’тс’, пск., калист ’птушка бусел, Ciconia’, пецярб. ’ < ісопіа alba’. Статус бел. слова няясны; рус. лексема падтрымліваецца шэрагам паралелей і нельга выключыць магчымасці, што бел. слова трапіла з рус. гаворак. Адносна рус. можна выказаць меркаванне, што пск. лексема, магчыма, утворана з формы аист. Пры гэтым ‑л‑ перад ‑w‑ разумеецца як эпснтычны, ‑к‑ як нерэгулярная пратэза. Гэта меркаванне вельмі няпэўнае. Апрача таго, няясна, паводле якой матывацыі аб’яднаны назвай бусел і юрок. Не выключана, што тут іншамоўнае слова, і падобныя назвы гэтых птушак генетычна суадносяцца толькі на ўзроўні запазычання. Адносна бел. фіксацыі можна выказаць яшчэ і наступнае меркаванне. Калістаўка ’юрок’ падаецца як патэнцыяльна бел. слова ў інстр., П, пыт. 105: юрок. юр. вьюрок, калістаўка… Як відаць, форма вьюрок ужо не з’яўляецца ўласна беларускай; не выключана, што і калістаўка адлюстроўвае адпаведнае калистовка з вядомай працы Мензбіра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́па ’вязка, пачак якіх-небудзь прадметаў’ (ТСБМ). Ст.-бел. кипа ’тс’ (з 1593 г.) (Булыка, Запазыч., 154), ’сноп бобу’ (Сл. паўн.-зах.), ’лазовая аплётка для бутэлькі’ (Мат. Гом.). Магчыма, формы, якія выступаюць у першым і другім значэннях, амонімы рознага паходжання. Тады бел. кіпа ’вязка, пачак’, укр. кипа ’тс’ праз рус. кипа ’тс’ з с.-н.-ням. kip ’тс’ (гл. Фасмер, 2, 235). А кіпа ’сноп бобу’ з літ. kypà ’куча, частка капы’ (Сл. паўн.-зах., 463). Але літ. kypà само разглядаецца як запазычанне з рус. кипа (Фрэнкель, 255). Цікава разгледзець трэцяе значэнне, якое яўна паходзіць ад с.-н.-ням. kīpe ’плеценая карзіна’ (Клюге, 367). Нямецкая форма ў сваю чаргу з’яўляецца непасрэднай крыніцай літ. kýpas ’тс’. Сумненне выклікае рускае паходжанне літ. kypà ’частка капы’, паколькі рус. кипа не мае сельскагаспадарчага значэн ня. З іншага боку бел. кіпа ’сноп бобу’ цесна звязана з літоўскім. Гэта дае падставу разглядаць слова ў другім значэнні асобна як амонім іншага паходжання. Не выключана, што бел. кіпа < *kypa суадносіцца з купа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звадыяш ’зводнік, падбухторшчык’, дыял. зваду́н, звод ’тс’ (Касп.). Параўн. рус. сводня, сводник ’асобы, што выступаюць пасрэднікамі’ (у тым ліку, паводле Даля, ’злачынных сувязей’), укр. звідник ’абманшчык’ (Грынч.), уст. дыял. зводи́тель ’спакуснік’, польск. дыял. zwodzijasz, zwodzijaś ’птушка ляляк, Caprimulgus europaeus, якая водзіць людзей па лесе’, ’падманшчык’ (1 красавіка — dzień św. Zwodzijasa) (Карловіч), ст.-польск. zwodzicz, zwodca ’баламут, падманшчык’ (Рэчак). Параўн. бел. звада ’спрэчка’ (Мікуцкі, Полымя, 1971, 8, 251), звадзіць ’пасварыць’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 176). Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 9, 149), да кораня вад‑ (гл. вадзіць). Аднак у словатворчых адносінах дакладней Сцяцко (Афікс. наз., 32–33): звадыяш ад зводнік. Сувязь з вадзіць пазнейшая. Зважаючы на бел.-польск. пашырэнне, хутчэй тут запазычанне, верагодна, з польск. у бел. Ад зводзіць з суфіксам ‑ун утворана звадун, што тыпова для бел. словаўтварэння. Звод можа быць рэфлексам старога ўтварэння з аблаўтам ад sъved‑ti (рус. свести) у спецыфічным значэнні, адкуль потым адназоўнікавы дзеяслоў зводзіць, але магчыма і больш новае, другаснае ўтварэнне ад гэтага дзеяслова, утворанага на базе звод з шырокім значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пэ́ўны ’дакладна вызначаны, акрэслены, канчатковы; некаторы; перакананы, надзейны, упэўнены, цвёрды’ (ТСБМ), ’праўдзівы, акуратны, адпаведны, сапраўдны’ (Цых.), ’дабраякасны (пра насенне)’ (Жд. 2), пэ́ўный ’надзейны, праўдзівы, дакладны’ (Бяльк.), ’праўдзівы, верагодны’ (Яруш.), пе́ўны ’пэўны, сапраўдны’ (ТС), пе́ўный (пе́вный) ’праўдзівы, бясспрэчны’ (Нас.), ’надзейны, праўдзівы, дакладны’ (Мядзв.), ’пэўны, сталы’ (Бяльк.), ст.-бел. певный ’вядомы, дакладны, пэўны’ (Ст.-бел. лексікон), ’упэўнены, перакананы; праўдзівы’ (Сл. Скарыны); сюды ж пэўна ’напэўна, несумненна’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ), пэ́ўно ’тс’ (Цых., Сл. ПЗБ), пэ́ўне, пэ́ўня ’верагодна, напэўна, бясспрэчна’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Мал., Шат.; шчуч., З нар. сл.), пе́ўне, пе́ўня ’тс’ (Сержп., Бяльк., Шпіл.), ст.-бел. певне ’вядома, бясспрэчна’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычана з польск. pewny ’бясспрэчны, надзейны, верагодны, бяспечны’, pewno, pewnie ’бясспрэчна, надзейна, верагодна’, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 58 (рэфлекс э на месцы ъ; формы з е — вынік другаснай адаптацыі); прасл. *pъv‑ьnъ ад рэліктавага *pъva ’пэўнасць, давер’, параўн. санскр. pavate (корань pū‑) ’бачыць выразна’, гл. Махэк₂, 447 (пра чэш., славац. pevný ’моцны, цвёрды, устойлівы’); Банькоўскі, 2, 535, 968.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АПО́СТРАФ (грэч. apostrophos),

надрадковы значок у выглядзе коскі. Указвае на пропуск галосных пры скарачэнні слоў (англ. don’t замест do not), аддзяляе артыклі і часціцы ў іншамоўных словах (франц. d’Arc) і інш. У бел. графіку ўведзены ў 1920-я г. Выконвае раздзяляльную функцыю перад галоснымі «е», «ё», «ю», «я», «і» пасля прыставак, якія канчаюцца на зычны, і ў сярэдзіне слоў пасля губных «б», «в», «м», «п», «ф», заднеязычных «г», «к», «х», шыпячых «дж», «ж», «ч», «ш», зубных «д», «т» і альвеалярнага «р». У фанет. транскрыпцыі абазначае змякчэнне зычных.

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТА́ЦЫЯ (ад лац. optatio жаданне),

у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства паводле закону або міжнар. дагавора. Адбываецца пры пераходзе тэрыторыі ад адной дзяржавы да другой, пры вырашэнні пытанняў пра асоб з двайным грамадзянствам (біпатрыдаў), пры абмене насельніцтвам. Дзеці пры аптацыі звычайна прымаюць грамадзянства бацькоў. Міжнар. права не мае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыі аптацыі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яе пагадненняў з інш. краінамі аптацыя праводзіцца на добраахвотных пачатках з улікам інтарэсаў бакоў. Так адбывалася аптацыя на аснове бел.-польск. пагадненняў пасля вызвалення тэр. Беларусі і Польшчы ад ням. фашыстаў.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМРЭ́СЛІНГ (англ. arm-wrestling ад arm рука + wrestling барацьба),

від спорту, спаборніцтва ў сіле рук двух спартсменаў. Рукаборац, абапёршыся локцем на стол і абхапіўшы кісць вертыкальна пастаўленай рукі праціўніка, імкнецца паваліць яе. Вольнай рукой ён трымаецца за спец. выступ стала. Як від спорту армрэслінг аформіўся ў пач. 1960-х г. у ЗША. Развіваецца больш як у 70 краінах свету. На Беларусі з 1990, першы чэмпіянат адбыўся ў 1991, праводзіцца міжнар. турнір па армрэслінгу «Белавежскі зубр». Існуе федэрацыя армрэслінгу. Бел. спартсменка А.​Кандратава — чэмпіёнка свету па армрэслінгу. (1995).

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)