Загугу́ля ’бульбяная бабка’ (Мат. Гом.). Рус. загогу́ля ’выгін, крывізна’, дыял. ’патаўшчэнне’, перан. дыял. ’нешта незвычайнае, манернае (выраз, чалавек)’. Фасмер (2, 73) тлумачыць загогулина з гогуля, якое параўноўваецца з польск. gogólła ’зерне плода’ (у Слаўскага, 1, 310, gogołka ’завязь’). Для бел. значэння істотна ўлічыць рус. алан. гого́лька ’талакно на вадзе з маслам’, гого́лья ’камячкі мукі ў рэдкім растворы з аўса для бліноў’, балг. гага́лка ’від галубцоў’ (Гераў). Слаўскі лічыць, што ў gogołka рэдуплікацыя тыпу по‑пел. Сярод паралелей без рэдуплікацыі галушка (гл.). Першапачатковы корань, па Слаўскаму, *gol‑ ’нешта голае’. Семантычна гэта не бездакорна. Параўн. яшчэ рус. дан. гугу́ля ’груз’. Ці не трэба ў назвах ежы ўбачыць значэнне ’нешта патоўшчанае, як гуз’, якое можа быць зыходным і для назваў завязі ў польск. і чэш., мар. gagalka ’завязь’, балг. дыял. гага́лка ’авечы кал у выглядзе галачак’, гоголица ’друк з натуральнай булавешкай’? Параўн. таксама гуля, гула, гуз, гала. Тады рэдуплікацыя «ўзмацняе» першаснае значэнне ’патаўшчэнне, жаўлак, гуз’, як і прэфіксацыя: гу́ля ’гуз, шар, гала’ > гугу́ля > загугу́ля. Гуля, гула з прасл. gula. Трубачоў, Эт. сл., 7, 169–170; БЕР, 1, 222, 259; Махэк₂, 148.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мядзве́дзь 1, мядзьве́дзь, недзве́дзь, вядзьме́дь, мідве́дь, мыдьві́дь, мэдві͡едь, хоц. мадзмедзь; мядзве́дзіца, мыдвідэ́ха, мядзьве́дзіха, медзве́жыца, мядзьвіга ’драпежная млекакормячая жывёліна Ursus arctos’, ’няўклюдны, непаваротлівы дужы чалавек’ (ТСБМ, Бес., Зн., Нас., Кліх, Яруш., Касп., Бяльк., Сцяшк., Шат., Нар. Гом., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Маг.). Укр. ведмі́дь, медві́дь, рус. медве́дь, польск. niedźwiedź, miedźpiedź, н.-луж. mjadwjeź, в.-луж. mjedujedź, чэш. medvěd, nedvěd, славац. medveď, славен. médvẹd, серб.-харв. мѐдвјед, медо; макед. мечка, мечор, мечок, мечорок, балг. медвед, мечка, ц.-слав. медвѣдь. Прасл. medvědь ’той, хто есць мёд’ — да мёд і е́сці (гл.) — табуістычная замена і.-е. назвы мядзведзя *r̥k̑tþos: параўн. ст.-інд. ṛkṣá‑, ст.-грэч. ἄρκτος, лац. ursus (Бернекер, 2, 30; Фрэнкель, ŻfSlPh, 13, 207; Фасмер, 2, 589; Скок, 2, 398; Бязлай, 2, 175).

*Мядзве́дзь 2, драг. мыдьві́дь, мэдві́дь, мыдвэ́дык ’грыб пеўнік жоўты, Hydnum repandum’ (драг., пін., Жыв. сл.); лід. мядзведзія вушы, в.-дзв. мядвежжы вушы ’пеўнік стракаты, Sarcodon imbricatum’ (Сл. ПЗБ). Рус. калуж. медвежьи ухи ’грыбы (якія?)’. Да мядзве́дзь 1 (гл.). Названы паводле карычневага колеру грыба і варсістага покрыва яго капялюшыка. Параўн. таксама літ. meškà ’нейкі карычневы грыб’ і ’мядзведзь’, а таксама назвы іншых жывёл, напр. каза 6 (гл.).

Мядзве́дзь 3 ’бульбяная каша’ (Жд. 1). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мел 1 ’мяккі белы вапняк, які ўжываецца для пабелкі, чысткі, пісання’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.; слаўг., Яшк.), слаўг. ме́ла ’тс’ (Яшк., Бяльк.)., мел ’гліна’ (Ян.). Рус. мел, ст.-рус. мѣлъ ’мел’, ’пыл, пясок’; польск. miał ’тс’, miałki ’плыткі’, ’дробны’, н.-луж. měł ’крухмал’, в.-луж. mjeł, měł, н.-луж. rěcny mił ’плывун у рацэ’, mělny ’тонкі, дробны’, ст.-чэш. měl ’прыбярэжны пясок’, валаш. měľ ’дробная мука, соль’, ст.-серб. мѣль, істрыйск. melj ’дробны пясок’, ’урадлівая зямля’, славен. mȇl, mil ’пясок, рачны пясок’, ’друз’, балг. мел ’сыпкая скала, пясчаная глеба’, мель ’роў’, ст.-слав. мѣлъ ’вапна, вапняк’. Прасл. mělъ доўгая ступень чаргавання галоснай ад mělti ’малоць’. Генетычна блізкімі з’яўляюцца літ. smėlỹs, smiltìs ’пясок’, лат. smẽlis ’тс’ і літ. smilỹnė ’пяскі’, ’меліна’, гоц. smals ’дробны’, нарв. smola ’пакрышаны, раздроблены’, ірл. smal ’пыл’ (Бернекер, 2, 48; Мес, MSL, 14, 373, Брукнер; 329; Фасмер, 2, 594; Бязлай, 2, 176; Шустар-Шэўц, 12, 896–897; 921 і 922; БЕР, 3, 724–725). Паводле Скока (2, 403), няясна, адкуль з’явілася ě ў аснове: прымаючы да ўвагі значэнне ’дробны’, прасл. mělъ можна вывесці і з і.-е. *mei‑ (> ст.-слав. мьньи, лац. minus). Параўн., аднак, Махэк₂ (349), які тлумачыць гэта другаснай даўжынёй галоснай і параўноўвае з malъ.

Мел 2 ’вадкі раствор з аўсянай мукі, з якога варыцца кісель’ (стол., Вешт.). Да мел 1. Параўн. н.-луж. měł, měłk ’крухмал’, в.-луж. měłk, woměłk, womjełk ’канцэнтраваны корм для кароў’, н.-луж. mił ’бульбяная мука’, miel ’змесціва зярнят, мука’, рус. вяц., кастр. мел ’закваска для хлебнага цеста’, паўн. ’дрожджы’.

Мел 3 ’млын’ (паўн.-усх., КЭС). Няясна. Магчыма, з ням. Mehl ’мука’ ў выніку пераносу значэння.

Мел 4 (м. род) ’мель’ (ТС). Да мель 1 (гл.). Мена канчатка (і роду), як у бел. пыл — рус. пыль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́ха 1 ’рэха, пошчак’ (слонім., Жыв. сл., Арх. Бяльк.; Бір. Дзярж.; лях., Сл. ПЗБ), ля́хат ’тс’ (навагр., Нар. сл.). Да я́ха, яхаць (гл.). Аб пераходзе лʼ‑ > й‑ гл. лыві́рка.

Ля́ха 2 ’нізіна’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, звязана з ляха́ 1 (гл.).

Ляха́ 1, ліха́, ле́ха́, ле́шка ’частка поля ад баразны да баразны, градка’ (Жд. 1, Сцяшк., Мат. Маг., Янк. Мат., Др.-Падб., Касп.; в.-дзв. Шатал.; гродз., КЭС; Выг. дыс.), ’невялікая градка, вузкі загончык ворыва’ (КЭС, лаг.; полац., Нар. лекс., ТСБМ), ’бульбяная градка’ (Мат. Гом.), ’лапінка льну на загоне’ (слонім., Нар. лекс.), пруж. ’загон, засеяны льном’ (Выг.), ’баразна’ (Яўс.), ’шырокая баразна’ (полац., Нар. лекс.), ’падоўжанае ўзвышша’ (слаўг., Яшк.), ’агрэх пры ворыве’ (чэрык., Мат. Гом.), ’палоска, якая займаецца адным праходам пры ручной сяўбе’ (Бяльк., Юрч., Шн., Гарэц.), ’равок на градзе, дзе сеюць агуркі, моркву’ (ігн., Сл. ПЗБ). Укр. ліха́, рус. леха́, ле́ха, польск. lecha, licha, lifa, н.- і в.-луж. lěcha, чэш. lícha, ходск. líha, славен. lę́ha, серб.-харв. ле́ха, ле́ја, макед. леа, lʼächa, балг. леха́, ст.-слав. лѣха. Прасл. lěxa ’выараны раўчак, баразна паміж загонамі; рад; мяжа падзення збожжа пры сяўбе’. І.‑е. *loisā (ст.-в.-ням. wagan‑leisa ’каляіна ад драбін’, лац. līra ’баразна’ (< *leisā); літ. lýsia, lysvė, lýsė ’градка’, ст.-прус. lyso ’клумба’ (< *līsā). Сюды ж і гоц. lais ’я ведаю’, ’я выйшаў на след’, laists ’след’, ст.-ісл. leistr ’нага’ (Бернекер, 1, 708–709; Брукнер, 292; Фасмер, 2, 490; Махэк₂, 332; Слаўскі, 4, 93–95; Скок, 2, 295–296; Бязлай, 2, 131–132; БЕР, 3, 378; Шустар-Шэўц, 11, 821–822); Абрэмбска–Яблонска (Рус. и слав. языкозн., 1972, 201); Мартынаў (Лекс. взаим., 49).

Ляха́ 2 ’знак, які робяць, каб не было агрэхаў пры сяўбе’ (Нас., Касп.; паўн.-усх., КЭС; слаўг., Яшк.), ’насечка, знак на станчым дрэве, якія абазначаюць мяжу’ (Гарб.). Да вяха́ 1. Параўн. і ве́шыць ’пры сяўбе абазначаць саломай месца, дзе ўпала апошняе зерне, каб другі раз не кідаць зярнят на тое ж месца’. Аб мене в > л гл. лывірка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́бка 1 ’бабуля, старая жанчына’. Рус., укр. ба́бка, польск. babka, чэш. babka, bábka, балг. ба́бка і г. д. Прасл. babъka, памяншальнае ад baba (гл. ба́ба 1), якое, відаць, ужывалася і як самастойнае слова і дало шмат вытворных (гл. ніжэй). Паралельна існавала і прасл. babica, якое захавалася ў паўдн.-слав. мовах (серб.-харв. ба̏бица) і як рэлікты ва ўсх.-слав. (укр. ба́биця, рус. ба́бица); у зах.-слав. мовах babica здаўна страціла памяншальнасць (ст.-чэш. babice толькі павітуха’; польск. babica таксама з іншым значэннем; з другаснымі значэннямі babica ёсць ва ўсіх слав. мовах). Аб гісторыі слав. тыпаў памяншальных на ‑ъka і ‑ica гл. Бошкавіч, Развитак, 78 і далей.

Ба́бка 2 ’парадзіха, што ляжыць у пасцелі’ (Шн.). Бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба, ба́бка ’жанчына, бабуля, павітуха’. У аснове называння, напэўна, нейкая табуістычная забарона.

Ба́бка 3 ’расліна Plantago L., трыпутнік’ (Нас., Бяльк., Кіс.; ужо ў Бярынды, 134: тро́скотъ… подоро́жникъ, ѧзичокъ, ба́бка). Укр. ба́бка, рус. ба́бка (Кохман, Kontakty, 61, лічыць, што ў рус. мове ба́бка ’Plantago’ распаўсюдзілася праз бел.-укр. пісьмовую мову, параўн. слабае пашырэнне гэтага слова ў рус. гаворках, гл. СРНГ, 2, 21), польск. babka, чэш. babka, славац. babka (гл. Грэгар, SSlav., 5, 139). Слав. babъka, baba ’Plantago’. Анышкевіч (Лік.) знаходзіць сувязь з *baba ’жанчына’: або па форме лісця расліны або па яе лячэбных уласцівасцях (параўн. baba знахарка’; апошнюю версію падтрымліваюць таксама Махэк, Jména rostl., 218, і Будзішэўска, Słown., 241). Параўн. бабін цвет.

Ба́бка 4 ’грыб Boletus scaber, падбярозавік’ (Касп., Шат., Інстр. II). Укр. ба́бка (у палес. валын. гаворках, таксама ст.-укр., гл. Шыла, Праці, XI, 199), рус. ба́бка (смал., гл. Мяркулава, Очерки, 177), польск. babka, babianka. Грыб названы так таму, што хутка старэе, робіцца мяккім (гл. Шыла, Праці, XI, 296; аналагічна Мяркулава, Очерки, 177, якая да гэтага прымае бел. і ўкр. уплыў на рус. мову). Параўн. таксама Махэк₂, 40.

Ба́бка 5 ’сталёвая падстаўка, абушок, на якім клепюць касу’ (Нас., Касп., Шат., Бяльк., параўн. таксама Жд.). Рус. ба́бка, укр. ба́бка ’тс’ (ёсць і ў іншых слав. мовах, параўн., напр., чэш. babka, польск. babka ’тс’). Паводле Шулана, SSlav., 5, 159, славянскае ўтварэнне ад *baba, *babъka ’жанчына, бабуля’ (паводле падабенства да фігуры тоўстай бабы).

Ба́бка 6 ’чыгунная балванка для забівання паляў’ (Бяльк.). Таго ж паходжання, што і ба́ба ’прылада забіваць палі’ (да baba, babъka ’жанчына’, гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165, або асобай прасл. асновы. *bab‑, гл. пад баб-).

Ба́бка 7 ’прылада гнуць дугі або палазы’ (Бяльк.). Як і іншыя назвы прылад і прадметаў, магчыма, да babъka ’баба, старая жанчына’ (параўн. іншыя назоўнікі на ба́ба, ба́бка). Аб магчымай матывацыі падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. і Махэк₂, 39–40; Брукнер, 9.

Ба́бка 8 ’матыль, мятлік’ (Дразд.), ’лятаючыя насякомыя’ (Маш.). Рус. ба́бка ’матыль (таксама і іншыя насякомыя)’, укр. бабки ’матылі’. Для абазначэння насякомых гэта слова сустракаецца ў розных слав. мовах (падрабязна гл. Важны, O jménech, 86–87). Адносна магчымай матывацыі гл. ба́бачка. Але не выключаецца, што тут была і іншая матывацыя (параўн. пад ба́бка страказа’).

Ба́бка 9 ’страказа’ (Шат., Бяльк., Жд., Інстр. II, Інстр. лекс.). Укр. бабка ’страказа’. У іншых слав. мовах babъka азначае розных насякомых (гл. пад ба́бачка, ба́бка ’матыль’). Ба́бка ’страказа’ наўрад ці мае тую ж матывацыю, што і ба́бачка, ба́бка ’матыль’. Хутчэй за ўсё па форме (страказа мае тоненькае тулава і вялікую галаву з вялікімі вачамі) ад ба́ба ’жанчына’ ці асновы баб- (гл.). Будзішэўска (Słown., 315) памылкова сцвярджае, што слова ба́бка ’страказа’ ў бел. мове няма.

Ба́бка 10 ’косць нагі, сустаў (у жывёл)’. Ёсць і ў іншых слав. мовах: рус. бабка, укр. бабка ’тс’. Да ба́ба 1 (гл.) або да асобай прасл. асновы bab‑ (гл. Попавіч, ЈФ, 19, 159–171). Аб сувязі з ба́ба, ба́бка ’жанчына’ падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Параўн. таксама Шанскі, 1, Б, 5.

Ба́бка 11 ’карэнны зуб’ (Бяльк.). Мабыць, новаўтварэнне на абмежаванай тэрыторыі (ёсць яшчэ ў рус. мове: ба́бка ’карэнны задні зуб’, зах. і паўд.). Для матывацыі параўн. ба́бка ’костка нагі, сустаў’, ’невялікае кавадла’. Назва, напэўна, дадзена па форме зуба.

Ба́бка 12 ’куліч, баба’ (БРС), ’салодкі пшанічны хлеб, які мае форму куліча’ (Сцяц., Нар.). Таго ж паходжання, што і ба́ба ’від ежы’ (гл.). Утварэнне, відаць, ад прасл. babъka, якое выступала паралельна да baba.

Ба́бка 13 ’род ежы з дранай бульбы’ (БРС, Шат., Касп., Сцяшк., Лысенка, ССП, Малчанава, Мат. культ., Сцяц., Нар.). Таго ж паходжання, што і ба́ба, ба́бка ’від ежы’. Сцяц. (Нар., 34) лічыць, што бульбяная страва атрымала сваю назву ад хлебнага вырабу на аснове агульнасці формы.

Ба́бка 14 ’ўкладка з 5, 10 або 15 снапоў’ (Нас., Касп., Шат., Бяльк., Лысенка, ССП, Выг. дыс., ДАБМ, 874). Рус. ба́ба, ба́бка ’тс’. Магчыма, да ба́ба, ба́бка ’жанчына’ (метафарычна «вялікія, круглыя прадметы»). Аб матывацыі падрабязна гл. Шулан, SSlav., 5, 153–165. Аднак не выключаецца, што ёсць сувязь з (а)ба́бак ’ахапак ільну, мэндлік’, г. зн. аддзеяслоўнае паходжанне слова (гл. ба́бак).

Ба́бка 15 ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (палес., Выг. дыс.). Утварэнне, не вельмі зразумелае з семантычнага боку. Аднак, бясспрэчна, ёсць сувязь з назвамі розных прадметаў, утвораных ад ба́ба, ба́бка ’старая жанчына’ або ад асновы баб- (гл.). Хутчэй за ўсё назва, перанесеная па функцыі з нейкага іншага прадмета. Можа, спачатку ’пяцелька’ (’круглае’)? Параўн. рус. ба́бка ’пяцелька, засцежка’.

Ба́бка 16 ’частка прыпеку, куды выграбаюць попел, вуголле’ (Інстр. I). Сувязь з ба́бка, што азначае розныя прадметы, бясспрэчна, але семантычная матывацыя застаецца няяснай. Падобныя назвы ёсць і ў іншых славян. Параўн. рус. ба́бка ’месца на прыпеку рускай печы, куды выграбаюць гарачае вуголле’, бабу́рка ’тс’, польск. babica, babka ’частка печы’, baba ’адтуліна ў прыпечку для вуголля’.

Ба́бка 17 ’расліна Polygonum bistorta L., драсён змяіны’ (Кіс.), іншая яго назва багародзічнік. Параўн. таксама гарчак бабʼі ’Polygonum hydropiper L.’ (Кіс.). Матывацыя назвы няясная. Магчыма, ад пірамідальнай формы.

Ба́бка 18 ’ёрш, Acerina cernua’ (Маш.). Параўн. іншыя назвы рыб: баба-рыба, бабу́р, бабура, бачурка. Здаецца, на ярша назва была перанесеная з іншай, галавастай рыбы (падкаменшчыка?). Аб матывах перанясення гл. думку А. А. Крывіцкага (пад бабу́р).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)