Калупа́ць ’падчэпліваючы чым-н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што-н.; рабіць у чым-н. паглыбленне’, ’капаць, ускопваць’, ’капацца, корпацца ў чым-н., дастаючы адтуль што-н.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; бешан., Нар. сл.; Радч.; Сержп.; Федар. Рук.; Шат.), укр. колупати, рус. колупать ’тс’. Трубачоў (Эт. сл., 10, 160) на падставе польск. дыял. kolupać і ўсх.-слав. лексем дапускае рэканструкцыю прасл. kolupati. Верагоднасць такога рашэння нязначная, паколькі статус польск. слова няясны. Карловіч памячае яго як запазычанне з фіксацыяй у мове палякаў на перыферыі (за межамі моўнай тэрыторыі). Слаўскі гэту лексему не разглядае. Большую цікавасць выклікае польск. дыял. klupać ’калупаць’, асабліва ў сувязі з бел. клупаць і рус. клупать, аднак статус польск. слова няясны. Не вельмі ясны і статус дыялектных значэнняў; не выключана, што яны ў большасці другасныя. Асноўныя факты былі вядомыя этымолагам вельмі даўно і першыя спробы этымалогіі (Міклашыч, Мацэнаўэр і інш.) пакуль што не знайшлі альтэрнатывы. Трубачоў (там жа) лічыць, спасылаючыся на Фасмера, 2, 298, што слова ўтворана складаннем прэфікса ‑ko і дзеяслова *lupati. Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) меркаваў аб гаплалогіі з кололупати, аднак з гэтым нельга нагадзіцца і з пункту погляду фармальнага і семантычнага крытэрыю. Паколькі папулярная ў апошні час думка адносна вялікай архаічнасці падобных прэфіксаў надзейна не пацвярджаецца, фактычна няма прычын лічыць разглядаемае слова праславянскім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́паць ’падаць кроплямі’, ’крапаць’, ’ліць кроплямі’ (ТСБМ; гродз., віл., Сл. паўн.-пах.). Укр. ка́пати, рус. ка́пать, ц.-рус. капати, польск. kapać, н.-луж. kapaś, в.-луж. kapać, чэш. kapati, kapat, kvapati, славац. kvápať, kapať, славен. kápati, серб.-харв. ка̏пати, макед. капе, балг. капя, ка́пʼъ, капа, ст.-слав. капати ’капаць’. Прасл. kapati. Сцвярджэнне таго, што kapati/kap‑kap! (Фасмер, 184) не з’яўляецца рашэннем праблемы. Трубачоў (Эт. сл., 9, 145) прапануе звярнуць увагу на аманімію kapati ’падаць кроплямі’ і ц.-слав. капати ’капаць, рыць’ і атаясаміць гэтыя дзеясловы, — параўн. першаснае значэнне ў прасл. kapati ’біць’, ’удараць’ (з дуратыўным значэннем), якое з kopali ’капаць, рыць’. БЕР (2, 612) рэканструюе для апошняга дзеяслова прасл. форму ў выглядзе kapāti.

Капа́ць, кыпа́ць ’ускопваць, рыхліць зямлю’, ’выкопваць, даставаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 1., Бяльк., Сцяшк., Яруш., Янк. Мат.), ’разграбаць (аб курах)’ (Інстр. III). Укр. копати, рус. копать, польск., kopać, н.-луж. kopaś, в.-луж. kopać, чэш. kopati, славац. kopať, славен. kopáti, серб.-харв. ко̀пати, макед. копам, купа́ям, балг. копая, ст.-слав. копати ’тс’. Прасл. kopati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 18–20). Роднаснае да літ. kapóti ’рубаць’, лат. kapât ’тс’, ст.-прус. en‑kopts ’закапаны’, далей — з арм. kopʼem ’высякаць, вырэзваць’; н.-перс. kāvad, kāfad ’капаць’, ’расколваць’, ст.-грэч. κόπτω ’сячы’ і σκάπτω ’капаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пу́ліць, пулы́ты ’тужыцца’ (палес., Бел.-укр. ізал.), пу́лытысь ’напружвацца з усіх сіл’ (драг., З нар. сл.), пу́лятысь ’тс’ (кобр., Сіг.). Клімчук (Бел.-укр. ізал.) параўноўваў з укр. закарп. упу́лити (очи) ’уставіцца’; Супрун (Веснік БДУ, 1974, 2, 20–25) уключае палескае слова ў гняздо *pul‑/*bul‑ разам з балг. пу́ля ’выпучваць (вочы)’, макед. пули ’ўгледзецца, уставіцца’, чэш. vypouliti оčі ’тс’, серб.-харв. дыял. испу́љити ’высунуць’ і пад.; акрамя дыял. рус. пу́литься ’глядзець упарта’. Чумакова (Этимология–1984, 222) дадае сюды разан. упу́литься ’глядзець у адну кропку’, пу́литься ’сіліцца, тужыцца’, поднапу́литься ’прывесці сябе ў стан напружання ўсіх фізічных сіл’; больш сумнеўным з-за семантычных цяжкасцей уяўляецца ўключэнне сюды рус. пуля́ть, пульну́ть ’кінуць, стрэльнуць’, в.-луж., н.-луж. pulać ’піхаць’, славен. púliti ’шчыпаць, біць’ і інш., гл. пуляць. Прасл. дыял. (?) *puliti ’высільвацца, напружвацца, выпучваць (вочы)’, далейшыя сувязі якога няясныя (Шустар-Шэўц, 2, 1190); параўнанне з літ. púlti ’падаць’ (Трубачоў, Серболуж. сб., 169), англ.-сакс. pullian ’цягнуць’ (Мацэнаўэр, 284) ненадзейныя, параўн. Бязлай, 3, 135; Сной, 514; Скок, 3, 73; гл. таксама Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 308: ідэнтыфікуе словы са значэннем ’выпучваць, напружвацца’ і ’шчыпаць, піхаць’, якія, спасылаючыся на Талстога (Избр. тр., 1, 254), узводзіць да экспрэсіўнай пары прасл. *puliti/*buliti. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 630.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Славяні́н, славя́не ‘група роднасных па паходжанні і блізкіх па мове народаў’ (ТСБМ). Параўн. укр. словʼяни́н, словʼя́ни, рус. славяни́н, славя́не, стараж.-рус. словѣне — назва ўсходнеславянскага племені паблізу Ноўгарада, словѦне, польск. Słowianie ‘славяне’, в.-луж. Słowjan, Słovjanojo, н.-луж. Słowjan, чэш. Slovan, Slované, славац. Slovan, Slovania, серб.-харв. Сло̀вен, Slavén, Слове́ни, Slavéni, Сло̀венин, славен. Slovān, Slováni, Slovéni, балг. славя́нин, славя́ни, макед. Словен(ин), Словени, ст.-слав. словенинъ, словѣне у адносінах да славянскага племені вакол Салуні. Прасл. *slověninъ, мн. л. *slověne, с.-лац. Sclavi, Sklavini, Sclaveni ‘славяне’, с.-грэч. Σκλαβηνοί ‘славяне’. Асноўныя версіі: Трубачоў (Этимология–1980, 12–13) найбольш перспектыўнай лічыць версію Якабсона (IJSLP, 1959, 1–2, 271) ад *slovo (гл. слова), які спасылаецца на аналогію ў стараж.-рус. кличане ‘паляўнічыя, якія падымаюць звера крыкам’: кличь (гл. клікаць), а таксама на апазіцыю словѣненѣмци; але сам Трубачоў прапануе ўтвараць *slověninъ не ад імя, а ад дзеяслова *slovǫ, *sluti (гл. слыць) ‘зразумела гаварыць’ — ‘быць гучна аклікнутым’ з суф. ‑jan, параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. слути, слову ‘лічыцца, называцца, славіцца’ (таксама Глухак, 561), роднасным і слав. *slava (гл. слава). Супраць роднасці з *slovo Фасмер (3, 663), які лічыць, што ўтварэнні на ‑ěninъ, ‑aninъ сустракаюцца толькі ў вытворных ад назваў месцаў, таму разглядае слова як вытворнае ад гідроніма, параўн. стараж.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, Слуя — рака ў былой Смаленскай губ., гідронімы польск. Sława, Sławinica, серб.-харв. Славница, якія набліжаюць да грэч. κλύζω ‘адмываю’, лац. cluō ‘ачышчаю’, cloāca ‘каналізацыйны сток’. Іншыя версіі — ад уласных імён на ‑slav (Бадуэн дэ Куртэнэ, JP, 3, 62 і наст.; супраць Мікала, РФВ, 48, 271); супастаўленне з грэч. λαός, λϜαός ад σλαϜός ‘народ’ (Мікала, там жа). У сувязі з гэтай думкай параўн. гоц. piuda ‘народ’, ням. deutsch ‘нямецкі’, лац. teutōnes ‘немцы’ ад і.-е. *teut ‘народ’; гл. Младэнаў, 588–589; Скок, 3, 281–283; Бернштейн, Фонетика, 90–91. Агляд літ-ры гл. яшчэ БЕР, 6, 834 і наст., ЕСУМ, 5, 307; SEK, 4, 320; Бязлай, 3, 265; Трубачоў, Этногенез₂, 93, 312, 335–336 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́скаць ’утвараць ляск, прарэзлівы стук’, ’пляскаць у далоні’ (ТСБМ, Шат., Касп., КЭС, лаг.), ’трашчаць, праводзячы кіем па радзе калоў’ (Гарэц.), ’біць, удараць чым-небудзь плоскім’ (Сцяшк., Шат.), ’стукаць’ (ТС), ’прыбіваць нітку пры тканні’, ’крычаць прарэзліва’ (Ян.), ’клекатаць (пра бусла)’ (докш., Сл. ПЗБ), ля́снуць ’выцяць, агрэць’, ’згінуць’, ’знікнуць, прапасці’, ’пабегчы’, ’выпіць’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч., Сцяшк., Сл. ПЗБ; ТС; КЭС, лаг.; рагач., Мат. Гом.), лясонуць ’моцна ляснуць’ (ТС), ля́снуцца ’упасці і моцна ўдарыцца’ (ТСБМ, Растарг., Мат. Гом., ТС), пін. ляску́чы ’звонкі, гучны’ (Нар. лекс.). Укр. ля́скати, рус. ля́скать ’тс’; ст.-рус. ляскати ’ляскаць зубамі’, ’чаўкаць’. Прасл. leskati (гл. Трубачоў, Эт. сл., 14, 135–136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліхама́нка ’хваравіты стан з гарачкай і дрыготкай’, ’малярыя, трасца’, ’гарачкавая дзейнасць’ (Гарэц., Касп., ТСБМ, Растарг.; паўд.-усх., КЭС), укр. харк. лихома́нка, рус. лихома́нка ’тс’, ’ліхадзейка’, ’хлус’, ’благі чалавек’, ’пракуда’. Бел. слова прымыкае да рус. моўнага арэалу, у якім гэта лексема з’яўляецца табуістычнай назвай ад лихоманка ’круцелька, ашуканка’, лихома́нить ’прыносіць зло, бяду’, рус. лихоман, кур. ’д’ябал’, усх. ’махляр’, паўн.-дзв. ’вар’ят’, ст.-рус. лихоманъ ’тс’, укр. палес. лихо́ма ’бяда, цяжкае становішча’, лихоманка ’ліхаманка’, польск. lichman ’мот’. Прасл. lixomanъ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 93). Да lixo > лі́ха і maniti > мані́ць (гл.) (Зяленін, Табу, 2, 77; Фасмер, 2, 505).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ліша́ць, пін. ліша́ть ’пакладаць’ (Шатал.) — фанетычны запіс зроблены не зусім правільна; драг. лэ́чатэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, КЭС), у якім націск на лэ́ пад уплывам прыметніка устар. лэ́шні, лэ́чны (цяпер лі́шні), параўн. польск. leszny ’лішні’ ў прымаўцы moszna rzecz leszna, lecz zdobi wałachy (Варш. сл.). Да прасл. lišiti ’пазбаўляць’, параўн. рус. лиша́ть, бел. ліша́цца ’пазбаўляцца’ (Ян.). Магчыма, гэта ‑э‑ ў аснове з’яўляецца архаічнымі адносінамі асноў liš‑/leh‑ (з чаргаваннем е : о), як славен. lẹ́hniti ’прыпыняць, праходзіць, пераставаць’ (гл. Куркіна, Этымалогія–72, 78–79). Прасл. lišati () — ітэратыў-дуратыў на ‑(j)ati, які ўзыходзіць да lišiti < lixъ > ліхі́ (гл.) (Трубачоў, Эт. сл., 15, 154–155).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віжок ’састаўная частка, якая ўмацоўвае саху’ (палес., Тарн.). Укр. віжечки ’каромысел’. Гэту лексему, а таксама роднасныя ёй усх.-палес. pòdwih ’частка сахі, дубовая расоха, якая падпірае адным сваім канцом правую паліцу (жалезнячок)’ (Маш.) і pudwʼiz ’віжок’ (Тарн.). Трубачоў (Этимология, 1964, 5) адносіць да прасл. dvigati. Мартынаў (ВЯ, 1968, 1, 129–130) расчляняе, як pod‑vigъ, звязваючы апошнюю частку з серб.-харв. ви́гови ’силы, путы’, ви̑г ’пастка’ (Зб. Крапіве, 211–212). У сувязі з тым, што Ю. Тарнацкі побач з віжок падае як паралельную форму ужок, можна меркаваць, што яны адносяцца да прасл. ǫz‑jь > ǫž‑ъkъ. Аднак цяжка растлумачыць пачатковы вакалізм у віжок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ганча́р1 ’ганчар’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. гонча́р, укр. ганча́р, гонча́р, польск. garncarz, чэш. hrnčíř, балг. грънча́р, серб.-харв. грнчар, ст.-слав. гръньчар̑ь. Прасл. слова, якое з’яўляецца назвай дзеяча ад прасл. *gr̥nьcь ’гаршчок’, утворанай суфіксам *‑arь. Гл. Слаўскі, 1, 259; Фасмер, 1, 438; падрабязна Шанскі, 1, Г, 129; гл. таксама Трубачоў, Ремесл. терм., 192, 336. Неабгрунтавана Цімчанка (1, 508), які выводзіць укр. слова з польск. garncarz. Вытворнае: ганча́рня (Шат., Касп.).

Ганча́р2 ’вілкі’ (Шатал.): «Вазьмі ганчара і ўстаў гаршчка ў печ». Адсюль відаць, што функцыянальна ганча́р2, хутчэй за ўсё, гэта «сапсаванае», трансфармаванае ганча́рка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гла́баць ’забіраць, грабіць’ (Нас.), глабаць ’мацаць’ (Сцяц. Словаўтв.). Форма з чаргаваннем вакалізму да слав. *globiti (з рознымі значэннямі; параўн. балг. сглобя́ ’збіраць, змацоўваць’, серб.-харв. згло̀бити ’тс’, польск. głobić, чэш. hlobiti і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 413; Слаўскі, 1, 291. Форма *glabati вядома ў некаторых слав. мовах. Параўн. і польск. głabać, głabnąć (у Брукнера, 143: пад głobić) ’схапіць, заграбаць’. Можна ставіць пытанне, ці не запазычана гла́баць у бел. мове проста з польск. głabać ’тс’. Аб гэтым можа сведчыць выбухное ґ у ґлабаць ’мацаць’, засведчанае ў Сцяц. Словаўтв. Да славянскіх магчымых сувязей параўн. Трубачоў, Эт. сл., 6, 131–134 (пад *globa, *globati, *globiti).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)