Капшу́к 1 ’мяшочак для тытуню’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., Арх. ГУ, Арх. Бяльк., Малч., Некр., Клім., Гарэц., Сцяшк., Шн., Янк. 1, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; Яруш., Нік. Очерки, Сержп.), ’сумка для грошай’ (Др.-Падб., Сержп.), ’плавальны пузыр’ (З нар. сл.), ’жывот’ (Жд. 2). Параўн. укр. капшук, капчук ’кісет для тытуню’, рус. капшук, капчук ’кісет, сумка для дробных рэчаў, старая шапка’, польск. kapciuch, kapszuk ’кісет для тытуню’ з бел. як і літ. kapšùkas ’тс’. Усходнеславянскае запазычанне з цюрк. моў. Параўн. татар. kapčyk ’мяшочак’ ад kap ’мяшок’ (Слаўскі, 11, 52, Фасмер, 2, 189, Локач, 94).

Капшу́к 2 ’мёрзлая бульба, якая праляжала зіму на полі’ (Жыв. сл.). Параўн. літ. (ap)kapšavóti bùlbe ’абкопваць бульбу’. Магчыма, капшук < літ. kãpčius, kãpšius ’грэбля, яма’, якое ў сваю чаргу з бел. капец (Фрэнкель, 217–218). Гл. капшук 4.

Капшу́к 3 ’целяпень’ (Жыв. сл.), да капшук 2.

Капшук 4 ’сажалка на гары з праведзенай ад яе канавай’ (Яшк.) з літ. kãpčius у тым жа значэнні. Літоўская форма з бел. капец (гл. капшук 2). Як і капшук 2, капшук 3, кантамінацыя з капшук 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бахмат (ст.-бел.), бохмат ’нізкарослы конь’ (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.), татарскі, асабліва нагайскі конь’ (XVI ст., Нас. гіст.). Рус. дыял. бахма́т ’маленькі, моцны конь’, укр. бахма́т ’верхавы конь’ (з XVI ст.), польск. bachmat ’нізкі, моцны конь татарскай пароды’. Старая этымалогія (Міклашыч, 414; Локач, 11–12; аб крыніцах гэтай версіі гл. Заянчкоўскі, Stud. orient., 46) — запазычанне з цюрк. *pahn at, *pehn at ’вялікі конь’ (< перс. pähn ’вялікі, шырокі’ + цюрк. at ’конь’) — вельмі няпэўная (Фасмер, 1, 136–137; Заянчкоўскі, там жа, 46–47; Менгес, Зб. Чыжэўскаму, 187 і наст.). Заянчкоўскі, там жа, прапануе зыходзіць з цюрк. *bahimat, *bahmat (араб. bahim ’чыстай масці’ + цюрк. at ’конь’). Менгес, там жа, зыходзіць з мусульманскага імя Mähmäd, Mähmāt (з заменай m > b праз пасрэдніцтва пэўных цюрк. дыялектаў; сумненні адносна гэтай этымалогіі Дзікенман, RS, 19, 13). Параўн. яшчэ Трубачоў, Происх., 57–58. Булыка (Запазыч., 39) прыводзіць як крыніцу запазычання тур. bachmat (!). Вельмі няпэўна; адкуль гэта форма? Ст.-бел. слова дае рад вытворных, вядомых у сучаснай бел. мове (гл. ніжэй). Гл. яшчэ Адзінцоў, Этимология, 1971, 195–201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́дзя ’адлегласць паміж канцамі расстаўленых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі; старая мера даўжыні’ (ТСБМ; барыс., шальч., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), пʼя́дзя ’тс’ (ТС), пядзь ’тс’ (Шымк. Собр., Ян., Сцяшк.; чэрык., Мат. Гом.), пʼядзь ’тс’ (ТС), пядь (пйядь) ’тс’ (Бес.), пядь ’тс’ (Бес.), пя́дя ’тс’ (Растарг.), ст.-бел. пядь, сюды ж пядень ’тс’ (Шымк. Собр.), пя́да ’мера адлегласці ад верху вялікага пальца да канца сярэдняга (роўная 3 кархам або 1/2 локця)’ (свянц., Крывіч, 1926, 12, 106). Параўн. укр. пʼядь, рус. пядь, дыял. пя́да, пя́дя, польск. piędź, чэш. píď, славац. piaď, в.-луж. pjedź, н.-луж. pěź, славен. pẹ̑d, серб.-харв. пе̑д, балг. пе́дя, макед. педа, ст.-слав. пѧдь. Прасл. *pędь суадноснае з *pęti (суфікс *‑dь, SP 1, 64), гл. пяць ’цягнуць, напружваць’; роднаснае да літ. spęsti, spéndžiu ’расстаўляць сіло, лавіць у пастку’, spiñdis ’пастка’, ст.-літ. spándyti ’нацягваць’, лат. spanda ’перавязь у плузе’, параўн. таксама лац. pendēre ’вісець’, ст.-в.-ням. spanna ’пядзя’ (Фасмер, 3, 423; Бязлай, 3, 20; Шустар-Шэўц, 2, 1075; Махэк₂, 448; Скурат, Меры, 17–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іл 1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ił ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.

Іл 2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кро́іць, крою, кроіш, кроіць; незак., што.

1. Разразаць (матэрыю, шкуру, футра і пад.) на кавалкі пэўнай формы і памеру, каб пашыць, зрабіць з іх што‑н. Кроіць аўчыну. Кроіць бляху. □ Не спіць яшчэ мая старая маці: Мне на кашулю кроіць палатно. Зарыцкі. // Выразаць па мерцы часткі чаго‑н. Кроіць сукенку. Кроіць касцюм.

2. без дап. Займацца кройкай. Сам кравец спачатку кроіў, заглядаў на ўсе драбніцы. А цяпер сваёй рукою хлопец кроіць, не баіцца... Дубоўка.

3. Адразаць часткі, кавалкі ад цэлага або разразаць на кавалкі чым‑н. вострым. Кроіць лыка. □ Гаспадар, не спускаючы вачэй з Вэні, кроіў хлеб. Чорны. // перан. Разрываць, разразаць цемру, цішыню і пад. (пра яркае святло, гукі). Начныя агні паблісквалі то прыветнымі светлячкамі, то кроілі цемру.. снапамі сваіх фар. Паслядовіч.

4. перан. Разм. Прычыняць каму‑н. душэўны боль. Глыбокая.. крыўда кроіць яму сэрца. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

old [əʊld] adj.

1. (пра ўзрост) a six-year old girl шасцігадо́вая дзяўчы́нка;

How old are you? Колькі табе гадоў?;

She is old enough to know better. У яе ўзросце трэба ўжо добра разумець, што да чаго.

2. стары́;

an old man/woman стары́/стара́я;

old age ста́расць;

get/grow old ста́рыцца, старэ́ць

3. стары́, пано́шаны;

old rags рыззё, стары́зна;

the same old excuses адны́я і ты́я ж апраўда́нні

4. былы́; ране́йшы; міну́лы;

Old English стараанглі́йская мо́ва;

Things were different in the old days. Даўней усё было па-іншаму.

♦

an old wives’ tale ба́біны/бабу́ліны ка́зкі, ба́бскія плёткі;

as old as the hills стары́ як свет;

for old time’s sake па старо́й па́мяці

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ гісторыі літаратуры,

падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.

Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст. сістэм. Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.

Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.​Карскаму, М.​Багдановічу і М.​Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел. літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.

Літ.:

Гл. да арт. Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гарну́ць, гарну, горнеш, горне; незак., каго-што.

1. Выграбаць, выцягваць дробныя прадметы адкуль‑н. Гарнуць вуглі з печы. □ Гарні, гарні бульбу з печы У торбачку — ды на плечы. З нар. песні.

2. Збіраць у адно месца. Прыйшла восень, за работу, Атрымай на працадні, Што зароблена — па праву На вазы сабе гарні. Русак. // перан. Набываць вельмі многа чаго‑н.; з прагнасцю хапаць, заграбаць. Сабяга да сябе гарнуў усё: і што ляжыць дрэнна і што слаба на месцы трымаецца... Шахавец.

3. Прыхіляць, туліць да сябе. Гарнуць да сэрца. // перан. Схіляць, скіроўваць (думку, справу і пад.). — Ведаю, куды ты горнеш, — абапёршыся на локаць, злосна зашаптала старая. — Відаць, той ламачыны, што аднекуль прывалок, не знайшоў у гумне? Гурскі. Толік Скуратовіч гарнуў сваё: — Нам трэба падацца бліжэй да дарогі. Чорны.

4. Разм. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Навука гарнула Сцёпку і давалася яму лёгка. Колас. // безас. Хіліць, цягнуць да чаго‑н. Яго гарнула да кніжак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апера́цыя, ‑і, ж.

1. Механічнае ўздзеянне на тканкі і органы цела (ускрыццё, выдаленне і пад.) з мэтай лячэння. Пластычная аперацыя. □ Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

2. Сукупнасць баявых дзеянняў, аб’яднаных адной мэтай, адным заданнем. Наступальныя аперацыі. □ Удалая аперацыя супраць атрада немцаў набывала славу — казалі, што партызанская армія вось-вось уварвецца ў горад. Мікуліч.

3. Гандлёвая, фінансавая і пад. здзелка. Часамі здаралася так, што ў касе аперацый было мала, рабіць не было чаго, а аставацца там.. [Марыне] было цяжка. Скрыган.

4. Асобная закончаная частка тэхналагічнага працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы. Аперацыя па фармоўцы дэталей. Аперацыі на такарным станку. // Асобнае дзеянне сярод многіх іншых, з якіх складаецца работа якой‑н. установы. Аперацыі па страхаванні.

5. Разм. жарт. Дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты. Клопікаў.. высмаркаўся, асцерагаючыся, каб не вельмі былі трубнымі гукі пры гэтай далікатнай аперацыі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)