1. Дзяржава, якой кіруе цар. Маскоўскае царства. □ — Ах, — кажа .. [царская дачка], — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска.Якімовіч.
2. Праўленне цара (царыцы); цараванне.
3.перан.; чаго або якое. Сфера, вобласць прыроды; свет. Жывёльнае царства. □ Вялікі цяністы, шырока раскінуты па абодва бакі дарогі, .. [сад] стварае цудоўную панараму багатага расліннага царства.«Беларусь».Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень.Мележ.А ледзь толькі з поўдня ці захаду дыхне цёплы ветрык і ў памякчэўшым паветры закружацца «белыя мухі», мяккім абрусам засцілаючы наваколле, як усё падводнае царства прыходзіць у рух.Матрунёнак.// Месца, дзе пануюць або пераважаюць тыя ці іншыя з’явы; адна з сфер рэчаіснасці. Царства вятроў. □ — Зараз я вас у грыбное царства завязу, — сказаў дзядзька Мікола.Хомчанка.І амаль кожны назаве ў ліку тых, хто назаўсёды застаўся ў памяці, свайго першага бібліятэкара, чалавека, які навучыў нас любіць літаратуру, дапамог пазнаць невычэрпныя духоўныя скарбы, які ўпершыню адкрыў нам чароўныя таямніцы кніжнага царства.«Звязда».Усюды бярвенні — доўгія і кароткія, тоўстыя і тонкія. Штабялямі складзены дошкі. Сапраўднае царства драўніны!В. Вольскі.
•••
Бабскае царства (іран.) — аб пераважнай большасці жанчын дзе‑н.
Вечнае царства — пра рай.
Вянчацца на царствагл. вянчацца.
Мёртвае царства (нар.-паэт.) — пра той, замагільны свет.
Пусціць (адправіць) у царства нябеснае — забіць, застрэліць. [Таццяна:] — Уцякаў, сволач. Пусціла ў царства нябеснае...Навуменка.
Соннае царства — спакой, цішыня, калі ўсе спяць.
Трыдзевятае (трыдзесятае) царства (нар.-паэт.) — вельмі далёкая краіна, зямля.
Царства нябеснаекаму — ужываецца пры ўпамінанні нябожчыка як нежаданне яму замагільнага жыцця. Стараста ўздыхнуў. — Добрая жанчына была Хрысціна. Царства ёй нябеснае, — і перахрысціўся. Нізавошта загінула...Шамякін.
Цёмнае царства — сімвал невуцкага, некультурнага, коснага грамадскага асяроддзя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Трэ́сці ‘тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат.; ашм.Стан., Сержп. Прым.), трэсць ‘тс’ (Нас.), ‘рэзка калоцячы, будзіць; шукаць’ (Юрч. Сін.), трасці́ ‘хістаць, калаціць, тузаць’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк.), ‘абшукваць’ (Ласт.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), траса́ць ‘тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), трасці́, трасты́, трясті́, трэсці́, трэсць, трэсь ‘растрасаць сена, салому, растрэсваць’ (мядз., в.-дзв., свісл., кам., Сл. ПЗБ), трастэ́ комына ‘ачышчаць комін ад сажы’ (Ск. нар. мовы), трасе́ (тра́сца) ‘ліхаманіць’ (Яруш.; Сл. ПЗБ; ЛА, 3), трасэ́ ‘кідае (эпілепсія)’ (кам., Сл. ПЗБ), трэ́сці, трэсць ‘выклікаць дрыжанне ад холаду, удараў, язды па няроўнай дарозе’ (ТСБМ, Нас.), трэ́сці кулі́ ‘вытрушваць змятую і перабітую салому’ (Жд. 1, Выг., Сл. ПЗБ), трасці́ трася́нку ‘змешваць сена з саломай’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), трэ́сці ‘растрасаць, разбіваць гной’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Шатал.; ашм., Стан.), ‘трэсці фруктовыя дрэвы’ (Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), ‘біць’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘ачышчаць ад кастрыцы’ (ТСБМ; вільн., Сл. ПЗБ), ‘пустошыць, спаражняць’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘выбіраць (рыбу) з сеткі’ (іўеў., там жа), ‘рабіць вобыск’ (ТСБМ, Шат., Гарэц.; віл., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), трэ́сца ‘прагнуць, вельмі хацець’ (Юрч. СНЛ, Юрч. Сін.), ‘празмерна шкадаваць’, ‘моцна дрыжаць’, ‘вельмі баяцца’, ‘скупіцца, празмерна сквапнічаць’: трэ́сца над кожнаю капейкаю (Юрч. Сін., Юрч. Фраз.), трэ́сціся ‘мяняцца (аб надвор’і)’: нешта пагода трасецца, німа як ісці касіць (шчуч., З нар. сл.), ‘хістацца (пра дрэва), калаціцца (ад холаду), падскокваць, едучы па няроўнай дарозе’, ‘хвалявацца за каго-небудзь’ (ТСБМ), ‘тс’, ‘баяцца, дрыжаць’, ‘калаціцца, трапятадь (аб сэрцы)’ (Сл. ПЗБ, Нас.; ашм., Стаяк.), трасці́ся ‘дрыжаць, трэсціся’ (Бяльк.), трэ́сціса ‘тс’ (ТС), трэ́сцца ‘тс’ (Нас.), ст.-бел.трясти, трасты, трести ‘калаціць; абшукваць’, трястися, трастися, трестися ‘калаціцца, дрыжаць; баяцца; сварыцца’ (ГСБМ). Параўн. укр.трясти́, трясть, трястися ‘трэсці, калаціцца, дрыжаць’, рус.трясти́ ‘тс’, польск.trząść ‘трэсці’, ‘раскідваць, растрасаць’, ‘шукаць, рабіць вобыск’, ‘плявузгаць’, ‘вытрасаць зерне з саломы’, ‘арудаваць’, trząść się ‘трэсціся, дрыжаць’, каш.třisc, třësc ‘раўнамерна раскідваць’, ‘падкідваць на дарозе’, н.-луж.tśĕsć ‘трэсціся’, tśĕsć se ‘дрыжаць’, в.-луж.třasć, třasć so ‘тс’, чэш.třásti, třásti se ‘тс’, славац.triasť ‘трэсці’, ‘трэсці садавіну’, ‘ліхаманіць’, ‘трэсціся ад холаду, страху’, triasť sa ‘трэсціся, дрыжаць’, ‘прагна жадаць, марыць’, славен.trésti ‘трэсці’, ‘хістаць (галавой)’, ‘трэсці дрэвы’, ‘балбатаць’, trésti se ‘дрыжаць, трэсціся, уздрыгваць’, харв.trésti se ‘тс’, чак.trẽsti, серб.тре́сти ‘трэсці, устрэсваць’, ‘вытрэсваць’, тре́сти се ‘трэсціся, дрыжаць’, балг.тресѐ ме ‘мяне ліхаманіць’, макед.тресе ‘трэсці, вытрэсваць’, ‘несці лухту’, тресе се ‘трэсціся’, ‘абтрэсвацца’, ‘дрыжаць’, ст.-слав.трѧсти ‘трэсці’, трѧсти сѧ ‘трэсціся, дрыжаць’. Прасл.*tręsti (sę) ‘трэсці’ — відаць, кантамінацыя на базе блізкага значэння і.-е.*tremō і *tresō ў *trems‑, з якога, напрыклад, выводзяць гоц.þramstei ‘конік зялёны, Telligonia viridissima’ (Фасмер, 4, 113; Шустар-Шэўц, 1542; ЕСУМ, 5, 665; Борысь, 647). Да першай часткі кантамінаваных лексем узводзяць: ст.-грэч.τρέμω ‘дрыжу, трапячу’, лац.tremō ‘дрыжу’, літ.trìmti ‘дрыжэць ад холаду’, тахар. Aträm‑ ‘дрыжаць’, тахар. Btremen ‘трапятанне’, алб.-тоск.trëmp, гегск.trem ‘лякаюся’, ст.-н.-ням.thrimman ‘скакаць’. Да другога элемента і.-е.*tres‑ адносяць ст.-інд.trasati ‘дрыжыць, баіцца’, ст.-перс.tars‑ ‘баяцца’, грэч.τρέο ‘трасуся, дрыжу’, лац.terreō ‘палохаю’, terror ‘страх’ і інш. (Бязлай, 4, 221; Глухак, 637; Арол, 4, 112; ESJSt, 16, 982). Сюды ж літ.trė̃sti ‘бегчы, бегчы наперагонкі’, лат.tresêt ‘бегчы, уцякаць’, tresît ‘трасціся’, ‘баяцца, палохацца’ (Карлікава, Slavia, 77, 1–3, 87). Абедзьве кантамінаваныя лексемы (*trem‑ і *tres‑) узыходзяць да і.-е.*ter‑/*tr‑ (Покарны, 1070). Адносна канкурэнцыі трасці і трэсці гл. Векслер, Гіст., 140. Сюды ж трасу́ха ‘топкае балота, дрыгва’ (навагр., Нар. сл.; Мат. Маг. 2), трасу́ха, трасу́чка ‘ліхаманка’ (ТСБМ, Нас.; рас., Шатал.; парыц., Янк. Мат.; капыл., Жыв. сл., Касп.), ‘дрыжыкі ад хвалявання’ (ТСБМ), ‘эпілепсія’ (Нар. Гом.); трасу́ха ‘від полькі’ (Касп.); ‘гноераскідальнік’ (Мат. Маг.), ‘бульбакапалка’ (Сцяшк. Сл., Жд. 3); трасу́чка ‘вуда з маленькай алавянай рыбкай (блешня) і кручком’ (Дэмб. 2, Нар. Гом.); трасу́шчы ‘які трасецца’ (Жд. 2), ‘багністы’ (маст., Сл. ПЗБ), трасу́шчый ‘трывожны, неспакойны (час)’ (Юрч. Вытв.), трася́нка ‘ўсякі стары, зношаны транспарт’ (гродз., ЖНС); трасі́лка, трасу́ха ‘бульбакапалка’ (Юрч. СНЛ); трасе́нка ‘трасянка, сена, змешанае з саломай’ (беласт., Жыв. НС), трасёнка ‘тс’ (лудз., Сл. ПЗБ), трэ́сянка ‘тс’ (бяроз., Ск. нар. мовы); тра́сачка ‘дрыжыкі, трасучка’ (гродз., Сл. рэг. лекс.), траса́чка ‘ліхаманка’ (ТС), трасу́чка ‘тс’ (Растарг.); трасе́ннік ‘той, хто займаецца вытрасаннем’ (Юрч. Вытв.), трасе́нніца, трасе́ніца, трасе́льніца ‘жанчына, якая растрасае гной’ (глыб., в.-дзв., воран., Сл. ПЗБ), трасе́льшчык ‘той, хто трасе гной’ (шальч., там жа), трасе́нё ‘гразкае месца’ (Сцяшк.), трэ́сіна ‘месцы на дарозе, якія ўвесну набракаюць вадой’ (бяроз., КЭС), трасі́лка ‘машына для ачысткі льнянога валакна’ (ТСБМ), тра́скі ‘які выклікае трасенне, калыванне пры яздзе’ (Адм.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),
рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.
Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял.эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал.ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт.літ. праблем.
У 1836 пачаў выдаваць час.«Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг.сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.
Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.Осіпава і І.Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял.нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Творчасць Я.Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.
Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.Коласа. Як і П., Я.Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел.філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.
Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.Купала («Медны коннік»), Я.Колас («Палтава»), К.Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.Крапіва («Капітанская дачка»), А.Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.Глебка («Барыс Гадуноў»), А.Александровіч («Руслан і Людміла»), А.Якімовіч (казкі), Р.Барадулін, А.Бачыла, П.Броўка, А.Вечар, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, М.Паслядовіч, Ю.Свірка, М.Танк, М.Хведаровіч, У.Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы І.Замоцін, Ф.Куляшоў, М.Ларчанка, Ю.Пшыркоў, А.Лойка, М.Тычына, А Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац.рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Клумава, П.Падкавырава, Р.Пукста. Ю.Семянякі, А.Туранкова. Я.Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.Бельскі, Т.Беразенская, А.Волкаў, М.Гуціеў, А.Кашкурэвіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш.; карціну «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.Падляскі, «Кветкі каханай» І.Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10. М., 1974—78;
Бел.пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Выбр. творы. Мн., 1949;
Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;
Выбр. проза. Мн., 1936;
Барыс Гадуноў. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;
Медны коннік. Мн., 1937;
Цыганы. Мн., 1937;
Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;
Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;
Палтава. Мн., 1938;
Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.
Літ.:
Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;
А.С.Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;
Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;
Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;
Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.С.Пушкина. М., 1999;
Афонин В. Религия и А.С.Пушкин. Невинномысск, 1999;
Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;
Духовный труженик: А.С.Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;
Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;
Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;
Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;
«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;
Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;
Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;
Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;
Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;
Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;
Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;
Замоцін І.І. А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;
Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1963;
Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;
Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;
Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;
Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;
Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;
Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;
А.С.Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп.навук.канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;
Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;
Лиокумович Т.Б. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;
Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1999;
А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;
Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,
вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт.м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл.Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс.чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт.м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.А.Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.П.Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал.рас. сілы (каля 35 тыс.чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл.Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.П.Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл.Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс.чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в.Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс.чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт.м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл.Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт.м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн.чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;
Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.
У.І.Пашкевіч.
Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.Зубава. 1715.Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭАТР,
адна з форм літ.-драм.радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.
Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.Х’юза). У б.СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж.рас. радыё і ў Астанкіна.
На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.Ільінскага, «Канец дружбы» К.Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз.выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г.літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г.вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял.Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака. У 1960-я г.сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.Бур’яна і І.Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.Мележа, «Жураўліны крык» В.Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.Савіцкага, «Новая зямля» Я.Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.Новікава, «Васіль Корж» С.Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.Лукшы, «Была вайна народная» А.Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.Мехава, «Каб узышло сонца» Р.Бакіевіча і А.Пётуха, «Праўда адна» А.Шлега, «Такая служба» А.Пінчука, «Званы Віцебска» У.Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.Куляшова «Хамуціус», Я.Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.Місько «Градабой», В.Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.Калошкі, «Вяртанне» У.Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).
З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.Коласа, «Адгукніся песняй» А.Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.Васілевіч, «Лацароні» Я.Маўра, «Гарачым летам» Ф.Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі, «Салдацёнак» Ч.Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Я.Глебаў, А.Залётнеў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, І.Любан, А.Мдывані, П.Падкавыраў, С.Палонскі, В.Помазаў, Р.Пукст, Л.Свердэль, А.Туранкоў, М.Чуркін.
Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.Алендэр, Т.Аляксеева, В.Анісенка, У.Багалюбскі, С.Гурыч, П.Данілаў, І.Лапцінскі, М.Троіцкая, С.Сцефановіч; акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Клімава, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, І.Шаціла, Р.Янкоўскі.
Літ.:
Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
1. Дапамагчы каму‑н. або прымусіць каго‑н. сысці ўніз. Звесці каня з гары. Звесці старога з лесвіцы.
2. Перавесці, адвесці на другое месца. Мужык выпраг каня, звёў убок, а воз пакінуў на дарозе.Якімовіч.//перан. Перавесці (размову, думкі) з адной тэмы на другую. Звесці сур’ёзную размову на жарт. □ [Наталля] старалася звесці.. думкі на другое.Чорны.
3. Дапамагчы каму‑н. сустрэцца, убачыцца, пазнаёміцца з кім‑н. — Трэба звесці яго з Якавам, няхай пазнаёміцца.Чарнышэвіч.Гэты паход у лес мы прыдумалі не толькі для таго, каб нарваць лапак і ўпрыгожыць сваю школу, мы хацелі як-небудзь звесці Славу з Веранікай.Навуменка.
4. Наблізіць адно да другога; ссунуць. Паненка строга звяла бровы, і я адразу адчуў, што неўзабаве атрымаю пад бок.Бажко.[Няміра:] У пана — во [зямлі]! (развёў як мог шырока рукі з выстаўленымі далонямі), а ў мужыка — во! (звёў цесна далоні і апусціў галаву).Чорны.
6. Сабраць у адно месца. Звесці дзяцей у зал. □ Як звалі гэтых гнедак ды сівак у адну канюшню — стала многа аднолькавых.Брыль.
7. Саставіць адзінае цэлае з асобных частак, адзінак і пад. Звесці палкі ў дывізію.
8. Нацкаваць адзін на другога, прымусіць пабіцца, пакусацца (пра жывёл, птушак). Звесці сабак. Звесці пеўняў.//перан. Падбухторыць да сваркі, спрэчкі, бойкі. Наперадзе стаяла некалькі чалавек, якія борзда ўмелі звесці Сымона з Міколам.Колас.
9. Прывесці да якога‑н. агульнага выніку; абагуліць. Большасць слоў нашай мовы мнагазначна. Але колькі б значэнняў слова ні мела, заўсёды іх можна звесці да аднаго агульнага значэння, якое звязвае ў адно семантычнае цэлае ўсе астатнія.Юргелевіч.
10. Знішчыць, перавесці. — Дык .. раней, пры тваім старшынстве, мы ледзь і канюшыну не звялі.Пянкрат.— Каб нам не звесці агню, — трывожыўся Мірон. — Можа, па чарзе пільнаваць.Маўр.// Зрасходаваць, страціць (звычайна без карысці). А дзе ж той банк? — карціць пытанне, Так правандруеш да змяркання, А сам туды не пападзеш І толькі дзень дарма звядзеш.Колас.У злаваўся наш тата. — Ну іх, — кажа, — з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы звёў.Брыль.// Забіць. [Чыжык] нейкі момант пільна разглядаў сваю ахвяру, думаючы, між іншым, што добра было б і зусім звесці гэтага вартавога, калі толькі ён вораг.Лупсякоў.
11. Збіць з правільнага жыццёвага шляху; схіліць да дрэнных учынкаў. Нялюдская кампанія і добрага звядзе.З нар.// Не выканаць абяцанага; падвесці, падмануць. Некаторыя старэйшыя нават упікалі Грамабоя, што ён звёў [Жагулу], казалі, што сорам так рабіць.Крапіва.
12. Абмежаваць, скараціць; давесці да чаго‑н. нязначнага, малога і пад. Звесці да мінімуму. Звесці шахматную партыю ўнічыю.
•••
Вачэй не звесці — а) не адвесці позірку ад чаго‑н. Мікола наш ідзе за сеялкай. Хлопец вачэй не звядзе — пазірае, як роўненька, як дружна сыплюцца зярняты.Брыль; б) зусім не заснуць. За ўсю ноч і вачэй не звёў.
Звесці вочы — заснуць, задрамаць.
Звесці з п’едэстала — пазбавіць каго‑н. улады.
Звесці канцы з канцамі — а) з цяжкасцю задаволіць жыццёвыя патрэбы, ледзь укласціся ў суму заработку, даходу і пад.; б) справіцца з цяжкасцямі ў рабоце, узгадняючы розныя часткі, злучаючы іх у адно.
Звесці на нішто (да нуля) — пазбавіць усякага сэнсу, значэння.
Звесці ў магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) — тое, што і загнаць у магілу (гл. загнаць).
Звесці ў рожкі — пасварыць каго‑н. з кім‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзе, прысл.
1.пытальнае. У якім месцы? — Дзе ты, Міколка? — запытаўся.. дзед.Лынькоў.Цікава — дзе цяпер яе [Насцін] Андрэй? Загінуў?Астапенка.// У пытальна-клічных сказах, якія выражаюць жаль, здзіўленне ў сувязі з адсутнасцю чаго‑н. Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі?Купала.— Дзе мае семнаццаць год, — зухавата сказаў Пракоп.Шыцік.
2.месца. У якім месцы. Яны — суседзі нашы, і дзе б стары ні кашляў — у гумне, у хаце, на дварэ — усё чуваць.Брыль.— Вось дурная! — казалі людзі, — мае гэткага багатага сына, а сама бадзяецца невядома як і дзе!Бядуля.[Бацька] быў вельмі дужы, спрытны, толькі не было дзе разгарнуцца, разгуляцца той сіле.Бялевіч.//(звычайназчасціцай «вось», «во»). У гэтым месцы, тут. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!»Якімовіч.
3.неазначальнае. Разм. Тое, што і дзе-небудзь. У засадзе больш, чым дзе, патрэбна цярплівасць. Тут не падгоніш ворага, не пойдзеш сам яму насустрач.Шахавец.
4.адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя сказы месца, якія паказваюць на месца або напрамак дзеяння, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі прыслоўямі «туды», «там». Чырвонаармеец прытуліў Ірынку да грудзей і панёс туды, дзе стаялі вагоны.Чорны.Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць.Колас.Над галавач, дзе учора вісела пахмурная зімняя смуга, цяпер глядзелася чыста-празрыстая сінь.Грамовіч./ Пры пералічэнні. Глянь туды, дзе машыны спяваюць, Дзе палае у горане сталь, Дзе рабочыя песні складаюць Пад сталёвы напеў малатка.Трус; б) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «той», «такі» (па значэнню адпавядае злучальнаму слову які). Мы схілім галовы над свежай магілай, Дзе прах свой злажылі героі.Колас.Трошкі вышэй, у тым пункце, дзе крынічка рабіла паваротак управа, перасякаліся дзве дарогі.Колас.Зацякае ручаіна ў такія месцы, дзе, здаецца, не ступала нага чалавека.Пестрак; в) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Сам [аграном] памагаў размяркоўваць пасевы культур; вучыў, дзе і як рассяваць мінеральныя ўгнаенні.Брыль.Адгэтуль можна ўпотайкі пазіраць усё, дзе што робіцца.Пестрак; г) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Дзядзьку было вядома, дзе прападае Юрка.Маўр; д) у спалучэнні з часціцамі «ні», «б» падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы. Колькі лесу, колькі, Дзе б вокам ні кінуў.Купала.— Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю.Колас; е) пры супастаўленні двух або некалькіх сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага (дзе... дзе...) абазначае: у адным месцы, у другім месцы. Дзе можна, а дзе нельга. Па-рознаму жывуць людзі: дзе так, дзе гэтак. □ Дзе скокам, а дзе бокам.Прымаўка.
5.узнач.часціцы. Ужываецца для выражэння поўнай немагчымасці чаго‑н., сумнення ў чым‑н.: а) з давальным склонам і з інф. Дзе табе! Дзе нам за вамі ўгнацца! Дзе старому асіліць такую работу!; б) з назоўным склонам і формай 2‑й асобы адз. ліку. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш!Лынькоў.//(успалучэннізпрыслоўямі «там», «тут»). Ужываецца як пярэчанне на чужыя словы або на ўласнае выказванне; выражае немагчымасць, адмаўленне чаго‑н. — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці...Капыловіч.— Намерыўся я назад падацца, абысці гэты балаган — дзе там, проста на мяне група немцаў...М. Ткачоў.Міхаліна.. узяла жменьку лёну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там!Чарнышэвіч.
•••
Дзе; дзе ўжо; дзе (ужо) толькі (задмоўемпрыдзеяслове) — усюды, у многіх мясцінах. Дзе ўжо я толькі не бываў!
Дзе і Макар коз не пасе — недзе вельмі-вельмі далёка.
Дзе наша не прападалагл. прападаць.
Дзе папалагл. папасці.
Дзе (толькі) ногі ўзялісягл. ногі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дык, часціца.
1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў, якія указваюць на вывады або падводзяць вынікі таго, аб чым гаварылася раней. — Дык як, Іван Данілавіч, з гэтым чалавекам? — спытаў Галаўня і з ледзь прыкметнай усмешкай дадаў: — Я думаю, няхай застаецца ў тваёй брыгадзе.Гроднеў.— Дык вось. Вера ў партыю дапамагла народу правільна разабрацца ў тых падзеях.Шыцік./ У рэпліках, якія ўзнаўляюць пачатую гутарку ці вяртаюць яе да якой‑н. тэмы. — Ну, брат Грышка, дык я еду!..Колас.— А пра галоўнае дык ты і не пытаешся, браток.Брыль.
2. Ужываецца ў пачатку сказаў, якія ўказваюць на вынік, што выцякае са зместу папярэдніх сказаў; адпавядае па значэнню: у такім выпадку, тады. — Дзе ён? — Няма. — Дык знайсці яго.// Ужываецца ў якасці суадноснага слова ў складаназалежных сказах з даданымі часу, умовы, мэты, уступальнымі. Калі вяртаўся Лёня дамоў, дык на вуліцы, на зялёных прысядзібных участках.. займаўся дзень.Кулакоўскі.[Лютынскі:] Як толькі змеркнецца, дык ты праз акно ды ў жыта. А там — сцежкі табе вядомыя.Крапіва.— Калі любіш, дык любі, А не любіш адкажы!Танк.— Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. Не тое бачылі.Зарэцкі./ У бяззлучнікавых умоўных сказах паміж аднолькавымі словамі. Працаваць, дык працаваць. Ну што ж, ісці, дык ісці.
3. Падкрэслівае наяўнасць выключных якасцей, асаблівасцей, уласцівых каму‑, чаму‑н. (звычайна пры паўтарэнні азначаемага слова). Вось будзе штука вам, дык штука!Колас.Вот зрабіў, дык зрабіў.Гартны.
4. Ужываецца пры проціпастаўленні або супастаўленні, каб вылучыць слова, якое проціпастаўляецца. — Машыне і той добры шафёр дае астыць трохі, а ты нават... — Дык то ж машына, а ты чалавек.Пальчэўскі.// Узмацняе слова або групу слоў, да якіх адносіцца. На Вайнера лічба не зрабіла ўражання, а вось перакладчык дык заікаўся, калі называў яе маёру на нямецкай мове.Шахавец.Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць.Крапіва.Хто баіцца, Юрка Іванавіч, — гаворыць Шарэйка, — дык той заявы не пісаў.Брыль.
5.узначэннівыніковагазлучніка. Ужываецца для сувязі сказаў з прычынна-выніковымі адносінамі. — У нас тут няма камуністаў, дык за ўсё павінны адказваць мы, камсамольская арганізацыя.Кулакоўскі./ Злучае сказы з умоўна-выніковымі адносінамі; дзеянне другой часткі такіх сказаў ажыццяўляецца пры ўмове, аб якой гаворыцца ў першай частцы. — Ты не панясеш, дык я занясу, — цвёрда сказала Ларыса.Кулакоўскі.[Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе.Крапіва.
6.узначэннісупраціўнагазлучніка. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў з узаемным выключэннем; па значэнню адпавядае злучнікам «але», «а». Была адна надзея, дык і тая сёння прапала.Пестрак.— Сцёпка, ведаю, не адмовіўся б, дык ён у лес ходзіць у заработкі.Крапіва.— Дай.. [каню] вады. — Даваў. Дык ён адно губы памачыў.Чорны.// Злучае сказы, змест адной часткі якіх не адпавядае таму, што павінна адбыцца з пункту погляду гаворачай асобы; па значэнню адпавядае злучнікам «аднак», «але». Пара б і вучыцца, Дык школы няма.Колас.Хацеў выспацца, дык не даюць.Чорны.
7.узначэннідалучальнагазлучніка. Далучае сказы з нечаканымі або непрадбачанымі падзеямі. — Я прачнуўся — дык таты няма ў хаце.Чорны.// Далучае сказы, якія ўказваюць на вывад, заключэнне ў сувязі з выказанай раней думкай. Скрыпка — хлеб твой і апора, Дык шануй яе, мой сын!Колас.— Час зараз такі, што сакратара выбраць нельга, дык вось я цябе прызначаю сакратаром гэтай арганізацыі.Шамякін.// Разам з часціцай «яшчэ» далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі. — Мілы ты мой друг! Мала таго, што твая галава міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, — натхнёна прамовіў Лабановіч.Колас.// Далучае сказы з дадатковымі звесткамі, якія абмяжоўваюць папярэднія думкі. — Цяпер тут, значыцца, амбулаторыя? Дык нешта ж шыльды яшчэ не відаць.Брыль.
•••
А не дыкгл. а 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сачы́ць1, сачу, сочыш, сочыць; незак.
1.што, закім-чым і здадан.сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў.Гаўрусёў.Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры.Пестрак.Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю.Пальчэўскі.// і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці.Мележ.[Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх.Маўр.//ушто. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць.Гарбук.— Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор.Гартны.
2.зачым і здадан.сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці.Дубоўка.Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе.Луфераў.Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца.Колас.// Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі.Паслядовіч.//перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе.Колас.Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу.Васілевіч.
3.закім-чым, што, сазлучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць.Кірэенка.Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае.Дубоўка.[Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў.Жычка.// Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам.Лынькоў.Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку.Грахоўскі.
4.закім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку.Каваль.[Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы.Брыль.Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом.Чарнышэвіч.
5.што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам.Колас.
6.каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку.Купала.
7.каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў.Колас.
сачы́ць2, сачу, сочыш, сочыць; незак.
1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы.Колас.
2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)