Каладзе́й, колодзей ’стальмах’ (стол., Маслен.). Адсутнасць іншых фіксацый гэтага слова ў бел. мове і наяўнасць яго на тэрыторыі, пагранічнай да зах.-палес. арэалу, не выключаюць магчымасці таго, што гэта ўкраінскае слова. Укр. колодій ’стальмах’, рус. колодей ’майстар, які робіць колы; стальмах’ (у Даля; паметы «паўдн.» і «зах.» указваюць, відаць, на ўкр. і бел. тэрыторыю), польск. kołodziej ’майстар, які вырабляе колы і вазы; стальмах’ (з XV ст.), славін. kolódei ’стальмах’, в.-луж. kołodźej, kołodźij, н.-луж. kołoźej ’тс’, ст.-чэш. koloděj ’тс’. Слаўскі (2, 370) далучае да традыцыйных паралелей рус. колодей ’вялікі кухонны нож’ (так у Фасмера, 2, 293, які прыводзіць у адным артыкуле колодей ’той, хто працуе для сябе, у вольны час’ і ’кухонны нож’) і ўкр. колодій ’вялікі нож’. Нельга пагадзіцца з гэтым: рус. і ўкр., як ні тлумачыць частку ‑ій у слове, суадносяцца з укр. колодач, бел. жур. колодан ’вялікі кухонны нож’ (’нож з калодкамі’). Адносна разглядаемага слова неабходна заўважыць, што, магчыма, гэта архаізм. На карысць такой думкі сведчыць структура злучэння kolo‑dějь, дзе другая частка — Nomen agentis ад děti, dějati. Слаўскі (2, 370) мяркуе пра царк.-слав. *kolo‑dějь з першасным значэннем ’які вырабляе колы, вазы’, аналагічна ў Махэка₂, 270: ’які вырабляе вазы’. Структурныя адпаведнікі: бел. ліхадзей, укр. добродій. Не выключана, аднак, што kolodějь — культурны тэрмін, які (і аб гэтым сведчыць лінгвагеаграфія) з’яўляецца вынікам калькі з іншамоўнага слова, для якога такая структура з’яўляецца натуральнай. Відавочна, што калька магла быць і даўняй, хоць нельга выключыць магчымасці пазнейшай экспансіі лексемы. З літаратуры параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 8, 596.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)