адчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

1. Расчапіўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. У палавіне дарогі.. [тэлефаніст] зачапіўся палою за сухі корань быльніку і, каб адчапіцца, чуць-чуць прыпадняўся. Чорны. — Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна казаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен. Маўр.

2. перан. Разм. Пакінуць дакучаць каму‑н.; адстаць, адвязацца, пакінуць у спакоі. Ох, гэты кашаль, — калі ён, нарэшце, адчэпіцца. Брыль. — Адчапіся ты, — гаварыла Марына. — Лезеш сляпіцаю толькі са сваім. Скрыган.

3. перан. Разм. Пазбавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. дакучлівага, непрыемнага, ухіліцца ад выканання чаго‑н. Сказаць, не так і патрэбна.. [Пракопу] гэтая работа — проста хочацца хоць чым-небудзь заняць рукі, каб адчапіцца ад надакучлівых думак. Колас. Доўга угаворваў брат брата, і той нарэшце згадзіўся са слабай, няпэўнай усмешкай — абы адчапіцца. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

але́й, алею, м.

1. Тлушч з расліннага насення: канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад. Канапляны алей. Какосавы алей. □ Пасля наварыстай капусты і гарачых дранікаў з алеем Юрка вабраўся на палаткі. Курто. [Барановічаў кум:] — Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсць, дык ён выцісне якую бутэльку алею і ў Тадулічах. Чорны.

2. Аліўкавы тлушч, які выкарыстоўваецца ў царкоўным абыходку; ялей. Самы просты, звычайны пачатак: нарадзіўся адзін чалавек. Першым поп за яго ўзяў падатак, мазануў алеем па галаве. Дубоўка. // перан. Прытворная ласкавасць, празмерная ліслівасць. Сочыцца мірны алей з языкоў У лорда Сесіля і Поля Банкура І ў тых, што за імі ў цяньку стаяць. Крапіва. Ухмылка крывіць яго пыскі, З іх чуць не капае алей. Марына кланяецца нізка, І Богут зорыць весялей. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сунуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паказацца адкуль‑н.; выставіцца. Высунуцца з вады. Высунуцца з акопа. □ Машына спынілася на скрыжаванні. Шафёр, малады хлопец, амаль юнак, высунуўся з кабіны. Шамякін. // Разм. неадабр. Недарэчы ўмяшацца ў што‑н., выступіць з чым‑н. Ніхто не прыдаваў тут сур’ёзнага значэння таму праекту, з якім .. [Лабановіч] так няўдала высунуўся. Колас.

2. Выйсці, выступіць наперад адкуль‑н. Калі наперад высунуўся Сцёпка, то ён стаў у баявую позу і прыняў вельмі грозны від. Колас. // Выдацца за мяжу чаго‑н. Губы былі да таго сціснуты, што падбародак высунуўся наперад. Бядуля. // Паказацца, з’явіцца. Уперадзе з-за гарызонта высунуўся даўжэзны горны хрыбет. Гамолка. // Разм. Павольна, не спяшаючыся выйсці адкуль‑н. [Маня:] — Куды вы, тата, сабраліся? — От куды-небудзь высунуся з хаты. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аве́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Свойская жвачная жывёліна, якая дае воўну, мяса, малако; самка барана. Па вуліцы каровы затухкалі, забляялі авечкі, ляснуў пугаю пастух. Колас. // перан. Лаянк. Пра някемлівага дурнаватага чалавека. — А як у нас слаўна было. Добра жылі. Мірна, па-людску... Дык прывалаклася ж сюды гэтая... паршывая авечка!.. Ракітны.

•••

Каракулевая авечка — каштоўная парода авечак, шкуркі ягнят якой ідуць на выраб каракулю і каракульчы.

Блудная (аблудная) авечка — пра чалавека, які адарваўся, адбіўся ад свайго асяроддзя, грамадства, сям’і і інш., які збіўся з правільная жыццёвага шляху. [Раіса:] — Ну што я магу зрабіць, калі я такая блудная авечка? Лобан.

Божая авечка — пра набожнага, богабаязнага чалавека. [Сіман:] Значыць, латынянка? адступніца?.. Хаця ў чым ты, божая авечка, тут павінна. Клімковіч.

Прыкідвацца авечкай гл. прыкідвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абараня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Адбіваць напад, засцерагаць ад нападу, непрыязных або варожых дзеянняў. Маладыя калгаснікі пайшлі ў Чырвоную Армію са зброяй у руках абараняць сваю радзіму. Колас. // Адстойваць чые‑н. інтарэсы, правы, погляды. Паэт, які з самага дзяцінства зведаў нягоды і пакуты сялянскага жыцця, рашуча абараняў прынцып дэмакратызму ў паэзіі. Шкраба. // Быць заслонай ад шкоднага дзеяння чаго‑н. Іх [эўкаліптаў] магутныя сцены абараняюць сады ад вятроў, яны азаніруюць паветра. Самуйлёнак.

2. Выступаць на судзе ў якасці абаронцы. [Марыся:] — Хутка будзе суд, а пан Крукоўскі падкупіў адвакатаў, якія будуць абараняць Рыгора. Бажко.

3. На спецыяльным пасяджэнні дабівацца прызнання вартасці навуковай працы, дыпломнага праекта з мэтай атрымаць адпаведную кваліфікацыю. А калі Русаковіч абараняў дыплом, дык за яго хваляваўся не толькі Даніла Мікалаевіч, але і генерал. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. ‑лёг, ‑легла і ‑лягла, ‑лягло; зак.

1. што. Шчыльна прылегчы да чаго‑н. з усіх бакоў. Валасы пасмамі абляглі шыю. // Пакрыць, ахінуць, абвалачы. Хмары абляглі неба. □ А дождж аблёг надоўга. Брыль.

2. без дап. Апусціцца, панікнуць, абвянуць. Трава аблягла. □ Як скрануў правую нагу [Сідар], яна страшна забалела, і тады ўскрыкнуў нечакана для сябе, зноў аблёг. Галавач. // Апасці, аціхнуць (пра шум, гукі і пад.). А прыйдзе ноч — абляжа віск асок і пад рукой вільготнаю — пясок. Хадыка.

3. без дап. Злегчы, захварэць. Ногі пераступаюць, а я драмлю. Не, не драмлю, гэта стаіць тлум у галаве, проста мне нядобрыцца. Калі б яшчэ трохі прайшлі, я зусім бы аблёг. С. Александровіч.

4. што. Акружыць, асадзіць. Абышла арда і Тураў, аблягла яго навокал. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

красава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Цвісці (пра злакавыя расліны). — Лубін сеецца па жыце тады, калі жыта красуе, і лепш яго сеяць пад дождж. Пестрак. У агародах зелянелі каноплі, цвіў мак, красавала нізкарослае жыта. Лупсякоў. // Пышна развівацца, квітнець (пра расліны). На ўзгорку, бачылі ўсе праз вокны, каліна красавала белым цветам. Дубоўка. Усё буйна красавала, — і на палях, і на лугах, і ў лясах. Якімовіч.

2. Тое, што і красавацца (у 2 знач.). Дочкі цвілі, Красавалі, як ружы. Дубоўка.

3. Тое, што і красавацца (у 3 знач.). Між сцёган, сала і грудзінак Красуе ўсмажаны падсвінак. Колас.

4. перан. Тое, што і красавацца (у 5 знач.). Красуй над светам, Рэспубліка Саветаў! Пушча. Красуй, ардэнаносная Краіна Беларусь! Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кру́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае форму круга, шара, кола, цыліндра або падобны да іх па форме. Круглае бервяно. Круглы стол. Круглы мячык. □ Над табою месяц круглы У ясным небе ціха плыў. Колас. // Тоўсты, сыты, поўны (пра чалавека, яго фігуру, твар). Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.

2. У спалучэнні са словамі «год», «дзень», «суткі» абазначае: увесь, цэлы. Волеччын голас, калі яна паганяла каня, чуўся па полі круглы дзень. Чорны. Брыгады гэтыя працуюць круглыя суткі. Кулакоўскі.

3. Разм. Поўны, абсалютны. Круглы выдатны. Круглая сірата. // У спалучэнні са словам «дурань» абазначае: абсалютны, закончаны. Толькі круглы дурань, хіба, прачытаўшы гэты ліст, не ведаў бы, што рабіць. Самуйлёнак.

•••

Круглыя лічбы гл. лічба.

Круглыя дужкі гл. дужка.

За круглым сталом гл. стол.

Круглая сума гл. сума.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

існава́ць, існую, існуеш, існуе; незак.

1. Быць у наяўнасці; мецца. Перастаць існаваць. □ Гэта была самая найкарацейшая сцежка, каб прайсці лес, і існавала яна тут здаўн[а]. Чорны. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. // Служыць для якой‑н. мэты. Правілы існуюць для таго, каб іх выконвалі.

2. Быць жывым; жыць (у 1 знач.). — Жывеш? — Як бачыш, рухаюся, існую. А ты? — Дыхаю. Значыцца, таксама існую... Лынькоў. // чым і на што. Здабываць сродкі для жыцця якім‑н. чынам. Існаваць на сродкі бацькоў. // Жыць няпоўным жыццём, без радасці, без задавальнення. Калі бяссоннымі начамі Ля вокан сцежак не таптаў, — Хоць ты і быў тут, поруч з намі, Ты ўсё ж не жыў, а — існаваў. Рудкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зажы́ць 1, ‑жыве; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

Зарубцавацца, загаіцца (пра рану, пашкоджанае месца). Андрэя завезлі ў шпіталь, дзе ён пралежаў тры тыдні, пакуль не важыла рана. Скрыпка. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч.

зажы́ць 2, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак., што.

Разм. Набыць што‑н., разжыцца на што‑н. — Хто нічога не робіць, яму і скідкі, і льготы розныя, а калі другі мазалём сваім зажыў нешта, .. на яго ўся бяда. Галавач.

зажы́ць 3, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

Пачаць жыць (пэўным чынам). І зажылі Язэп з Настуляю на дзіва ўсяму свету. Чарот. Да вясны жораў паправіўся і зажыў у хаце царом над курамі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)