Спор 1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор 2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор 3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор 1. Параўн. спарыння, спарыш 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапо́ля ’дрэва сямейства вярбовых, Populus L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; лях., Сл. ПЗБ; Кіс., Расл. св.), тапо́ля ’тс’ (ТС), тапо́ль ’тс’ (Ян., Кіс.; пруж., Сл. ПЗБ), топу͡оль ’тс’ (Вруб.), то́паль ’тс’ (Сцяшк., Кіс.), то́поль ’тс’ (ТС, Арх. Вяр.), то́мпель ’таполя’ (свісл., ЛА, 1), то́пель ’тс’ (Шат., Мат. Гом., Расл. св.), то́піліна ’тс’ (віц., ЛА, 1; віц., Расл. св.), топілы́на ’тс’ (дзярж., ЛА, 1), то́піль ’тс’ (кобр., ЛА, 1, Касп., Расл. св.), то́фель ’тс’ (лаг., Жд. 3), то́філь ’тс’ (мёрск., ЛА, 1), тофліна ’тс’ (Барад.), то́пля ’тс’ (ганц., ЛА, 1; Расл. св., Сл. ПЗБ). Укр. топо́ля, рус. то́поль, польск. topola, н.-луж. і в.-луж. topoł, чэш. topol, славац. topoľ, славен. topol, серб.-харв. топо̀ла, макед. топола, балг. топа́ла. Прасл. *topolъ, *topolь, а таксама *topolʼa, *topola; ёсць меркаванне, што гэтае найменне запазычана ў праславянскую мову з лац. pōpulus (с.-лац. populus) ’тс’, пры гэтым адбылася міжскладовая дысіміляцыя р : р > t : p. Літ. tapalas ’тс’ і алб. tupli ’тс’ лічацца запазычаннямі са славянскіх моў. З лацінскай выводзяцца і заходнееўрапейскія назвы расліны, напр. дац., швед. poppel, іт. pioppo, франц. peuplier, ням. Pappel; старое літ. túopa ’тс’ мае роднасныя сувязі з лац. pōpulus, паходжанне якога застаецца цьмяным (Махэк₂, 647: “праеўрапейскае”). Глухак (634) мяркуе, што спалучэнні гукаў р‑р‑l, t‑p‑l перадаюць трапятанне лісцяў, таму ў аснове бачыць анаматапею. Не пераконвае спроба Шустара–Шэўца (1518) звязаць славянскія назвы з коранем *tep‑, *top‑ (гл. топаць, тэпаць). Варыянтнасць гэтых назваў, у тым ліку і беларускіх, сведчыць пра запазычанасць. Гл. яшчэ Брукнер, 317; Фасмер, 4, 79; Борысь, 638; ЕСУМ, 5, 601. Спробай “каранёвай” этымалогіі з’яўляецца ўзвядзенне назвы да і.-е. *pel‑ ’шэры’ з-за з шэрага колеру кары таполі, тады на лацінскай глебе адбылося няпоўнае падваенне гэтага кораня (Покарны, 804); параўн. проціпастаўленую назву таполя чорная ’ясакар, Populus nigra L.’ (Кіс.), вядомую і іншым славянскім мовам, у тым ліку старапольскай (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 394), у гаворках у сцягнутай форме тапо́ля ’назва расліны Populus nigra’ (Янк. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Торг ’здзелка, гандаль’, ’кірмаш’, ’базар, рынак, месца гандлю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Шат., ТС, АБ, 7, Скарбы; ашм., Стан.; воран., Сл. ПЗБ), таргі́ ’аўкцыён’ (ТСБМ), ’гандаль; пакупнікі’ (Ян.). Укр. торг ’здзелка’, ’дагавор аб куплі-продажы’, ’гандлёвая плошча’, рус. торг ’прывоз, рынак, месца куплі і продажу’, ’гандаль’, ’гартаванне’, стараж.-рус. търгъ, польск. targ ’продаж і купля тавараў’, ’гандлёвая плошча’, ’гандаль, абарот’, ’выручка’, старое н.-луж. terg ’месца гандлю’, в.-луж. torhošćo ’рынак’, чэш., славац. trh ’рынак’, ’базар, кірмаш’, славен. tȓg ’тс’, ’плошча’, ’сквер’; серб. тр̑г, харв. tȓg ’тавар, якім гандлююць’, ’гандлёвая плошча’, балг. търгови́я ’гандаль’, търг ’тс’, търгъ́т ’аўкцыён’, макед. тргови́ја ’гандаль’, ст.-слав. тръгъ ’гандлёвая плошча’. Прасл. *tъrgъ. Пэўным чынам знаходзіцца ў сувязі з алб. treg(ë) ’рынак’, ’базар’ (> Trst), ілір. tergitio ’гандляр, купец’, з венецкімі тапонімамі Tergeste > Trzst > Trst ’рынак’, Opitergium ’хлебны або таварны рынак’, лігур. terg‑ ’купец’, Tergolape, Tergilam і інш. Рыбеца (Archivio glottologico italiano, 35, 51) сцвярджае, што *terga, якое дало алб. tregë, з’яўляецца міжземнаморскім словам і яго можна звязаць генетычна з асір.-вавіл. tamgaru ’купец’ > арамей. taggara > араб. tadžir, з якога выйшлі tiġaret ’барыш, заробак’, tüccar ’купец’, прынесеныя туркамі на Балканы (Скок, 3, 499). Ён мяркуе, што балканска-лац. terg‑ у Дунайскай зоне ў V ст. н. э. увайшло ў праславянскую мову. Літ. tur̃gus, лат. tìrgus ’рынак’, а таксама ст.-сканд. torg, швед. torg, дац. torv, фін. turku запазычаны ва ўсходніх славян (Махэк₂, 651; Брукнер, 566; Мікала, Berühr., 170; Скарджус, Slav., 226; Петрыч–Гольмквіст, JS, 8, 1962–1963, 146). Спробы вывесці паходжанне слав. *tъrgъ з цюрк., манг. torga, torgu ’шоўк’ ці са ст.-цюрк. turɣu ’стаянка’ не пераконваюць (Фасмер, 4, 82). Ондруш (Этимология–1984, 179) сцвярджае, што прасл. *tr̥gъ генетычна звязана не толькі з харв. trážiti, *s‑terg‑: *s‑torg‑ ’сцерагчы’, але і з балг. тъ́рси ’шукае’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 603. Сюды ж таргава́ць ’прыцэньвацца; гандляваць’ (ТСБМ), торгава́цца (ТС), то́ржышча ’рынак, гандлёвая плошча з народам’ (Нас.), тарго́віца ’базар’ (АБ, 7 (3)), таргаўшчы́ца, тарго́ўка ’гандлярка’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ізба́ ’жылы драўляны будынак’ (Інстр. I, 49), ’маленькая хата, жылы будынак меншага памеру’ (Лекс. Палесся, 154), ’хата-чытальня’ (Сцяшк. МГ). У сучаснай бел. мове выціснута словам хата, але ст.-бел. изба мела цэлы комплекс значэнняў: ’жылы будынак’, ’пакой у хаце’, ’кладоўка’, ’памяшканне для чэлядзі і інш.’ (КГС). Рус. изба́ ’драўляная сялянская хата’, дыял. ’жылы будынак з аднаго пакоя (з рускай печчу)’, ’частка жылля, якая ацяпляецца’, ’пакой’, ’гара, вышкі’, ’жыллё з гліны, саману і г. д. (у адрозненне ад цагельных і драўляных дамоў)’, польск. izba ’пакой’, в.-луж. jstwa, stwa ’тс’, н.-луж. śpa ’святліца, вялікі пакой’, палаб. jåzbă ’гасціная’, чэш. jizba ’жылое памяшканне, пакой’, славац. izba ’тс’, славен. ȋzba ’пакой’, ’гара, вышкі’, jȇzba ’сталовая’, серб.-харв. уст. ѝзба ’пакой’, ’святліца’, балг. и́зба ’падвал, склеп’, ’хаціна, зямлянка’, макед. дыял. изба, визба ’склеп’. Ст.-слав. истъба ’пакой’, ст.-рус. истьба, изъба, изба ’драўляны будынак’, ’частка дома, пакой’. Пэўнай этымалогіі няма. У адных тлумачэннях прасл. *jьstъba выступае як запазычанне, у другіх — як спрадвечна слав. слова. Найбольш пашырана версія аб запазычанні з герм. *stuba (ст.-в.-ням. stuba ’цёплае памяшканне, лазня’, ст.-ісл. stofa, stufa ’лазня з печчу’), але ў гэтым выпадку няма тлумачэння для пачатковага jь‑. Гл. Міклашыч, 97; Уленбек, AfslPh, 15, 1893, 487; Бернекер, 1, 436–438. Больш абгрунтавана Мейе (BSL, 29, 1929, 211), Махэк₂ (230), Трубачоў (Эт. сл., 8, 243–245), якія бачаць крыніцу запазычання ў раман. арэале; параўн. франц. étuve, італ. stufa, ісп. estufa, праванс. éstuba ’лазня, апарня’ < *estūfa (скарачэнне ū > ŭ яшчэ ў нар.-лац.). Спроба аб’яднання абедзвюх крыніц падана ў Слаўскага, 1, 475–476; Etnografia polska, 1960, 351–354. Тлумачэнне слова на слав. глебе належыць Мартынаву, Лекс. взаим., 122–125: *jьstъba ’нерухомая маёмасць, гаспадарка’ < *istъ‑ba звязваецца з гняздом *istъ (гл. існы). Гёрнер (ZfslPh, 32, 1965, 332) прыцягвае сюды прасл. *ьstěja/*ěstěja ’печ, вогнеахвярнік’ і лічыць семантычную адзнаку ’ацяплення’ зыходнай для слав. *jьstъba; параўн. народна-этымалагічнае збліжэнне з *istopiti. Інакш Мядзведзева (Праблемы мовы і літаратуры, 1972, 103–114) выяўляе ў *jьstъba корань *stьb‑, як у сцябло, ствол. Этнаграфічны аспект гл. А. С. Харузін, Славянское жилище, 1907. Гл. істопка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сі́ла, ‑ы, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Якімовіч. [Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Шамякін. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Колас. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы. Самуйлёнак. Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы. Ставер. Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў. Гурло. // Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч. // Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. □ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу. Скрыган. // Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! Звонак. Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы. Лынькоў. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Карпаў.

3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. □ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена! Гамолка. Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла. Танк.

4. Прававая дзейнасць; правамоцтва. Сіла закону. // Фінансавая дзейнасць (каштоўных папер, грошай). Пакупная сіла рубля.

5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. □ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла. Купала. [Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу. Колас. // Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. □ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла. Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду. Самуйлёнак. // Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. □ Здавён, аднак, у сілу слова веру! Лойка. Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы. «Полымя». // Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны. Танк. Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла. Смагаровіч.

6. Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла. Кулакоўскі. А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад. Колас.

7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. □ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю. Колас. Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная. Кудраўцаў. // Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. □ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным. «Маладосць». [Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча. Крапіва. Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Колас. Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог. Скрыган.

8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды. Шамякін. Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату. Данілевіч.

9. часцей мн. (сі́лы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. □ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу. Баранавых.

10. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. □ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас. Івашын. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

11. часцей мн. (сі́лы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. □ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу. Лынькоў. На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл. Алешка. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Чорны.

12. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. □ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы. Дуброўскі.

13. у знач. прысл. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. □ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі. «Полымя».

14. каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася... Грахоўскі. [Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць. Сабаленка.

•••

Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.

Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).

З пазіцыі сілы гл. пазіцыя.

Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.

Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.

Рабочая сіла — здольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.

Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць. Лынькоў.

Брацца (убірацца) у сілу гл. брацца.

Выбіцца з сіл гл. выбіцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сілы гл. высмактаць.

З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз. Колас.

З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму; (не) пад сілу каму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка. Вышынскі. Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры. Лужанін.

Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць. Крапіва.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.

Не шкадуючы сіл гл. шкадуючы.

Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.

Па меры сіл гл. мера.

Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.

Увайсці (увабрацца) у сілу гл. увайсці.

У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады. Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе. Гілевіч.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.

Уступіць у сілу гл. уступіць.

Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.

Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.

Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЕ́РАПІС НАСЕ́ЛЬНІЦТВА працэс збору дэмаграфічных, эканам. і сац. звестак, якія характарызуюць жыхароў краіны або пэўнай тэрыторыі ў пэўны момант. Асн. мэта П.н. — атрыманне звестак пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі, неабходныя для найб. эфектыўнай арганізацыі сац.-эканам. жыцця краіны. П.н. ахоплівае ўсіх жыхароў краіны: пастаянных жыхароў кожнай тэр. (пастаяннае насельніцтва) і тых, што знаходзяцца на ёй у момант перапісу незалежна ад часу знаходжання (наяўнае насельніцтва), уключае і тых грамадзян дзяржавы, што знаходзяцца за мяжой. Звесткі, якія збіраюцца пры П.н., вызначаюцца праграмай перапісу, асн. ч. якой з’яўляецца адзінай для ўсяго насельніцтва краіны. Праграма П.н. звычайна ўключае: дэмаграфічныя адзнакі (пол, дата нараджэння або ўзрост, колькасць дзяцей і інш.), эканам. адзнакі (занятак, прафесія, крыніца сродкаў існавання і інш.), характарыстыкі адукаванасці і ўзроўню кваліфікацыі, этнічныя адзнакі, грамадзянства, пытанні пра жыллёва-бытавыя ўмовы. Апрацоўка даных П.н. звычайна праводзіцца па адм. адзінках. Поўная іх распрацоўка можа займаць некалькі гадоў. Асн. навук. патрабаванні да П.н.: цэнтралізаванасць; наяўнасць вызначанай праграмы і яе адзінства; ахоп усёй тэрыторыі; усеагульнасць; індывідуальнасць рэгістрацыі; непасрэднае атрыманне звестак у насельніцтва; адначасовасць; перыядычнасць.

П.н. папярэднічалі розныя формы ўліку насельніцтва, якія праводзіліся ў Стараж. Грэцыі, Вавілоне, Стараж. Егіпце (каля 2800—2250 да н.э.), Месапатаміі, Кітаі (каля 2238 да н.э.), Японіі і інш. Найб. вядомыя ўлікі вольных грамадзян (цэнзы) пры імператары Серв Тулію ў Стараж. Рыме (6 ст. да н.э.). У Расіі з 1718 праводзіліся дзярж. рэвізіі насельніцтва; праведзена 10 рэвізій: 1-я ў 1719—27, 10-я ў 1857—60. Пачатак усеагульнаму і рэгулярнаму ўліку насельніцтва паклалі ЗША (1790), Швецыя (1800), Вялікабрытанія, Данія, Нарвегія і Францыя (1801). Першы перапіс, які адпавядаў навук. прынцыпам уліку, праведзены ў Бельгіі ў 1846 пад кіраўніцтвам А.​Кетле. У пач. 19 ст. П.н. ахопліваў 1,1% насельніцтва, да канца 20 ст. — 95% насельніцтва ў 202 краінах свету. Большасць развітых краін праводзяць перапіс кожныя 10 гадоў; некаторыя — паміж суцэльным П.н. праводзяць выбарачны перапіс.

На тэр. Беларусі пачатак уліку насельніцтва адносіцца да 9 ст. (вёўся з фіскальнымі мэтамі для падаткаабкладання). Колькасць насельніцтва на тэр. Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай вызначалася на аснове тарыфаў падымнага абкладання, дзе за адзінку абкладання браўся дом ці дым. З 17 ст. вяліся падворныя перапісы. У 1897 адбыўся ўсеагульны П.н. на тэр. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Рас. імперыі. 1-ы ўсеагульны П.н. ў БССР праведзены ў 1926. Вынікі перапісу 1937 з-за разыходжання звестак з тымі, якія меркавалася атрымаць, былі забракаваны. Матэрыялы П.н. 1939 у сувязі з пач. 2-й сусв. вайны часткова распрацаваны ў пасляваенны час і апублікаваны ў 1995. Пасляваенныя П.н. праводзіліся больш рэгулярна (1959, 1970, 1979) і практычна паўтаралі праграму перапісу 1939. У перапісе 1989 дадаткова збіраліся звесткі аб жыллёвых умовах насельніцтва. Аднак у сувязі з распадам СССР праект распрацоўкі і публікацыі матэрыялаў гэтага перапісу ажыццёўлены не поўнасцю (па Беларусі яны апублікаваны толькі для службовага карыстання). П.н. Рэспублікі Беларусь 1999 праводзіўся па больш шырокай праграме, якая ўлічвала кардынальныя перамены ў сац.-эканам. развіцці краіны і структуры грамадства. Напр., большая ўвага звярталася на пытанні занятасці насельніцтва, моўнай сітуацыі.

Дынаміка колькасці насельніцтва. Колькасць насельніцтва Беларусі мянялася нераўнамерна ў выніку 1-й і 2-й сусв. войнаў, хваляў эпідэмій, голаду, міграцый, паліт. рэпрэсій. Паводле звестак Усерас. П.н. 1897, на Беларусі ў сучасных межах пражывала больш за 6,6 млн. чал. У сувязі з ростам эміграцыі ў ЗША, Канаду, Аўстралію, краіны Зах. Еўропы адмоўнае сальда міграцыі насельніцтва склала за 1897—1913 каля 0,5 млн. чал. У 1-ю сусв. (1914—18) і грамадз. (1918—20) войны Беларусь страціла каля 1,4 млн. чал. забітымі і памерлымі. З 1920-х г. да пач. 2-й сусв. вайны назіраўся актыўны працэс росту насельніцтва. Паводле П.н. 1939 на Беларусі жыло амаль 9 млн. чал. У Вял. Айч. вайну 1941—45 страчана больш за 2,2 млн. чал. (кожны 4-ы жыхар), каля 380 тыс. чал. вывезена на працу ў Германію (вярнуліся не ўсе). На канец 1945 на Беларусі жыло 6,2 млн. чал. Даваенная колькасць жыхароў дасягнула толькі ў 1971. У пасляваен. перыяд да пач. 1990-х г. насельніцтва павялічвалася, аднак тэмпы росту з 1970-х г. сталі зніжацца. Паміж П.н. 1989 і 1999 адбылося абсалютнае змяншэнне колькасці насельніцтва на 107 тыс. чал. (1,1%), як вынік дэпапуляцыі, якая пачалася ў 1933: гадавая колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных (гл. табл. 1).

Урбанізацыя. Паводле П.н. 1897 гар. насельніцтва Беларусі складала 13,5%. Напярэдадні Вял. Айч. вайны доля гараджан на Беларусі складала 20% насельніцтва. У пасляваенныя гады ў сувязі з размяшчэннем у гарадах буйных прамысл. прадпрыемстваў, працэс урбанізацыі паскорыўся. За 1959—70 доля гар. жыхароў вырасла больш чым на 13%, за 1970—89 яшчэ на 22% і склала 65%. У 1999 у гарадах жыло каля 70% насельніцтва. Характэрная рыса урбанізацыі — паскораны рост насельніцтва ў буйных гарадах. Прырост гар. насельніцтва забяспечваўся ў асн. за кошт. сельскіх жыхароў. Павелічэнне колькасці гар. пасяленняў ішло і шляхам узнікнення новых гарадоў (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Новалукомль), і надання частцы мястэчак статуса пасёлкаў гар. тыпу. У 1970 на Беларусі было 9 гарадоў, якія мелі больш за 100 тыс. жыхароў, у 1999—15 (Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Наваполацк, Салігорск, Ліда). У Мінску ў 1999 было 1677,1 тыс. жыхароў.

Асн. тэндэнцыяй полаўзроставай структуры насельніцтва Беларусі з’яўляецца яго старэнне (павелічэнне долі пажылых людзей). Доля асоб пенсіённага ўзросту 60 гадоў для мужчын і 55 для жанчын (павялічылася з 13,5% у 1959 да 21,5% у 1999, фактычна кожны 5-ы жыхар краіны — пенсіянер. Другая характэрная рыса дынамікі ўзроставай структуры насельніцтва — памяншэнне долі дзяцей: у 1897 ва ўзросце да 16 гадоў яны склалі 43%, у 1959—31,3%, у 1999—21,2%. У 1897 на Беларусі на 1000 мужчын прыпадала 1012 жанчын, у 1926—1045, у 1959—1249, у 1999—1129. Працаздольнае насельніцтва складае большую палавіну ўсіх жыхароў — 57,3% (1999).

Усерас. П.н. 1897 даў толькі агульнае ўяўленне пра нац. склад жыхароў Беларусі, паколькі нацыянальнасць вызначалася па мове і веравызнанні. На тэр. 5 бел. губерняў (Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай) акрамя беларусаў, якія складалі 65,6% ад усяго насельніцтва, жылі яўрэі (14,6%), рускія (6%), украінцы (4,6%), палякі (5,2%), а таксама латышы, літоўцы, татары, немцы, цыгане і інш. Паводле П.н. 1939 (без уліку тэр. Зах. Беларусі) доля беларусаў вырасла за кошт памяншэння долі інш. нацыянальнасцей і складала 82,9% ад агульнай колькасці насельніцтва, працэнт палякаў знізіўся да 1%, украінцаў — да 2%. Найб. поўную карціну пра нац. склад даюць П.н. 1959, 1970, 1979, 1989 і 1999, якія праводзіліся ў сучасных межах Беларусі. Іх вынікі сведчаць, што ў сувязі з працэсамі асіміляцыі і міграцыі (прыток асоб некарэннай нацыянальнасці і адток беларусаў у інш. рэгіёны СССР) доля беларусаў знізілася з 81,1% у 1959 да 77,9% у 1989. Аднак з пач. 1990 г. пасля распаду СССР у Рэспубліцы Беларусь доля беларусаў пачала павялічвацца, што звязана з працэсам рээміграцыі (вяртаннем асоб тытульнай нацыянальнасці) з рэспублік Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі і інш. рэгіёнаў. Паводле П.н. 1999 колькасць беларусаў склала 8 млн. 159 тыс. чал. (81,2%). Доля рускіх пастаянна павялічвалася: з 8% у 1959 да 13% у 1989. П.н. 1999 засведчыў зніжэнне колькасці рускіх да 11% (1 млн. 141 тыс. чал.), што звязана ў асноўным з адтокам рус. насельніцтва пасля распаду СССР, а таксама з вывадам войск з тэр. Беларусі. Рускае насельніцтва пражывае пераважна ў гарадах і ва ўсх. сельскіх рэгіёнах. Колькасць палякаў (трэцяя па велічыні нац. група) пастаянна зніжаецца з-за працэсаў асіміляцыі і міграцыі: у 1959 яны складалі 7% насельніцтва, у 1999—3,9% (395,7 тыс. чал.). Яны пражываюць пераважна ў сельскай мясцовасці ў зах. і паўн.-зах. раёнах Беларусі. Змянілася і колькасць украінцаў: у 1959 яны складалі 1,7%, у 1999—2,4% (237 тыс. чал.). Значная іх частка жыве ў гарадах і сельскай мясцовасці на Пд ад гарадоў Кобрын і Брэст. Найб. моцныя змены зведалі прадстаўнікі яўр. нацыянальнасці: у 1939 яўрэі былі 2-й па колькасці нац. меншасцю (7%), у 1989—5-й (1,1%). Скарачэнне іх колькасці выклікана інтэнсіўным выездам у буйныя гарады Расіі, Украіны пасля ліквідацыі «мяжы аселасці», асіміляцыйнымі працэсамі, стратамі ў гады Вял. Айч. вайны, актыўным выездам у Ізраіль і інш. замежныя краіны ў 1980—90-я г. У выніку доля яўрэяў у 1999 склала 0,3% (27,8 тыс. чал.). Паводле П.н. 1999 на Беларусі пражывала больш за 100 нацыянальнасцей (гл. табл. 2).

Літ.:

Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;

Гозулов А.И. Переписи населения земного шара. М., 1970;

Киселева Г.П., Кваша АЯ. О чем рассказывают переписи населения. М., 1983;

Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі. Мн., 1992;

Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996.

Дз.​М.​Кудзелка, Л.​П.​Шахоцька.

Табліца 1
Дынаміка колькасці насельніцтва Беларусі
Гады перапісаў Колькасць насельніцтва, тыс. чал. У % да ўсяго насельніцтва
Усяго у т. л.
гарадское сельскае гарадское сельскае
1897 6673 899 5774 13,5 86,5
1926 4989 848 4138 17 83
1939 8912 1855 7057 20,8 79,2
1959 8056 2481 5575 30,8 69,2
1970 9002 3908 5094 43,4 56,6
1979 9560 5263 4297 55,1 44,9
1989 10 152 6641 3510 65,4 34,6
1999 10 045 6961 3084 69,3 30,7
Табліца 2
Нацыянальны склад насельніцтва Рэспублікі Беларусь (па даных перапісаў, у %)
Гады перапісаў
1959 1970 1979 1989 1999
Усё насельніцтва 100 100 100 100 100
у т. л.
беларусы 81,1 81 79,4 77,9 81,2
рускія 8,2 10,4 11,9 13,2 11,4
палякі 6,7 4,3 4,2 4,1 3,9
украінцы 1,7 2,1 2,4 2,9 2,4
яўрэі 1,9 1,6 1,4 1,1 0,3
інш. нацыянальнасці 0,5 0,6 0,7 0,8 0,8

т. 12, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каб ​1, злучн.

1. мэтавы. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія ўказваюць на мэту або прызначэнне таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе. Машыны спусцілі з парома.., каб не былі на воку пры дарозе. Лынькоў. Клуб гэты таксама да часу ў нас. Новы пабудуем. З добрай сцэнай, каб і гарадскі тэатр мог да нас прыехаць. Крапіва. // Далучае інфінітыўныя звароты са значэннем мэты. Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Колас. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «хоць» («хаця»). А як пайшоў [Мікола] — усё азіраўся, каб хаця ніхто яго тут не падгледзеў. Чорны. / Уваходзіць у склад састаўных злучнікаў мэты: «для (дзеля) таго каб», «з тым каб», «затым каб». Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучаць да сталых і сур’ёзных адносін да яе з маладых гадоў. Колас.

2. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія выражаюць умову, што не адпавядае рэчаіснасці (звычайна ў адпаведнасці з часціцай «бы» ў галоўным сказе). Не пісаў бы, не складаў бы Я вас, думы-песні, Каб не вецер не зялёны, Вецер на прадвесні; Каб не вербы над магілай І не шум бярозкі Над прасёлачнай дарогай. Танк. — Каб не голад, не гэты клунак за плячамі, узяў бы я гэтага Якава пад руку і пайшлі б недзе, вырашаючы і малыя і вялікія пытанні. Пестрак. / Можа ўжывацца ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то» і «дык» галоўнага сказа, калі даданы сказ займае прэпазіцыйнае становішча. — Выбіўся [стары] з сілы, вылазячы з багны, каб яшчэ трохі, то і капцы. Кулакоўскі. [Карнейчык:] Твой бацька маладзец. Каб не ён, дык бы мяне паны зусім забілі. Крапіва.

3. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. — Матка мая, хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. Колас. Гаварыла зямля, Што не хоча яна, Каб палі арашала Крывёю вайна. Танк. // Далучае інфінітыўныя выразы, якія паясняюць або ўдакладняюць галоўны сказ. Сутнасць сатыры ў тым, каб выстаўляць на паказ, на смех адмоўныя з’явы жыцця. Крапіва. І ён, стары чалавек, здатны яшчэ на тое, каб карысць людзям прыносіць. Лынькоў; б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Званне гвардзейца не толькі чэсць, але і абавязак. Трэба, каб абавязак гэты выконвалі па-гвардзейску. Мележ; в) Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. — Не той Жагула, каб ён абы-каму раскідаўся сваім дабром. Крапіва; г) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «такі», «гэтакі» і інш.). Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Варатніцкі не ўзнімаў вачэй. І толькі адно было жаданне — каб хутчэй скончыўся гэты страшны суд. Дадзіёмаў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць, Шляхам міру і дружбы ісці! Танк; д) Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадносным словам «так»). Памылкі .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. — Дык ты як-небудзь скажы так, каб лішне доўгіх гаворак і разваг не было. Чорны. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «аж». — Пойдзем цяпер прытупнем, каб аж падэшвам горача стала. Кулакоўскі. [Батура:] Чулі, дзяўчаты, як з вашага брата здзекуюцца? Заспявайце сватам так, каб аж ім моташна стала. Крапіва.

4. Уводзіць пабочныя і ўстаўныя словазлучэнні і сказы. — Бацька абнямог, каб пры вас не сказаць, памёр. Чорны. [Грышка:] А я, каб ты ведаў, сала вельмі люблю, але бяда, што няма яго. Чарот.

каб ​2, часціца.

1. Ужываецца пры выказванні скаргі, праклёну, пажадання (звычайна ў пачатку простых сказаў). Эх, Валодзя, цяжкавата мне, каб ты толькі знаў. Скрыган. Выглумілі паны лес ва ўсёй Случчыне, каб іх зямля не насіла. Чарнышэвіч. Каб пілося і елася і болей хацелася. З нар.

2. Ужываецца пры выказванні сумнення ў магчымасці чаго‑н. Назарык круціць галавой: э-хэ-хэ, каб на сям’ю ды адзін толькі падсвінак. Б. Стральцоў.

3. Ужываецца пры выказванні загаду, неабходнасці чаго‑н. Каб не смеў сюды хадзіць!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Памагчы каму‑н. сесці. Маці адзела Славу, вынесла на двор, пасадзіла пры асвечанай сонцам сцяне і сама пачала секчы дровы. Чорны. Язэп пасадзіў Макарыху на лаўку, а сам пайшоў высветліць, ці праўда, што тут [у шпіталі] ляжыць Макар Кульба. Асіпенка. // Прапанаваць, прымусіць дзе‑н. сесці. Сама.. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе і пасадзіць гасцей. Шахавец. Пасадзіў пан Бандароўну У куце на лаве, Як бы тую маладую У вясельнай славе. Купала. // Памагчы каму‑н. заняць месца для паездкі на чым‑н. Пасадзіць на аўтобус. □ Старшыня памог .. [старому] выйсці на двор, пасадзіў у сані і сказаў яшчэ некалькі слоў. Чорны.

2. Усадзіць у зямлю, засыпаць зямлёй насенне, карэнне расліны, саджанца для далейшага росту. Пасадзіць дрэва. □ [Настаўнік:] — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас. Перад вокнамі зрабіў палісаднічак, паставіў штыкетнік, а каля веснічак пасадзіў бярозку. Васілёнак. [Дзед:] — І дрэва з зямлі не вырасце само, калі насеннейка не пасадзіш. Чарнышэвіч. // Правесці пасадку. Пасадзіць бульбу. □ Трэба абавязкова пасадзіць сады ў кожным калгасе. Асіпенка.

3. Паставіць у гарачую печ пячыся. Пасадзіць пірагі. □ Яшчэ не хутка будзе кіснуць цеста І бабка новы хлеб у печ пасадзіць, А восень — найбагатая нявеста — Далоні іх шурпатыя разгладзіць. Чэрня.

4. Скіраваўшы да зямлі, прымусіць сесці, прызямліць (пра самалёт і пад.). Бурмакоў плаўна пасадзіў ракету. Лёгкі штуршок, і яна спынілася. Шыцік. З вялікімі цяжкасцямі экіпаж пасадзіў самалёт на ваду, і пажар быў ліквідаваны. Матрунёнак. // Разм. Нагнуўшыся на перашкоду, пазбавіць каго‑, што‑н. магчымасці рухацца. Пасадзіць баржу на мель. □ [Каваль:] — Памятаеш, Паліна так і сказала: «Я спадзяюся на цябе...» А ты што робіш? Машыну ў яміну пасадзіў і адпачываеш... Га? Савіцкі. — А, ты пра ўчарашняе... Ды я ж і вінаваты — пабаяўся трактар пасадзіць у багну і прастаяў. Хадкевіч.

5. Разм. Арыштаваць, засадзіць у турму, карцэр і пад. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.

6. Прымусіць чым‑н. займацца, што‑н. рабіць (звычайна седзячы). Пасадзіць за ўрокі. // Разм. Прызначыць на якую‑н. пасаду, месца і пад. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзіў на ўладанне свайго бацьку, было кіламетраў дваццаць. Чорны. // Вызначыць месца каму‑н. дзе‑н. Чытаў.. [Косцік] бегла, пісаў і задачкі рашаў няблага, і настаўнік пасадзіў яго ў другі клас, разам са старэйшымі братамі. С. Александровіч.

7. на што. Разм. Абмежаваць у чым‑н. (пераважна ў ядзе). Пасадзіць на дыэту. □ [Шэмет:] — Каб пабудавацца некалі, то трэба было прыпухнуць, сябе і дзяцей на сухую бульбу пасадзіць. Лобан. — Чаго ты дабіваешся, Адам? Хочаш, каб на семдзесят рублёў у месяц пасадзілі? Мыслівец.

8. Спец. Замацаваць што‑н. у патрэбным становішчы. Пасадзіць дэталь.

9. Памясціць дзе‑н., у сярэдзіну чаго‑н.; размясціць (жывёл, пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. [Дзед:] — Думаю, перш за ўсё для калгаса вулляў з пяць за зіму змайстраваць. А вясною раі набуду, пасаджу... Краўчанка.

10. Разм. Нанесці (пляму, кляксу на што‑н.); пакінуць які‑н. знак на чым‑н. Пасадзіць сіняк. □ Зайшла аднойчы да нас суседка, убачыла на вокладцы буквара невялікую плямку, што я незнарок пасадзіў, раззлавалася і адабрала кнігу. Ляўданскі.

11. Затупіць; прывесці ў нягоднасць, сапсаваць. — А сенакасілка толькі адна. Ды і тая стаіць другі дзень ужо — Арсень Пахілка пасадзіў нажы. Савіцкі. Доўга ціснуць на стартэр нельга — можна пасадзіць акумулятары. Мяжэвіч.

12. перан. Разм. Збіць, зблытаць пры адказе, перамагчы ў спрэчцы; паставіць каго‑н. у няёмкае становішча. Пасадзіць на экзамене.

•••

Пасадзіць на ланцуг — пазбавіць магчымасці хадзіць куды‑н., наведваць каго‑н.; абмежаваць чыю‑н. свабоду.

Пасадзіць на мель каго — паставіць у бязвыхаднае становішча.

Пасадзіць на шыю каго каму — прымусіць каго‑н. клапаціцца аб кім‑н.

Пасадзіць пад варту — арыштаваць.

Пасадзіць у лужыну (у галёш) — паставіць у няёмкае, смешнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праз, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «праз» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры назвах прадмета, асяроддзя, прасторы, цераз якія хто‑, што‑н. праходзіць, пранікае. Глядзець праз акно. □ Праз вароты, праз тыя Уз’ехала елка на двор. Куляшоў. Праз дзіравы дах свіцілася зорнае неба. Чорны. А потым — зярняты ў зямлі Напоўняцца сілы вялізнай, Праз чорныя грудзі праб’юцца, Каб моцна пад сонцам Стаяць. Броўка. // Ужываецца пры ўказанні на адлегласць, якая пераадольваецца. Полька разгубіўся: праз квартал ім трэба разыходзіцца — Надзі направа, а маме налева — к самай Дзвіне. Грахоўскі. Яшчэ праз некалькі кіламетраў Андрэй убачыў такі цянёк, што мінуць яго было амаль немагчыма. Кулакоўскі. // Ужываецца пры ўказанні на акалічнасці, з’явы, падзеі, якія пераадольваюцца. Праз дажджы ляцяць, праз буры, быццам тыя галубкі, не залежацца на пошце нецярплівыя радкі. Куляшоў. Прабіцца праз рачны туман Патрэбна плытагонам... Кляўко. Праз пекла, праз люты боль Я б поўз, раздзіраючы рукі ў кроў, Праз смерць я б ішоў да сваёй зямлі. Кірэенка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. на тых або іншых прамежках прасторы. Як чаруюць і вабяць да сябе акуратненька і клапатліва пастаўленыя праз пэўную адлегласць лаўкі каля дарогі! Колас.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і інш., паверх якіх накіравана дзеянне, рух. [Дзед Талаш] надзеў праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе. Колас. Алёшка праз верх акуляраў зірнуў на.. [Кольку] доўгім дакорлівым поглядам. Грахоўскі.

Часавыя адносіны

3. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на тэрмін, пасля якога што‑н. адбываецца або наступае. [Леў Раманавіч:] — Праз пяць год мы здолеем.. ператварыць усе малаўраджайныя сенакосы і пашы ў культурныя палі. Асіпенка. Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку. Шамякін. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. у тыя або іншыя прамежкі часу. — Аўтобусы ідуць праз кожныя дзесяць хвілін. Грахоўскі. [Птушка] падавала свой голас не часцей, як праз паўгадзіны кожны раз. Чорны.

4. Ужываецца пры ўказанні на адрэзак часу, на працягу якога што‑н. існуе ці адбываецца. І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося, добра працавалася і слаўна дыхалася цудоўным скіп’ёўскім паветрам. Чорны. Тою восенню рабочы Па краіне ўсёй паўстаў, Тою восенню праз ночы Мудры Ленін працаваў. Броўка.

Аб’ектныя адносіны

5. Ужываецца пры ўказанні на асобу або прадмет, з дапамогай якіх, пры пасрэдніцтве якіх што‑н. адбываецца. Пакуль гітлераўцы не пачалі абіраць нашы вёскі падрад, пагалоўна, — яны спрабавалі ўладжвацца спакайней: смактаць з народа пот і кроў праз сваіх памагатых. Брыль. І хоць твор гэты друкавацца не можа, аднак праз яго можна зацікавіцца аўтарам. Чорны. // Паказвае на выкарыстанне чаго‑н., якога‑н. спосабу. Пісаць праз злучок. □ — Насілу праз суд свайго дамагліся... Галавач.

Прычынныя адносіны

6. Ужываецца пры ўказанні на таго, хто з’яўляецца віноўнікам, прычынай чаго‑н. — Я два разы гарэў — усё праз суседз[яў] — два разы будаваўся. Брыль.

7. Ужываецца для ўказання на прычыну чаго‑н. Значна пазней прыйшла горкая думка, што вось і яшчэ адзін талент, праз беднасць і цемру, не стаў вядомы мільёнам людзей. Брыль. Пазняк, можа, праз свой узрост, а можа, і проста ад прыроды, быў больш павольны, нетаропка разважлівы. Шахавец. — Бабка! А твой Міхалка мог бы і памерці праз гэта? — Гэ, панічыку мілы: чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі! — І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек! Колас.

Акалічнасныя адносіны

8. Ужываецца для ўказання на акалічнасці, якія суправаджаюць якое‑н. дзеянне. Усміхнуцца праз слёзы. □ — А мне, думаеш... не шкада? — насілу выгаварыў.. [Якуб] праз плач. Крапіва. І мроіцца яму [рыбаку], нібы праз сон, Як ён спаймаў асілка-акуня. Броўка.

9. (у спалучэнні з наз. «мера», «сіла», «край» і інш.). Ужываецца пры абазначэнні перабольшання чаго‑н. (нормы, меры). [Люда] палівала з вялікай меднай конаўкі,.. а Толя праз меру доўга пырхаў і ўсё прасіў ліць цэлай конаўкай на галаву. Брыль. Усе надзеі за апошнія некалькі месяцаў, усе.. думкі [Зоські] раптам у адну ноч перарваліся, нібы праз меру нацягнутая струна. Бядуля. Ёй [Марыне] сумна ў хаце і няміла, І жаласць плёскае праз край. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)