Субо́та ’шосты дзень тыдня, які папярэднічае нядзелі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, ТС), сыбо́та (Янк. 2; Сцяшк., Мал., Ян.; Шымк. Собр., Мат. Маг., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сабо́та (Сл. ПЗБ), сымбо́та: у сымботу будзем картоплю капаць (Жд. 2), сюды ж суботнік ’кніжка для ўпісвання імён нябожчыкаў для памінання ў памінальныя суботы’ (Шымк. Собр.), субо́ня (< суботня) ’мянушка цяляці, якое нарадзілася ў суботу’ (лаг., Сл. ПЗБ). Укр.субо́та, рус.суббо́та, ст.-рус.субота, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац.sobota, палаб.sübota, серб.-харв.су́бота, славен.sobóta, балг.съ́бота, макед.сабота, ст.-слав.сѫбота/собота, што ўрэшце ўзыходзяць да ст.-яўр.šabbāt, арам.šabbətā ’дзень пасля шасці працоўных дзён’. У якасці непасрэдных крыніц запазычання разглядаюцца с.-лац.sabbata, мн. л. ад sabbatum пераважна для заходнеславянскіх і заходне-паўднёваславянскіх форм з пачатковым *so‑; адпаведную стараславянскую форму лічаць маравізмам, гл. Львоў, Зб. Нахцігалу, 186; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 328. Усходне- і паўднёваславянскія формы з *sǫ‑ узводзяцца, па адной версіі, да грэч.дыял.*σάμβατα, мн. л. ад *σαμβατον, пры літаратурным грэч.σάββατον (Фасмер, 3, 792 з аглядам літ-ры; Младэнаў, 626); па другой — да балк.-лац.*sambata, параўн. рум.sâmbăta (Скок, 3, 299). Германскае пасрэдніцтва, параўн. ст.-в.-ням.sambaʒtag (Міклашыч, 314 і інш.), адмаўляе Фасмер (там жа) з прычыны распаўсюджання *sobota ва ўсіх заходнеславянскіх мовах. Гл. яшчэШустар-Шэўц, 1331; Сной, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5; Бязлай, 3, 282. Падрабязны агляд версій (з размежаваннем незалежных, як мяркуецца, па паходжанні *sǫbata і *sobata) гл. ESJSt, 14, 859–860. Формы з сы‑, са‑ — у выніку распадабнення перад губнымі зычнымі, параўн. спарадычнае сыпонь, сыпоня пры паўсюдным супонь, супоня (ЛА, 2), гл. Другасная назалізацыя перад губнымі вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб.прамбаба ’прабабуля’, і робіць уражанне аднаўлення першаснай у ст.-слав.сѫбота (параўн. Пятлёва, Этим. иссл., 2001, 48), што адпавядае аналагічным балканскім працэсам, у тым ліку с.-грэч.σάμβατον < σάββατον, гл. Зайкоўскі, Слов. етим., 199.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суд ’орган для разгляду судовых спраў’, ’судовы працэс’, ’думка, меркаванне’ (ТСБМ, Пас., Байк. і Некр.), ’суд (судовы орган і працэс)’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’лёс, наканаванне’: nie toj ŭmiraje chto chud, da toj kamu sud (Пятк. 2), ст.-бел.судъ ’судовая ўстанова, інстанцыя’, ’судовы акт, прысуд’, ’судовы працэс’, ’цяжба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), ’тс’, ’меркаванне’ (Альтбаўэр). Укр., рус.суд, стараж.-рус.судъ, польск.sąd, в.-луж., н.-луж.sud, чэш.soud, славац.súd, серб.-харв.су̑д, славен.sọ́d ’суд, прыгавор’. балг.съд, макед.сад, ст.-слав.сѫдъ ’суд, судовы працэс, прыгавор, рашэнне, справядлівасць’. Прасл.*sǫdъ, якое з *som‑ і і.-е. кораня *dhē‑ ’класці, ставіць’ (гл. дзеяць), параўн. блізкае ст.-інд.samḍhiṣ, samdhā́ ’дагавор, сувязь, аб’яднанне’, літ.samdà ’найманне, арэнда’, samdýti, sámdaũ ’наймаць’, гл. Мее, 162, 234; Траўтман, 48; Фасмер, 3, 794. З першаснага значэння ’складанне, злучэнне’, відаць, развілася далей ’складанне думак, унясенне прапаноў, устанаўленне думак, ацэнак, і г. д.’, адкуль з’явілася спецыялізаванае значэнне ’асуджэнне каго-небудзь, судовы працэс’ → ’тыя, хто вядзе судовы працэс, вырашае спрэчкі, суд’; гл. Борысь, 539. Іншая словаўтваральная мадэль у Бязлая (3, 283–284): ад прасл.*sъ‑děti ’саставіць, злажыць’, параўн. славен.zdẹ́ti ’злажыць’, ст.-чэш.sdieti ’тс’. Шустар-Шэўц (1376) мяркуе, што корань ‑dъ у славянскім слове меў і значэнне ’гаварыць’, параўн. в.-луж. стар. dzieć, н.-луж.źaś, чэш.díti ’гаварыць’, адкуль *sǫdъ ’прыгавор’ з ’што-небудзь сумесна абмеркаванае і аб’яўленае (выказанае)’. Менш верагодная версія Семерэньі (гл. Шустар-Шэўц, там жа) аб сувязі *sǫdъ з лат.censeo < і.-е.*kendh‑ ’судзіць, даваць ацэнку’, што падтрымлівае Махэк₂ (568); супраць Трубачоў (Ремесл. терм., 236), які падкрэслівае адзіную крыніцу паходжання *sǫdъ ’суд’ і *sǫdъ ’су́д(ы)’. Варбат (Слав. языкозн., IX, 64–66) звязвае з асновай прасл.*sědti, *sędǫ ’сесці’; таксама Ондруш, Этимология–1984, 178. Гл. яшчэ Сной, 590; ЕСУМ, 5, 467; ESJSt, 14, 861–862.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сцяг1 ’палотнішча на дрэўку як дзяржаўная або вайсковая эмблема’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Ласт.). Укр.стяг ’тс’, рус.стяг ’тс’, дыял.паўн. ’жардзіна’, стараж.-рус. (XI ст.) стѧгъ ’баявы сцяг’. Усх.-слав.⁺стѧгъ лічыцца запазычаннем са ст.-сканд.stǫng ’дрэўка, шост’, ст.-швед.stang ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 790 з аглядам літ-ры). Паводле іншай версіі, слова спрадвечнаславянскае і звязана з серб.-харв.сти̏јег ’сцяг’, ст.-серб.стегь ’тс’, балг.дыял.стяг ’вясельны сцяг’, што да прасл.*stěgъ, якія параўноўваюцца са сцежар, стажар (гл.) і роднаснымі. Меркаванні пра ўзвядзенне да прасл.*stęgъ (Ягич, AfslPh, 5, 665; Младэнаў, 616) непрымальныя па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, там жа; Кіпарскі, Gemeinslav., 160; Скок, 3, 334; ЕСУМ, 5, 460.
Сцяг2 ’азярод, прыстасаванне для прасушкі збожжа ў снапах’ (барыс., Жд. 2; барыс., Шатал.): ширѣй, вышей сцяги ў поли (барыс., Шн.), sciehi, sciahi ’тс’ (барыс., Маш.). Вузкалакальны тэрмін, паводле знешняга падабенства (робіцца з жэрдак і слупоў), відаць, да папярэдняга, гл.
Сцяг3 ’туша забітай жывёліны’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел.стяг ’мера колькасці мяса’ (Ст.-бел. лексікон). Рус.паўн.стяг ’туша каровы або вала’, стяг свежины ’туша без скуры і без галавы’, стараж.-рус.стѧгъ ’тс’. Выводзіцца з съ‑ і *tęgnǫti ’цягнуць’; гл. Сабалеўскі, ИОРЯС, 30, 442; Фасмер, 3, 790–791; параўн. яшчэ версію Борыся аб польск.ścięgno (гл. сцягно).
Сцяг4, ’рад будынкаў, што прымыкаюць адзін да аднаго’ (Варл.), ’рад, чарада, паласа, шарэнга’ (полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шмат, цуг’ (Барад.), ’абшар, плошча, пляц’ (віл., Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), адны́м сця́гам ’адзін за адным’ (клец., Бел. дыял.), сцяж ’абшар’ (Бяльк.), ’рад’ (Сл. ПЗБ), у сцяж ’у адзін рад’ (драг., Нар. сл.), сцяг гаравы ’горны хрыбет’ (Стан.), сюды ж стаг ’рад будынкаў, якія знаходзяцца пад адной страхой’ (беласт., Сл. ПЗБ) са стратай мяккасці ‑т‑. Да цягнуцца, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сяло́ ’вёска, вялікая вёска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт., Некр. і Байк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), село́ ’тс’ (Маш., ТС), сэло́ ’тс’ (пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), сыло́ ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ; бяроз., Нар. ск.), перан. сяло́ (село́) ’дзеравеншчына, мужыччо’, сяло́‑брала (село́‑брело), сяла́‑брала (села́‑брела) ’цёмны, неадукаваны чалавек, дурань’ (Нас.), у выразах (быць) у (на) сяле ’быць у вёсцы, не знаходзіцца дома’ (валож., шчуч., смарг., паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), (ісці) на сяло (ісці) ’у госці’, ’сусед да суседа’, ’на вячоркі’ (Касп.); адсюль сяло́ ’вечаровыя зборкі, паседзіны’ (Барад.); ст.-бел.село ’пасяленне; вёска’ (Шадурскі, Бел. мова, 87). Укр., рус.село́, стараж.-рус.село, польск.sioło (з усходнеславянскіх — Брукнер, 491), у тапонімах: Długosiodło, Siedlce, в.-луж.sydło (рэфлекс прасл.ě ў в.-луж. і чэш. пад уплывам дзеяслова *sěděti — Шустар-Шэўц, 1396), н.-луж.sedlišćo ’жыллё’, чэш.sídlo ’месцазнаходжанне; рэзідэнцыя’, sedlák ’селянін’, славац.sedliak ’тс’, серб.-харв.се́ло, славен.sélo, балг.се́ло, макед.село, ст.-слав.село. Прасл.*sedlo < і.-е.*sed‑ ’сядзець’, роднаснае гоц.sitls ’сядзенне, крэсла’, лац.sella (< *sedlā) ’сядзенне’; гл. Бязлай, 3, 225–226; Махэк₂, 539; Скок, 3, 218–219. Фасмер (3, 596), Мее (419), Траўтман (248), Покарны (898) выдзяляюць яшчэпрасл.*selo ’ралля’, параўн. стараж.-рус.село ’поле, ралля; луг’: село земли, славен.sélo ’глеба’: selo kopati, якое ва ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх супала з *sedlo; адрозніваюцца яны толькі ў заходнеславянскіх, параўн. чэш.selo ’сяло; ралля’, дыял.мар.selo ’сяло’ і вышэйпрыведзеныя формы з суфіксам ‑dl‑. На думку Курынай, матывацыя дзеясловам *sědeti першапачатковага *selo ’ралля, поле’ адбылася з пераходам да аседласці (Слав. языкозн., XIII, 371). Гл. ЕСУМ, 5, 209–210; Борысь, 548; ESJSt, 13, 799–800; Глухак, 544. Аб семантычным дыялектызме сяло ’наведванне; госці’, які разглядаецца як фінска-балтыйска-беларуская семантычная ізаглоса, гл. Кальбушэўскі, ABSl, 16, 159–164; Непакупны, Связи, 83–85.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тлець, тле́цца ’гніючы, разбурацца’, ’гарэць без полымя’, ’гніць, трухлець, парахнець’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ’гарэць без полымя’; ’гніць’, (Ласт., ТС), tlyeć ’бедаваць, цярпець нястачу’ (Федар. 4), тлі͡еті ’гніць, слаба гарэць’ (Вруб.), ст.-бел.тлети ’тс’ (XV ст., КГС), сюды ж тліць ’ператвараць у прах’ (Нас.). Укр.тлі́ти ’гнісці, распадацца, разбурацца’, рус.тлеть ’тс’, ’гарэць без полымя’, польск.tleć ’тс’, н.-луж.tłaś ’гнісці, разбурацца’, в.-луж.tłać ’тс’, чэш.tlít ’гнісці; павольна гаснуць’, славац.tlieť ’павольна гаснуць, тлець’, славен.tléti ’ціха без полымя гарэць; гнісці, распадацца’, макед.тлее ’гаснуць’, балг.тле́я ’гарэць без полымя; гнісці’, ст.-слав.тьдѣти ’тлець, гнісці, псавацца, гінуць’. З прасл.*tьlěti ’тлець’, звязанага з *tьliti ’губіць, псаваць’ і роднаснага да лат.tilt ’мякчэць, выбельвацца (пра лён)’. Лічаць верагоднай і сувязь з літ.tìlti ’сціхаць, замаўкаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylùs ’ціхі, маўклівы’, грэч.τέλμα ’калюжа, балота’, τελμίς ’гніль, твань’, арм.tełm, tiłm ’глей, гразь’, і.-е.*tel‑ ’быць ціхім’. Мартынаў (Язык, 30–31, 88) лічыць прасл.*tьlěti роднасным да *tьlo ’апрацаваная (выпаленая) зямля’, якое параўноўваецца з прагерм.tila, гоц.til ’урадлівая зямля’, асец.tillaeg ’ураджай’; паводле Куркінай (Этнолингвистика, ономастика, этимология. Екатеринбург, 2009, 151), *tьlo ’тс’ ад *tьlěti ’гарэць без полымя’, параўн. рус.дыял.тлиль ’выпаленае месца ў лесе’, ’выпалены ўчастак ў лесе, што засяваецца і дае добры ўраджай’, якое суадносіцца з серб.-харв.тљати ’спаць’, адсюль развіццё прыметы ’слабое праяўленне дзеяння, працэсу’ ў ’гарэць без полымя’. Фурлан (Бязлай, 4, 187) на падставе тло н. р., да тла: дровы догорѣли до тла (Нас.), ст.-слав.тьло, тьлꙗ ’цвёрдая зямля’, стараж.-рус.тьло ’зямля; под’ выводзіць адназоўнікавыя дзеясловы прасл.*tьlěti, *tьliti, роднасныя прасл.*toliti ’заміраць, супакойваць’ (гл. таліць1). Гл. яшчэФасмер, 4, 64; Махэк₂, 645; ЕСУМ, 5, 583; Борысь, 634 (адназоўнікавы дзеяслоў з семантыкай ’ператварацца ў зямлю’); Жураўлёў, Язык и миф, 110–111.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
І́сны ’сапраўдны, рэальны’ (ТСБМ), і́стны (Гарэц., Др.-Падб.), истный, истый (Яруш.). Рус.и́стый, дыял.и́стный, укр.і́стий, і́стний, польск.istny, уст.istу, в.-луж.wěsty, н.-луж.wěsty, уст.jisty, чэш.jistý, славац.istý, славен.îsti, серб.-харв.и̏сти, балг., макед.ист. Ст.-слав.истъ ’існы, сапраўдны’, ’гэты, той’, ст.-рус.истый ’той самы; сам’, ’існы, сапраўдны’, ст.-бел.истый ’сапраўдны’, исте, исто ’сапраўды’. Няма неабходнасці прыцягваць польск.isty для тлумачэння ст.-бел.истый ’сапраўдны, праўдзівы’, як Булыка, Запазыч.Бел.існы ўзыходзіць да *jьstъ з суф. ‑ьnъ з далейшым спрашчэннем кансанансам групы. Бясспрэчнай этымалогіі няма. Са шматлікіх версій вылучаецца меркаванне Тапарова (КСИС, 25, 1958, 80–86) аб роднасці з лац.iste ’гэты, той’. Гэта збліжэнне добра тлумачыць семантыку і займенную форму слав. слова: *is‑to‑ ’той самы, іменна той’. Іншыя прапановы менш верагодныя. Супастаўленне з коранем *es‑ ’быць’ (Міклашыч, 105; Мёль, MSL, 7, 1891, 357–358; Брукнер, 193–194, семантычна вельмі прывабнае, выклікае фанетычныя і акцэнталагічныя цяжкасці (Брандт, РФВ, 22, 134; Мейе, MSL, 14, 336). Бернекер (1, 435–436) тлумачыць як складанне з *jьz(iz) + sto‑ (ад *stā‑ ’стаяць’); параўн. лац.ex‑sistere ’існаваць’. *Jьstъ збліжаюць таксама з лат.īsts, īstens ’існы, сапраўдны’ (Буга, РФВ, 70, 1913, 252–253), літ.ýsčias ’яўны, ясны’ (Мюленбах-Эндзелін, 1, 838; Ваян, RÉS, II, 1931, 174). Станг (Norsk Tidskrift for Sprogvidenskap, 15, 343–351) параўноўвае са ст.-інд.īśe ’ўладаць’, гоц.aigin ’уласнасць’, адкуль зыходнае значэнне ’ўласны’. Махэк₂ (228) раздзяляе jistý ’пэўны’ і ten jistý ’той самы’ і апошняе звязвае са слав.*jьsto ’нырка’, хец.ištanza‑ ’душа’, ням.Geist ’дух’. Параўн. яшчэ Безлай (1, 213), які прапаноўвае як магчымую рэканструкцыю *(v)istъ. Больш падрабязны агляд этымалагічных тлумачэнняў гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 246–247; Фасмер, 2, 144; Слаўскі, 1, 468–469.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.
вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст.маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.
Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.
Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн.маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б. дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл.«Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац.рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.
На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл.Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).
У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд.Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст.бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш.Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл.Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.
Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.
Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.
У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст.Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.
Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.
Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш.еўрап. краін, асабліва Германіі: ням.нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэляяшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).
На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц.нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак».
Тэатр. У еўрап.тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.
У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст.англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац.літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян.камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц.т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.
Бел.тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;
Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;
Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Да арт.Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.М.Фішэр. 1748.Да арт.Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.Да арт.Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.Да арт.Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.Да арт.Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.Да арт.Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.Да арт.Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Барока. Манстранц. 1783.Да арт.Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1877Да арт.Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.Да арт.Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лад1, ‑а і ‑у, М аб ладзе, у ладу; мн. лады, ‑оў; м.
1.‑у; звычайнаадз.(зазначэннем). Дзяржаўная ці грамадская сістэма, арганізацыя. Сацыялістычны лад. Першабытнаабшчынны лад. Рабаўладальніцкі лад.
2.‑у. Уклад жыцця. Лабановіч доўга хадзіў па пакоіку, намячаючы больш-менш сталы і пэўны лад свайго жыцця.Колас.//перан. Сэнс жыцця, спосаб жыцця. Ля завадзі, сярод чароту, сяджу я схілены ў тры пагібелі і не ўстану, не пайду, пакуль не зразумею самы лад жыцця людскога як мае быць...Бядуля.
3.‑у. Разм. Згода, дружба. Бацькі .. [Аксёна] былі маўклівыя. Між імі не было ні добрага ладу, ні сваркі.Дуброўскі.[Мацей:] — Здаецца, і любяць адно аднаго, дастатак ёсць, а ладу няма: адсюль-адтуль ды ў сварку за дробязь якую.Пальчэўскі.[Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе.Колас.// Парадак, зладжанасць. Вялікім клопатам лета былі дарогі.. Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Вядома, да ладу яшчэ далёка, дарогі яшчэ багата дзе рэжуць без нажа.Мележ.Гуркацяць, гудуць маторы Ці пры сонцы, ці пры зорах, Калі ў працы лад, Кожны сэрцам рад.Кірэенка.
4.‑у. Спосаб, манера; узор. На ваенны лад. На новы лад. На свой лад. □ Домікі, найбольш на вясковы лад, то заходзілі ў глыб двароў, то выступалі на самую вуліцу.М. Стральцоў.Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў.Шамякін.
5.‑у. Настрой, гумор; тон. Гумарыстычны лад. Філасофскі лад. Самотны лад. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад.Паслядовіч.
6.‑у. У музыцы — спосаб пабудовы гукараду, арганізацыя музычных гукаў; строй музычнага твора. Ніхто з нас не ведаў слоў песні. Але мы хутка засвоілі яе лад і дружна пачалі падпяваць адным голасам.Якімовіч.// У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго строй і эмацыянальная афарбоўка. Вобразны лад. Урачысты лад. □ Меладычны лад верша, захаваны перакладчыкам, дае магчымасць адчуць нацыянальную форму арыгінала.Палітыка.
7.‑а. Адно з дзяленняў на грыфе струнных музычных інструментаў; клавіша гармоніка, баяна, клапан духавога інструмента. Вася прабег пальцамі па ладах, расцягнуў гармонік.Асіпенка.
8.‑у; звычайнаадз. Сістэма будовы, склад мовы. Граматычны лад беларускай мовы.
•••
Давесці (прывесці) да ладугл. давесці.
Дайсці (да) ладугл. дайсці.
Даць ладгл. даць.
Збіцца з ладугл. збіцца.
Ладу не дабрацьгл. дабраць.
Навесці ладгл. навесці.
На добры лад — так, як патрэбна; па-сапраўднаму.
На свой лад — па-свойму.
На ўсе лады — усебакова (абмяркоўваць, разбіраць і пад.).
На ўсе (розныя) лады — па-рознаму. На ўсе лады заліваліся жаваранкі, свісталі шпакі.Дайліда.Мелодыя акрыляецца, мяняе тэмп, паўтараецца на розныя лады.Бядуля.
Не ў лад — нязладжана, нястройна; не ў адпаведнасці з чым‑н.
Не ў ладу; не ў ладахзкім-чым — быць не ў згодзе, у дрэнных адносінах.
Ні складу, ні ладугл. склад.
Скланяць на ўсе ладыгл. скланяць.
Спор ды лад (у рабоце, жыцці і інш.)гл. спор.
Спяваць на новы ладгл. спяваць.
У лад — зладжана, стройна; у адпаведнасці з чым‑н.
У ладу; у ладахзкім-чым — дружна, у згодзе.
(Усе) на адзін лад — (усе) аднолькавыя.
лад2, ‑у, м.
У граматыцы — катэгорыя дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння да рэчаіснасці.
•••
Абвесны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае рэальнае дзеянне, што адбываецца ў цяперашнім, прошлым і будучым часе.
Загадны лад — катэгорыя дзеяслова, якая выражае загад, просьбу, чыю‑н. волю.
Умоўны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае магчымае, пажаданае або мяркуемае дзеянне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лёгкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней.Кулакоўскі.// Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці.Чорны.// Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі.Якімовіч.[Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч.Даніленка.// Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры.Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном.Скрыган.
2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю.Якімовіч.Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі.Ракітны.
3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача.// Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці...Бядуля.// Просты, ясны. Лёгкі стыль.// Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык.Мікуліч.// Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце.Куляшоў./узнач.наз.лёгкае, ‑ага, н.Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці.Смагаровіч.// Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей.Панчанка.
4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок.Брыль.На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся.Чарнышэвіч.// Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон.// Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога.Крапіва.// Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну.Якімовіч.// Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць.// Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь.// Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія.Маўр.
5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі.Лынькоў.// Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць.Скрыган.Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым.Шахавец.
6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы.Шамякін.
•••
Лёгкая атлетыкагл. атлетыка.
Лёгкая кавалерыягл. кавалерыя.
Лёгкая прамысловасцьгл. прамысловасць.
З лёгкай рукігл. рука.
З лёгкаю параюгл. пара.
З лёгкім сэрцам (душой)гл. сэрца.
Лёгкая рукаўкагогл. рука.
Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.
Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.
Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.
Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).
Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.
Лёгкі хлебгл. хлеб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)