лёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. ▪ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней. Кулакоўскі. // Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. ▪ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці. Чорны. // Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі. Якімовіч. [Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч. Даніленка. // Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры. Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном. Скрыган.

2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю. Якімовіч. Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі. Ракітны.

3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача. // Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці... Бядуля. // Просты, ясны. Лёгкі стыль. // Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. ▪ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык. Мікуліч. // Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. ▪ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце. Куляшоў. / у знач. наз. лёгкае, ‑ага, н. Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці. Смагаровіч. // Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. ▪ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей. Панчанка.

4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. ▪ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль. На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся. Чарнышэвіч. // Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон. // Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. ▪ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога. Крапіва. // Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну. Якімовіч. // Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць. // Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь. // Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. ▪ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Маўр.

5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. ▪ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. Скрыган. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. ▪ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы. Шамякін.

•••

Лёгкая атлетыка гл. атлетыка.

Лёгкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Лёгкая прамысловасць гл. прамысловасць.

З лёгкай рукі гл. рука.

З лёгкаю параю гл. пара.

З лёгкім сэрцам (душой) гл. сэрца.

Лёгкая рука ў каго гл. рука.

Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.

Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).

Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)