ка́федра, ‑ы, ж.

1. Узвышэнне, памост для лектара або прамоўцы. Узысці на кафедру. □ Толькі кафедра ў выглядзе невялічкай тумбачкі была бедна абшыта паркалёвай матэрыяй, такога, як і плюш, колеру. Грамовіч. Леў Раманавіч стаў за кафедру і доўга не мог гаварыць ад хвалявання. Асіпенка.

2. Аб’яднанне выкладчыкаў і навуковых работнікаў адной або некалькіх блізкіх навуковых дысцыплін у вышэйшай навучальнай установе СССР. Кафедра гісторыі. Кафедра педагогікі. Пасяджэнне кафедры. Загадчык кафедры.

3. Пасада епіскапа, які кіруе епархіяй (першапачаткова — крэсла ў царкве для епіскапа).

4. Тое, што і кафедральны сабор (гл. сабор). Зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. Чорны.

[Ад грэч. kathédra — сядзенне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дымі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпускаць дым; дрэнна гарэць, вылучаючы вялікую колькасць дыму. Да прыстані па рацэ ідзе пасажырскі параход. Ён густа дыміць, папераджальна гудзе і грыміць лопасцямі вінта ў вадзе. Галавач. Святла нідзе не было, толькі ў адзінокім доме дыміла газніца з меднай гільзы, а людзей была поўная хата, як зачыніць. Няхай. // Прапускаць дым праз шчыліны (пра печ, комін і пад.). Печ дыміць. □ Гудзе, падвывае вецер. Буржуйка спалохана ўсхліпвае, дыміць. Асіпенка.

2. чым і без дап. Курыць, пускаючы многа дыму. Сцяпан сядзеў за сталом і дыміў папяросай. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыск, ‑а, м.

1. Прадмет або дэталь якой‑н. машыны, прыстасавання ў выглядзе плоскага круга. Дыск маятніка. Дыск магнітафона. Дыск электрапілы. □ Нумар быў заняты, і.. [дзяўчына] вешала трубку, чакала якую хвіліну і зноў круціла тэлефонны дыск. Арабей. // Спартыўны снарад у форме круга, які прымяняецца ў лёгкай атлетыцы для кідання. Кінуць дыск. // Магазін ручнога кулямёта, аўтамата, у якім змяшчаюцца патроны. Дыск аўтамата. □ Я набіваю моўчкі дыскі, Рыхтую к бою кулямёт. Прыходзька. // Бачны з Зямлі абрыс Сонца, Месяца і іншых планет. Сонца садзілася за небасхіл. Вось яно дакранулася сваім дыскам да зямлі. Сергіевіч.

2. толькі мн. (ды́скі, ‑аў). Разм. Дыскавая барана. Апрацаваць поле дыскамі.

[Грэч. diskos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́та, ‑а, М жыце, н.

1. Аднагадовая расліна сямейства злакавых, зерне якой скарыстоўваецца для прыгатавання хлеба. Зжаць жыта. Звезці жыта ў гумны. Абмалаціць жыта. □ З каласоў завязалі Бараду, як вялося, Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілася. Калачынскі.

2. Зерне гэтай расліны. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Затым пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч.

3. толькі мн. (жыты́, ‑оў). Жытнія палі. Дзівіўся: гэтакіх ніколі Не бачыў у жыцці жытоў. Прануза. На многа вёрст было відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́ленькі, ‑ая, ‑ае.

1. Прыемны на выгляд, прыгожанькі. Міленькая дзяўчынка. Міленькае дзіця.

2. Дарагі, любімы. Толькі міленькае імя назавуць — Белы тварык разгараецца. Багдановіч. // у знач. наз. мі́ленькі, ‑ага, м., мі́ленькая, ‑ай, ж. Любы, каханы чалавек.

3. Ласкавы або фамільярны зварот. [Вольга Віктараўна:] — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе? Колас. [Блазан:] — Што б то вы хацелі, людцы мае міленькія? Барашка.

•••

Як міленькі — без пярэчанняў, адгаворак; абавязкова. — Шчасце тваё, што ты з партызанаў, — сказаў .. [Яшу] дырэктар, — ды я цябе паважаю. А то пайшоў бы ты ў мяне дровы калоць як міленькі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Панаванне ў пэўным грамадскім асяроддзі тых ці іншых густаў, якія праяўляюцца пераважна ў асаблівасцях адзення. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Бядуля. // перан. Агульнае прызнанне, вядомасць у даны час. Мода на эстрадную песню. Мода на кнігу.

2. толькі мн. (мо́ды, мод). Навейшыя фасоны ўбораў. Часопіс мод.

3. Разм. Звычай, прывычка. Аграном колькі часу ідзе моўчкі за фурманкай. Мода ў яго такая. Б. Стральцоў.

•••

(Апошні) крык моды гл. крык.

Выйсці з моды гл. выйсці.

Мець моду гл. мець.

Увайсці ў моду гл. увайсці.

Узяць (займець, паняць) моду гл. узяць.

[Фр. mode.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́зва, ‑ы, ж.

1. Абазначэнне словам чаго‑н., найменне чаго‑н. Назва мінералу. □ [Сыны] ведаюць цяпер назвы ўсіх птушак, .. назвы розных дрэў. Бядуля. // Абазначэнне словам аднаго прадмета, адной з’явы і пад., якое вылучае іх з шэрагу ўсіх іншых. Назва вуліцы. Назва рамана. □ Нехта даў трапную назву вёсцы — Запалянка. Пестрак.

2. Спец. Асобны друкаваны твор, які мае адзін загаловак. Выдадзена 70 назваў падручнікаў. У бібліятэцы некалькі тысяч назваў кніг. // Абазначэнне аднаго прадмета, незалежна ад колькасці тых, што ўжо ёсць. Цэх спецыяльнага ліцця пачне выпускаць каля ста назваў дэталей. «Беларусь».

•••

Адна (толькі) назва — аб кім‑, чым‑н., што не адпавядае свайму прызначэння).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́кід, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. накідаць (у 3 знач.).

2. ‑а. Малюнак, чарцёж і пад., які намячае толькі агульныя рысы таго, што павінна быць паказана. Накіды да партрэтаў. Накіды краявідаў. □ Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. Графіка Ю. Нэпа нам не вядома; сёння ў мастацкіх музеях рэспублікі няма ніводнага яго малюнка ці нават накіда, графічнага эскіза. Шматаў. // Тое, што напісана папярэдне, у агульных рысах. Накід артыкула. □ [Лабановіч] зачыніў шафу, пайшоў у свой пакоік і сеў за стол, каб зрабіць накід плана прамовы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Адсутнасць адзінства ў думках, поглядах. З чалавекам вельмі блізкім заўсёды паводзіш сябе прасцей і не баішся, што ён можа пакрыўдзіцца за нязгоду з яго думкай, за папрок, заўвагу, крытыку. Шамякін. — Скажу вам,.. што нават і ў закаханых ідзе не ўсё гладка, бываюць і нязгоды і сутыкненні. М. Ткачоў. // Адмоўны адказ на што‑н.; адмаўленне. Дзяўчына з выразам нязгоды пакруціла галавой, але ўсё ж пачала абвязваць нагу белай анучкай. Быкаў.

2. Разлад, сварка. [Камандзір] рабіў усё, што толькі мог, каб не даць разгарэцца нязгодзе паміж коннікамі і пяхотай. Брыль. Згода будуе, нязгода руйнуе. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкалупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Тое, што і падкалупнуць (у 1 знач.).

2. перан. Сказаць што‑н. непрыемнае. І хадзіў Амелька сярод людзей, цёрся ды ўсё азіраўся: ці няма якіх хітрыкаў збоку, ці не збіраецца падкалупіць цябе хто. Лынькоў. Анціп разгортвае газету і пачынае яе моўчкі ўважліва чытаць... Макейчык, ведаючы, што кулі зусім непісьменны, вырашыў у сваю чаргу падкалупіць яго. — Дык што там пішуць? — і хітра прыжмурыў вока. Рылько. Валя ўвесь час услухоўвалася ў маю размову па тэлефоне, і як толькі я паклаў трубку, яна, як бы хочучы падкалупіць мяне, сказала: — Усё ж такі знайшла яна цябе. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)