прыні́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.
1. Паставіць у зневажальнае становішча. [Мікітава] рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Колас. [Міхал Сцяпанавіч:] — Мне вельмі балюча было глядзець і слухаць тое, як .. [Генадзь] гатовы быў плявузгаць на цябе абы-што, каб толькі прынізіць цябе і хоць на вяршок узвысіцца самому. Сабаленка. [Зыбіну] здавалася, што такая, як ён баяўся ў думках, шкалярская цікаўнасць прынізіць яго перад рабочымі, і ён стараўся ўдаваць з сябе чалавека заклапочанага, хмурнага. Мележ.
2. Зменшыць, знізіць (значэнне, ролю каго‑, чаго‑н.). Цяжка яму, Алесю, будзе, калі Адам Лаўрэнавіч падумае, што ўсё гэта падладжана знарок, каб прынізіць яго, Пыльца, аўтарытэт. Шамякін.
3. Пазбавіць узвышанасці, уздыму. Прынізіць настрой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)