у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў, што складаюць чалавечую сутнасць. Ім быццам бы валодалі толькі багі і фараоны, пазней Ба ўвасаблялі жыццёвую сілу ўсіх людзей. Ба ўяўлялі ў выглядзе птушкі з галавой, зрэдку і рукамі чалавека. Ба мелі не толькі людзі, але і гарады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМА́Я ЛІ́НІЯ,
адно з першасных паняццяў геаметрыі. Уласцівасці П.л. апісваюцца аксіёмамі: праз 2 пункты праходзіць толькі 1 прамая; П.л. мае толькі адно вымярэнне (даўжыню); П.л. можна неабмежавана прадоўжыць у абодва бакі; П.л. — найкарацейшая з ліній, якія злучаюць 2 пункты. Уяўленне аб прамой дае нацягнутая нітка ці прамень святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕРС-КРЫК (Cooperis Creek),
рака ў цэнтральнай частцы Аўстраліі. Даўж. каля 1400 км, пл. басейна 285 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах Вял. Водападзельнага хр. пад назвай Барку, перасякае паўпустынныя і пустынныя раўніны Вял. Артэзіянскага Басейна. Жыўленне дажджавое і грунтавое. Пастаяннае цячэнне толькі ў вярхоўях. Сярэдні гадавы расход вады 70 м³/с. Дасягае воз. Эйр толькі ў час летніх паводак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІ́ЛА,
сіла, работа якой залежыць толькі ад пачатковага і канчатковага становішчаў пункта яе прыкладання і не залежыць ад віду (формы) траекторыі і ад закону руху гэтага пункта. Да П.с. адносяцца сіла гравітацыйнага ўзаемадзеяння, сіла электрастатычнага ўзаемадзеяння і сіла пругкасці. Сувязь П.с.
з патэнцыяльнай энергіяйU(r) вызначаецца формулай:
. Мех. сістэмы, у якіх дзейнічаюць толькі П.с., адносяцца да кансерватыўных сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТЫ́П (Aristipos) з Кірэны
(каля 435 — каля 366 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі філосаф. Вучань Сакрата. Заснавальнік кірэнскай школы, адзін з пачынальнікаў геданізму ў этыцы. Паводле Арыстыпа, чалавечаму пазнанню даступныя толькі пачуцці, уласныя станы, прыемныя ці прыкрыя, а не існуючыя аб’ектыўна знешнія рэчы; успрыманні іншых людзей для чалавека недасягальныя, ён можа абапірацца толькі на іх выказванні. Таму Арыстып аддаваў перавагу практычнаму, а не тэарэтычнаму пазнанню. Найвышэйшую мэту жыцця бачыў у асабістым здавальненні, але, паводле Арыстыпа, чалавек не павінен падпарадкоўвацца яму, а імкнуцца да разумнай асалоды. Здавальненне і пакуты лічыў мерай дабра і зла, ісціны і хлусні. Сцвярджаў, што не трэба шкадаваць аб мінулым ці баяцца будучыні, у мысленні, як і ў дзеяннях, трэба надаваць значэнне толькі сучаснаму, якім можна вольна распараджацца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМАРФІ́ЗМ І ГОМАМАРФІ́ЗМу логіцы,
паняцці, якія характарызуюць адносіны паміж структурамі аб’ектаў, сістэм, вобразаў і інш. Сістэмы ізаморфныя, калі кожнаму элементу адной з іх або кожнай аперацыі (сувязі) у адной сістэме адпавядае элемент, аперацыя (сувязь) у другой і наадварот. Поўны ізамарфізм можа быць толькі паміж абстрактнымі аб’ектамі (гл.Абстракцыя). Ізамарфізм звязаны не з усімі, а толькі з некаторымі ўласцівасцямі і адносінамі аб’ектаў, што параўноўваюцца; інш. ўласцівасцямі і ў інш. адносінах яны могуць адрознівацца. Калі адпаведнасць адназначная толькі ў адзін бок, сістэмы гамаморфныя. Гамаморфны вобраз — гэта няпоўнае, прыблізнае адлюстраванне структуры арыгінала (напр., адносіны паміж картай і мясцовасцю, паміж грамзапісам і гукавымі ваганнямі паветра). У тэорыі пазнання паняцці І. і г. выкарыстоўваюцца пры аналізе адпаведнасці паміж вобразам і прадметам, тэорыяй і аб’ектам, пры аналізе пераўтварэння інфармацыі. Паняцці І. і г. цесна звязаны з паняццем мадэліраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАСУ́ДДЗЕ,
форма дзярж. дзейнасці, якая заключаецца ў разглядзе і вырашэнні судом спраў, аднесеных да яго кампетэнцыі (крымін. злачынствы, цывільныя спрэчкі і інш.). Ажыццяўляецца судом ва ўстаноўленым законам працэсуальным парадку. У Рэспубліцы Беларусь канстытуцыйнымі прынцыпамі П. з’яўляюцца: роўнасць грамадзян перад законам і судом незалежна ад паходжання, сац., службовага і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, паліт. і інш. перакананняў, адносін да рэлігіі, полу, адукацыі, мовы, роду і характару заняткаў, месцажыхарства і інш.; ажыццяўленне П. толькі судом; суддзі пры ажыццяўленні П. незалежныя і падпарадкоўваюцца толькізакону; справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзёй; разбор спраў у судах адкрыты (слуханне спраў у закрытым суд. пасяджэнні дапускаецца толькі ў выпадках, вызначаных законам, з выкананнем усіх правілаў судаводства); П. ажыццяўляецца на аснове спаборніцтва і роўнасці бакоў у суд. працэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПЛО́ІД (ад грэч. haploos адзіночны + eidos від),
арганізм (клетка, ядро) з адзінарным (гаплоідным) наборам храмасом. Абазначаецца лац. літарай n. Утвараецца пры ўдзеле храмасомнага набору адной бацькоўскай гаметы, таму мае толькі па адной храмасоме кожнага тыпу. У многіх мікраарганізмаў і ніжэйшых раслін гаплоід у норме прадстаўляе адну са стадый жыццёвага цыкла (гаплафаза, гаметафіт), а ў некат. відаў членістаногіх гаплоідамі з’яўляюцца самцы. У большасці жывёл (і чалавека) гаплоідныя толькі палавыя клеткі. Для гаплоіда характэрна стэрыльнасць пры палавым размнажэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ТКА,
орган размнажэння пакрытанасенных (кветкавых) раслін. У двухполай К. ўтвараюцца споры і гаметы, адбываецца апыленне і апладненне, развіццё зародка і фарміраванне плода з насеннем. Складаецца з кветаножкі, кветаложа (вось, на якой знаходзяцца ўсе элементы К.), чашачкі, вяночка, андрацэя (сукупнасць тычынак), гінецэя (сукупнасць пладалісцікаў, з якіх утвараецца песцік. У ніжняй ч. песціка (завязі) развіваюцца семязачаткі, потым насенне, завязь ператвараецца ў плод. Адрозніваюць К. правільныя, ці актынаморфныя (маюць некалькі плоскасцей сіметрыі), няправільныя, ці зігаморфныя (адна плоскасць сіметрыі), і асіметрычныя. Бываюць К. двухполыя (маюць тычынкі і песцікі) і, радзей, раздзельнаполыя (толькі тычынкі ці толькі песцікі). Расліны з тычынкавымі і песцікавымі К. — аднадомныя, расліны з адным відам К. (толькі тычынкі ці толькі песцікі) — двухдомныя. Бываюць К. верхавінкавыя, пазушныя, адзіночныя, сабраныя ў суквецці. Цвітуць ад 20—30 мін да 80 дзён. Эвалюцыя К. ішла ў цеснай сувязі з эвалюцыяй насякомых-апыляльнікаў.
Да арт.Кветка: I. Кветкі без калякветніка або з рэдукаваным калякветнікам: 1 — пшаніцы; 2 — вярбы (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка); 3 — ясеню; 4 — малачаю (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка). II. Правільныя актынаморфныя кветкі: 5 — энатэры; 6 — стрэлалісту; 7 — тытуню; 8 — званочку; 9 — цюльпану; 10 — нарцысу; 11 — адонісу. III. Зігаморфныя кветкі: 12 — кірказону; 13 — фіялкі; 14 — боцікаў; 15 — васілька; 16 — архідэі.