ГАПЛО́ІД

(ад грэч. haploos адзіночны + eidos від),

арганізм (клетка, ядро) з адзінарным (гаплоідным) наборам храмасом. Абазначаецца лац. літарай n. Утвараецца пры ўдзеле храмасомнага набору адной бацькоўскай гаметы, таму мае толькі па адной храмасоме кожнага тыпу. У многіх мікраарганізмаў і ніжэйшых раслін гаплоід у норме прадстаўляе адну са стадый жыццёвага цыкла (гаплафаза, гаметафіт), а ў некат. відаў членістаногіх гаплоідамі з’яўляюцца самцы. У большасці жывёл (і чалавека) гаплоідныя толькі палавыя клеткі. Для гаплоіда характэрна стэрыльнасць пры палавым размнажэнні.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)