пе́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. З сілай удараць, біць па чым‑н. або ў што‑н. Перыць нагою ў дзверы. □ — Аддай молат Сцяпану. Ён ужо налаўчыўся, а то перыш у адно месца, як таўкачом у ступу. Чарнышэвіч. Ні з таго ні з сяго [конік] пачаў перыць пярэднім капытом па вадзе, толькі пырскі ляцелі на жывот, даставалі да маіх ног. Дамашэвіч. // каго. Вельмі моцна біць, лупцаваць каго‑н. Сваімі адносінамі бацька як бы даў патачку Анісі, і яна часта без дай прычыны перыла пасынка. Сабаленка. — А помніш, як цябе крывашыі Лявон палкаю перыў за яблыкі? — не вытрымаў Піліпка. Навуменка.

2. што. Абл. Выбіваць што‑н. пранікам. Потым на зэдліках перылі палатно — нізка над рэчкаю плыў ляскат. Стаялі жанчыны па калені ў вадзе, падаткнуўшы за пояс краі падолаў. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)