звон, звана́ і зво́ну, ж.
1. звана́; мн. званы́, ‑о́ў. Ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або з меднага сплаву) у выглядзе ўсечанага пустога конуса з падвешаным усярэдзіне ўдарнікам (языком). Царкоўны звон. □ А выйдзе на бераг Дзвіны, заспявае песню — званы змоўкнуць у княжацкім Полацку, хвалі прыціхнуць каля берагоў, жаўранкі злятаюцца да яе, садзяцца на плячо і слухаюць тую Алёнчыну песню. Грахоўскі. Адзванілі званы на званіцах, І збуцвелі, паніклі крыжы, Знакі цемры-імжы. Колас.
2. зво́ну. Гук, які ўтвараецца гэтым інструментам, а таксама металічнымі або шклянымі прадметамі пры ўдары. Звон касы. Звон шклянак. Звон ланцуга. // Гудзенне насякомых, спеў птушак і інш. Камарыны звон плыў над млявым, ціхім балотам... Бялевіч. Заплюшчыць [Сцёпка] вочы — і чуе звон жаваранкаў, адчувае пах суніц, свежага сена, хвоі. Хомчанка.
3. зво́ну; перан. Пагалоскі, плёткі. Не хацеў.. [Пятро] чуць таго звону, што ўжо яго Улляна разнесла па сяле. Ракітны.
•••
Званіць ва ўсе званы гл. званіць.
Малінавы звон — вельмі прыемны, мяккі па сваім тэмбры звон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
магі́ла, ‑ы, ж.
1. Яма для пахавання памёрлых. Капаць магілу. Засыпаць магілу. // Месца пахавання каго‑н., а таксама насып на гэтым месцы. Я ўсё шукаю матчыну магілу І не магу знайсці пасля вайны. Грахоўскі. // Месца, дзе загінуў хто‑н. Сябры, што загад атрымалі, Магутнаю рушылі сілай, І Прыпяці бурныя хвалі Для ворагаў сталі магілай. Нядзведскі.
2. у знач. вык. Разм. Аб чым‑н. вельмі небяспечным; смерць. Выйдзеш на дарогу, трапіш на фашысцкі патруль — і магіла. Новікаў.
3. у знач. вык. Разм. Будзе захавана ў тайне, у таямніцы. [Бондар:] — Вас, хлопцы, прашу — пра сямейны лагер ні гуку. Ведаем адны мы і — каб магіла. Навуменка.
•••
Брацкая магіла — агульная магіла воінаў, змагароў, загінуўшых за якую‑н. справу.
Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.
Глядзець у магілу гл. глядзець.
Гнаць у магілу гл. гнаць.
Да (самай) магілы — да самай смерці.
Загнаць (увагнаць, звесці) у магілу гл. загнаць.
Знайсці магілу гл. знайсці.
Капаць магілу гл. капаць.
Легчы ў магілу гл. легчы.
На краі магілы гл. край.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Плоскі, адносна шырокі і нятоўсты кавалак дрэва, выпілаваны або вычасаны з бервяна. Напілаваць дошак. Сасновая дошка. Замяніць дошкі ў падлозе. □ Станкі былі шчыльна адгароджаны адзін ад аднаго габляванымі дошкамі. Паслядовіч.
2. Школьная прылада, на якой пішуць мелам. Выклікаць вучня да дошкі. Запісаць сказ на дошцы.
3. Прыстасаванне для чаго‑н. у выглядзе пліты, пласціны. Грыфельная дошка. Дошка для аб’яў. Чарцёжная дошка. Шахматная дошка.
•••
Дошка гонару — дошка з прозвішчамі і фатаграфіямі перадавікоў вытворчасці.
Мемарыяльная дошка — дошка, якая служыць для увекавечання памяці аб якой‑н. асобе або падзеі.
Чорная дошка — дошка з прозвішчамі адсталых у рабоце або вінаватых у чым‑н.
Чырвоная дошка — тое, што і дошка гонару.
Ад дошкі да дошкі — ад пачатку да канца, усё, нічога не прапускаючы (прачытаць і пад.).
Разбіцца ў дошку гл. разбіцца.
Свой у дошку гл. свой.
Ставіць на адну дошку гл. ставіць.
Як дошка — пра вельмі худога чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.
1. Невялічкая акруглая часцінка якой‑н. вадкасці; кропля. Капля расы. Каплі поту на твары. □ З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Капля слёз на зрэбнай кашулі Здавалася капляй крыві. Чарот.
2. толькі мн. (ка́плі, ‑пель). Разведзенае на чым‑н. лякарства, якое прымаецца па пэўнай колькасці такіх часцінак. Сардэчныя каплі. Мятныя каплі: Выпіць капель.
3. перан.; толькі адз., чаго. Разм. Самая нязначная колькасць чаго‑н. Газы ў лямпе засталася адна капля. // у знач. прысл. ка́плю. Зусім нямнога, чуць-чуць. Удзяліць каплю ўвагі.
•••
Да (апошняй) каплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).
Да апошняй каплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).
Капля за капляй — паступова, патрошку.
Капля ў каплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).
Капля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.
Ні каплі — ніколькі, ані.
Ні каплі ў рот не браць гл. браць.
Як дзве каплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць агароджу, плот; абвесці што‑н. агароджай, плотам. Людзі падышлі да таго месца, дзе трэба было загарадзіць плот. Ермаловіч. Гаспадар прайшоўся па двары, новы плот загарадзіў. Васілевіч.
2. Зрабіць перашкоду для каго‑, чаго‑н., перагарадзіць шлях, праход. Загарадзіць уваход. □ Серж грозна падбег да Насці і загарадзіў ёй дарогу. Чорны. Паравоз .. зашыпеў, абяссілены, загарадзіў чыгуначны шлях. Лынькоў. // Засланіць, закрыць кім‑, чым‑н. ад каго‑, чаго‑н. Таццяна загарадзіла сабою Севу ад мужа, абняла за плечы і пасадзіла на канапу. Карпаў.
3. Разм. Запрасіць высокую цану. Маці хадзіла да пана, упрошвала, але пан загарадзіў дзесяць злотых за патраву. Якімовіч. Тавар не вельмі што цікавы. А Крамнік хваліць: — Добрае наўздзіў! — Пасля й цану ж загарадзіў! Крапіва.
•••
Загарадзіць свет (дарогу) каму — аказацца, стаць перашкодай для каго‑, чаго‑н. Куды ні кінься, усё ў панскія рукі пападзеш. Свет яны ўвесь загарадзілі, а за простага чалавека ніхто не заступіцца. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мясцо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з пэўнай мясцовасцю, уласцівы гэтай мясцовасці. Мясцовыя ўмовы. Мясцовая гаворка. // Які вырабляецца, робіцца ў пэўнай мясцовасці, не прывазны. Мясцовыя вырабы. Мясцовы сорт бульбы. □ Вельмі добра зрабіла праўленне, што ўвяло дадатковую аплату за нарыхтоўку і вывазку мясцовых угнаенняў. «Звязда». // Які жыве ў пэўнай мясцовасці, не прыезджы; які дзейнічае, працуе ў дадзенай мясцовасці. Мясцовы настаўнік. Мясцовы паштальён. □ Супрацоўніцтва з мясцовыя насельніцтвам наладжана на глебе суседскага абмену. Брыль. // Які знаходзіцца, размешчаны ў дадзенай мясцовасці, на дадзенай тэрыторыі. Мясцовы калгас.
2. Які дзейнічае, мае значэнне толькі ў межах пэўнай тэрыторыі; не агульнадзяржаўны. Мясцовая ўлада. Мясцовыя Саветы. Мясцовая газета. □ Арганізацыйная структура кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам павінна базіравацца на спалучэнні цэнтралізаванага дзяржаўнага кіраўніцтва з павышэннем ролі мясцовых арганізацый у кіраванні гаспадаркай. «Звязда».
3. Які пашырае сваё дзеянне толькі на частку чаго‑н. цэлага; не агульны. Мясцовае запаленне лёгкіх.
•••
Мясцовая прамысловасць гл. прамысловасць.
Мясцовы камітэт гл. камітэт (у 1 знач.).
Мясцовы час гл. час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. пад’едзь; зак.
1. Едучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У наступную ноч да катла пад’ехалі на санках партызаны. Шчарбатаў. Прыцемкам да Ермаліцкіх пад’ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Грахоўскі. // Заехаць пад што‑н. Пад’ехаць пад мост. // Праехаць нейкую частку шляху на падарожным транспарце. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць на падарожнай машыне. Якімовіч.
2. Разм. Прыехаць куды‑н. У той жа дзень Стрыжак загадаў Тышкевічу весці групу на аб’яднанне з атрадам Ваталава. Сам абяцаў пад’ехаць пазней. Асіпенка. [Палавінка] па развітанне моцна паціснуў Кавалёвай руку і абяцаў сам пад’ехаць у калгас. Дуброўскі. // З’ездзіць куды‑н. на нейкі час. [Аканом:] — Дзень добры, панове. Феакціст Антонавіч вельмі прасіў да яго пад’ехаць на гадзіну якую. Галавач.
3. перан. Разм. Падлізацца да каго‑н.; дабіцца чаго‑н. хітрасцю, ліслівасцю. Пад’ехаць да начальства. □ [Вруй] цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад’ехаў ён да Саўкі. Колас. Хлопцы былі пранырлівыя, умелі пад’ехаць да жанчын, ласкай выпрасіць тое, чаго і сілай не возьмеш. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасава́ць 1, ‑суе; незак.
Падыходзіць, адпавядаць каму‑, чаму‑н. Голас .. [Любы] быў пявучы і таксама, як і твар, страшэнна не пасаваў да ўсяго яе выгляду. Чорны. Да яго постаці вельмі пасавала вайсковая форма, якую ён, як кіраўнік мясцовай групы «Стшэльца», надзяваў у кожнае свята. Чарнышэвіч. Тонкія рысы твару неяк не пасавала да такога дужага асілка, якім быў Андрэй. Ваданосаў.
пасава́ць 2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што і без дап.
Перадаваць адзін другому мяч, шайбу і пад. у спартыўнай гульні. Дзеці забаўляліся каля гімнастычнага гарадка, пасавалі мяч. Беразняк. Гульня пайшла яшчэ весялей, з жартамі і смехам. Хлопец у белай шапачцы стаяў насупраць Васіліны, пасаваў увесь час на яе, і яна спачатку хвалявалася. Савіцкі.
[Ад англ. pass — перадаваць.]
пасава́ць 3, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
1. Пры гульні ў карты адмовіцца ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.
2. перан.; перад кім-чым і без дап. Прызнаваць сябе бяссільным перад чым‑н.; здавацца. Я не хацеў пасаваць перад братам і, хаця абліваўся ўвесь потам, аж прыгнуўся — стараўся захапіць як мага шырэйшы пракос. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пералічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.
1. Палічыць, злічыць адно за другім усё, усіх, зрабіць падлік. Прафесар некалькі разоў перачытаў .. пісьмо, машынальна пералічыў дні, якія засталіся да вызначанага тэрміну. Лынькоў. Андрэй спакойна ўзяў бліскучыя манеты, пералічыў іх і паабяцаў аддаць у два разы больш. Пальчэўскі. // Назваць, упамянуць усё, многае або ўсіх, многіх. Пералічыць абавязкі. Пералічыць недахопы. □ Нас, дзяцей, бацька таксама пералічыў па імёнах. Якімовіч. Цімафееўка, віка, канюшына чырвоная і белая, лісахвост — у намесніка старшыні і пальцаў не хапіла, каб усе гатункі пералічыць. Кірэйчык.
2. Злічыць нанава, яшчэ раз. Таццяна разгарнула пакуначак, яшчэ раз пералічыла грошы. Васілёнак.
3. Падаць у другіх велічынях. Пералічыць вёрсты ў кіламетры. Пералічыць фунты ў кілаграмы.
4. Перавесці на чый‑н. рахунак. Учора я пералічыў.. праз банк пяць тысяч рублёў, узяў з сабою копію плацежнага даручэння, і цяпер мы едзем, каб адразу зрабіць аж дзве справы. Скрыган.
•••
Пералічыць косці каму — моцна пабіць, набіць каго‑н.
Пералічыць на пальцах — пра вельмі малую колькасць каго‑, чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пірамі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Мнагаграннік, асновай якога з’яўляецца многавугольнік або трохвугольнік, а бакавыя грані — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй. Трохвугольная піраміда.
2. Вельмі вялікае каменнае збудаванне з чатырохвугольнай асновай і трохвугольнымі бакавымі паверхнямі, вяршыні якіх ўтвараюць востры вугал, якое служыла грабніцай фараонам у Старажытным Егіпце. Старажытныя егіпцяне без дапамогі вежавых кранаў будавалі піраміду Хеопса, якая да гэтага часу лічыцца адным з сямі цудаў свету. Шыцік.
3. Куча складзеных прадметаў, якая мае шырокую аснову і звужаецца ўверсе. Побач былі складзены піраміды пяціпудовых бомб. «Маладосць». З левага боку ля сцяны ложак з пірамідаю падушак, засланы коўдрай-перабіранкай. Палтаран.
4. Акрабатычная фігура з групы людзей, якія становяцца адзін аднаму на плечы. Апошнім нумарам паказвалі піраміду. Удзельнічала дванаццаць чалавек. Нядзведскі.
5. Адзін з найбольш распаўсюджаных відаў більярднай гульні ў 16 шароў. // Трохвугольнік з більярдных шароў, які складваецца ў пачатку гульні.
6. Станок для захоўвання вінтовак, а таксама вінтоўкі, састаўленыя ў кучку, звужаную ўверсе. Да бляску начысцілі кулямёты і вінтоўкі; яны зараз так спакойна і мірна дрэмлюць у пірамідах. Каваль.
[Грэч. pyramis.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)