ЛАГО́ЎСКАЯ Алена Іванаўна (25.12.1904, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 29.8.1981),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1952). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—70 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных роляў, майстар эпізоду. Глыбокая народнасць нац. вобразаў найб. ярка выявілася ў бел. рэпертуары: Марыля, Альжбета («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), бабка Мар’я («Навальніца будзе» паводле Я.Коласа), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Наста («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Агата («Цэнтральны ход» К.Губарэвіча і І.Дорскага). Сярод роляў у класічным рэпертуары: Пашлёпкіна («Рэвізор» М.Гогаля), Фяона («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Варвара і Квашня («Ягор Булычоў і іншыя» і «На дне» М.Горкага), Карміцелька («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРО́КА (ад неа... + барока),
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. Паяўленне Н. як праграмнага звароту да мастацтва мінулага звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гіст. форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. На Беларусі Н. не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры (касцёл Маці Божай у в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТАМА́РА Кітагава (1753 або 1754, г. Кавагоэ, Японія — 30.10 або 19.6.1806),
японскі майстар каляровага дрэварыту і жывапісец, адзін з буйнейшых прадстаўнікоў укіё-э. Працаваў у Эдо. Творчую дзейнасць пачаў з твораў, якія маюць характар натуральных штудый (альбом «Кніга насякомых», 1788), пасля звярнуўся да тэмы «бідын-га» (адлюстраванне прыгажунь). Плаўнай, цякучай лініяй вытанчана ствараў вобразы прыгажунь пагрудна або па пояс на лістах вял. фармату з прымяненнем слюдзянога парашку, што надае эфект серабрыстага мігатлівага фону (серыя «Вялікія галовы», 1790; «Дзесяць жаночых характараў», пач. 1790-х г.). Адметныя рысамі ідэалізацыі, вобразы жанчын разам з тым не пазбаўлены жыццёвай верагоднасці, што асабліва выявілася ў кампазіцыях на тэмы паўсядзённай працы (серыя «Жанчыны за шыццём», 1790-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЗЭ (Birze; сапр.Берзіньш) Міервальдзіс Янавіч
(н. 21.3.1921, г. Руіена, Латвія),
латышскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Латвіі (1967), ганаровы чл.АН Латвіі (1990). Скончыў Латвійскі ун-т (1949). Быў вязнем ням. канцэнтрацыйных лагераў (1943—45). Друкуецца з 1953. Антыфашысцкая накіраванасць творчасці Бірзэ выявілася ў аповесці «І пад лёдам рака цячэ» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), зб-ках «Як нарадзілася апавяданне» (1961), «Успаміны, успаміны...» (1968), п’есах «Гэта быў не апошні дзень» (1961), «У карчме «Чорны глушэц» (1965). Значныя творы 1980—90-х г. «Гэтыя няпройдзеныя мілі» (1986), «Дзённікі, І—III» (1990—91). Выступае за гуманізм, у абарону духоўных каштоўнасцяў чалавецтва. Аўтар эсэ, сатыр. і гумарыстычных апавяданняў. Творы Бірзэ на бел. мову пераклалі У.Пігулеўскі (у зб. «Латышскія апавяданні», 1956), У.Васілевіч (у зб. «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБАШЫ́НСКІ Павел Піліпавіч (н. 14.3.1931, в. Гарбуны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1955). Працаваў у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, выконваў ролі маладых герояў, характарныя. З 1967 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркага і самабытнага таленту, добра адчувае камедыйны жанр. Выкарыстоўвае прыёмы шаржу, пародыі, гратэску. Дасканалае майстэрства выявілася ў ролях: Камендант, Ломцеў («Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Дабрыян («Брама неўміручасці» К.Крапівы), Язэп Карыта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), князь К. («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Глахуна («Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе), граф дэ Мірмон («Лесвіца славы» Э.Скрыба) і інш. Здымаецца ў кіна- і тэлефільмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́РЫУШ (ад лац. diarium дзённік),
жанр гістарычна-дакументальнай прозы ў стараж.бел. і польскай л-ры, у якім падзеі грамадска-паліт. або прыватнага жыцця пададзены ў форме датаваных запісаў. На станаўленне жанру ўплывалі летапісы і хронікі, у якіх у 16 ст.выявілася тэндэнцыя да «алітаратурвання» храналагічных запісаў. У 17—18 ст. Д. называліся дзелавыя і аўтабіягр. запісы, сямейныя хронікі, дзённікі падарожжаў і ваен. паходаў, мемуары; каштоўныя гіст. крыніцы — сеймавыя Д. Найб. ранні бел. помнік гэтага жанру — «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.). Ваенным падзеям і нац.-вызв. барацьбе прысвечаны дыярыушы С. і Б.Маскевічаў (1630, 1649, 1660). Да гэтага жанру належаць творы І.Будзілы (1612), Я.Сапегі (1612), Афанасія Філіповіча (1646), С.Незабітоўскага, Я.Цадроўскага, сямейная хроніка Абуховічаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́Н Ілья Львовіч (н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел.тэатр.ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел.АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Незабыўныя дні» М.Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.Труса, вершы М.Багдановіча, П.Броўкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) з Аргаса, старажытнагрэчаскі скульптар і тэарэтык мастацтва 2-й пал. 5 ст. да н.э. Адзін з вядучых прадстаўнікоў высокай класікі. Працаваў у Аргасе. Творчасць вызначаецца імкненнем да маст. нарматыўнасці, што выявілася ў яго сачыненні «Канон» (захаваліся 2 фрагменты). Пад уплывам Піфагора спрабаваў матэматычна абгрунтаваць і ўвасобіць ідэальныя прапарцыянальныя суадносіны фігуры чалавека, стварыць узвышаны гарманічны вобраз грамадзяніна поліса. Статуі, якія вызначаліся цяжкавагавасцю прапорцый, унутр. дынамікай, абагульненасцю і класічнай яснасцю пластыкі, свабоднай ураўнаважанай кампазіцыйнай пабудовай, не захаваліся і вядомы паводле рым. копій і сведчанняў ант. аўтараў: «Дарыфор» («Кап’яносец», каля 440 да н.э.), «Параненая амазонка» (каля 440—430 да н.э.), «Дыядумен» (каля 420—410 да н.э.), хрысаэлефанцінная статуя Геры ў свяцілішчы Гераён у Аргасе і інш.
Паліклет. Параненая амазонка. Рымская мармуровая копія. Каля 440—430 г. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БАРАЎ Валерый Паўлавіч (н. 26.6.1939, г. Саратаў, Расія),
бел. кінарэжысёр. Скончыў Ленінградскі ін-тт-ра, музыкі і кіно (1976). З 1957 (з перапынкам) на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1978 рэжысёр. Першая работа — кароткаметражны фільм «Жывы зрэз» (1978, паводле апавядання В.Патаніна «Белыя яблыкі», дыплом Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене Германія). Цікавасць да нар. лёсу, да нац. каларыту выявілася ў фільме «Чужая бацькаўшчына» (паводле раманаў В.Адамчыка, 1982). Найб. значны фільм — «Сведка» (паводле аповесці В.Казько «Суд у слабадзе», 1985), у якім для дасягнення маст. выразнасці выкарыстаў спалучэнне ігравых эпізодаў з дакумент.-маст. (стылізаванымі пад кінадакумент). Праблемы сучаснасці ўзняты ў карціне «Мяне завуць Арлекіна» (паводле п’есы Ю.Шчакаціхіна «Пастка-44», 1988). Зняў дакумент. фільмы «Чаканне» («Зімовая казка», 1975), «Тонежскія бабы», «Нямая скрыпка» (абодва 1977).