ДЫЯ́РЫУШ (ад лац. diarium дзённік),

жанр гістарычна-дакументальнай прозы ў стараж. бел. і польскай л-ры, у якім падзеі грамадска-паліт. або прыватнага жыцця пададзены ў форме датаваных запісаў. На станаўленне жанру ўплывалі летапісы і хронікі, у якіх у 16 ст. выявілася тэндэнцыя да «алітаратурвання» храналагічных запісаў. У 17—18 ст. Д. называліся дзелавыя і аўтабіягр. запісы, сямейныя хронікі, дзённікі падарожжаў і ваен. паходаў, мемуары; каштоўныя гіст. крыніцы — сеймавыя Д. Найб. ранні бел. помнік гэтага жанру — «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.). Ваенным падзеям і нац.-вызв. барацьбе прысвечаны дыярыушы С. і Б.​Маскевічаў (1630, 1649, 1660). Да гэтага жанру належаць творы І.​Будзілы (1612), Я.​Сапегі (1612), Афанасія Філіповіча (1646), С.​Незабітоўскага, Я.​Цадроўскага, сямейная хроніка Абуховічаў і інш.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)