«КАЗА́НЕ РУ́СКЕ СХІЗМАТЫ́ЧНЭ»,

ананімны бел. празаічны твор сярэдзіны 18 ст. Адкрыты ў 1974. Створаны, відаць, у Віцебску, стылізаваны пад праваслаўную («схізматычную» — раскольніцкую) пропаведзь. У ім выявілася антыпольская арыентацыя аўтара, які ўслаўляў дзейнасць Пятра I. Асуджалася крывадушнасць мясц. феадалаў (асабліва прыгонніцы А.​Скарынкавай), якія сваю амаральнасць прыкрывалі маскай набожнасці. Напісана лацінкаю, уключае шмат лац. слоў і павучанняў, рус. лексіку. Рукапіс зберагаецца ў б-цы АН Літвы.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́САЎ Шухрат Саліхавіч (н. 16.1.1931, г. Каканд),

узбекскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Узбекістана (1975), нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1954), Вышэйшыя рэж. курсы пры «Масфільме» (1958). Творчасці Абасава ўласціва ўменне раскрываць час і эпоху праз асобу героя. Найб. поўна гэта выявілася ў фільмах «Ты не сірата», «Абу Райхан Беруні» (за абодва Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1974), «Ташкент — горад хлебны», «Вогненныя дарогі» (16 серый, тэлевізійны). Сааўтар большасці сцэнарыяў сваіх фільмаў.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХЛЕ́НКА Валянціна Леанідаўна (н. 4.3.1931, г. Гомель),

бел. піяністка. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1995). Дачка Л.​Р.​Рахленкі і Л.​І.​Ржэцкай. Скончыла Бел. кансерваторыю (1954, кл. Р.​Шаршэўскага), БДУ (1955). З 1958 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1989 праф.). Яе майстэрства найб. выявілася ў выкананні твораў В.​А.​Моцарта, Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, С.​Пракоф’ева. Адна са стваральніц фартэпіяннай школы Беларусі. Сярод вучняў Дз.​Марозаў, І.​Юркоўская, А.​Пятроў.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬТДОРФЕР (Altdorfer) Альбрэхт (каля 1480, г. Рэгенсбург, Германія — 12.2.1538),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Стаяў на чале дунайскай школы. Адзін з пачынальнікаў пейзажа ў зах.-еўрап. жывапісе. Высокая чалавечнасць вобразаў і напружаны каларыт, уласцівыя яго жывапісу, увасоблены ў алтары св. Фларыяна манастыра ў Санкт-Фларыяне (Аўстрыя, 1518), партрэтах («Партрэт невядомай жанчыны», 1525). У праграмным творы «Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем» (1529) выявілася касм. светаадчуванне мастака. Удасканаліў тэхніку афорта: вынайшаў спосаб траўлення медзі.

А.Альтдорфер. Партрэт невядомай жанчыны. 1525.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЛЕ́КС (ад лац. reflexus павернуты назад, адлюстраваны) у жывапісе і графіцы, водсвет, адлюстраванае святло і колер на якой-н. паверхні ад крыніцы святла, у т. л. неба, або суседніх прадметаў, што выклікае змены тону і колеру. Р. — з’ява ў прыродзе і здаўна вядомая мастакам (апісана Леанарда да Вінчы). Разнастайнасць Р. выявілася ў жывапісе ў 19 ст. з пачаткам работы мастакоў на адкрытым паветры і набыла сістэматычны характар у імпрэсіяністаў і творах мастакоў, якія працавалі на пленэры.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА,

тэрмін авангардысцкай эстэтыкі 1960-х г., які абазначае імкненне да ўсёабдымнасці мастацтва, да знішчэння межаў не толькі паміж асобнымі відамі маст. творчасці, але і паміж мастацтвам і рэчаіснасцю. Тагачасныя авангардысцкія кірункі імкнуліся да «растварэння» мастацтва ў асяроддзі, да зліцця яго з працэсамі жыцця, што найб. яскрава выявілася ў такіх формах, як хэпенінг, перформанс, мульты-медыя, інвайрэнмент, лэнд-арт. Гранічным выяўленнем прынцыпаў Т.м. з’яўляецца сцвярджэнне, што любы фрагмент рэальнасці і ўвесь свет — творы мастацтва.

С.​У.​Пешын.

т. 15, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРНАНДЭ́ЛЬ [Fernandel, сапр. Фернан Кантандэн (Contandin); 8.5.1903, г. Марсель, Францыя — 26.2.1971],

французскі акцёр. Працаваў на эстрадзе, з 1931 у кіно. Вядомасць атрымаў як камед. акцёр у фільмах «Забавы эскадрона» (1932), «Сезар» (1936), «Францыск I» (1937), «Казімір» (1950), «Алі-Баба і сорак разбойнікаў» (1954) і інш. Майстэрства гратэскнага камізму, пераходу ад фарса да драмы выявілася ў фільмах «Бальная запісная кніжка» (1937), «Чырвоная гасцініца» (1951), «Закон ёсць закон» (1958), «Д’ябал і дзесяць запаветаў» (1962), серыі фільмаў пра Дона Каміла, меладраме «Паездка бацькі» (1966) і інш.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІГО́ (Vigo) Жан (22.4.1905, Парыж — 5.10.1934),

французскі кінарэжысёр. Скончыў літ. ф-т Сарбоны. У дакумент. фільме «З нагоды Ніццы» (1929) і стужцы «Нуль за паводзіны» (1933) поруч з сатыр. выкрываннем праявілася імкненне да паэтызацыі свету. Уменне Віго на аснове карцін паўсядзённага побыту рабіць складаныя філас. абагульненні найб. поўна выявілася ў фільме «Аталанта» (1934). Творчая спадчына Віго невялікая, але яна значна паўплывала на развіццё франц. кіно ў 1930—50-я г. З 1951 у Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Віго.

Літ.:

Жан Виго.: Пер. с фр. М., 1979.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ Барыс Елісеевіч (14.5.1900—13.1.1973),

рускі тэатр. педагог, акцёр. Нар. арт. Расіі (1955). З 1922 на пед. рабоце (з 1924 у Ленінградскім тэатр. ін-це імя А.​Астроўскага). Праф. (1944). З 1923 акцёр Ленінградскага т-ра імя А.​Пушкіна. У 1934—37 маст. кіраўнік Бел. студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе. Вял. ўвагу аддаваў развіццю вобразнага мыслення студыйцаў, уменню пранікнуць у сутнасць вобраза, што яскрава выявілася ў спектаклях «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага (1936) і «Банкір» А.​Карнейчука (1937). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙДЭЛЬМАН (Seydelmann) Карл (24.4.1793, г. Глац, Сілезія, цяпер г. Клодзка, Польшча — 17.3.1843),

нямецкі акцёр. З 1815 у т-ры г. Брэслаў, з 1820 у Пражскім ням. гар. т-ры, у прыдворных т-рах Каселя, Штутгарта, Берліна. Прымаў удзел у рэжысёрскіх доследах К.​Імермана (роля Натана Мудрага ў аднайм. п’есе Г.​Лесінга), ва «ўзорных» спектаклях Дзюсельдорфскага т-ра. Найб. значныя ролі: Карлас, Мефістофель, Альба («Клавіга», «Фауст», «Эгмант» І.​В.​Гётэ), Рычард III, Атэла і Яга («Рычард III», «Атэла» У.​Шэкспіра) і інш., у якіх выявілася высокая здольнасць да пераўвасаблення.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)