НЕАБАРО́КА (ад неа... + барока),
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераймаў формы, элементы кампазіцыі будынкаў стылю барока. Паяўленне Н. як праграмнага звароту да мастацтва мінулага звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. У імкненні да адраджэння пластычнасці ў архітэктуры дойліды актыўна займаліся стылізацыяй гіст. форм, надаючы ім новае сучаснае гучанне. На Беларусі Н. не мела значнага пашырэння. У кампазіцыі жылых і грамадскіх будынкаў выкарыстоўваліся пластычныя мансардавыя дахі, франтоны складанага абрысу, вежачкі з фігурнымі завяршэннямі, багатая арнаментыка і ляпны дэкор. Барочным дэкорам вылучаліся інтэр’еры шматлікіх жылых і сядзібных дамоў. Адраджэнне традыцый барока выявілася і ў культавай архітэктуры (касцёл Маці Божай у в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.).
А.М.Кулагін, В.М.Чарнатаў.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)