РЫ́БАРАЎ (Валерый Паўлавіч) (н. 26.6.1939, г. Саратаў, Расія),
бел. кінарэжысёр. Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кіно (1976). З 1957 (з перапынкам) на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1978 рэжысёр. Першая работа — кароткаметражны фільм «Жывы зрэз» (1978, паводле апавядання В.Патаніна «Белыя яблыкі», дыплом Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене Германія). Цікавасць да нар. лёсу, да нац. каларыту выявілася ў фільме «Чужая бацькаўшчына» (паводле раманаў В.Адамчыка, 1982). Найб. значны фільм — «Сведка» (паводле аповесці В.Казько «Суд у слабадзе», 1985), у якім для дасягнення маст. выразнасці выкарыстаў спалучэнне ігравых эпізодаў з дакумент.-маст. (стылізаванымі пад кінадакумент). Праблемы сучаснасці ўзняты ў карціне «Мяне завуць Арлекіна» (паводле п’есы Ю.Шчакаціхіна «Пастка-44», 1988). Зняў дакумент. фільмы «Чаканне» («Зімовая казка», 1975), «Тонежскія бабы», «Нямая скрыпка» (абодва 1977).
В.Ф.Нячай.
т. 13, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)