НЯБЕ́СНАЯ МЕХА́НІКА,

раздзел астраноміі, які вывучае рух цел Сонечнай сістэмы ў іх агульным гравітацыйным полі. У шэрагу выпадкаў (у тэорыі руху камет, ШСЗ і інш.), акрамя гравітацыйных сіл, улічваюцца рэактыўныя сілы, ціск выпрамянення, супраціўленне асяроддзя, змена масы і інш. фактары. Задачы Н.м.: вывучэнне агульных пытанняў руху нябесных цел і канкрэтных аб’ектаў (планет, ШСЗ і інш.); вылічэнне значэнняў астр. пастаянных, састаўленне эфемерыд і інш. Рух штучных нябесных цел вывучае раздзел Н.м. — астрадынаміка. Н.м. з’яўляецца вынікам дастасавання законаў класічнай механікі да руху нябесных цел. Тэарэт. асновы сучаснай Н.м. закладзены І.Ньютанам. Значны ўклад у развіццё Н.м. зрабілі Ж.Л.Лагранж, П.С.Лаплас, У.Ж.Ж.Левер’е, С.Ньюкам і інш. Адно з дасягненняў Н.м. — адкрыццё планеты Нептун, існаванне якой разлічана па адхіленнях руху планеты Уран.

Асн. задача Н.м. — вызначэнне каардынат планет як функцый часу. Пры вял. адлегласцях паміж Сонцам і планетамі іх можна лічыць матэрыяльнымі пунктамі, паміж якімі дзейнічаюць гравітацыйныя сілы паводле сусветнага прыцягнення закону (задача n цел). Агульнае рашэнне гэтай задачы не знойдзена. Строгае рашэнне мае толькі двух цел задача. Агульнае рашэнне трох цел задачы вельмі складанае, таму карыстаюцца толькі яе частковымі рашэннямі. Н.м. вывучае таксама восевае вярчэнне і фігуры нябесных цел, праблему ўстойлівасці Сонечнай сістэмы, рух Месяца, прыліўнае ўзаемадзеянне; развіццё касманаўтыкі патрабуе высокай дакладнасці ў вылічэнні арбіт планет. Н.м., якая грунтуецца на законе прыцягнення Ньютана, дастаткова дакладна апісвае рух цел Сонечнай сістэмы, але некаторыя з’явы, напр. рух перыгеліяў арбіт Меркурыя і інш. планет, поўнасцю растлумачыць не можа. Гэтыя з’явы знаходзяць тлумачэнне ў рэлятывісцкай Н.м., якая ўлічвае ў руху нябесных цел эфекты адноснасці тэорыі. Метадамі Н.м. карыстаюцца пры вывучэнні зорак і зорных сістэм (зорная астраномія), галактык (пазагалактычная астраномія).

Літ.:

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Новые качественные методы в небесной механике. М., 1971;

Брумберг В.А. Релятивистская небесная механика. М., 1972.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,

штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс. км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.

Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд, Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх. ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.

Літ.:

Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;

Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;

Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),

навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.

П. бярэ пачатак ад вучэння В.​Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.​Штайнталя і А.​Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.​Выгоцкага, Л.​Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.​Супрун, А.​Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.​Кліменка і інш.).

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ. М., 1976;

Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч. М., 1982. Т. 2;

Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;

Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;

Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (франц, révolution ад лац. revolutio пераварот),

карэнная якасная змена, рэзкі скачкападобны пераход ад аднаго якаснага стану да другога, ад старога да новага. Р. як перарыў паступовасці, якасны скачок супрацьпастаўляецца эвалюцыі. Першапачаткова тэрмін «Р.» азначаў «абарот», «кругаварот», «пераварот» у дачыненні да астр. працэсаў, у 17 ст. перайшоў у паліт. лексіку са значэннем «дзярж. пераварот», «цыклічныя змены дзярж. ладу» (манархія, тыранія, арыстакратыя, алігархія, дэмакратыя, анархія). У перыяд Французскай (1789—99) і Амерыканскай (1776—83) рэвалюцый да паняцця «Р.» як змены дзярж. ладу ці паліт. рэжыму дадалося разуменне Р. як увядзення новага сац. парадку, новай стадыі сусв. гісторыі; тэрмін «Р.» звязваўся ўжо не з ідэяй цыклічнасці, а з ідэяй прагрэсу. Пашырана таксама разуменне Р. як раптоўнага поўнага разрыву з папярэдняй сац. традыцыяй, замена старога грамадскага ладу на новы процізаконнымі сродкамі, узбр. барацьбой і гвалтам; разам з тым Р. — заўсёды актыўнае паліт. дзеянне нар. мас і мае сваёй мэтай пераход улады ў рукі новай сац. групы. Аб’ектыўныя перадумовы для ўзнікнення Р. ствараюцца тады, калі да напружанасці ў пэўных сац. структурах (надзвычайная сац няроўнасць і інш.) далучаецца неспрыяльная эканам. кан’юнктура (крызіс альбо, часцей, пачатак маруднага эканам. росту ў паслякрызісны перыяд), адсутнасць сац.-эканам. і паліт. рэформ (гл. Рэвалюцыя сацыяльная). Асн. мэтамі Р. нацыянальнай з’яўляюцца вызваленне ад панавання замежнай дзяржавы і набыццё незалежнасці або злучэнне раз’яднаных членаў адной нацыі ў адзіную дзяржаву, салідарнасць паміж рознымі сац. слаямі краіны, ажыццяўленне праграмы нац.-культ. і дзярж. будаўніцтва (гл. Нацыянальнае вызваленне, Нацыянальнае самавызначэнне). У шырокім сэнсе тэрмінам «Р.» абазначаюць любое істотнае пераўтварэнне ў жыцці грамадства, напр., індустрыяльная Р. (гл. Індустрыялізацыя), культурная рэвалюцыя, навукова-тэхнічная рэвалюцыя.

Літ.:

Теория революции. История и современность. М., 1984;

Дзюрасэль Ж.-Б Еўропа з 1815 г. да нашых дзён: Паліт. жыццё і міжнар. адносіны. Мн., 1996;

Эйзенштадт Ш.Н. Революция и преобразование обществ: Сравнит. изучение цивилизаций: Пер. с англ. М., 1999.

М.​А.​Сакалова.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пераваро́т ’рэзкі паварот, змены ў развіцці, ходзе чаго-небудзь’ (Яруш., ТСБМ), ’заварот кішок’ (даўг., Сл. ПЗБ; метрык., Мат. Гом.). Да прасл. *per‑vortъ, якое з *per‑vortiti ’перавярнуць’: ст.-рус. переворотити ’павярнуць у іншы бок; даць справе іншы ход’, польск. przewrócić ’перакінуць; перавярнуць, папераварочваць’, ст.-чэш. přěvrátiti ’перавярнуць, знішчыць, звесці, змяніць, падавіць’, серб.-харв. превра́тити ’перавярнуць’, славен. prevráčati ’перакідваць, пераварочваць, перакульвацца’, балг. превръ́щам ’пераўтвараць, пераварочваць, перарабляць’, ст.-слав. прѣвратити ’пераўтварыць’; параўн. лац. pervertere ’перакульваць, псаваць, перакручваць, скажаць’, гоц. frawardjan ’псаваць’, ст.-в.-ням. farwarttan, far‑werten, ст.-англ. for‑weorþan, ст.-сакс. far‑werdan ’знікаць’, ’псавацца’ — словаўтваральна-семантычны паралелізм. З іншых і.-е. адпаведнікаў прасл. *vьrtiti < *vertiti (якое не захавалася) можна адзначыць ст.-інд. vartatē, літ. ver̃sti ’пераварочваць, перакульваць, пераўтвараць адно ў іншае’ (Трубачоў, Проспект, 71). Лексема пераварот ’гвалтоўная змена манарха’ (ТСБМ) — калька (XVIII ст.) з франц. révolution ’тс’ < лац. revolūtio ’адкат, кругаварот’ — праз польск. ці рус. мовы (Фасмер, 3, 236). Сюды ж піраваро́тнік ’чалавек, што добраахвотна ці па прымусу прыняў іншую веру’ (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуля́ць 1 ’шпурляць, кідаць, страляць’ (ТСБМ; карэл.; Жыв. НС; Сцяц.), пуля́цца ’тс’ (Касп.), рус. пуля́ть ’кідаць; сварыцца’, пуляться ’тс’. Няясна, магчыма, да пу́ля ’куля’, параўн. Фасмер, 3, 405; аднак гл. Шустар-Шэўц, 2, 1190, які ўслед за Супруном (адносна рус. пульну́ть ’кінуць’ гл. Веснік БДУ, 1974, 2, 20–25) уключае названыя словы разам з в.-луж., н.-луж. pulać ’праганяць, адпіхваць’, польск. pulać ’цяжка несці’, славен. púliti ’шчыпаць; біць’ і пад. у агульнае гняздо слоў, што ўзыходзяць да прасл. *puliti, у аснове якога і.-е. pou‑ ’выстаўляцца, выпучвацца’; гл. таксама Сной, 514, які збліжае славен. puliti з літ. piáuti ’рэзаць, жаць, калоць’, лац. pavīre ’таўчы, таптаць’ і інш., што ўзыходзяць да і.-е. peu̯‑ ’таўчы’. Параўн. пуліць (гл.).

Пуля́ць 2 аргат. ’купляць’ (Рам.). Узводзяць да грэч. πουλω ’прадаваць’ (гл. Лукашанец, Сацыялекты, 73), параўн. польск. аргат. pulać ’тс’. Змена семантыкі пад уплывам прыстаўкі пра- (про-), параўн. укр. пропу́льовати = про‑давати (Горбач, Арго, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́ніць ‘пацерці звітую вяроўку, каб зрабіць яе больш мяккай’, ‘трапаць абутак, адзежу; зношваць збрую’ (Нік. Очерки), сьму́ніць ‘церці, выціраць’, сюды ж асму́ніць ‘абсмыгаць, абцерці, абтрапаць’ (Ласт.). Параўн. рус.-ц.-слав. присмѧнѫти ‘прывянуць’, присмѧдитисѧ ‘прыгараць’. Вытворнае ад прасл. дыял. *smǫditi ‘паліць, капціць, вэндзіць’, якое лічыцца фанетычным варыянтам *svǫditi ‘тс’, суадноснага з svęděti ‘быць высушаным, знаходзіцца ў гарачыні’, што ўзыходзіць да і.-е. *(s)u̯endh‑ ‘памяншацца, убываць, вянуць’. Змена sv > sm пад уплывам слоў тыпу смала, смага (гл.). Параўн. укр. дыял. сму́дитися ‘смажыцца, пражыцца’, польск. smądzić ‘вэндзіць’, swędzić ‘свярбець’, smędzić się ‘ледзве гарэць’, в.-луж. smudźić ‘смаліць’, н.-луж. smuźiś ‘абпальваць, смаліць’, чэш. smouditi ‘паліць, капціць’, славац. smudiť ‘чадзіць, капціць’, серб.-харв. сму́дити ‘смаліць; абпальваць’, славен. smoditi ‘паліць, прыпальваць’, балг. смъдя́ ‘свярбець’, макед. смади ‘абпальваць’, роднасныя ст.-англ. swindan ‘знікаць, прападаць’, ням. schwinden ‘тс’. Гл. Глухак, 567; SEK, 4, 330; Бярнар, Бълг. изсл., 265–266; Шустар-Шэўц, 1324; ЕСУМ, 5, 330–331. Параўн. смурыжыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дэвія́цыя

(лац. deviatio = адхіленне)

1) адхіленне стрэлкі компаса ад лініі магнітнага мерыдыяна пад уздзеяннем вялікіх мас жалеза;

2) адхіленне ад патрэбнага напрамку руху самалёта, судна, артылерыйскага снарада і інш. пад уплывам якіх-н. прычын;

3) біял. разнавіднасць філэмбрыягенезу, пры якой змена ў развіцці органа адбываецца на сярэдніх стадыях яго фарміравання і прыводзіць да змен яго будовы ў дарослым арганізме (параўн. анабалія, архалаксіс).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

spell​1 [spel] n.

1. праме́жак ча́су, перы́яд;

a spell of bad weather хало́дная пара́;

a spell of bad luck перы́яд няўда́ч;

for a spell на некато́ры час;

at a spell за́пар, адра́зу; без адпачы́нку, без перапы́нку;

by spells з перапы́нкамі

2. перы́яд, тэ́рмін;

a spell of service тэ́рмін слу́жбы;

a six-hour spell of duty шасцігадзі́ннае дзяжу́рства;

do a spell in prison адсядзе́ць тэ́рмін у турме́

3. пры́ступ (хваробы);

a co ughing spell пры́ступ ка́шлю;

have a fainting spell абамле́ць

4. зме́на;

give smb. a spell змяня́ць, падмяня́ць каго́-н. (на працы)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

гульня́, ‑і; мн. гульні, ‑льняў; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. гуляць (у 1 знач.). // Занятак, дзейнасць дзяцей. Паеўшы, [Славік] выбягаў на вуліцу, каб паганяць футбольны мяч або заняцца якой іншай гульнёй са сваімі шматлікімі сябрамі. Няхай.

2. Занятак з мэтай забавы, адпачынку і пад., звычайна заснаваны на пэўных умовах, правілах. Гульня ў футбол. Гульня ў шахматы. Парушыць правілы гульні.

3. Камплект неабходных прадметаў для таго, каб іграць у якую‑н. гульню. Дзіцячая настольная гульня.

4. Разм. Вечарынка, гулянка. Моладзь яшчэ спала пасля ўчарашняе гульні. Гартны.

5. Хуткая змена колераў, святла і пад. Сусвет нахіляецца да майго казырка. Нахіляецца гулам пушчы, пляскам вады крынічнай, Запалавелым жытам, вясёлай гульнёй зарніц. Кірэенка.

6. Наўмысныя дзеянні для дасягнення якой‑н. мэты; тайныя замыслы, інтрыгі. — Прахадзімец ты ... Гэта вядома. А двайную гульню кідай. Навуменка.

•••

Алімпійскія гульні — міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, якія праводзяцца раз у чатыры гады.

Гульня прыроды — выключная, рэдкая з’ява ў прыродзе; адхіленне ад звычайных фізічных норм.

Гульня слоў — дасціпны, каламбурны выраз.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)