ПСІХАЛІНГВІ́СТЫКА (ад псіха... + лінгвістыка),
навука пра маўленчую дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення. Даследуе прычыны паталогіі маўленчай дзейнасці, дзіцячае маўленне, займаецца мадэліраваннем працэсаў спараджэння і ўспрымання маўлення, пытаннямі двухмоўя, вывучэння роднай і замежных моў і інш. Маўленчая дзейнасць цесна і арганічна спалучаецца з усімі інш. відамі разумовай, духоўнай, псіх., біял. дзейнасці чалавека. Кіраванне імі ажыццяўляецца нервовай сістэмай, у прыватнасці, карой галаўнога мозга; звязвальным ланцугом выступае маўленне, псіхал. механізмы якога знаходзяцца ў найб. важных і развітых зонах гэтай кары. Найб. істотны сродак ператварэння думкі ў выказванне і выказвання ў думку — унутр. маўленне. Пры пашкоджанні (кровазліццё, страсенне, раненне) участкаў мозга, дзе знаходзяцца моўныя механізмы, у чалавека адзначаюцца розныя віды афазіі: ад лёгкага заікання да поўнай страты мовы. Рэакцыі чалавека, які ўспрымае мову, могуць быць фізіял. (змена частаты пульсу, пашырэнне зрэнак вачэй і інш.) і моўнымі. Улік і вывучэнне гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы і свядомасці, што аперыруе ёй. П. займаецца таксама прыкладнымі праблемамі: распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на адрасатаў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай інфармацыі, рэкламы, прапаганды і інш.), лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных са зносінамі людзей, людзей з машынамі, прыняцце правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.
П. бярэ пачатак ад вучэння В.Гумбальта, яго паслядоўнікаў Г.Штайнталя і А.Патабні пра мову як псіхал. з’яву. На Беларусі псіхалінгвістычныя даследаванні мовы звязаны з дзейнасцю Л.Выгоцкага, Л.Шчэрбы. Псіхал. аспекты мовы вывучаліся і вывучаюцца ў БДУ (А.Супрун, А.Цітова і інш.), Мінскім лінгвістычным ун-це (Г.Кліменка і інш.).
Літ.:
Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;
Слобин Д., Грин Дж. Психолингвистика: Пер. с англ. М., 1976;
Выготский Л.С. Мышление и речь // Собр. соч. М., 1982. Т. 2;
Цітова А.І. Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1981;
Клименко А.П. Психолингвистика. Мн., 1982;
Супрун А.Е. Лекции по теории речевой деятельности. Мн., 1996.
Б.А.Плотнікаў.
т. 13, с. 102