РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (франц, révolution ад лац. revolutio пераварот),

карэнная якасная змена, рэзкі скачкападобны пераход ад аднаго якаснага стану да другога, ад старога да новага. Р. як перарыў паступовасці, якасны скачок супрацьпастаўляецца эвалюцыі. Першапачаткова тэрмін «Р.» азначаў «абарот», «кругаварот», «пераварот» у дачыненні да астр. працэсаў, у 17 ст. перайшоў у паліт. лексіку са значэннем «дзярж. пераварот», «цыклічныя змены дзярж. ладу» (манархія, тыранія, арыстакратыя, алігархія, дэмакратыя, анархія). У перыяд Французскай (1789—99) і Амерыканскай (1776—83) рэвалюцый да паняцця «Р.» як змены дзярж. ладу ці паліт. рэжыму дадалося разуменне Р. як увядзення новага сац. парадку, новай стадыі сусв. гісторыі; тэрмін «Р.» звязваўся ўжо не з ідэяй цыклічнасці, а з ідэяй прагрэсу. Пашырана таксама разуменне Р. як раптоўнага поўнага разрыву з папярэдняй сац. традыцыяй, замена старога грамадскага ладу на новы процізаконнымі сродкамі, узбр. барацьбой і гвалтам; разам з тым Р. — заўсёды актыўнае паліт. дзеянне нар. мас і мае сваёй мэтай пераход улады ў рукі новай сац. групы. Аб’ектыўныя перадумовы для ўзнікнення Р. ствараюцца тады, калі да напружанасці ў пэўных сац. структурах (надзвычайная сац няроўнасць і інш.) далучаецца неспрыяльная эканам. кан’юнктура (крызіс альбо, часцей, пачатак маруднага эканам. росту ў паслякрызісны перыяд), адсутнасць сац.-эканам. і паліт. рэформ (гл. Рэвалюцыя сацыяльная). Асн. мэтамі Р. нацыянальнай з’яўляюцца вызваленне ад панавання замежнай дзяржавы і набыццё незалежнасці або злучэнне раз’яднаных членаў адной нацыі ў адзіную дзяржаву, салідарнасць паміж рознымі сац. слаямі краіны, ажыццяўленне праграмы нац.-культ. і дзярж. будаўніцтва (гл. Нацыянальнае вызваленне, Нацыянальнае самавызначэнне). У шырокім сэнсе тэрмінам «Р.» абазначаюць любое істотнае пераўтварэнне ў жыцці грамадства, напр., індустрыяльная Р. (гл. Індустрыялізацыя), культурная рэвалюцыя, навукова-тэхнічная рэвалюцыя.

Літ.:

Теория революции. История и современность. М., 1984;

Дзюрасэль Ж.-Б Еўропа з 1815 г. да нашых дзён: Паліт. жыццё і міжнар. адносіны. Мн., 1996;

Эйзенштадт Ш.Н. Революция и преобразование обществ: Сравнит. изучение цивилизаций: Пер. с англ. М., 1999.

М.​А.​Сакалова.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)