Пераваро́т ’рэзкі паварот, змены ў развіцці, ходзе чаго-небудзь’ (Яруш., ТСБМ), ’заварот кішок’ (даўг., Сл. ПЗБ; метрык., Мат. Гом.). Да прасл. *per‑vortъ, якое з *per‑vortiti ’перавярнуць’: ст.-рус. переворотити ’павярнуць у іншы бок; даць справе іншы ход’, польск. przewrócić ’перакінуць; перавярнуць, папераварочваць’, ст.-чэш. přěvrátiti ’перавярнуць, знішчыць, звесці, змяніць, падавіць’, серб.-харв. превра́тити ’перавярнуць’, славен. prevráčati ’перакідваць, пераварочваць, перакульвацца’, балг. превръ́щам ’пераўтвараць, пераварочваць, перарабляць’, ст.-слав. прѣвратити ’пераўтварыць’; параўн. лац. pervertere ’перакульваць, псаваць, перакручваць, скажаць’, гоц. frawardjan ’псаваць’, ст.-в.-ням. farwarttan, far‑werten, ст.-англ. for‑weorþan, ст.-сакс. far‑werdan ’знікаць’, ’псавацца’ — словаўтваральна-семантычны паралелізм. З іншых і.-е. адпаведнікаў прасл. *vьrtiti < *vertiti (якое не захавалася) можна адзначыць ст.-інд. vartatē, літ. ver̃sti ’пераварочваць, перакульваць, пераўтвараць адно ў іншае’ (Трубачоў, Проспект, 71). Лексема пераварот ’гвалтоўная змена манарха’ (ТСБМ) — калька (XVIII ст.) з франц. révolution ’тс’ < лац. revolūtio ’адкат, кругаварот’ — праз польск. ці рус. мовы (Фасмер, 3, 236). Сюды ж піраваро́тнік ’чалавек, што добраахвотна ці па прымусу прыняў іншую веру’ (Варл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)