РЫЕ́Р Якаў Рыгоравіч (н. 21.3.1947, Мінск),

бел. археолаг, гісторык. Д-р гіст. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). З 1969 працаваў у Магілёўскім абл. краязнаўчым музеі, з 1975 у Магілёўскім ун-це. Распрацоўвае праблемы сярэдневяковай вёскі ўсх. і цэнтр. Еўропы. Абследаваў археал. помнікі Магілёўскай вобл., кіраваў раскопкамі паселішча і могільніка 10—16 ст. каля г. Чавусы.

Тв.:

Природная среда и система сельского расселения в Восточной Белоруссии в X—XIII вв. // Методы естественных наук в археологии. М., 1987;

Древнерусская деревня в археологических исследованиях // Тр. V Междунар. конгресса археологов-славистов. Киев, 1988. Т. 2;

Становление феодальных отношений у западных славян в свете археологических данных // Вопр. истории. 1988. № 10;

Очерки истории средневековых цивилизаций. Могилев, 1997.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТЭР (Ritter) Герхард (6.4.1888, г. Бад-Зодэн-Алендорф, Германія — 1.7.1967),

нямецкі гісторык. Брат усходазнаўца Гельмута Р. (1892—1971) і тэолага Карла Бернгарда Р. (1890—1968).

Вучань Г.Онкена. Праф. Гамбургскага (з 1924) і Фрайбургскага (1925—56) ун-таў. Удзельнік Супраціўлення нацысцкаму рэжыму, у 1944—45 зняволены. Прадстаўнік класічнай нац.-дзярж., прапруска-пратэстанцкай традыцыі герм. гістарыяграфіі. Даследаваў розныя перыяды гісторыі Германіі і метадалогію гісторыі. Аўтар прац «Лютэр» (1925), «Штайн» (т. 1—2, 1931), «Фрыдрых Вялікі» (1936), «Сіла дзяржавы і утопія» (1940, у 1948 перавыдадзена пад назвай «Дэманія ўлады»), «Сусветны ўплыў Рэфармацыі» (1941), «Еўропа і нямецкае пытанне» (1948), «Карл Гёрдэлер і нямецкі рух Супраціўлення» (1954), «Дзяржаўная палітыка і ваеннае рамяство» (т. 1—4, 1954—68), «План Шліфена» (1956) і інш.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛІВА́НАЎ Панцеляймон Аляксеевіч (н. 25.8.1919, с. Ірта Ленскага р-на Архангельскай вобл., Расія),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1976). Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію ў Маскве (1952). З 1939 у Сав. Арміі. У 1960—91 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю Беларусі перыяду грамадз. вайны і інтэрвенцыі (1918—20), ваен. будаўніцтва. Адзін з аўтараў «Гісторыі Мінска» (1967), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 3. 1973), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 2. 1985), кн. «Замежная ваенная інтэрвенцыя ў Беларусі, 1917—1920» (1990).

Тв.:

Военное строительство в Белоруссии в период разгрома походов Антанты. Мн., 1973;

Военная деятельность Советов Белоруссии, 1917—1920 гг. Мн., 1980;

Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАБІЧЭ́ЎСКІ Аляксандр Міхайлавіч (27.9.1838, С.-Пецярбург — 11.1.1911),

рускі крытык, гісторык літаратуры. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). Друкаваўся з 1859. У 1868—84 супрацоўнік час. «Отечественные записки». Працы пераважна прысвечаны праблемам «народнай літаратуры», творчасці белетрыстаў-народнікаў (кн. «Белетрысты-народнікі», 1888, і інш.). Аўтар драмы «Кругліцкія» (1862), цыклаў артыкулаў «Нарысы развіцця прагрэсіўных ідэй у нашым грамадстве» (1870—72; кніга спалена па прадстаўленні цэнзара), «Нарысы гісторыі рускай цэнзуры (1700—1863)» (1892), кн. «Гісторыя навейшай рускай літаратуры (1848—1890)» (1891), успамінаў, літ.-крытычных нарысаў пра А.​Пушкіна, М.​Лермантава, А.​Грыбаедава, М.​Дабралюбава, А.​Пісемскага (выд. ў серыі «Жыццё выдатных людзей»).

Тв.:

Литературные воспоминания. М.; Л., 1928.

Літ.:

Коновалов В.Н. Народническая литературная критика: (П.​Л.​Лавров, П.​Н.​Ткачев, Н.​К.​Михайловский, А.​М.​Скабичевский). Казань, 1975.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАРО́ДСКІ Аляксандр Паўлавіч (1850—24.10.1910),

гісторык, педагог, грамадскі дзеяч. Скончыў Пецярбургскі гіст.-філал. ін-т (1876). З 1876 выкладчык Мінскай мужчынскай гімназіі, адначасова з 1887 сакратар Мінскага губ. стат. к-та. На працягу 10 гадоў адказны за выданне «Памятных кніжак Мінскай губерні», дзе змяшчаў свае артыкулы. Яго працы мелі кампілятыўны характар, напісаны ў вялікадзярж. духу. С. адмаўляў самастойнасць бел. народа і яго мовы. Да 9-га Усерас. археал. з’езда ў Вільні (1893) падрыхтаваў бібліягр. паказальнік публікацый па археал. даследаваннях у Мінскай губ., па выніках працы з’езда выдаў брашуру «Дзевяты археалагічны з’езд у Вільні і яго значэнне для Мінскай губерні» (1893). Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў газ. «Белорусский вестник», ініцыятараў стварэння Мінскага царк.-археал. к-та (1908).

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 15, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́Ў Анатоль Піліпавіч (н. 16.8.1925, с. Родзіна Алтайскага краю, Расія),

бел. і рас. гісторык. Д-р гіст. н. (1963), праф. (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1946). Працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (1950—56), у Ін-це гісторыі АН СССР (1957—70), праф. Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1971—80), кіраўнік праблемнай групы ў Ін-це славяназнаўства і балканістыкі Рас. АН (1981—88). Аўтар прац па гісторыі рэв.-дэмакр. руху на Беларусі ў 19 ст., пра дзейнасць К.​Каліноўскага, Ф.​Савіча і інш.

Тв.:

Сигизмунд Сераковский. М., 1959;

Франц Савіч. Мн., 1961;

Революционные связи народов России и Польши, 30—60 гг. XIX в. М., 1962;

Кастусь Калиновский. Мн., 1963;

Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963.

т. 15, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХАМЛІ́НАЎ Міхаіл Іванавіч (12.3.1828, г. Харкаў, Украіна — 21.7.1901),

рускі філолаг і гісторык літаратуры. Акад. Пецярбургскай АН (1872). Скончыў Харкаўскі ун-т (1848). Д-р славяна-рус. філалогіі (1856). З 1860 праф. Пецярбургскага ун-та. Выкарыстаў помнікі слав. пісьменнасці і л-ры як матэрыял для параўнальнага аналізу. Аўтар даследаванняў «Пра старажытны рускі летапіс як помнік літаратурны» (1856), «Пра творы Кірылы Тураўскага» (1858). Апублікаваў 20 «слоў» і прытчаў Кірылы Тураўскага, даследаваў яго паэт. майстэрства, стыль, маст. асаблівасці, высока ацэньваў яго ўклад у развіццё стараж.-рус. аратарскай прозы; выявіў у яго творчасці ўплывы Бібліі, Іаана Златавуста і фальклору, аднак перабольшваў залежнасць ад візант. л-ры. Выдаў «Матэрыялы для гісторыі імп. Акадэміі навук» (т. 1—10, 1885—1900), дзе сабрана больш за 8 тыс. архіўных дакументаў.

т. 15, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПО́ЛЬСКАЯ (Topolska, сапр. Пяховяк, Piechowiak) Марыя Барбара (н. 21.5.1938, в. Кажмінак Велікапольскага ваяв., Польшча), польскі гісторык. Д-р габілітаваны (1984). Скончыла ун-т імя А.​Міцкевіча ў Познані (1960). У 1973—76 ад’юнкт у Вышэйшай пед. школе пры ун-це ў Познані. З 1978 у Аддзяленні па вывучэнні замежнай Палоніі ў Познані (з 1992 Аддзяленне па вывучэнні нацыянальнасцей Польскай АН). З 1997 надзвычайны прафесар Ін-та гісторыі Вышэйшай пед. школы ў Зялёна-Гуры. Вывучае гісторыю культуры літ. і бел. зямель 15—20 ст., гісторыю Вял. Польшчы, праблемы этнічнай гісторыі, культуру польск. эміграцыі. Аўтар кн. «Шклоўскі маёнтак ва ўсходняй Беларусі ў XVII i XVIII ст.» (1969), «Чытач і кніга ў Вялікім княстве Літоўскім у эпоху Рэнесансу і барока» (1984) і інш.

т. 15, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́ЙЧКЕ, Трэйчке (Treitschke) Генрых фон (15.9.1834, г. Дрэздэн, Германія — 28.4.1896), нямецкі гісторык і публіцыст; прадстаўнік малагерманскай (пруска-германскай) гістарыяграфічнай школы. Чл. Германскай АН у Берліне (1895). Выкладаў у Фрайбургскім (з 1863), Кільскім (з 1866), Гайдэльбергскім (з 1867), Берлінскім (з 1874) ун-тах. У 1866—89 рэдактар час. «Preussische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»). У 1871—84 дэп. рэйхстага Герм. імперыі. З 1886 (пасля смерці Л. фон Ранке) афіц. гістарыёграф прускай дзяржавы. У сваёй паліт. і навук.-публіцыстычнай дзейнасці зыходзіў з антысеміцкіх, антысацыяліст., англафобскіх пазіцый. Яго ідэал — моцная манархічная дзяржава, здольная змагацца за сусв. гегемонію (на думку Т., гэта манархія Гогенцолернаў). Аўтар прац «Нямецкая гісторыя ў XIX ст.» (т. 1—5, 1879—94), «Палітыка» (т. 1—2, 1897—98) і інш.

т. 15, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЦЭ́ВІЧ Арсен Восіпавіч (1848, Мінская губ. — пасля 1915),

бел. археограф і гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1872). З 1901 працаваў у Віленскай археаграфічнай камісіі. Складальнік падручнікаў па рас. гісторыі для гімназій (13-е выд., 1911), прадмоў да 35-га і 38-га тамоў «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі», у якіх на падставе вывучэння інвентароў апісаў эвалюцыю феад. рэнты на Беларусі, «Хрэстаматыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1892). Яго манархічна-клерыкальныя погляды пасля 1905 сталі больш ліберальныя.

Тв.:

Краткий исторический очерк Виленской комиссии для разбора и издания древних актов, 1864—1906. Вильна, 1906;

Русские крестьяне под владычеством Литвы и Польши: Краткий ист. очерк. Вильна, 1911.

Літ.:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 117—120.

М.Ф.Турцэвіч.

т. 16, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)