СУХАМЛІ́НАЎ Міхаіл Іванавіч (12.3.1828, г. Харкаў, Украіна — 21.7.1901),
рускі філолаг і гісторык літаратуры. Акад. Пецярбургскай АН (1872). Скончыў Харкаўскі ун-т (1848). Д-р славяна-рус. філалогіі (1856). З 1860 праф. Пецярбургскага ун-та. Выкарыстаў помнікі слав. пісьменнасці і л-ры як матэрыял для параўнальнага аналізу. Аўтар даследаванняў «Пра старажытны рускі летапіс як помнік літаратурны» (1856), «Пра творы Кірылы Тураўскага» (1858). Апублікаваў 20 «слоў» і прытчаў Кірылы Тураўскага, даследаваў яго паэт. майстэрства, стыль, маст. асаблівасці, высока ацэньваў яго ўклад у развіццё стараж.-рус. аратарскай прозы; выявіў у яго творчасці ўплывы Бібліі, Іаана Златавуста і фальклору, аднак перабольшваў залежнасць ад візант. л-ры. Выдаў «Матэрыялы для гісторыі імп. Акадэміі навук» (т. 1—10, 1885—1900), дзе сабрана больш за 8 тыс. архіўных дакументаў.
т. 15, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)