Жале́за 1 Рус. желе́зо, укр. залі́зо, польск. żelazo, чэш., славац., в.-луж. železo, н.-луж. zelezo, палаб. zilʼozü, балг. желязо, макед. железо, серб.-харв. жѐлезо, славен. želę́zo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. желѣзо ’тс’. Літ. geležìs, лат. dzèlz(i)s ’тс’, ст.-грэч. χαλκός ’медзь’. Покарны (1, 435) дае праформу *ghel(ē̆)ĝh‑. Паводле Трубачова (ВСЯ, 2, 1957, 31–34), які адкідвае думку некаторых папярэднікаў (Мейе, Общеслав., 408) пра запазычаны характар слова, яно звязваецца са словамі, што абазначалі камяні, косці (перанос па падобнасці і функцыі): польск. głaz, рус. глаз ’каменьчык’ > ’вока’, ст.-слав. желы, бел. жаўлак (гл.), грэч. χέλῦς ’чарапаха’, галава (гл.). Тады выдзяляецца і.-е. корань *ghel‑ ’камень’. Улічваючы польск. żeliwo ’чыгун’, ‑z‑о (< *‑gʼh‑) мае суфіксальны характар (Шанскі, 1, Ж, 281). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 42–43; Траўтман, 83; БЕР, 535 (дзе этымалогія Трубачова кваліфікуецца як няпэўная).

Жале́за 2 ’жалезная рэч’ (у тым ліку ’свяцільня’) (Сл. паўн.-зах.). Пераноснае, паводле матэрыялу, ад жале́за 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарабя́, жарэ́бны, жарабо́к, жарабе́ц, жарэ́бчык, жаро́бка і інш. Рус. жеребенок, укр. жеребʼя, польск. źrebię, в.-луж. žrěbjo, н.-луж. žrebje, палаб. zribą, zribă, чэш. hřibě, славац. žriebä, балг. ждребя, жребя, макед. ждребе, жребе, серб.-харв. ждре̑бе, славен. žrebè. Ст.-слав. жрѣбѧ, ст.-рус. жеребя ’тс’. Прасл. *žerbę ўтворана з суфіксам *‑ent‑ > *‑ę‑ ад асновы *žerb‑, і.-е. *gerbh‑/*g​uerbh‑/*g​u̯reb‑ ’(Трубачоў, Происх., 53). Апошняе са значэннем ’плод, маладая жывёла, дзіця’ (Покарны, 1, 485) суадносіцца з грэч. βρέφος ’тс’; з слав. параўноўваюць таксама ст.-інд. gárbha ’чэрава, плод’, авест. garəva‑ ’тс’ (Трубачоў, Происх., 53; Фасмер, 2, 48). Скок (3, 673) далучае і супастаўленне з ням. Kalb ’цяля’; Махэк₂ (188) параўноўвае з герм. *xvelpa‑z (ням. Welf) ’шчаня’, хец. huelpi ’маладая жывёла’. Бенвяніст (Индоевр., 182) адзначаў, што падзел асноў I *g​u̯er‑bh‑ і II *g​u̯r‑ebh‑ адбыўся яшчэ ў і.-е., што і адлюстравалася ў санскр. і грэч. формах. Слав., натуральна, належыць да першай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жлоб 1 ’жолаб’ (смаргон., Шатал.). З польск. żłób (р. скл. żłoba) ’тс’. Зафіксавана ўжо ў 1589 г. жлобъ (Булыка, Запазыч., 114). Параўн. з поўнагалоссем жолаб.

Жлоб 2 ’скнара’ (хойн., Шатал.). Рус. наварас. жло́ба ’тс’, рус., укр. прастамоўе жлоб ’скнара, эгаіст, упарты, неразвіты, цёмны чалавек’, польск. żłób ’цёмны, неразвіты, дурны чалавек’. Параўн. ідыш [žlob] ’правінцыял, дзеравеншчына, грубы, неадукаваны чалавек’, дзе слова, аднак, не этымалагізуецца надзейна. Параўн. яшчэ шалапут (гл.) з магчымасцю экспрэсіўнага азванчэння зычных і польск. непоўнагалоснай формай. Аднак у польск. адпаведная глухая форма, здаецца, адсутнічае, а іначай цяжка тлумачыць бел. форму. Перанос у польск. żłób ’жолаб, яслі’ на ’вясковец’ і далейшае развіццё значэння семантычна неверагодныя. Магчымасць сувязі з żłopać ’піць жадна і гучна’ (параўн. жлокаць): ’той, хто прагна п’е, есць з чвяканнем’ > ’скнара, неадукаваны чалавек’ не выключана, але і не мае дакладнага семантычнага і фармальнага пацвярджэння, хаця і зафіксавана польск. варш. żłopak ’п’яніца’ (Вечаркевіч, Słownik; Тувім, Słownik). Слова амаль не фіксавалася ва ўсх.-слав. лексікаграфіі, хаця вядома ў прастамоўі дастаткова шырока.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зало́жнік 1 ’асоба, затрыманая ў якасці гарантыі (залогу)’. Рус., укр. зало́жник, балг. зало̀жник, макед. заложник ’тс’. Утворана ад прым. заложны (які ад залогъ — слова, вядомага яшчэ ў ст.-слав.) са знач. ’такі, што пакінуты ў залог’ з дапамогай суфікса ‑ік (гл. пра словаўтваральную мадэль Сцяцко, Афікс. наз., 104–105). Час утварэння — ст.-рус. ці нават познепрасл., паколькі адпаведныя словы вядомы паўд.-слав. мовам. БЕР, 1, 595. Паводле Шанскага (2, З, 44), рус. слова ўтворана ад дзеяслова заложить ’аддаць у залог’ з дапамогай суфікса ‑ник, аднак гэта азначала б позняе ўтварэнне слова.

Зало́жнік 2 ’паліца для пасуды’ (Жд. 1; круп., Нар. сл.), ’паліца з дзіркамі для лыжак’ (пін., Нар. лекс., 108), залэжнік, залажэ́тнік ’паліца для посуду’ (Сцяшк.). Рус. смал. заложник ’тс’. Назоўнікі з конфіксам за‑ + ‑нік абазначаюць прадметы, размешчаныя за тым, што названа ў аснове (Сцяц., Афікс. наз., 238). Таму, магчыма, слова ўтворана ад ло́жак, а паліца змяшчалася за ложкам (?). Трэба адзначыць, што слова распаўсюджана шырэй, чым словатворчая мадэль, паводле Сцяцко (гом., маг.). Гл. жаложнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Залі́ць 1, золи́ць ’дапякаць’ (Нас.). Рус. наўг., валаг., ярасл., кастр., арханг., маск., сімб. золи́ть ’дапякаць’, укр. золи́ти ’лаяць’, славен. zoliti ’крычаць, бурчаць’, балг. золя́ ’пасыпаць (соллю, перцам)’ (Гераў); параўн. серб.-харв. зо̑љ, зо́ља ’аса’ (якое, аднак, Скок, 3, 664, звязвае з гукапераймальным дзеясловам zújati). Вытворнае назаля́ць (ТСБМ). Даль (1, 691) лічыў золить ’заліць1’, і ’заліць2’ значэннямі аднаго і таго ж слова. Тады заліць 1 — перанос ад заліць 2 ’апрацоўваць лугам’. Ці суадносіцца славен. слова з бел., — няпэўна. Гл. яшчэ зло.

Залі́ць 2 ’апрацоўваць шкуры растворам вапны’ (ТСБМ). Рус. золи́ть, укр. золити ’тс’ і ’парыць бялізну ў растворы попелу’, польск. zolić ’мачыць, парыць у попеле’, ’пэцкаць’, чэш. дыял. zoliť ’пэцкаць’, н.-луж. zoliś ’мачыць, парыць у лузе’. Ст.-рус. золити ’тс’ (XVII ст.). Дзеяслоў з суф. ‑і‑ць ад наз. зала 1 (гл.).

Заліць 3 ’пакрыць вадкасцю’. Рус. зали́ть ’тс’, укр. залити, польск. zalać і г. д. Прэфіксальны вытворны: за + ліць (гл. ліць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збо́жжа ’хлебныя расліны, зерне’. Рус. зах., паўд., бранск. сбожье, збожье ’тс’, укр. збіжжя ’тс’, ’маёмасць’, польск. zboże ’збожжа’, в.-луж. zbožo, н.-луж. zbóžo ’шчасце, дабрабыт’, чэш. zboží ’тавар, маёмасць’, дыял. ’збожжа’, славац. zbožie ’збожжа’. Ст.-бел. збоже (Александрыя). Ст.-укр. збожє (XV ст.). Паўн.-слав. sъbožьje параўноўваюць са ст.-інд. subhágas ’які прыносіць шчасце’, авест. hubaɣa ’шчаслівы’. Фасмер, 2, 84–85. Брукнер (647) лічыць, што ўкр. < польск., паколькі толькі ў польск. (з зах.-слав.) значэнне агульнага багацця перайшло на с.-г. тавары. Улічваючы, што ва ўкр. вядома значэнне ’маёмасць’, адно з агульных для іншых слав. моў, наўрад ці абавязкова ўкр., бел. і дыял. рус., запазычаныя з польск., тым больш што слова фіксуецца яшчэ ў XV ст., хаця, паводле Брукнера, земляробчае значэнне ў польск. з XVI ст. Таму прасл. дыял. sъbožьje, паводле Махэка₂ (712), адцягнены назоўнік ад прыметніка sъbogъ, што дакладна адпавядае прыведзеным паралелям са ст.-інд., авест. Гл. бог, убогі (як антонім). Пра ст.-бел. збоже гл. Шадурскі, дыс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кавыра́ць ’падплятаць’ (Касп.). Рус. ковырять ’тс’ утворана прэфармантам ко‑ ад вирати ’плесці лапці, сеці і да т. п.’, параўн. рус. дыял. вирать ’плясці лапці, кашолкі, сеці; падплятаць лапці; сшываць і інш.’. Такія значэнні дазваляюць тлумачыць кывіряць ’крывіць, перадражніваць’ (Бяльк.), параўн. бел. каверыць (гл.) і рус. дыял. коверить ’крывіць, перадражніваць каго-н.’, як структурную і семантычную паралель параўн. рус. дыял. шевырять ’капацца, варушыць’, шевырялка ’балбатуха’. Адносна фанетыкі (кавыраць — кывіраць) параўн. рус. дыял. вирать ’плесці’ і вирать ’хлусіць, маніць’, вырить ’хітраваць, мудрагеліць’, магчыма і рус. вырей ’чараўнік’. Магчыма, як прыклад суаднесенасці ы/і, можна прывесці і рус. вир ’вір’ і выр, вырь, вырік ’тс’, нягледзячы на заўвагу Фасмера, 1, 370, што паводле фанетыкі гэтыя словы нельга аб’ядноўваць. Адносна ы/і гл. яшчэ Шанскі, ЭИРЯ, 1972, VII, 206–207. Засведчаныя ў рус. гаворках значэнні вирать ’кідаць і пад.’, структурна і семантычна падобныя смал. каверзать ’блытаць; біць, калаціць’, кубан. ’ісці, спатыкаючыся’ дазваляюць зразумець мсцісл. кавырь ’пра парушэнне прывычнага, звычайнага ладу’ (Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажушы́на ’назва вопраткі, паўкажушок’ (Радч.). Укр. кожушина ’больш лёгкі кажух’, рус. зах.-бран. (па тэрыторыі агульнае з бел.) кожушина ’паўкажушок з аўчыны, кажух’, серб.-харв. (павеліч. kòžušina) засведчана ў помніках XVIII ст. балг. кожушина ’вялікі кажух’; гэта ж форма са значэннем ’шалупінне цыбулі’ ў загадках: серб.-харв. «U našega dedušine trideset i dve kozušine, pʼopet mu se rebra vide»; балг. радом. «Стар деда с девет кожушини». Паўд.-слав. паралелі дэманструюць некалькі іншую семантыку, аднак галоўнай перашкодай для канстатацыі архаічнасці прыведзенага слова з’яўляецца прадуктыўнасць суфікса, яго рэгулярны характар, і калі для ўсх.-слав., як і для паўдн.-слав. лексем, сепаратныя сувязі відавочныя, то меркаваць аб роднаснасці паўн. і паўдн. слоў у гэтым выпадку вельмі цяжка. Што датычыцца семантыкі, параўн. яшчэ рус. дом і домина, бел. хата і хаціна; вялікі фактычны матэрыял (і некаторая літаратура) прыведзены ў артыкуле М. Н. Крыўко «Слова з суфіксам ‑ін‑а (‑ын‑а) і яго вытворнымі ў гаворцы вёскі Манякова Міёрскага раёна» (Нар. словатв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́кны ’прыгожы, добры, слухмяны’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк. Сл.; докш., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Нар. Гом.; мядз., Нар. словатв.), сюды ж пекната́ ’прыгажосць’ (ТСБМ), ст.-бел. пенкный, пекный, пиенкный ’прыгожы’ (XVI ст.) і інш. словы гэтага ж кораня. З польск. piękny і piekny ’тс’ (па-беларуску павінна быць *пякны, гл. Станкевіч, Зб. тв., 1, 35), якія разам з чэш. pěkný, славац. pekný, луж. pěkny, а таксама ст.-польск. piękry (насавое e ў польскіх лексемах — другаснае) узыходзяць (паводле Махэка₂, 442) да прасл. *pěkrъ < і.-е. *poi̯k‑ro‑s, параўн. лац. pulcher (< *polcros < *poikros). Яначак (“Sborník” пед. ін-та ў Оламаўцы, 5 (1959), 7), звязвае гэтае слова з літ. bingùs ’прыгожы’, ’выкармлены’, ’прыкметы’, ’прадстаўнічы’, лац. pingius ’тлусты’, тады прасл. аснова будзе *pęk‑. Трубачоў (Этимология–1968, 31) выводзіць больш старажытную форму *pekn‑ і *pekr‑ъ, параўн. гоцк. fagrs, англ. fair ’цудоўны’, з дагерманскага *pokrós; мена пашыральнікаў асновы r/n адбылася яшчэ ў даславянскую эпоху.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́вад 1 ’прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня (цяля, карову)’ (ТСБМ, Янк. 1, Янк. Мат., Шат., Касп., Маслен., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), по́выд (Бяльк.) ’тс’; ’сцябло гарбуза’ (Мат. Гом.), по́вод ’тс’ (Шатал., ТС), по́вад ’гульня: гульцы становяцца ў лінію, бяруцца за рукі, утвараючы “повад”’ (ЭБ), ст.-бел. поводъ ’кіраванне’ (1596). Укр. по́від, рус. по́вад, польск. powód, серб.-харв. по́вод ’повад’. Прасл. *povodъ ад *povoditi, параўн. пово́дить ’кіраваць валамі ў вупражы’ (Маслен.) < *po‑ і *voditi, ст.-бел. водца ’вуздэчка’, чэш. vodítko ’аброжак, павадок’. Гл. вадзіць, весці.

По́вад 2 ’парода (жывёлы)’ (Касп.). Ст.-укр. поводъ ’пачатак, паходжанне’, рус. па́вод ’парода’, чэш. původ ’паходжанне’, славац. pȏvod ’тс’, параўн. яшчэ вывадак, рус. заво́д (гл.) ’гаспадарка па развядзенні жывёлы’. Да повад 1 (гл.).

По́вад 3 ’прычына, падстава’ (ТСБМ). Ст.-бел. поводъ ’падстава’ (1423). Да повад 1 (гл.); што да семантыкі, параўн. англ. breed ’парода’ > ’быць прычынай чаго, выклікаць што’. З іншай прэфіксацыяй параўн. пры́вад (прівод) ’слушнасць, дарэчнасць’ (Нар. лекс.), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)