сыграць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што, на чым і без дап. Выканаць што‑н. на музычным інструменце. Сыграць на гітары. Сыграць лявоніху. ▪ Вось [Васіль] сыграе што-небудзь, моладзь патанцуе. Кавалёў. // што. Падаць які‑н. сігнал ігрой на музычным інструменце. Сыграць адбой. ▪ Аднойчы ў час канцэрта сыгралі трывогу, і байцы пайшлі ў бой. «ЛіМ». // перан.; на чым. Уздзейнічаць на чые‑н. пачуцці, і пад. для дасягнення пэўных мэт, выкарыстаць чые‑н. пачуцці, настрой у сваіх мэтах. Сыграць на шчырасці.

2. што. Выканаць, паставіць у тэатры, на сцэне (п’есу, оперу і пад.). Сыграць спектакль. // у чым. Прыняць удзел у выкананні п’есы, оперы і пад.; выступіць. Сыграць у кінафільме. Сыграць у аперэце. // Паказаць на сцэне, выканаць якую‑н. ролю. [Галіна:] — Я вось скончыла тэатральны інстытут, ужо год працую ў тэатры і яшчэ не сыграла ніводнай адказнай ролі. Рамановіч. [Тамілін:] — Я вось думаю, калі будзе пасля вайны напісана п’еса пра нас, дык абавязкова сыграю ролю генерала ляснога фронту. Шчарбатаў.

•••

Сыграць першую скрыпку — адыграць галоўную ролю ў якой‑н. справе. На чарзе новыя клопаты: сяўба яравых. І тут механізатары павінны, як кажуць, сыграць першую скрыпку. Шымук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)