ухілі́цца, ухілюся, ухілішся, ухіліцца; зак.
1. Адхіліцца ўбок, адхіснуцца. Жаўнер, на якога замахнуўся дзед, пабялеў, як палатно, і падаўся крута ўбок, каб ухіліцца ад сякеры. Колас.
2. Звярнуць, павярнуць у якім‑н. напрамку. [Сцяпанаў:] — Вяртаючыся дамоў, я знарок ухіліўся ад курсу ў правы бок. Алешка.
3. перан. Адысці, адхіліцца ад чаго‑н. асноўнага, першапачатковага. [Клёст:] — Э, сябры мае мілыя, ды мы ж ад тэмы ўхіліліся! Вася, налівай. Зробім яшчэ па адной. Шашкоў.
4. перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. Міхал ідзе ды йдзе ў абходы, І не ўхілішся ад шкоды: То дуб ссякуць, бярозу зваляць. Колас. Нават самаму вопытнаму драматургу вельмі цяжка ўхіліцца ад памылак «тэхнічнага» характару. Ярош.
5. перан. Адмовіцца, устрымацца ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў. Няхай сабе і ноч ідзе, Не ўхілюся ад сустрэчы З усім, што прыйдзе да мяне. Буйло. Мне ўхіліцца б лепш тады адразу і ад спрэчак, і ад вашых спраў. Русецкі. // Пазбегнуць прамых, адкрытых выказванняў, меркаванняў. — А хіба мы з табой адны на свеце? — спытаўся я, каб ухіліцца ад адказу. Гарбук. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся.. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)