Ды́лда ’высокі, непаваротлівы, нязграбны чалавек’, засведчана ў Вілен., Ковен., Гродз. Мін. губ. (Нас.), ’высокі, сутулаваты’ (Шат.), ’даўгавязы чалавек’ (Бяльк.), ’высокі худы чалавек’ (Касп.); гл. і Сл. паўн.-зах.; рус. ды́лда ’тс’, таксама ’жардзіна’. Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 19) этымалогіі рус. слова (бел. матэрыял ніхто раней не прыводзіў) лічыць непераканаўчымі і мяркуе, што гэта запазычанне з балт. моў; параўн. літ. dìlda ’непаваротлівы, неправорны чалавек’, лат. dilda ’дылда’ (Лаўчутэ, там жа, 19–20). Гл. яшчэ агляд версій у Фасмера, 1, 558.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кая́к ’лёгкая скураная аднамесная лодка з двухлопасцевым вяслом у некоторых народаў Поўначы’ (ТСБМ), ’лодка з плоскім дноў’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус., укр. кая́к, польск. kajak ’разнавіднасць малой спартыўнай лодкі’ (з XX ст., гл. Слаўскі, 2, 23), чэш., славац. kajak, серб.-харв. kàjak. Запазычанне з эскімоскай мовы праз ням. і англ. У XVII ст. у ням. мове з’явілася ў форме kajakka (пазней Kajak). У мове эскімосаў першапачатковае значэнне слова — «аднамесная крытая лодка для мужчын». Гл. яшчэ Клюге, 339.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўбо́й ’каўбой’ (ТСБМ, БРС). Рус. ковбо́й, укр. ковбо́й ’тс’. Паводле Шанскага, 2, 180, запазычанне новага часу з англ. мовы. Упершыню адзначаецца ў слоўніку замежных моў у 1933 г. Можна меркаваць, што слова запазычана дзесьці на пачатку XX ст. Англ. cowboy (літаральна ’пастух’) складаецца з англ. слоў cow ’карова’ і boy ’хлопчык, хлопец’. Ад запазычанага каўбо́й у рус. мове ўтворана (упершыню адзначаецца ў крыніцах у 1933 г.) ковбо́йка, якое ўзнікла на базе словаспалучэння ковбойская рубаха і аформлена суфіксам ‑ка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Курду́пель ’чалавек малога росту’ (Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Нар. лекс., ТС, Касп., Сцяшк. Сл.). Укр. курдупель ’тс’, польск. kurdupel ’тс’ хутчэй за ўсё запазычаны з беларускай або ўкраінскай мовы. Бел. курдупель ад курдупы (гл.). Складанае слова рэканструюецца як kъrno‑dupъ (параўн. kъrno‑nosъ ’курносы’). Падрабязна гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 72–73 з картай на с. 71. Гіпотэза аб балтыйскім паходжанні неверагодная. Літ. kurdùpelis само запазычана з бел. курдупель (параўн. Лаўчутэ. Балтизмы, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бамбі́за ’вялікі, няўклюжы’ (БРС, Гарэц., Бір. Дзярж., Нас.), ’гультай, абібок, някемны’ (Бяльк.), таксама бамбі́с (Бір. Дзярж.), банбі́зіна (Шат.). Рус. дыял. (смал.) бамби́за. польск. bombiza ’няўклюжы, тоўсты, брухач’, bambiza ’пратэстанцкі свяшчэннік’. Лічыцца запазычаннем з літ. bambizà, bambìzas (bambỹzas) ’тс’. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 49–50 (да этымалогіі літ. слова гл. Фрэнкель, 1, 33). З іншага боку польск. словы (resp. бел.) хочуць растлумачыць запазычаннем з с.-лац. bombizare ’быць надутым, гаварыць пагардліва’ (Варш. сл., 1, 189, параўн. Брукнер, 35).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Беке́ша (Нас.), таксама беке́ш (Сцяшк. МГ, Сакал.), біке́ш (Янк. Мат., Інстр. I), бікеша (Інстр. I). Запазычанне з польск. bekiesza (а гэта з bekieszka; ад прозвішча Bekesz венгерскага караля С. Баторыя, гл. Кіт, ЭИРЯ, IV, 48 і далей). Варыянт беке́ш, біке́ш адлюстроўвае венг. форму bekes (< польск.). Гл. Фасмер, 1, 146; Кіт, там жа; Шанскі, 1, Б, 83. Аб гісторыі слова падрабязна (з літ-рай) гл. таксама MESz, 1, 271. Параўн. ст.-бел. бекешка (XVI ст., Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ано́да ’эфір, які п’юць замест гарэлкі’ (гродз., А. П. Цыхун, пісьм. паведамл.). З польск. anodyna ’сумесь этылавага спірту і этылавага эфіру, якую ўжываюць як абязбольваючы сродак’ (з грэч. ἀνώδυνος ’абязбольваючы’); у польскую мову слова трапіла праз лац.; з польск., напэўна, у літ. дыял. anòdyja (LKŽ). На карысць польскай крыніцы ўказвае наяўнасць у польскім «піяцкім» жаргоне выразу «na anody iść» («ісці ў аптэку па анадыну для выпіўкі», Тувім, PSP, 39). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 3, 72–73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асе́ліца ’наваколле; луг, поле, гароды каля вёскі’, осэлиця ’выкапаны на мяжы дзірван’ (пруж., Выг. дыс.), асёлак ’тс’ (Шат.). Польск. дыял. osielica ’луг каля сядзібы’, з беларускай. Карскі (1, 334) адзначае оселица ў помніку 1532, Булахаў, Працы IM, 7, 141, оселичный — у Мінскіх актах 1582–1590. Чачот справядліва лічыў слова беларускім ідыяматычным. Карскі (2–3, 33) выдзяляў марфемы о‑сел‑и‑ца. Шлях утварэння прэфіксальна-суфіксальны ад кораня сел‑ (гл. сяло), тая ж мадэль, што аколіца: ’месца каля (о‑) сялібы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асно́ва. Першапачаткова ’ніткі, што ідуць уздоўж тканіны’. Рус., укр., балг., макед. основа, серб.-харв. основ, польск. osnowa, чэш., славац., славен. osnova, ст.-рус. основа. Праслав. *o(b)snova (Трубачоў, Ремесл. терм., 113) утворана як бяссуфіксны назоўнік ад прэфіксальнага дзеяслова *o(b)sno‑vati (аснаваць), які ад снаваць (гл.). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 663; Фасмер, 3, 162; БМ 61, 1, 3; Булахоўскі, Тр. ИРЯ, 1, 173. Недакладна адносіць утварэнне слова да XIX–XX стст. (Гіст. лекс., 248).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балагу́р, балагу́рыць, балагу́рлівы (Касп., Нас.). Рус. балагу́р, балагу́рить, укр. балагу́р, балагу́рити, балагу́ркати. Мабыць, складанае слова. Першая частка да бала‑ (параўн. бала́каць, балабо́ліць, балабо́ніць) або *bajati, другая — да гавары́ць (параўн. рус. дыял. гу́ркать ’гаварыць’). Бернекер, 40; Фасмер, 1, 112; Рудніцкі, 61. Іначай, але не зусім абгрунтавана, Шанскі, 1, Б, 19. Неверагодна Якабсон, Word, 7, 189, які выводзіў балагу́р з балагу́ла (гл. балаго́л1). Кноблах (, 1969 (2), 141) бачыць тут (як і ў слове баламут) экспрэсіўны прэфікс bala‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)