Кі́рка ’прадаўгаваты завостраны малаток для драблення цвёрдай пароды’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (ТС, Др.-Падб., Бяльк.). Праз рус. кирка ’тс’, якое, паводле Шанскага (2, 136), запазычана з грэч. κερκίς ’матыка’ (?) з пераходам у іншы марфалагічны тып (назоўнікі ж. р. на ‑а). Гэта этымалогія належыць Матцэнаўэру (LF, 8, 165). Але значэнне ’матыка’ для грэчаскага слова застаецца невядомым ні для Матцэнаўэра, ні для Фасмера (2, 238). Апошні сумняваецца ў гэтай этымалогіі, лічачы больш верагоднай этымалогію Корта (AfslPh, 9, 518) (< тур. küräk ’лапата’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)