Крук1 ’род вялікага цвіка з загнутым тупым канцом’ (ТСБМ, Шат., Жыв. сл., Бяльк., Яруш., Сл. паўн.-зах., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом.). Ст.-бел. крукъ (з 1571 г.) разглядаецца як запазычанне праз польск. kruk (гл. Булыка, Запазыч., 179) з ням. Krücke. Аднак само польск. kruk лічыцца запазычаннем з бел. крук або ўкр. крук (Слаўскі, 3, 170). Гэтыя ўсходнеславянскія лексемы тлумачацца як паўночнагерманізмы. Параўн. ст.-ісл. krōkr ’гак, крук’ (Тэрнквіст, Studien, 63–68).

Крук2 ’матыка з двума зубамі’ (Шат., Нар. лекс., Жыв. сл., Сержп. Пр., Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Гл. крук1.

Крук3 ’вочап у калодзежы’ (Шат., Нар. словатв., З нар. сл., ТС). Гл. крук1.

Крук4 ’крумкач’ (Нас., Сержп. Пр., Шатал., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Ва ўсіх польскіх дыялектах kruk ’тс’ (апрача паўднёва-ўсходняй часткі малапольскіх, дзе ў тым жа значэнні — gawron) (Струтынскі, Nazwy, 12; Смыль, 18, 4, 149). У частцы вялікапольскіх і малапольскіх дыялектаў ’грак, Corvus frugilegus’ (пры поўнай дамінацыі ў тым жа значэнні). Кашуб. krek ’крумкач’. Руская тэрыторыя распаўсюджання гэтай назвы мяжуе з беларускай і ўкраінскай. Іншыя паўночнаславянскія дыялекты слова kruk не ведаюць. Не ведаюць яго і паўднёваславянскія дыялекты. Адзінае выключэнне, зафіксаванае толькі ў Скока, харвацкае дыялектнае kruk ’Corvus corax’ (2, 214). Таго ж паходжання балтыйскія вытворныя: літ. krauklỹs ’варона’, kriauklỹs ’крук’, лат. kraûklis ’тс’. Такім чынам, балтыйская геаграфічная арыентацыя слова даволі ясная. З іншага боку, вядома, што для балтыйскіх і славянскіх моў для ’Corvus corax’ і ’Corvus corone’ рэканструюецца vornъ (varnas) і vorna (varna). Таму ёсць падставы меркаваць аб іншамоўным паходжанні крук. Геаграфія наводзіць на думку аб гоцкай крыніцы. Паколькі пра гоцкія крыніцы нічога не ведаем, нельга не звярнуцца да паўночна-германскіх: ст.-ісл. krákr ’Corvus corax, kráka ’Corvus corone’ — hrókr ’Corvus frugilegus’. Kruk з hrōk/hrauk. Параўн. гутн. (дыялект вострава Готланд, які, магчыма, збярог архаіку, блізкую да гоцкай) rōk/rauk ’Corvus frugilegus’. У многіх польскіх гаворках kruk — ’Corvus frugilegus’ (Смыль, PF, 18, 4, 149). Ясныя сляды ўплыву гоцкай сістэмы на балта-славянскую бачым у кашубска-славінскім варыянце: krak ’Corvus corax’, kraka ’Corvus corone’, krëčk (< kruk) ’Corvus frugilegus’, які амаль што поўнасцю супадае з паўночнагерманскай (эвентуальна гоцкай), параўн. бел. палес. кракаворан ’воран’ (гл.). Такім чынам, бел. і польск. крук < гоц. *hrōks (ō > au > u, як bōka > прасл. bukъ). К на пачатку крук пад уплывам крак або канцавога к (Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 95–97). Іншыя версіі параўн. у Слаўскага, 3, 172.

Крук5 ’строй птушак клінам пры палёце’ (ТС). Гл. крук1.

Крук6 ’сляпень (Сцяшк. Сл.). Магчыма, да крук1, улічваючы яго моцны колюча-рэжучы ротавы апарат (БелСЭ, 9, 598). Параўн. кручок3 (гл.).

Крук7 ’кроква’ (Мат. Гом.). Гл. кроква.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́варанак1, жаўранак, жаўру́к (ТСБМ), жарва́нак (Мат. Гом.) ’птушка Alaudidae’. Рус. жа́воронок, дыял. жа́вронок, укр. жайворонок, дыял. джа́ворок, джа́воронок, палаб. zevornak; параўн. рус. дыял. зговоронок (Праабражэнскі, 1, 220), сковронок, щевронок, польск. skowronek, чэш. skřivan, skřivánek, дыял. skovránek, skovránok, (славац. skovran, skovránok, серб.-луж. škowronk, в.-луж. škowrončk, н.-луж. škobronk, славен. škrjánec, skrjánček, ц.-слав. сковраньць (Міклашыч, Lex. paleosl., 846) ’тс’; параўн. яшчэ рус. скворец, в.-луж. škorc, балг. скорец, балг. уст. сколовранец ’шпак’ (трэба ўлічваць, што рус. дыял. пск. жаворонок ’шпак’). Шанскі (1, Ж, 272) лічыць жаворонок утвораным з суфіксам ‑ък‑ ад уст. і фалькл. жаворонъ (Словарь, II, 180). Агульна прынята думка аб тым, што другая частка ўсх.-слав. слова суадносіцца з воран (гл.), прапануецца шэраг паясненняў першай часткі (Фасмер, 2, 32, 3, 644). Трэба, відаць, прыняць неабходнасць агульнага разгляду варыянтаў з пачатковымі жа‑ і ск(о)‑ у сувязі з іншымі падобнымі суадносінамі (гл. жабанець, жабрак). Формы тыпу жаўрук, н.-луж. škobronk, калі іх не разглядаць як пазнейшыя (усечаную або з падстаноўкай b замест w), пярэчаць уяўленню аб складаным характары слова. Паколькі назвы жаваранка і шпака, што належаць да вераб’іных, перакрыжоўваюцца, магчыма дапускаць агульнасць жавор‑, сковор‑ і сквор‑ у рус. скворец, а тады шукаць тлумачэнне кораня *sk(o)v(o)r‑. Цікавыя ў гэтых адносінах скверціся ’крычаць, верашчаць, плакаць з крыкам’, скверашчаць ’тс’ (Нас.), а магчыма, і чэш. рэдк. škovrati ’вытвараць трэлі (пра птушак)’, скавытаць, укр. скав(у)чати ’скавытаць’. Адсутнасць (ці невыяўленасць) надзейных неславянскіх паралелей ускладняе, аднак, тлумачэнне ўказанага гіпатэтычнага кораня і хутчэй сведчыць у карысць кампазітнага характару слова, але ні супастаўленні са ст.-слав. гавранъ ’воран’ і яго адпаведнікамі, якія даюцца ў пацвярджэнне гукапераймальнага характару жа‑, га‑, ско‑, ні супастаўленне з сквар‑, жар‑ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 288–285), ні паясненні праз экспрэсіўны характар першай часткі (Брукнер, 496; Махэк₂, 550) не могуць лічыцца пэўнымі.

Жа́варанак2, жа́ўранак, жаўру́к ’булачка, што выпякаецца 9 (22) сакавіка’ (Нас.). Рус. жа́воронок, укр. жа́воронок ’тс’. Ад жа́варанак1 у сувязі з веснавым прылётам птушак (у сакавіку), магчыма, дахрысціянскага характару. На гэта ўказвае абрад клікання вясны, запісаны Г. Цітовічам (Ант., 34, 564): у час выканання песні «Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце» дзяўчаты і маладзіцы падкідвалі ўгору выпечаных з цеста жаўрукоў, а мужчыны «акампаніравалі» на берасцяных пастухоўскіх трубах. Жаваранкі і ў іншых песнях (параўн. БНТ, Весн. песні, № 158–160). Гл. Іванаў, Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 129. Параўнанне 40 жаваранкаў з душамі 40 мучанікаў (9 сакавіка — дзень 40 мучанікаў), на якое ўказвае Насовіч, позняе (параўн. саракі). 9 (22) сакавіка — дзень пачатку вясны. Пра ўсх.-слав. абрад гл. В. К. Соколова, Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов. М., 1979, с, 67–93.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каблу́к1 ’абцас’ (БРС, ТСБМ, КТС; кап., КЭС). Козыраў (Цюркізмы, 22) адзначае, што ў паўн.-бел. гаворках звычайна ўжываецца слова каблук. У бел. літар. мове — запазычаннез рус. каблук ’тс’, што датычыць паўн.-бел. слова, то Козыраў (там жа) адзначае, што калі гэта цюркізм, то запазычаны ў волжскіх татар, адкуль праз гаворкі трапіла ў Беларусь. Для рус. каблук, якое аднойчы адзначана ў рускіх граматах (пачатку XVI ст.), прапанавалася як уласна славянская этымалогія, так і запазычанне з усходу. Апошняя версія падтрымлівалася, напрыклад, Вахрасам, Наим. об., 48. Прыхільнікі гэтай версіі, прапанаванай яшчэ Рэйфам, бачаць у гэтым слове цюрк. корань каб ’футляр, абалонка’ і ‑лык/‑лукцюрк. афікс, гл. Аракин, Цюркізмы., 136, параўн. рус. том. каблык ’абцас’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 107. Паводле гэтай этымалогіі, каблук ’абцас’ нельга аддзяляць ад каблук ’выгіб, паўкружжа і г. д.’ Гл. каблук2.

Каблу́к2 ’вертыкальны абруч у кошыку; ручка’ (Жд. 3), ’ручка ў кошыку’, ’аснова, круг для кошыка’ (З нар. сл.), ’кальцо з лазы, частка кашолкі, каша’ (Сіг.), ’маленькая дужка ў цэпе’ (Выг.), ’жалезны прэнт з боку бараны, за які чапляюцца пастронкі; аснова бараны’ (Выг., Жыв. сл., Сержп. Земл.), ’ручка касы’ (ДАБМ), ’дэталь касы: дуга з нацягнутым палатном, замацаваным на кассі’ (Сіг.), ’крук на канцы аглоблі’ (Нар. словатв.), ’доўгая сагнутая дошчачка, абодва канцы якой адначасова з’яўляюцца клёпкамі ў цэбры’ (Малч.), ’круглае рабро ў рыбалоўных пастках’ (Крыв.), каблукы ’прыстасаванне насіць сена жывёле’ (Клім.). Укр. каблук ’дуга, частка акружнасці’, ’дуга ў прыстасаванні для лоўлі рыбы’, ’верх шляпы’, ’абечак’, ’дугападобна выгнуты прут, прыстасаванне па ручцы касы пры касьбе збожжавых’, рус. каблук ’уступ, рубец карніза’, ’рыбалоўная снасць’, ’каўпер’, польск. kabląk ’выгіб, дуга, паўкружжа, арка’, kablęk ’ручка ў кошыку’, у спецыяльнай тэрміналогіі і ва ўсходніх гаворках (гістарычна не польскіх) слова ўжываецца ў значэннях ’дэталі розных прыстасаванняў у ярме, касе, рыбалоўнай снасці’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю — паўн.-слав. утварэнне, безумоўна, звязанае са слав. lǫkъ, lęktʼi, параўн. сінанімічныя каблук, самалук, лук, рус. облук, серб.-харв. о̀блук і інш., аднак структура слова не зусім ясная. Многія аўтары сыходзяцца на тым, што ў даным выпадку мела месца або двайная прэфіксацыя ка‑ + ‑ов‑, або толькі кa + oblǫkъ. Паводле Слаўскага, 2, 10, ka‑błąk, засведчанага толькі аднойчы ў дыялектах, — вынік перараскладання слова obląk, аднак з гэтай думкай не пагаджаецца Трубачоў, Эт. сл., 9, 107, які лічыць, што шырокая распаўсюджанасць слова на ўсх.-слав. тэрыторыі і наяўнасць яго ў ст.-рус. помніках не дазваляюць згадзіцца з познім характарам утварэння. Але аргумент Трубачова не з’яўляецца сур’ёзным, паколькі да XVI ст. Адносяцца толькі дзве фіксацыі — 1521 і 1587 гг. Думка Слаўскага, такім чынам, выглядае цалкам мажлівай, аднак сумненне выклікае паралелізм значэнняў ка‑ і о‑. Гл. Фасмер, 2, 151.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́шнік1 ’галаўны ўбор, намітка’ (Бяльк.), ’старадаўні рускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе ўпрыгожанага шчытка пад ілбом’ (БРС, ТСБМ). Слова ў другой фіксацыі неабходна лічыць русізмам, больш цяжкая справа з усх.-бел. лексемай. Адпаведнік гэтаму слову ў рус. мове: кокошник ’жаночы галаўны ўбор («кичкообразныя, полотенчатый, в виде чепца, шапочки, …широкой туфли, шитой золотом и позументом») і да т. п.’, змястоўнае апісанне рэалій дае СРНГ, 14, 101–102. Месца распаўсюджання слова — пск., цвяр., калуж., валаг., наўг. і інш., у глыбіні рус. моўнай тэрыторыі, сведчыць аб тым, што рус. лексема, паралелей да якой у іншых мовах не знаходзіцца, з’яўляецца інавацыяй. Бел. у такім разе або непасрэдна суадносіцца з рус. (у выніку гістарычнай сувязі ўсх.-бел. гаворак з рус.), або пранікненне з рус. гаворак. Нельга выключыць і магчымасці прыўнясення слова перасяленцамі. Што датычыцца матываў намінацыі рус. лексемы, можна саслацца на даследаванне Зяленіна, які меркаваў, што тэрмін суадносіцца з назвай курыцы (або пеўня) кокошь па той прычыне, што рэалія нагадвае грэбень на галаве птушкі (Russ. Volksk., 234 і наст.; там і малюнак). Іншыя назвы галаўнога ўбору, звязаныя з назвай птушкі: рус. кокоша, кокошка, сорока.

Како́шнік2 ’капытнік, Calla palustris’ (мін., Кіс.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.), какочнік ’тс’ (він., Ганч.; Кіс.). Какошнік як ’бабоўнік’ (Жд. 2), аднак, відавочна, што тут размова ідзе аб той жа расліне (параўн. нар. сінонімы для Calla palustris: заячы бабоўнік, бобак, бабоўнік), а зусім не пра бабоўнік ’Laburnum’ — ядавітую расліну, назва якой у бел. мове калькуе рус. тэрмін бобовник і з’яўляецца вельмі няўдалай, паколькі ў бел. гаворках лексема бабоўнік азначае расліну Calla або Menyanthes. Гэтыя расліны непадобныя, аднак у іх падобныя па форме карэнні, што тлумачыць аднолькавасць назвы. Як сінонім да бабок ’Menyanthes’ падае слова бабоўнік і ТСБМ, прыводзячы трэцім значэннем ’Laburnum’. Відавочна, што тут недакладнасць тлумачэння лексемы какошнік (Жд. 2): ужыта для дэфініцыі народная назва. Адсутнасць шматлікіх сінонімаў у бел. гаворках для расліны Menyanthes дазваляе думаць, што какошнік у мінска-маладзечанскім слоўніку азначае толькі ’ < аІІа’ і нельга меркаваць аб магчымым пераносе назвы какошнік на Menyanthes. Зафіксаваны варыянт какочнік уяўляе спробу паказаць унутраную форму або трансфармацыю «суфікса» на больш падыходзячыя ў выніку дээтымалагізацыі лексемы. Фармальныя паралелі да гэтага слова ў рус. кокошник; дакладных адпаведнікаў няма. Улічваючы, што ўтваральная аснова ў бел. мове вельмі рэдка прадстаўлена (гл. какотках і інш.), можна дапусціць, што тэрмін какошнік старыбел. інавацыя даўняга перыяду або наогул архаізм; у слав. мовах няма агульнай назвы для Calla. Апошняе меркаванне, аднак, толькі дагадка. Матывацыя суаднесенасці назвы расліны з тэрмінам для птушкі раскрываецца праз сінонімы петушкі. пеўнікі (гом., Кіс.), гуска, птушкі (маг., Кіс.), пітушкі (Бяльк.) і вядомыя меркаванні, паводле якіх так называюцца расліны з белым колерам кветак або са спалучэннем белага і жоўтага. Параўн. яшчэ рус. белокрыльник.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),

Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м. Пл. 108,9 тыс. км². Нас. 10 446 тыс. чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г. Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).

Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.

Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх. ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш. Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.

Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс. н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.​Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.​Р.​Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.​Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.​Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.​Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.​У.​Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.​В.​Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.​Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл. ААН з 1945, Арг-цыі амер дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн. паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац. рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.

Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс. т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр. ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн. т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн. харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс. т нафты, 1,4 тыс. т свінцу, 1,3 тыс. т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн. кВтгадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн. прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс. км, у т. л. 2,9 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс. км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гватэмалы.
Да арт. Гватэмала. Нацыянальны палац і Цэнтральны парк у г. Гватэмала.
Да арт. Гватэмала. Краявід у наваколлі вулкана Агуа.

т. 5, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАПІС НАСЕ́ЛЬНІЦТВА працэс збору дэмаграфічных, эканам. і сац. звестак, якія характарызуюць жыхароў краіны або пэўнай тэрыторыі ў пэўны момант. Асн. мэта П.н. — атрыманне звестак пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі, неабходныя для найб. эфектыўнай арганізацыі сац.-эканам. жыцця краіны. П.н. ахоплівае ўсіх жыхароў краіны: пастаянных жыхароў кожнай тэр. (пастаяннае насельніцтва) і тых, што знаходзяцца на ёй у момант перапісу незалежна ад часу знаходжання (наяўнае насельніцтва), уключае і тых грамадзян дзяржавы, што знаходзяцца за мяжой. Звесткі, якія збіраюцца пры П.н., вызначаюцца праграмай перапісу, асн. ч. якой з’яўляецца адзінай для ўсяго насельніцтва краіны. Праграма П.н. звычайна ўключае: дэмаграфічныя адзнакі (пол, дата нараджэння або ўзрост, колькасць дзяцей і інш.), эканам. адзнакі (занятак, прафесія, крыніца сродкаў існавання і інш.), характарыстыкі адукаванасці і ўзроўню кваліфікацыі, этнічныя адзнакі, грамадзянства, пытанні пра жыллёва-бытавыя ўмовы. Апрацоўка даных П.н. звычайна праводзіцца па адм. адзінках. Поўная іх распрацоўка можа займаць некалькі гадоў. Асн. навук. патрабаванні да П.н.: цэнтралізаванасць; наяўнасць вызначанай праграмы і яе адзінства; ахоп усёй тэрыторыі; усеагульнасць; індывідуальнасць рэгістрацыі; непасрэднае атрыманне звестак у насельніцтва; адначасовасць; перыядычнасць.

П.н. папярэднічалі розныя формы ўліку насельніцтва, якія праводзіліся ў Стараж. Грэцыі, Вавілоне, Стараж. Егіпце (каля 2800—2250 да н.э.), Месапатаміі, Кітаі (каля 2238 да н.э.), Японіі і інш. Найб. вядомыя ўлікі вольных грамадзян (цэнзы) пры імператары Серв Тулію ў Стараж. Рыме (6 ст. да н.э.). У Расіі з 1718 праводзіліся дзярж. рэвізіі насельніцтва; праведзена 10 рэвізій: 1-я ў 1719—27, 10-я ў 1857—60. Пачатак усеагульнаму і рэгулярнаму ўліку насельніцтва паклалі ЗША (1790), Швецыя (1800), Вялікабрытанія, Данія, Нарвегія і Францыя (1801). Першы перапіс, які адпавядаў навук. прынцыпам уліку, праведзены ў Бельгіі ў 1846 пад кіраўніцтвам А.​Кетле. У пач. 19 ст. П.н. ахопліваў 1,1% насельніцтва, да канца 20 ст. — 95% насельніцтва ў 202 краінах свету. Большасць развітых краін праводзяць перапіс кожныя 10 гадоў; некаторыя — паміж суцэльным П.н. праводзяць выбарачны перапіс.

На тэр. Беларусі пачатак уліку насельніцтва адносіцца да 9 ст. (вёўся з фіскальнымі мэтамі для падаткаабкладання). Колькасць насельніцтва на тэр. Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай вызначалася на аснове тарыфаў падымнага абкладання, дзе за адзінку абкладання браўся дом ці дым. З 17 ст. вяліся падворныя перапісы. У 1897 адбыўся ўсеагульны П.н. на тэр. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Рас. імперыі. 1-ы ўсеагульны П.н. ў БССР праведзены ў 1926. Вынікі перапісу 1937 з-за разыходжання звестак з тымі, якія меркавалася атрымаць, былі забракаваны. Матэрыялы П.н. 1939 у сувязі з пач. 2-й сусв. вайны часткова распрацаваны ў пасляваенны час і апублікаваны ў 1995. Пасляваенныя П.н. праводзіліся больш рэгулярна (1959, 1970, 1979) і практычна паўтаралі праграму перапісу 1939. У перапісе 1989 дадаткова збіраліся звесткі аб жыллёвых умовах насельніцтва. Аднак у сувязі з распадам СССР праект распрацоўкі і публікацыі матэрыялаў гэтага перапісу ажыццёўлены не поўнасцю (па Беларусі яны апублікаваны толькі для службовага карыстання). П.н. Рэспублікі Беларусь 1999 праводзіўся па больш шырокай праграме, якая ўлічвала кардынальныя перамены ў сац.-эканам. развіцці краіны і структуры грамадства. Напр., большая ўвага звярталася на пытанні занятасці насельніцтва, моўнай сітуацыі.

Дынаміка колькасці насельніцтва. Колькасць насельніцтва Беларусі мянялася нераўнамерна ў выніку 1-й і 2-й сусв. войнаў, хваляў эпідэмій, голаду, міграцый, паліт. рэпрэсій. Паводле звестак Усерас. П.н. 1897, на Беларусі ў сучасных межах пражывала больш за 6,6 млн. чал. У сувязі з ростам эміграцыі ў ЗША, Канаду, Аўстралію, краіны Зах. Еўропы адмоўнае сальда міграцыі насельніцтва склала за 1897—1913 каля 0,5 млн. чал. У 1-ю сусв. (1914—18) і грамадз. (1918—20) войны Беларусь страціла каля 1,4 млн. чал. забітымі і памерлымі. З 1920-х г. да пач. 2-й сусв. вайны назіраўся актыўны працэс росту насельніцтва. Паводле П.н. 1939 на Беларусі жыло амаль 9 млн. чал. У Вял. Айч. вайну 1941—45 страчана больш за 2,2 млн. чал. (кожны 4-ы жыхар), каля 380 тыс. чал. вывезена на працу ў Германію (вярнуліся не ўсе). На канец 1945 на Беларусі жыло 6,2 млн. чал. Даваенная колькасць жыхароў дасягнула толькі ў 1971. У пасляваен. перыяд да пач. 1990-х г. насельніцтва павялічвалася, аднак тэмпы росту з 1970-х г. сталі зніжацца. Паміж П.н. 1989 і 1999 адбылося абсалютнае змяншэнне колькасці насельніцтва на 107 тыс. чал. (1,1%), як вынік дэпапуляцыі, якая пачалася ў 1933: гадавая колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных (гл. табл. 1).

Урбанізацыя. Паводле П.н. 1897 гар. насельніцтва Беларусі складала 13,5%. Напярэдадні Вял. Айч. вайны доля гараджан на Беларусі складала 20% насельніцтва. У пасляваенныя гады ў сувязі з размяшчэннем у гарадах буйных прамысл. прадпрыемстваў, працэс урбанізацыі паскорыўся. За 1959—70 доля гар. жыхароў вырасла больш чым на 13%, за 1970—89 яшчэ на 22% і склала 65%. У 1999 у гарадах жыло каля 70% насельніцтва. Характэрная рыса урбанізацыі — паскораны рост насельніцтва ў буйных гарадах. Прырост гар. насельніцтва забяспечваўся ў асн. за кошт. сельскіх жыхароў. Павелічэнне колькасці гар. пасяленняў ішло і шляхам узнікнення новых гарадоў (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Новалукомль), і надання частцы мястэчак статуса пасёлкаў гар. тыпу. У 1970 на Беларусі было 9 гарадоў, якія мелі больш за 100 тыс. жыхароў, у 1999—15 (Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Наваполацк, Салігорск, Ліда). У Мінску ў 1999 было 1677,1 тыс. жыхароў.

Асн. тэндэнцыяй полаўзроставай структуры насельніцтва Беларусі з’яўляецца яго старэнне (павелічэнне долі пажылых людзей). Доля асоб пенсіённага ўзросту 60 гадоў для мужчын і 55 для жанчын (павялічылася з 13,5% у 1959 да 21,5% у 1999, фактычна кожны 5-ы жыхар краіны — пенсіянер. Другая характэрная рыса дынамікі ўзроставай структуры насельніцтва — памяншэнне долі дзяцей: у 1897 ва ўзросце да 16 гадоў яны склалі 43%, у 1959—31,3%, у 1999—21,2%. У 1897 на Беларусі на 1000 мужчын прыпадала 1012 жанчын, у 1926—1045, у 1959—1249, у 1999—1129. Працаздольнае насельніцтва складае большую палавіну ўсіх жыхароў — 57,3% (1999).

Усерас. П.н. 1897 даў толькі агульнае ўяўленне пра нац. склад жыхароў Беларусі, паколькі нацыянальнасць вызначалася па мове і веравызнанні. На тэр. 5 бел. губерняў (Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай) акрамя беларусаў, якія складалі 65,6% ад усяго насельніцтва, жылі яўрэі (14,6%), рускія (6%), украінцы (4,6%), палякі (5,2%), а таксама латышы, літоўцы, татары, немцы, цыгане і інш. Паводле П.н. 1939 (без уліку тэр. Зах. Беларусі) доля беларусаў вырасла за кошт памяншэння долі інш. нацыянальнасцей і складала 82,9% ад агульнай колькасці насельніцтва, працэнт палякаў знізіўся да 1%, украінцаў — да 2%. Найб. поўную карціну пра нац. склад даюць П.н. 1959, 1970, 1979, 1989 і 1999, якія праводзіліся ў сучасных межах Беларусі. Іх вынікі сведчаць, што ў сувязі з працэсамі асіміляцыі і міграцыі (прыток асоб некарэннай нацыянальнасці і адток беларусаў у інш. рэгіёны СССР) доля беларусаў знізілася з 81,1% у 1959 да 77,9% у 1989. Аднак з пач. 1990 г. пасля распаду СССР у Рэспубліцы Беларусь доля беларусаў пачала павялічвацца, што звязана з працэсам рээміграцыі (вяртаннем асоб тытульнай нацыянальнасці) з рэспублік Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі і інш. рэгіёнаў. Паводле П.н. 1999 колькасць беларусаў склала 8 млн. 159 тыс. чал. (81,2%). Доля рускіх пастаянна павялічвалася: з 8% у 1959 да 13% у 1989. П.н. 1999 засведчыў зніжэнне колькасці рускіх да 11% (1 млн. 141 тыс. чал.), што звязана ў асноўным з адтокам рус. насельніцтва пасля распаду СССР, а таксама з вывадам войск з тэр. Беларусі. Рускае насельніцтва пражывае пераважна ў гарадах і ва ўсх. сельскіх рэгіёнах. Колькасць палякаў (трэцяя па велічыні нац. група) пастаянна зніжаецца з-за працэсаў асіміляцыі і міграцыі: у 1959 яны складалі 7% насельніцтва, у 1999—3,9% (395,7 тыс. чал.). Яны пражываюць пераважна ў сельскай мясцовасці ў зах. і паўн.-зах. раёнах Беларусі. Змянілася і колькасць украінцаў: у 1959 яны складалі 1,7%, у 1999—2,4% (237 тыс. чал.). Значная іх частка жыве ў гарадах і сельскай мясцовасці на Пд ад гарадоў Кобрын і Брэст. Найб. моцныя змены зведалі прадстаўнікі яўр. нацыянальнасці: у 1939 яўрэі былі 2-й па колькасці нац. меншасцю (7%), у 1989—5-й (1,1%). Скарачэнне іх колькасці выклікана інтэнсіўным выездам у буйныя гарады Расіі, Украіны пасля ліквідацыі «мяжы аселасці», асіміляцыйнымі працэсамі, стратамі ў гады Вял. Айч. вайны, актыўным выездам у Ізраіль і інш. замежныя краіны ў 1980—90-я г. У выніку доля яўрэяў у 1999 склала 0,3% (27,8 тыс. чал.). Паводле П.н. 1999 на Беларусі пражывала больш за 100 нацыянальнасцей (гл. табл. 2).

Літ.:

Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;

Гозулов А.И. Переписи населения земного шара. М., 1970;

Киселева Г.П., Кваша АЯ. О чем рассказывают переписи населения. М., 1983;

Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі. Мн., 1992;

Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996.

Дз.​М.​Кудзелка, Л.​П.​Шахоцька.

Табліца 1
Дынаміка колькасці насельніцтва Беларусі
Гады перапісаў Колькасць насельніцтва, тыс. чал. У % да ўсяго насельніцтва
Усяго у т. л.
гарадское сельскае гарадское сельскае
1897 6673 899 5774 13,5 86,5
1926 4989 848 4138 17 83
1939 8912 1855 7057 20,8 79,2
1959 8056 2481 5575 30,8 69,2
1970 9002 3908 5094 43,4 56,6
1979 9560 5263 4297 55,1 44,9
1989 10 152 6641 3510 65,4 34,6
1999 10 045 6961 3084 69,3 30,7
Табліца 2
Нацыянальны склад насельніцтва Рэспублікі Беларусь (па даных перапісаў, у %)
Гады перапісаў
1959 1970 1979 1989 1999
Усё насельніцтва 100 100 100 100 100
у т. л.
беларусы 81,1 81 79,4 77,9 81,2
рускія 8,2 10,4 11,9 13,2 11,4
палякі 6,7 4,3 4,2 4,1 3,9
украінцы 1,7 2,1 2,4 2,9 2,4
яўрэі 1,9 1,6 1,4 1,1 0,3
інш. нацыянальнасці 0,5 0,6 0,7 0,8 0,8

т. 12, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калі́ць1 ’пэцкаць’ (жытк., Арх. ГУ; ТС), польск. kalić ’пэцкаць’, ’брудзіць’, ’муціць’, славін. kalac ’пэцкаць, брудзіць’ каш. kalëc, в.-луж. kalić ’муціць’, ’запырскваць’, н.-луж. kaliś ’муціць (ваду)’, ’пэцкаць’, чэш. kaliti ’пэцкаць’, ’муціць’, славац. kaliť ’брудзіць’, ’муціць’ славен. kalíti ’муціць’, серб.-харв. ка́лити ’брудзіць, муціць’. Праслав. вытворнае ад каlъ (гл. кал), дзеяслоў па ‑iti‑.

Калі́ць2 ’бяліць, рабіць пабелку’ (тураў., Выг.; гом. КЭС; петрык., Мат. Гом.; кам., Сл. паўн.-зах., ТС). Укр. палес. калити ’мазаць сцяну глінай’, польск. kalić ’бяліць’, славац. kaľiti ’бяліць (сцены)’. Беларускае быццам бы толькі палескае, статус іншых фіксацый не вельмі ясны, наўрад ці правамерна рабіць дапушчэнне аб праславянскім характары слова. Бел. інавацыя відавочная — на базе семемы ’мазаць глінай’, ад kaliti > kalъ (гл. кал). Утварэнне, паралельнае да каліць1 (параўн.).

Калі́ць3 ’гартаваць’ адзначана толькі форма калытыся ’гартавацца’ (драг., Жыв. сл.). Статус слова няясны, гэта палескі кавальскі тэрмін і не выключана, што ён запазычаны з суседніх моў. Рус. калить ’гартаваць’, чэш. kaliti, славац. kaliť, славен. kaliti, серб.-харв. ка́лити, макед. кали, балг. каля ’гартаваць’. Праславянская семантыка па-рознаму разумеецца даследчыкамі, існуюць розныя погляды на сувязі слав. лексемы і як вынік былі прапанаваны розныя этымалогіі. Паводде Бернекера, 1, 476, прасл. kaliti суадносіцца з ірл. calath, кімр. calad ’цвёрды’, лац. callum, callus ’мазоль’ і да т. п.; Мее (BSL, 14, 373) шукае сувязі з рус. колеть ’цвярдзець’; Ваян (RÉS, 19, 112) лічыць, што слав. kaliti — паралельнае з герм. *köljan ’ахалоджваць’. Былі і іншыя прапановы, сярод якіх найбольш абгрунтаванай і прынятай у некаторых новых слоўніках з’яўляецца версія аб сувязі слова з прасл. kalъ, гл. спец. Махэк, LF, 65, 314–315. Паводле гэтай версіі, генетычная сувязь лексем відавочная, паколькі ў традыцыйнай (даўняй) ганчарнай вытворчасці цвёрдасць надаецца напальваннем. Такая думка была падтрымана Слаўскім. 2, 29, аднак неабходна адзначыць, што сам Махэк₂ (236) адмовіўся ад ранейшай прапановы і прыняў фактычна версію Бернекера. Сумненні таксама ў Машыннага (JP, 39, 1959, 2). Трубачоў (Эт. сл., 9, 124) вельмі ўпэўнена мяркуе аб эвалюцыі семантыкі ’апускаць металічны выраб у ваду, у раствор гліны’ > ’гартаваць’.

Калі́ць4 ’напальваць’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. калить ’тс’, наўг. і інш. ’грэць і да т. п.’. Можна разумець як вытворнае ад каліць3, семантыка зразумелая, паводле геаграфіі — інавацыя ў рус. і часткова бел. гаворках.

Калі́ць5 ’прабіраць, выгаворваць’ (Юрч.). У іншых бел. гаворках адпаведнікаў як бынцам няма. Рус. раз., уладз., сарат., арханг. калить ’лаяць, сварыць; сварыцца’, вяц. ’рабіць каму-небудзь строгую заўвагу’. Статус беларускага слова няясны, яно магло трапіць у бел. усх. гаворкі разам з рус. перасяленцамі. Аднак не выключана, што тут незалежныя ўтварэнні; на базе калить ’каліць’ утвораны рус. лексемы, а бел. — або па той жа семантычнай мадэлі, або ў выніку развіцця семантыкі ’знеслаўляць’ (< ’пэцкаць’) > ’выгаворваць’, параўн. бел. тур. каляць ’знеслаўляць’ і ’пэцкаць’ (да кал). Больш верагоднай уяўляецца першы варыянт тлумачэння, параўн. семантычную паралель у рус. маск. жечь ’лаяць, сварыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казачо́к1 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка для гэтага танца’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; віц., КЭС; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат.). Калі слова — не беларускі наватвор ад казак у гэтым жа значэнні, то, паводле лінгвагеаграфічных даных, можна меркаваць аб уплыве рус. гаворак, аднак аб геаграфіі рус. слова нельга сказаць нічога пэўнага. Даль (2, 177) адзначае: «казачок… известный вид пляски, перенятой у казаков». Аб этымалогіі гл. казак2.

Казачо́к2 ’васьмушка, 1/8 куб. сажня дроў, прыблізна адзін воз’ (Бяльк., Шат.), ’мера каля 2 вазоў’ (Жд. 2) ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Можна меркаваць аб сувязі з каза1 (утваральнай аснове каз‑), параўн. бел. гом. казёл ’мера дроў, 2,5 м³, рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’. Аб тэрміналагічных утварэннях ад такой асновы гл. казак, казакі. Што датычыцца матывацыі ўтварэння, ёсць тэрміны-дэрываты ад каза, казёл, якія абазначаюць спецыяльную (напрыклад, для аховы ад дажджу) укладку снапоў у полі, рус. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфа на другі сценкай’ (м.-арханг., арл.) і ’складваць цагліны, укладваючы адны плазам, а другія стаўма так, каб паміж імі заставаліся прамежкі для доступу паветра’ (маск.). Матывацыя такая ж, што і тэрмінаў, якія абазначаюць перакладзіны, Т‑падобныя прыстасаванні і сувязь з лексемамі каза, казёл відавочныя. Можна дапусціць, што спецыяльная (для прасушкі) укладка дроў у лесе была аднаго канкрэтнага памеру, што пры ўмове наймення такой укладкі дэрыватам ад каза1 магло прывесці да ўтварэння назвы меры. Зразумелым становіцца і дробнае (ад сажня) значэнне меры. Рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’ можна разумець як аргумент на карысць гэтай жа этымалогіі (< козлец ’укладка снапоў’). Падобны тэрмін мог паходзіць непасрэдна ад козлец (< козел) дзякуючы сваім зааморфным прыкметам (форма палазоў і інш.). Паколькі такога роду ўтварэнні (гл. тэрміны ад каза1 ў бел.) вядомыя, параўн. рус. дыял. казак ’рагуліна, ручка ў сахі, якой араты трымае саху’, можна меркаваць і аб спецыфічнай назве воза, як спецыяльнага, каб вазіць дровы, так і маленькага (які мог атрымаць такое найменне не толькі па яўна зааморфных адзнаках, але і ў кантэксце параўнання з вялікім возам), у тым ліку і ручных санак (саматужак). Што датычыцца апошняй рэаліі, то магчымая сувязь назвы каза, якая адзначана для маленькіх санак, з каза1 магла быць вельмі ўскоснай. Бел. казачок ’мера каля двух вазоў’ можна разглядаць як развіццё значэння слова паводле другой версіі або як аргумент на карысць першай: тады казачок ’укладка дроў, якая размяшчаецца на адным (двух) возе’. Статус бел. слова не зусім ясны — рус. паралелі дазваляюць меркаваць, што намінацыі такога тыпу былі вядомы больш шырока на ўсх.-слав. тэрыторыі. Магчыма, гэта выклікана спецыяльным характарам слова і наступнай яго экспансіяй, аднак аб цэнтры (у сэнсе зыходнага пункта) інавацыі меркаваць як у гэтым, так і ў іншых выпадках такога тыпу вельмі цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́ш, какош ’хвошч, Equisetum’ (мазмр., З нар. сл.). Адпаведнікаў у іншых мовах з такім значэннем не знаходзіцца. Можна суаднесці з даўняй слав. назвай курыцы kokošь. Матыў намінацыі не вельмі відавочны, паколькі асобныя віды расліны (E. arveuse, E. sylvaticum, E. palustre) у аспоўных дэталях адрозніваюцца паміж сабой. Апрача таго, сярод хвашчоў ёсць ядомыя і атрутныя віды. Не выключана, што тут перанос па знешняму падабенству або ў выніку пераносу заойіма як тэрміна. Параўн. серб.-харв. кокошка ’расліна Sedum telcphium’ (параўн. бел. зайцава капуста, зайчыкава капуста), ’Capsella’, чэш. kokoška (няяснае для Махэка, Jména rostl.63), рус. кокушка (у прамым значэнні ’зязюля’?), ’шышка, (’яйка’, ’шарык у каньку даху’, ’разнавіднасць верацяна’), серб.-харв. кокотка ’клубок, наматаны на спецыяльнае прыстасаванне’ і інш. Не выключана таксама, што назва — вынік трансфармацыі больш шырока вядомага какошнік ’Calla palustris’; перанос назвы — паводле функцыі расліны (калі абедзве ўжываліся як корм для жывёлы і раслі ў блізкіх умовах). Гэта, аднак, малаверагодна па той прычыне, што знешне расліны не падобныя (няма і агульных сінонімаў, якія б пацвердзілі такую думку). Адносна этымалогіі прасл. kokoš. Гл. какошка1.

Како́ш2, коко́ш ’бэлькі’, кошка ’тс’ (Маш.), kokoše ’вільчык’ (Тарн.), какашына ’дзве дошкі (або жэрдкі), якія прыбіваюцца да лат з абодвух бакоў франтона’ (мазыр., Нар. сл.), какошкі, какошыны. У рус. мове кокошина ’гак, які падтрымлівае латак для сцёку вады на даху сялянскага будынка’ (з пам. «зап.», не выключана, што гэта бел. лексема). Іншыя паралелі: бел. курыца, рус. курица ’доўгі гак, высечаны з нятоўстага дрэва з коранем, які падтрымлівае скаты і латакі даху’, наўг. і інш. ’кроквы’, куричина ’кроква на хаце з гачкападобным выгінам на ніжнім канцы для падтрымкі латака, ската даху’ (пск. і інш.), (цвяр., пск., наўг. і інш.) ’драўляны крук па канцы кроквы’, кура, куры (арханг.) ’доўгая тоўстая жэрдка, на якой трымаецца латак’. Да значэння ’вільчык даху’ параўн. рус. кочет, кочетина ’жэрдка або дрэва, загнутае з аднаго боку або з часткай кораня, якое ўтрымлівае салому на даху’ (шуйск., уладз., іван. і інш.), какора, кокша, петухи і інш., што сведчыць не толькі аб ужыванні заонімаў як тэрмінаў, але і аб складаных працэсах узаемаўплываў, калькавання, магчыма, збліжэння лексем і трансфармацыі структуры да поўнай амафаніі. Таму цяжка меркаваць аб часе ўтварэння гэтых слоў і аб архетыпах. Беларуская лексіка выглядае як старая — захаванне даўняй лексікі ў тэрміналогіі з’яўляецца звычайным. Аднак не вельмі ясна. Бел. кокаш з’яўляецца незалежным ужываннем заонімаў у якасці тэрміна (перанос назвы як вынік супастаўлення характэрных адзнак птушкі — лапы, кіпцюры) або тут калька з вандроўнага тэрміна. Аб магчымасці незалежнага ўтварэння параўн. польск. kokoszka ’бэлька, якая злучае кроквы’ і меркаванні Слаўскага, 2, 339 (аспрэчваецца магчымасць калькі з ням. Hahnenbalken, нягледзячы на тое што ёсць у гаворках яўна запазычанне hambalek, hembalak). Ням. паралель ва ўсякім разе пацвярджае складанасць праблемы, параўн. яшчэ рус. пск. куричина ’бэлька, якая падтрымлівае столь, рама’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калакалу́ша ’чаромха, Prunus padus (= Padus racemosa)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Дэмб., Касп.; віц., гродз., маг., мін., смал., Кіс.; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк. 1, Яўс.; слаўг., Яшк.), калакалуха (Бяльк., Мат. Маг., Мядзв.), калакушка (Бяльк.), какалуша (гом., Кіс.). Укр. калакалуша і колоколуша, акаючыя формы, відавочна, сведчаць аб распаўсюджанні слова з паўн.-усх. гаворак, усх.-палес. какалуша, рус. зах.-бран. калакалуша, смал. колоколуша, росл., смал., кур., тульск. колоколуха ’чаромха’ і ’ягады чаромхі’, ’асобы від калючай травы’, адзначаюцца таксама іншыя формы. Звяртае на сябе ўвагу і арл. колокуша ’расліна Rosa tomentosa’, аднак, відаць, сюды гэта лексема не адносіцца (утворана ад асновы колк‑, дэрываты ад якой азначаюць ’розныя калючыя расліны’). У іншых слав. мовах адпаведнікі да бел. слова як быццам не адзначаюцца. Слова не вельмі яснага паходжання. Па сутнасці, нельга з упэўненасцю высветліць першапачатковую фанетыку кала‑ або колокуша. Укр. даныя з’яўляюцца, па сутнасці, двухсэнсоўнымі. У слоўніку Макавецкага шэраг крыніц дубліруюць адна другую, іншыя (перакладныя слоўнікі) нельга прымаць пад увагу з прычыны падазронасці статуса зах.-укр. слова, а што датычыць паўн.-укр. запісаў, параўн. у Бялецкага–Насенкі: «Калакалуша: слово задесенское (белорусское)». Даль падае гэта слова з паметай «зах.» і змяшчае яго ў гняздо «колокол». Больш новыя даныя па рус. нар. гаворках удакладнілі тэрыторыю распаўсюджання слова. Так, сталі вядомымі запісы яго ў кур. і тульск. абласцях, аднак, паколькі іншых матэрыялаў няма, а іншыя запісы паслядоўна ўказваюць на пагранічныя беларускім гаворкі рускай мовы, можна думаць, што гэта або вынік пранікнення слова як тэрміна, або факт, які сведчыць аб міграцыі насельніцтва ў розныя зоны на ўсход. Ствараецца ўражанне, што размова можа ісці толькі аб беларускай інавацыі (іначай гл. Цыхун. Бел.-укр. ізал., 82–83). Калі дапускаць, што зыходнай была форма колоколуша, а падставы для гэтага ёсць, нельга не ўбачыць магчымай сувязі з рус. дыял. колока ’чаромхавы гай’, колок ’невялікі лясок; малады бярозавы гай; вільготнае балоцістае месца ў нізіне, якое зарасло хмызняком’, паўн.-зах. колокол ’малады бярозавы лясок’. Параўн. (СРНГ, 14, 162) «Низменное место вроде чашенки, черемуха там, смородина, березняк. Смородина, а между ней кислица, черемуха, калина в том колке». Параўн. яшчэ бел. гродз. калокавіна ’чаромха’. Калакалуха пры такой версіі вынік рэдуплікацыі формы, адпаведнай да рус. дыял. колка, колки ’зараснікі чаромхі, глогу на полі, у лагчынах’, колк ’невялікае балота, якое зарасло лесам’. Фармальна такую версію можна пацвердзіць прыкладамі дэрыватаў ад асновы колк‑ (рус. дыял. колкиголкі, калючкі і да т. п.): наўг. колкуха ’расліна Xanthium, або, магчыма, Arctium’, колкуша ’расліна Arctium’. Параўн. яшчэ рус. арл. колокуша ’расліна Rosa tomentosa’ і бел. маг. калатуша (Грыг.). У якасці спрэчнай гіпотэзы можна яшчэ прапанаваць этымалогію, паводле якой слова тлумачыцца па бел. глебе. Бел. слаўг. гаворкі ведаюць утварэнне калалужжа ’абшар каля лугу’. Па семантыцы ўтварэнне калакалуша на базе мяркуемай намі формы цалкам магчымае (чаромха — расліна вільготных мясцін). З фармальнага боку яго можна разумець як адваротную дэрывацыю (калакалуга < калакалужжа) з наступнай заменам суфікса. Параўн. крыч. калакалушша ’зараснік калакалушы’, тое ж слаўг. (Яшк.). Аднак недахопы такога тлумачэння (у тым ліку і па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю), нягледзячы на тое што для батанічнага тэрміна можна дапусціць больш-менш шырокую наступную экспансію, відавочныя, і прыняць яго нельга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)