Прэ́сны 1 ’які прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку’; ’прыгатаваны без закваскі, не квашаны’ (ТСБМ, Ласт.), ’някіслы’, пре́сный ’тс’ (гродз., воран., ганц., рагач., рас., Сл. ПЗБ; ТС), ’свежы (пра малако)’ (КЭС; воран., гродз., Сл. ПЗБ), прэ́сна ’агульная назва прэснай стравы’ (гродз., Сл. ПЗБ); укр. при́сний, рус. пре́сный ’прэсны, някіслы, прыгатаваны без закваскі, няквашаны’, польск. przasny ’няквашаны, свежы’, чэш. přesný ’дакладны’, дыял. ’няквашаны (хлеб)’, славац. presný ’тс’, серб.-харв. пре́сан ’незаквашаны; сыры (аб мясе)’, славен. présen ’свежы; няквашаны’, балг. пре́сен ’тс’, макед. пресен ’свежы; сыры (пра мяса і пад.)’. Прасл. *prěsnъ з *prěsknъ, якое роднаснае літ. prė́skas ’свежы; няквашаны (пра хлеб, малако, капусту)’; гл. Траўтман, 231; Атрэмбскі, LP, 1, 140. Параўнанне са ст.-в.-ням. frisc ’свежы’. Фасмер (3, 360) лічыць сумнеўным з-за гукавай неадпаведнасці. Гл. таксама Фрэнкель, 652. Вештарт (Лекс. Палесся, 116) мяркуе, што ў адносінах да хлеба гэта — семантычная інавацыя, паколькі такое значэнне магло з’явіцца толькі пасля таго, як стаў вядомы квашаны хлеб, для дыферэнцыяцыі гэтых відаў хлеба.
Прэ́сны 2 ’сыры’; ’незамёрзлы’ (ТС, ПСл). Параўн. укр. жытом. прэ́сна земля́ ’зямля, якая не замерзла (пад снегам)’, прэ́сна зіма́ ’зіма, калі снег выпадае на зямлю, якая яшчэ не замерзла’ (Лексика Пол.). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе слова (гл.), першапачаткова, відаць, пра зямлю свежа раскарчаваную (гл. Банькоўскі, 2, 809) або распрацаваную, параўн. балг. пре́снище ’від глебы’ (БЕР, 5, 668).
Прэ́сны 3 ’нядрэнны, добры, няшкодны’: прэ́сная баба (Мілкоўскі, Наша Слова, 2000, 1 сак.). Да прэ́сны 1; відаць, у супастаўленні з салёны (гл.) пра чалавека з рэзкім характарам. Інакш Гаўлава (Зб. памяці Слаўскага, 122), якая, лічачы што “няквашаны хлеб быў цвёрды”, дапускае развіццё ’цвёрды’ > ’злосны, жорсткі’.