ускудла́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускудлаціць, ускудлачыць.
2. у знач. прым. Узлахмачаны, растрапаны (пра валасы). Гарбач сядае і растапыранымі пальцамі прычэсвае ўскудлачаныя валасы. Мурашка. // З ускалмачанымі валасамі. А то было і так: бяжыць насустрач маладзіца — ускудлачаная, расчырванелая, хусцінка, з’ехаўшы з галавы, матляецца на спіне. Хадкевіч. Дзед Яўстрат, які звычайна ўсю зіму сядзеў на печы, высоўваў у такі момант сівую ўскудлачаную галаву і сіплым старэчым голасам, раіў бацьку: — Улі, Васіль, вісусу гэтаму, а то ж расце распуста, на лес гледзячы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Як добрым знаёмым, сардэчна ківаюць нам ускудлачанымі галовамі старыя хвоі. Сяргейчык. У небе віселі рэдкія ўскудлачаныя хмаркі. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флаг, ‑а, м.
Прымацаваны да дрэўка або да шнура кавалак матэрыялу адпаведная формы і колеру (звычайна з якой‑н. эмблемай). Дзяржаўны флаг. □ У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Грахоўскі. // Сімвал дзяржавы, нацыі. На рэйдзе многа вялікіх суднаў пад рознымі флагамі. В. Вольскі.
•••
Застацца за флагам — а) у конна-спартыўных спаборніцтвах — не паспець прайсці дыстанцыю, адзначаную флажком, ва ўстаноўлены час; б) перан. адстаць у чым‑н. ад іншых, не дасягнуць мэты, не быць дапушчаным куды‑н.
Пад флагам якім або чаго — а) пад якім‑н. лозунгам, у імя чаго‑н.; б) прыкрываючы чым‑н. свае сапраўдныя намеры.
[Гал. vlag.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалява́нне, ‑я, н.
1. Рух хваль на паверхні вады, гайданне яе. Хваляванне на моры.
2. Нервовае ўзбуджэнне, выкліканае адчуваннем трывогі, радасці і пад. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Колас. Адчыніўшы дзверы, .. [Тэкля] з нейкай нецярплівасцю і хваляваннем паглядзела на вароты. Краўчанка. І з хваляваннем кожны з нас Ступіў на бераг запаветны, Дзе вырашаўся ў грозны час У бітвах лёс усёй краіны. Танк.
3. звычайна мн. (хвалява́нні, ‑яў). Масавы рух, пратэст супраць чаго‑н. Хваляванні рабочых у капіталістычных краінах. Сялянскія хваляванні ў царскай Расіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
храп 1, ‑у, м.
1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.
2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.
храп 2, ‑а, м.
Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цю́цька, ‑і, м.
Разм.
1. Сабака. Саломінка то пакручвалася перад сабачым носам, то спрытна ўцякала ад выскаленай пысы, а цюцька бег ды бег, брахаў і брахаў да хрыпаты. Лужанін. // Ласкавы зварот да сабакі. Сабакі хутка ачухаліся. Перасталі яе чапаць. — Цюцькі... Цюцькі... — прагаварыла.. [Фрося] з дакорам. Бядуля.
2. Ужываецца звычайна ў параўнальных выразах са значэннем слова сабака. — З-замерзла я, Толік, як цюцька! — засмяялася Люда. — І ніяк не сагрэцца. Брыль. Мокрыя, як цюцькі, вылезлі мы на бераг. Якімовіч.
3. Ужываецца як лаянкавае слова. — Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік.. Цюцька, якіх свет не бачыў, — дадаў Якаў Гошка. Грахоўскі. «Які ты пан? Ты цюцька руды!» — Так пачыналася пісьмо. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Вымаўляць гук «ш-ш», стараючыся супакоіць каго‑н. Сядзеўшая ў першым радзе вяртлявая дзяўчына, на якую ўжо шыкалі часам суседзі, бо яна ўсё круцілася на месцы, гадавала бліжэйшым недарэчныя пытанні. Лынькоў. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Шамякін.
2. Гукамі «ш-ш», крыкамі, шумам выражаць сваё незадавальненне, злосць (звычайна артысту, аратару і пад.). Калі ў зале пачнуць шыкаць, смяяцца, тупаць нагамі, не звяртайце на гэта ўвагі. Пянкрат.
3. Крычаць «ш-ш!», адганяючы, праганяючы якіх‑н. птушак, жывёл. Станіслаў Пракопавіч адмахваўся ад .. [гусей] голымі рукамі, шыкаў і сцёбаў клятчатай кашуляй па частаколе — выбіваў пыл. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эйш, часціца.
Разм.
1. Ужываецца, каб звярнуць увагу, указаць на што‑н.: вось, глядзі і пад. Калі Марыля даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала: — Эйш, панюся знайшлася надта! Карона з галавы не звалілася б, калі цмокнула б лішні раз у панскую ручку. С. Александровіч.
2. Ужываецца для выражэння здзіўлення, незадавальнення, злосці (звычайна ў спалучэнні са словамі: «як», «які», «колькі» і пад.). [Рыгор:] — Дурань скажа! Я дурня і слухаць не буду. [Яўхім:] — Не будзе ён слухаць! Эйш, які разумны! Чорны. Ідзе немец лёгкім пружыністым крокам, высока ставіць ногі ў кароценькіх ботах з шырокімі халявамі. — Эйш, які рабы чорт, — гаворыць нехта ў мяне за спіною. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ядо́к, едака, м.
1. Той, хто есць, мае патрэбу ў харчаванні. Хай штогадок ядок, Няхай няма навару — Шануй паэт радок І не ашуквай мару. Барадулін. // (звычайна з азначэннем). Разм. Пра чалавека, які выяўляе пэўныя адносіны да яды. — Ну і ладны ты ядок, браце. Каб вось касіў так! Быкаў. Які ядок, такі і работнік. З нар.
2. Чалавек як адзінка ўліку пры размеркаванні, выдаткаванні якіх‑н. сродкаў, неабходных для жыцця. Праменні цёплыя свяцілі У сэрцах нашых, у вачах, Калі зямлю, лугі дзялілі Тады па душах, едаках. Бялевіч. // Член сям’і, што харчуецца разам з іншымі яе членамі. Сям’я — у наўкруг за сталом. Багата яна едакамі, Дарослыя, дужыя ўсе. Прануза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яйцо́, ‑а́, мн. я́йцы (з ліч. 2, 3, 4 яйцы́), яе́ц; м.
1. Захаваная ў шкарлупіне авальнай формы сукупнасць бялка і жаўтка, з якіх утвараецца зародак птушак і некаторых жывёл (ужываецца як прадукт харчавання). Качынае яйцо. Яйцо чарапахі. Несці яйцы. Садзіць курыцу на яйцы. Выпіць сырое яйцо. □ Маці давала.. [бацьку] хлеб, сыр, крутое яйцо. Бядуля.
2. Зародак лічынкі насякомых, чарвей і пад. у выглядзе невялікай крупінкі, звычайна авальнай формы. Яйцы саранчы. Мурашыныя яйцы.
3. У біялогіі — жаночая палавая клетка чалавека і жывёльнага арганізма; яйцаклетка.
•••
З-пад сучкі яйцо ўкрасці гл. украсці.
Не варты выедзенага яйца гл. варты.
Яйцо курыцу вучыць — з адценнем неадабрэння: малады павучае старэйшага, не пагаджаецца са старэйшым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
грант
(англ. grant = падарунак, ахвяраванне)
1) мэтавыя сродкі ў грашовай або матэрыяльнай форме, якія даюцца дзяржавай фізічным і юрыдычным асобам на конкурснай аснове для правядзення навуковых даследаванняў, а таксама датацыя творчым калектывам, спартыўным камандам і інш. з дзяржаўнага або мясцовага бюджэту;
2) стыпендыя, якая выплачваецца студэнтам і навучэнцам з дзяржаўнага або мясцовага бюджэту;
3) аднаразовае выдзяленне грашовай сумы або падараванне абсталявання, памяшкання (звычайна з асабістых сродкаў) культурным, навуковым і іншым установам і арганізацыям.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)