Ні́цы ’нізкі, паніклы (звычайна пра дрэва)’ (Сл. ПЗБ, Касп.), ’апушчаны ўніз’ (Сцяшк. Сл.), ’скрытны, пануры’ (Касп., Бяльк.), ’скрытны; хітры, няшчыры’ (Нас.), ’змрочны, пануры’ (ТС), ’подлы, ганебны’ (Ян.), ’пахмурны, непагодлівы’ (Сл. ПЗБ, ТС), укр. ни́ций ’подлы, нізкі, пошлы’, рус. ни́цый ’нізкі, паніклы; подлы’. Параўн. ц.-слав. ниць, прыслоўе ’ніц, ніцма’ і прыметнік ’пахілены ўперад’, усё да *nicь (гл. ніц1). Спробы вывесці значэнне ’пахмурны, хмурны’ са значэння літ. nykýs ’хмурны’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 80) непераканальныя, бо указанае значэнне натуральна выводзіцца са значэння ’навіслы, змрочны’, фармальна ж беларускае слова не можа быць запазычаннем з літоўскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)