Смерць 1 ‘спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. смерть, стараж.-рус. съмьрть, польск. śmierć, в.-луж. smjerć, н.-луж. sḿerś, чэш. smrt, славац. smrť, серб.-харв. смр̋т, славен. smŕt, балг. смърт, макед. смрт, ст.-слав. съмрьть. Прасл. *sъmьrtь роднаснае літ. mir̃tìs, mirtìs ‘смерць’, лат. mir̃te ‘тс’, ст.-інд. mr̥tis, лац. mors, Р. скл. mortis ‘тс’, гоц. maúrꝥr ‘забойства’ ад і.-е. *mer‑ ‘паміраць’. Большасць даследчыкаў (гл. Траўтман, 187; Махэк₂, 562; Фасмер, 3, 685–686; Сной₁, 586–587, Борысь, 618 і інш.) звязваюць частку *sъ‑ у праславянскім слове з ст.-інд. su‑ ‘добры’, першапачаткова ‘добрая’, г. зн. ‘свая, натуральная’ і, далей, з слав. займеннікам svo‑ (гл. свой). Аднак Трубачоў (Проспект, 82 і наст.) разглядае слав. *sъmьrtь як праславянскі наватвор з прыст. *sъ‑ параўнальна з больш старым *mьrtь < і.-е. *mr̥t‑s, параўн. чэш. mrt ‘адмёршая частка; неўрадлівая зямля’; гл. Глухак, 567.

*Смерць 2, смэрть ‘вусень’ (кам., ЛА, 1), смяртэ́льнік ‘начны матылёк’ (Сцяшк. Сл.). Да папярэдняга слова, відаць, на базе ўяўленняў пра дрэнны знак, які падае начны матылёк, што заляцеў у хату, прадвеснік смерці, падрабязней гл. Гура, Символика, 487–488); параўн. цьма ‘тс’ (гл.), што перанесена і на вусеня як стадыю ў развіцці матылька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сне́даць ‘есці раніцай’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сержп., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сні́дати ‘снедаць’, рус. зах., паўд. снеда́ть, сне́довать ‘снедаць, закусваць, перахватваць’, ст. польск. śniadać, в.-луж. snědać, н.-луж. snidaś, чэш. snídat ‘тс’, серб.-харв. snijedati ‘з’ядаць усё’, славен. snédati ‘з’ядаць, згрызаць, апусташаць, ласавацца’, ст.-слав. сънѣдати ‘спажываць’. Прасл. *sъnědati — дэрыват ад ітэратыва *ědati < *ěmъ, *ěsti ‘ем, есці’, пры *sъněsti ‘з’есці’. Гл. Фасмер, 3, 697; Махэк₂, 228; Шустар-Шэўц, 1327; Трубачоў, Проспект, 83. Традыцыйна маецца на ўвазе прэфікс *sъn‑ (гл., напрыклад, Карскі 1, 324), аднак Шустар-Шэўц (Этимология–1988–1990, 95) бачыць тут прыстаўку *sъ‑ і ўстаўны ‑n‑. Аддзеяслоўны дэрыват сне́данне ‘яда раніцай’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ), сне́данье ‘тс’ (ТС), сняда́нне ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл.), як і ўкр. сніданне, польск. śniadanie, в.-луж. snědanie, н.-луж. snidańe, чэш. snídaně, разглядаецца як паўночнаславянская інавацыя; гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 90 і наст. Сюды ж сняда́нка ‘дзяўчына, якая праводзіць нявесту ў дом жаніха’ (Касп.), параўн. лун. сьне́дальніцы толькі мн. ‘сваячкі маладой, якія прыязджаюць да маладых раніцай пасля шлюбнай ночы’, укр. ров. сні́далніцы ‘тс’ (Гура, С і БФ, 1995, 322), укр. сні́дальниця ‘якая снедае (у прыватнасці, у вясельным абрадзе)’, гл. ЕСУМ, 5, 335.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяба́ць і сцёбаць ’біць чым-небудзь гнуткім; хвастаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Растарг., Чач., Шат., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сцяба́ць ’вастрыць мянташкай касу’ (Варл., Гіл.), ’шыць шырокімі шыўкамі’ (Варл.), сцёбаць жыта ’малаціць акалотам’ (лаг., Стан.), сцёб ’хлоп! (удар бізуном)’ (Нас., Байк. і Некр.), сцёб, сцёбка ’пакаранне розгамі’ (Нас.), сцебену́ць ’сцебануць’ (ТС), сцяба́чка ’вострая каса’ (Сцяшк.), ’самаробны брусок вастрыць касу’ (Касп.; докш., Янк. Мат.; мядз., Сл. ПЗБ). Укр. сті́бати ’шыць, прашываць’, стьоба́ти ’сцябаць, біць, хвастаць’, рус. стеба́ть ’шыць, прашываць’, ’аплятаць’, ’упісваць, есці’, ’біць, хвастаць’, стёбка ’прут’, польск. ściebać ’нізаць’. Пэўнай этымалогіі няма. Зубаты (у Фасмера, 3, 750), Праабражэнскі (2, 377–378) меркавалі аб роднасці з рус. стебель ’сцябло’. Паводле Зяленіна (у Фасмера, там жа), слова паходзіць са стега́ть ’прашываць; біць, хвастаць’; ‑б‑ з’явілася пад уплывам стебель. Супраць гэтых версій Ільінскі (ИОРЯС, 23, 7, 176 і наст.), які набліжаў да ням. Steppen ’прашываць’, Stift ’стрыжань’ і лац. stipo, ‑āre ’сціскаць, звальваць разам’, што не адпавядае ‑e‑ ў корані слова. Параўноўвалі таксама з літ. stem̃bti ’мацнець’, stabýti ’спыняць’, ст.-інд. stabnā́ti ’падпірае, затрымлівае’, авест. stəmbana‑ ’апора’ (Уленбек, 343). На думку Груненталя (ИОРЯС, 18, 4, 136), значэнні ’шыць, прашываць’ і ’біць; хвастаць’ маглі развіцца з ’калоць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 192), які прыводзіць дакладна адпаведнае славянскаму слову лат. stibát ’сцябаць, хвастаць’. Гл. ЕСУМ, 5, 418.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́ты ’які не адчувае голаду’, ’укормлены, тлусты’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ’негалодны’ (Байк. і Некр.), ’тлусты, адкормлены’ (Касп., Пятк. 2, Мат. Гом., Нар. лекс., Сл. Брэс., Сцяшк., З нар. сл.), ’гладкі, тлусты’ (Жыв. НС), сы́тны ’сыты’ (ТС), сыць ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’сытасць; укормленасць’ (Нас., Бяльк.), сы́ціць ’карміць, насычаць’. Укр. си́тий, рус. сы́тый, стараж.-рус. сы́тъ(и), польск. syty, в.-луж., н.-луж. syty, чэш. sytý, славен. sýty, серб.-харв. си̏т, славен. sit, балг., макед. сит ’тс’, ст.-слав. сытъ ’сыты’. Прасл. *sytъ, відаць, роднаснае літ. sótus ’сыты, багаты, сытны’, лат. sats ’сытны’, ст.-прус. sātuinei ’насычаеш’, лац. satis ’досыць’, гоц. sōpa ’сыты’, ст.-в.-ням. sat ’сыты’, грэч. άατος ’ненасытны’ (Траўтман, 250; Мюленбах-Эндзелін, 3, 809; Вальдэ-Гофман, 2, 481; Покарны, 876), аднак пры гэтым цяжка патлумачыць адрозненні ў вакалізме. Іншыя даследчыкі ў сувязі з гэтым збліжаюць *sytъ са ст.-інд. çávas ’сіла, моц’, авест. sava‑ ’тс’, сюды ж ст.-інд. çū́ras ’моцны’, авест. sura‑ ’тс’, грэч. κυρος ’сіла, моц’ (Зубаты, LF, 28, 89; Фрэнкель, JF, 50, 7 і наст.). Борысь (590) узводзіць да дзеепрыметніка і.-е. *sū‑to‑ ’напоўнены, поўны’, што да і.-е. *seu̯‑ ’напаўняцца’, параўн. хец. sumai ’напаўняе’, гл. таксама Бязлай, 3, 238–239. Абмеркаванне іншых версій гл. Фасмер, 3, 821; ЕСУМ, 5, 245; Глухак, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяга́ць ’ісці, рухацца’, ’прасцірацца, даходзіць да якой-небудзь мяжы, узроўню і пад.’ (ТСБМ), ’працягваць руку, каб што-небудзь узяць’ (Стан.), ’накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.), сіга́ць ’імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), часцей з прыстаўкамі: дасяга́ць, прысяга́ць (гл. прысяга), ст.-бел. сѧгнути: сѧгнулъ рукою (Альтбаўэр). Укр. сяга́ти, сягну́ти ’даставаць, хапаць’, рус. сяга́ть, польск. sięgać ’дасягаць, выцягваць руку’, в.-луж. sahać ’даставаць; ісці вялікімі крокамі’, н.-луж. segaś ’выцягваць руку; даставаць, хапаць’, чэш. sahať ’тс’, славац. siahať ’даставаць, хапаць’, серб.-харв. се̏гнути се ’пацягнуцца, працягнуць руку’, славен. séči ’тс’, балг. пася́гам ’працягваю руку’, макед. сега ’сягаю’, ст.-слав. сѧгнѫти ’працягнуць руку’. Прасл. *sęgti, *sęgati роднаснае літ. sègti ’зашпільваць’, sagà ’засцежка, гузік’, sãgas ’пятля’, лат. segt ’пакрываць’, ст.-інд. sájati ’прылягае, прымыкае’, ст.-перс. frahanjati ’вешае’, ірл. suanem ’канат’; да і.-е. *seg‑, *seng‑ ’вязаць, злучаць, датыкацца’; гл. Траўтман, 252; Покарны, 887; Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 214; Шустар-Шэўц, 1264; Борысь, 547; супраць сувязі з літ. siekti ’сягаць, дасягаць’, síeknis ’сажань’ Міклашыч, 291; Махэк₂, 535, таксама Бязлай (3, 221) па фанетычных прычынах; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495–496; Анікін (Этимология–1983, 48 і наст.) звязвае славянскае слова з герм. *sinkʷan, (параўн. гоц. sagqjan, ст.-в.-ням. senken, ст.-сакс. sincan і г. д.), у семантычным радзе яшчэ ёсць значэнні ’апускацца, асядаць; тануць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хна ’стрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус. сестра́, стараж.-рус. сестра, польск. siostra, в.-луж. sotra, н.-луж. sotša, палаб. sestră, чэш., славац. sestra, серб.-харв. сѐстра, славен. séstra, балг. сестра́, макед. сестра, ст.-слав. сестра. Прасл. *sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ. sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус. swestro, ст.-інд. svásar‑, гоц. swistar, лац. soror, ст.-ірл. siur, тахар. A ṣar ’тс’ < і.-е. *su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е. *su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е. *sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр. ásrk, грэч. έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм. str < і.-е. *sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіт ‘адна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства сітавых, Juncus L.’ (ТСБМ, Кіс., Байк. і Некр.), сіта́ ‘тс’ (брасл., даўг., мёрск., Сл. ПЗБ), ‘чарот, Scirpus lacustris L.’ (Касп.), ‘сярэднеазёрная водмель, якая прыгодна для рыбалоўства і зарасла чаротам, сітняком’ (Яшк.). Рус. сит, сить, сита́ ‘чарот і іншыя балотныя расліны’, укр. сітня́г ‘від воднай расліны’, зборн. рус.-ц.-слав. ситникъ (XI ст.), ст.-польск. sit ‘чарот’, польск. sit, sitowie ‘чарот, сітнік’, каш. sit ‘чарот’, в.-луж. syće, syćina, н.-луж. syśe, syśina, ст.-чэш. sit, sítí, славац. sítina, серб.-харв. сит, си́та ‘чарот’, славен. sȋt, sȋta ‘тс’. Прасл. *sitъ, *sita ‘расліны Juncus, Scirpus’ звязана з сець, сіло́ (гл.), ад і.-е. кораня *sei̯‑ ‘плясці’, таму што ўсе гэтыя расліны выкарыстоўваюцца для пляцення. Гл. Махэк₂, 545; Мяркулава, Очерки, 43 і наст.; Фасмер, 3, 628; SEK, 4, 272. Роднасныя літ. siẽtas ‘вяроўка’, saĩtas ‘матуз, шнур’, лат. saĩte ‘завязка, матузоў, літ. siẽti ‘звязваць’, лат. sȉet ‘тс’; гл. Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; 637; Борысь, 549. Наяўнасць вытворных *sitъ, *sita, *sitnikъ (гл. сітнік), *setъ, паводле Мяркулавай (Этим. иссл. 6, 20), сведчыць пра існаванне дзеяслова *siti ‘плясці’. Меркаванні пра сувязь з сіта, сітавы (гл. наступнае слова), выказаныя Праабражэнскім (2, 290), знаходзяць падмацаванне ў ст.-ісл. sef ‘сітнік’ і ст.-англ. sife ‘сіта, рэшата’, ст.-в.-ням. sib, нова-в.-ням. Sieb ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́лей (БРС, Грыг., Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Анох.), ву́ляй (чэрв., рагач., З нар. сл.), уле́й (віл., воран., З нар. сл.), вуль, уль (Касп., глыб., віл., слаўг., бялын., З нар. сл., палес., Анох., Нар. лекс.), укр. ву́лій, ву́лень, ву́лік, дыял. вуль (Лысенка, СПГ), ву́лий ’бочка для залення бялізны’, рус. у́лей, польск. ul, чэш. úl, славац. úľ, н.-луж. huľ ’вулей, выдзеўбаная калода’, палаб. väul, славен. úlj ’дуплістае дрэва, борць, вулей’, серб.-харв. уља̀ник ’вулей’, мн. л. у́љеви ’чарва’, макед. улиште ’вулей’, балг. у́лей, дыял. радоп. вулʼ ’дрэва з дуплом, драўляная труба для вады ў млыне, вулей’. Прасл. ulьjь, uljь ’дупло, пустая калода, вулей’; дакладны семантычны і словаўтваральны адпаведнік слав. uljь — літ. aulỹs, лат. aũlis; паколькі такая форма ўспрымалася як зборны назоўнік, то для ўзмацнення адзінкавасці атрымала дадатковы фармант ulь‑jь; параўн. салаве́й (*solvь‑jь) (Мартынаў, Деривация, 56 і наст.); характэрна, што нарашчэнне атрымала таксама адпаведная літоўская форма avilỹs (Атрэмбскі, Gramatyka, 122). Іншыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. aulis ’галёнка’, aulinis ’халява’, грэч. αὐλός ’труба, дудка’, лац. alvus ’поласць жывата, трыбух’, alveus ’поласць, карыта, вулей’, што дазваляе рэканструяваць і.-е. *au‑lo‑s ’труба, падоўжная поласць’ (Фасмер, 4, 159; Брукнер, 593; Младэнаў, 651; Махэк₂, 668; Слаўскі, SP, 1, 80, 83 адносна суфікса ‑jь: «выступае ў функцыі фарманта, які пашырае розныя архаічныя словаўтваральныя катэгорыі, накладваючыся на першасныя ўтварэнні»). Беспадстаўна Булыка (Запазыч., 329) выводзіць ст.-бел. уль з польск. ul.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магі́ла ’яма для пахавання мёртвых’, ’капец зямлі над магілай’ (перан.) ’смерць, таямніца’ (ТСБМ, Грыг., Бяльк., Яшк., Булг., Сл. ПЗБ), укр., рус. моги́ла ’капец зямлі, курган’, ст.-рус. могыла ’капец’, польск. mogiła ’яма’, ’капец зямлі над ёй’, палаб. mügʼȧla ’яма’, в.-луж. mohila, ст.-луж. mogyla, н.-чэш. mohyla — з больш ранняга перыяду захаваліся толькі тапонімы: Mohelno, Mohelnice і інш.; славац. mohyla, славен. gomíla ’куча зямлі’, серб.-харв. го̀мила, мо̀гила ’тс’, макед. могила ’капец, узгорак’, балг. могила ’капец’. Гэта значэнне было першасным. Генетычна блізкія: рум. măgură і алб. magulʼë ’узгорак’, gamule ’куча зямлі і травы’, якія Фасмер (Stud. zur albanes. Wortforsch., Dorpat, 1921, 1, 18) выводзіць са слав. Міклашыч (420), Фасмер (там жа), Жалтоў (ФЗ, 1877, 4, 68 і наст.) сцвярджаюць сувязь са слав. mogǫ ’магу’ > ’пануючае месца’. Гэтак жа Брукнер (343) — з кораня mog‑ ’моцны’, параўн. аналагічна ўтворанае слова курган, якое з тур. kurgan ’крэпасць’, г. зн. ’зямная цытадэль’. Машынскі (Zasięg, 215) збліжае слав. mogyla ’капец, куча’ з сібір. тат. mogol, марыйск. mugõlʼo ’стог сена’. Паводле Алесіо (RIO, 3, 1951, 243) — гэта субстратнае слова, аснова якога балканская: magũla; Хубшмідт (Этимология–1967, 243–245) лічыць слав. слова даіндаеўрапейскім, крыніца запазычання невядомая. Сюды ж: маглі́цы, магіліцы, магілёва, магі́льня, ’могілкі’, магі́льнік, могільнік ’тс’, ’могільнік’ (Жд. 1, Бяльк., ТСБМ, Грыг., Нас., Сл. ПЗБ, докш., Янк. Мат.), магільніца — вёска, ля якой шмат панасыпаных курганоў (Янк. 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́таць 1 ’прыбіраць’, ’засоўваць, запіхваць (рукі)’ (Нас.), ’прыбіраць, упарадкоўваць, чысціць’, ’даглядаць’, ’хаваць’ (свісл., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк. Сл.), ’ачышчаць ад карэнняў, кустоў’ (Стан.). Параўн. рус. пря́тать, пря́чу ’хаваць’, опря́тный ’ахайны, чысты’, пря́танье ’карчаванне зямлі пад ворыва’, опря́тывать ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’адзяваць нябожчыка’, укр. пря́тати ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’хаваць’, ст.-рус. с(ъ)прѧтати; польск. sprątać ’прыбіраць’, sprzęt ’начынне, прыбор’, серб.-харв. прѐтати ’закопваць, засыпаць попелам’, спре̏тан ’лоўкі’, славен. spréten ’годны, лоўкі, жвавы’, балг. опре́там се ’падрыхтоўваюся да працы’, ст.-слав. прѧтати ’ціснуць, прыгнятаць; перашкаджаць’. Прасл. *prętati з першасным значэннем ’рваць, вырываць, расчышчаць зямлю пад сяўбу’ (Мяркулава, Этимология–1974, 70), магчыма, звязанае з *prędati, *pręsti (гл. пратаць 2 ’біць’), паводле Куркінай (Балто-слав. иссл., 15, 201), з першаснай семантыкай ’рэзка рухаць, тузаць’. Іншая пашыраная версія — аб роднасці з прут (*prǫtъ); гл. Праабражэнскі 2, 145 і наст.; Брукнер 436; аднак Фасмер (3, 396) указвае на семантычны недахоп гэтай этымалогіі — *prętati не мае значэння ’аплясці, плясці’. Супастаўленне з с.-в.-ням. sprenzen (Мацэнаўэр, LF, 14, 403; Младэнаў, 515) Фасмер (там жа) таксама лічыць сумнеўным, паколькі апошняе звязана са слав. *prędati (гл. пра́даць). Агляд іншых версій гл. ESJSt, 12, 710–711. Гл. таксама апратаць.

Пра́таць 2, пря́таць ’біць, лупцаваць’ (Нас., Бяльк., Юрч.), ’біць бялізну’ (Інстр. 1). Этымалагічна тое ж, што і пратаць 1; змяненне значэння адбылося ў выніку семантычнай кантамінацыі з дзеясл. праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)