паве́ць, ‑і, ж.
1. Пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго‑н. ад дажджу, непагоды. І застукалі дзве сякеры — двое [салдат] калолі, а трое насілі дровы пад павець. Хомчанка. Пад павець пачалі насіць мяхі з цэментам, згружаць цэглу. Лупсякоў.
2. Памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы; дрывотнік. Ралан, даючы ключ, загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.
3. перан. Тое, што навісае, утвараючы падабенства павеці. Узняла парасоны дрэў Фергана, над асфальтам навісла павець прысад. Русецкі. Над галавой — дубоў павець, Віднеюць неба, горы, поле Праз лісцяў сець. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падваро́тня, ‑і, ж.
1. Шчыліна паміж варотамі (радзей дзвярамі) і зямлёй. Грымеў ланцугом па дроце ад свірна да хлява здаравенны рыжы сабака, які да гэтага ляжаў у хляве, зашыўшыся туды праз падваротню. Дамашэвіч.
2. Дошка, якой закрываюць гэтую шчыліну; падваротніца. Мы асцярожна выцягнулі падваротню, паўзком пралезлі ў дзірку. Жычка.
3. Праём у доме або паміж дамамі для праезду, праходу ў двор (звычайна ў шматпавярховых будынках). Забегчы ў падваротню. □ Дзіцяняты, як вераб’і, кінуліся гарохам па дварах, падваротнях. Лынькоў. Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пала́ц, ‑а, м.
1. Вялікі, раскошны, багаты будынак. То не дом, а палац, шмат акон, шмат калон. Бядуля. Вось ён, Пецярбург! Горад палацаў ды фабрык. Гартны. Над Віліяй у цэнтры горада стаяў вялізны палац Урублеўскіх. Карпюк. // Тое, што і замак (у 1, 2 знач.). Рукамі нявольнікаў насыпаны [замкавы] высокі вал, выкапаны глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч. // Будынак, дзе пастаянна жыве і знаходзіцца цар, кароль, кіраўнік дзяржавы.
2. У складзе назваў некаторых будынкаў грамадскага прызначэння, якія звычайна выдзяляюцца сваёй архітэктурай. Палац піянераў. □ У Палацы будаўнікоў меўся быць вялікі самадзейны канцэрт. Ракітны.
[Іт. palazzo, ад лац. palatium.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасудзі́ць, ‑суджу́, ‑су́дзіш, ‑су́дзіць; зак.
Разм.
1. каго. Засудзіць усіх, многіх. — Цяпер пацішэла, і добра пацішэла, — пануквае каня фурман. — Зброю паадбіралі, пасудзілі за гэта. Лужанін.
2. заг. пасудзі́(це) (звычайна з займеннікам «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні: падумай(це), памяркуй(це), уяві(це) сабе. — Што ж болей рабіць, пасудзі? Колас. Голы, босы хадзіў дзіцем, — Цяпер стар, і ўсё ж не ўскрос. Паглядзіце, пасудзіце — Я таксама гол і бос. Купала.
3. Пагаварыць, папляткарыць некаторы час. [Куліна:] А які суд можа быць між сваімі.. Вядома, калі людзі пасудзяць языкамі, то жыць не захочаш, ну то і... разводзяцца. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачва́ра, ‑ы, ж.
1. Казачная, страшная істота, звычайна вялікіх памераў. З высокага трысця каля затокі выходзіць нейкая цёмная валасатая пачвара і спыняецца на адкрытым месцы. В. Вольскі.
2. Пра надта непрыгожага чалавека. Шаройка даўно марыў, каб жаніць .. [Максіма] [з дачкой], і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках.. Была б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Шамякін. // перан. Пра жорсткага, з нізкімі маральнымі якасцямі чалавека, вырадка. [Шэмет:] — Ты акружыў сябе падхалімамі, як сцяною, і сядзеў, што ў дупле, нічога не бачачы, акрамя гэтых пачвар. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакрыві́ць, ‑крыўлю, ‑крывіш, ‑крывіць; зак.
1. што. Зрабіць крывым, несіметрычным; перакасіць.
2. звычайна безас. каго-што. Надаць несіметрычны выраз (твару, губам). Апухлы твар .. [Ядзі] перакрывіла. Новікаў. Чалавек запхнуў сала ў рот, але жаваць ужо не мог. Яму звяло сківіцы, перакрывіла рот. Асіпенка.
3. каго. Перадражніць. Я баюся, як г-р-ы-м-л-і-ц-ь, — тонкім дзіцячым галаском перакрывіў .. [Кузьма] дзяўчынку. Хведаровіч. [Ала:] — Валодзька, ведаеш новую навіну!.. — Новая навіна! — перакрывіў яе Валодзя. — Я аб гэтым яшчэ можа тыдзень назад ведаў. Шамякін. — Працава-алі, — перакрывіў Патапавіч, — больш тае гаворкі, як работы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перары́ў, ‑рыву, м.
1. Разрыў, раз’яднанне чаго‑н. на часткі. Перарыў провада. // Месца абрыву, разрыву.
2. Непаслядоўнасць у якой‑н. дзейнасці, працэсе і пад.; пропуск. З таго часу, зімою, з перарывамі, хадзіла многа старых.. у Нёмнаборскую школу за паўвярсты. Чорны.
3. Спыненне (звычайна ненадоўга) дзеяння, развіцця чаго‑н. Гаварыць з перарывамі.
4. Прамежак часу, на які спыняецца дзеянне, развіццё чаго‑н. Словы знікалі ў кулямётным стракатанні, але ў перарывах, у адразу наступіўшай густой цішыні, яны выразна вырываліся, выплывалі знаёмай мелодыяй. Лынькоў. [Ягор:] — Дык назначайце выбары! А то ў мяне будзе перарыў у стажы. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праго́н, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прагнаць (у 2 знач.).
2. Абгароджаная з двух бакоў дарога, па якой ганяюць жывёлу. Новае гумно адгарадзілі ад старога, выгарадзілі прагон да яго. Чорны. // Такая ж дарога без агароджы, выган. Прычыніў хлеў і пагнаў каня ў вуліцу, а адтуль на прагон. Галавач.
3. Палоса, доўгі ўчастак поля, сенажаці і пад., адведзены для работы аднаму чалавеку, звяну, брыгадзе.
4. звычайна мн. (праго́ны, ‑аў). Павёрстная аплата за праезд на паштовых, а таксама аплата казной праезду па чыгунцы афіцэраў і цывільных чыноўнікаў у дарэвалюцыйнай Расіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прадыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
1. Голасна прачытаць або сказаць што‑н. для таго, каб той, хто слухае, запісаў. Дырэктар прадыктаваў яшчэ некалькі сказаў, уважліва праверыў напісанае Віцем. — Усё правільна, — сказаў ён. Нядзведскі.
2. перан. Прадпісаць што‑н. для безагаворачнага выканання; загадаць. Прадыктаваць умовы міру. // чым (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.) Абумовіць. Уступкі вязням, на якія пайшла турэмная адміністрацыя, прадыктаваны былі толькі страхам перад націскам міжнароднага рэвалюцыйнага руху. Брыль. Усякія палітычныя рашэнні, калі яны не прадыктаваны аб’ектыўнымі патрэбнасцямі жыцця, спасцігае сумны лёс выдаткаў грамадскага жыцця. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымасці́цца, ‑машчуся, ‑мосцішся, ‑мосціцца; зак.
Разм. Размясціцца, уладкавацца дзе‑н. (звычайна ў нязручным месцы). Дзве маладзейшыя выхавальніцы .. прымасціліся на адной табурэтцы ля цёплай грубкі і таксама аб нечым гаварылі, час ад часу паглядаючы на дырэктара. Нядзведскі. Побач з .. [Якубовічам] сядзелі Паходня і Зося Валынец, а далей каля агню прымасціліся — хто на карчы, хто на падасланым сене — Кузёмка Дзерах, чарнавусы Марцін. Хадкевіч. Госці ўжо сядзелі за сталом.. [Вара] прымасцілася на самым разу. Дуброўскі. / у вобразным ужыв. Па суседству з дубам, між кустоў чаромхі, прымасцілася сасонка. Пальчэўскі. Ля вежы прымасцілася невялічкая драўляная будыніна. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)