Рапярці́ць ’вучыць, як рабіць; настаўляць, павучаць’, сюды ж зваротныя з істотным зрухам семантыкі рапярці́цца, нарапярці́цца ’збірацца пайсці, паехаць куды-небудзь’ (віл., Жыв. сл.), рапярці́ць (ріпярці́ць) ’рыхтавацца, збіраць’, рапярці́цца ’рыхтавацца, збірацца’ (Юрч.). Параўн. рус. дыял. (урал.) реперти́ться ’харахорыцца, задзірацца’, у якім Куркіна (Этим. иссл., 6, 29) хоча бачыць словаскладанне прыслоўя *jarě (гл. я́ры) і дзеяслова *pertiti, вытворнага ад *perti (гл. перці1), што можа патлумачыць значэнне ’павучаць, настаўляць’. Што датычыць значэння ’збірацца, рыхтавацца’, то тут магчыма супастаўленне з рус. дыял. (уран.) подрепети́ть ’падрыхтаваць’, подрепети́ться ’навесці парадак, прыбраць’, якія Куркіна (там жа) збліжае з балг. дыял. ерепе́тим се ’харахорыцца, важнічаць, надувацца’, рус. дыял. ерепеси́ть ’дасягаць, дабівацца чаго-небудзь неадчэпнымі просьбамі, прыстасаваннямі’, ере́пестить ’з лаянкай, пануканнямі прымушаць працаваць’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *jarěpętiti sę, што з прыслоўя *jarě ’р’яна, з запалам’ і дзеяслова *pętiti (гл. пяць2, пну), гл. Трубачоў, Этимология–1970, 371; ЭСCЯ, 8, 172. Для апошніх нельга выключыць сувязь з рэпетава́ць ’злавацца; крычаць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расава́ць ’цвісці, красаваць (пра злакавыя)’ (Скарбы, Сцяшк., Сл. ПЗБ), rasaváč ’тс’ (Арх. Федар., Смул.), росова́ты (зах.-палес., Выг.), расава́цца ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ’выпускаць вусікі, коцікі (пра вярбу)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Зб. тв. 1, 442–443) падкрэслівае, што побач з літаратурнай формай красу́е існуе дыялектная форма расу́е. Арэальнае ўтварэнне, што памылкова выводзіцца з красаваць (гл.), параўн. польск. дыял. rosowac ’цвісці, красаваць (пра збожжа)’. Першаснае значэнне магло быць не толькі ’цвісці’, але і ’натапырвацца, шчацініцца’, што вынікала з рознай семантыкі раса́2 (гл.) — ’вусік калосся’ і ’шорсткая поўсць’, параўн. славен. pšenica se resi ’пшаніца выпускае вусікі’, resíniti se ’мець натапыраную поўсць’, гл. расіцца. Смулкова (Białoruś, 165) мяркуе, што расаваць узнікла шляхам народнаэтымалагічнага спрашчэння з красаваць праз збліжэнне з раса́1, гл. (“żyto pokrywa się pyłkowatym kwiatem jak rosą”) і з’яўляецца інавацыяй, што малаверагодна. Па гістарычных і лінгвагеаграфічных прычынах хутчэй архаізм, захаваны ў міфалагічных уяўленнях, параўн. раса́4, расава́тначка (rasawátnaczka) ’патронка, апякунка квітнеючага збожжа’ (Тур.), магчыма і роса́ўка ’русалка’ (ТС), гл. расаўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скорб м. р. ‘смутак’ (ТС). Укр. скора́ ‘тс’, рус. скорбь, ст.-рус. скърбь, серб.-харв. скр̑б ‘клопат’, славен. skȓb ‘тс’, балг. скръб, ст.-слав. скръбь ‘му́ка, няшчасце, гора’. Прасл. *skъrbь ‘смутак, клопат’, *skъrběti ‘смуткаваць; тужыць’, якія роднасныя літ. дыял. skur̃bti ‘смуткаваць’, skurbė ‘смута, гора, нястача’, лат. skúrbt, skurbstu ‘хмялець, траціць прытомнасць’, skur̂ba ‘галавакружэнне; ап’яненне; цечка (у авечак)’. Паводле Ларына (История, 42), сучасныя значэнні пераносныя на базе першаснага ‘хвароба’. Мяркуюць, што славянскія словы маюць агульнае паходжанне з рус. вяц. ско́рблый ‘ссохлы, зморшчаны; заскарузлы, закарэлы’ (сюды ж адносяцца зафіксаваныя Ластоўскім ско́рбнуць ‘карэць; дубець’, ско́рблік ‘крухмал’, скарблі́ць ‘прыдаваць жорсткасць тканіне’), якое суадносіцца з ст.-ісл. skarf ‘зморшчаны, худы, востры’, ст.-в.-ням. skar(p)f, с.-в.-ням. scharpf ‘востры’, што ўрэшце ўзыходзяць да пашыранай формы і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’: *(s)kerb(h)‑/*(s)kreb(h)‑, параўн. серб.-харв. oskŕbiti ‘параніць’ і ‘задаць смутку’, а таксама ‘клапаціцца’. Паводле Мартынава (Язык, 44), апошняе — вынік перабудовы семантыкі ў паўднёвых славян пад уплывам іншамоўных пранікненняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суравы́ ’нябелены (пра ніткі, палатно)’ (Касп., Шат.; мёрск., Ск. нар. мовы), ’нявыбелены, недастаткова апрацаваны (пра палатно сівога і жаўтаватага колеру)’ (Сцяшк., Варл.), суровы́ ’тс’ (Уладз.), су́равы (су́ровый) ’макраваты’, ’сыры, незвараны’, ’жорсткі’ (Нас.), суро́вы ’нябелены, грубы (пра палатно)’ (Бяльк., Шат.; мёрск., Ск. нар. мовы; Уладз.), сыровы́ ’нябелены, руды (пра палатно і пражу)’, сюды ж сураве́ц ’сырыца (скура)’ (Федар. 4), суро́вец ’гатунак палатна’ (Дэмб. 2). Фармальна і этымалагічна цяжка адмежаваць ад суро́вы (гл.), параўн. суравы́ ’суровы’ (Ян.). Параўн. укр. суро́вий ’грубы, неапрацаваны’, рус. дыял. суро́вый ’тс’, польск., в.-н.-луж. surowy ’сыры, нябелены (пра палатно)’, чэш., славац. surový ’сыры, неапрацаваны, дачышчаны’, славен. suròv ’сыры, недавараны, неапрацаваны’, балг. суро́в ’сыры’, макед. суров ’сыры, неапрацаваны’, ст.-слав. соуровъ ’сыры, грубы’. Прасл. *surovъ ’сыры, сыраваты’ звязана чаргаваннем з *syrъ (гл. сыры), гл. Фасмер, 3, 807; ЕСУМ, 5, 480. Адносна развіцця колеравай семантыкі параўн. балг. сур ’сіваваты, рудаваты’, серб.-харв. дыял. су̑р ’сівы’, макед. сур ’шэры’, гл. Бярнар, Бълг. изслед., 291 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струк1 ‘доўгі і вузкі плод з дзвюх палавінак з насеннем’ (ТСБМ, ТС, Байк. і Некр., Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘лядзяк’ (рас., Шатал.), ‘боб’ (Байк. і Некр.), струкі́ ‘лісце і сцяблы гароху’ (ушац., ДАБМ, камент., 862), ‘адходы пры прадзенні воўны’ (свісл., Шатал.), ‘пасма’: струк валосся (Сержп. Прымхі), стру́чча зборн. ‘струкі’ (Мат. Гом., Жд. 2), ‘гарох пасяўны’ (гом., Кіс.). Укр. струк, рус. стручо́к, польск. strąk, в.-луж. truk, н.-луж. tšuk, чэш., славац. struk, серб.-харв. стру̑к ‘сцябліна з коранем’, ‘часнок, цыбуліна’, славен. stròk ‘сцябліна; стручок’, балг. стрък ‘сцяблінка, галінка’, макед. страк ‘тс’. Прасл. *strǫkъ; як мяркуе Борысь (580), з больш ранняга *stru‑n‑ko з назалізацыяй ад і.-е. кораня *streu̯k‑ ‘быць цвёрдым’. Параўн. літ. striùkas ‘кароткі, адламаны’, лат. strûkulus ‘сопель’. Аналагічна Сной₁, 616; Бязлай, 3, 332. Далейшыя параўнанні з літ. strungas ‘кароткі, адламаны’, с.-в.-ням. strûch, ням. Strauch ‘куст’ (Гараеў, 350; Шустар-Шэўц, 1537) Фасмер (3, 783) лічыць нездавальняючымі. Махэк₂ (583) з улікам семантыкі роднаснымі лічыць літ. runkù, rùkti ‘моршчыцца, мяцца’ (спелыя стручкі ссохлыя, зморшчаныя); праславянскую форму *strukъ і *strǫkъ ён выводзіць з *roukos, адкуль з рухомым s‑ і ступенню ‑o‑ у корані *strukъ. Гл. таксама Глухак (59): на падставе серб.-харв. дво̀струк ‘падвойны’ лічыць асноўным значэннем ‘зморшчаны, сабраны ў складкі’, што ўзыходзіць да і.-е. *sreu‑ ‘цячы’. У карысць гэтага і значэнне ‘завіткі, кучары’, параўн. валасы ў струкі пакачалісе (Федар. 4).

Струк2 ‘франт’ (Бяльк.), хлопец, як струк (касцюк., Ліцв.). Параўноўваюць з рус. стрюк ‘дрэнны, агідны чалавек’, якое лічыцца вытворным ад бастрюк (гл. баструк); гл. Сабалеўскі, РФВ, 66, 345; Праабражэнскі, 2, 405; Фасмер, 3, 785 (прыводзіць яшчэ рус. стрю́цкие люди, г. зн. ‘нікчэмныя’, стрю́цкий, стрюцко́й ‘агідны, подлы чалавек’). Лаўчутэ (Балтизмы, 132) удакладняе лінгвагеаграфію і значэнне рускага слова: пск. стрюк ‘цясляр; мянушка чалавека’, ленінгр. ‘абадранец, валацуга’, арх., наўг., цвяр. стрю́цкий ‘басяк, абадранец; той, хто носіць залішне вузкія штаны’, — і мяркуе, што на фанетыку і семантыку рус. стрюк і роднасных паўплывала літ. striùkas ‘кароткі’, striùkas ‘каратышка, няўдачнік’, што, як здаецца, не мае падстаў, гл. Анікін, Опыт, 284. Хутчэй можна дапусціць развіццё семантыкі струк1, падобнае да серб.-харв. стру̑к ‘стан, корпус, талія’, што лічыцца інавацыяй (Скок, 3, 350).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дабы́ць ’здабыць’, дабыва́ць ’здабываць’. Агульнаславянскі дзеяслоў праславянскага характару. Параўн. укр. добу́ти ’здабыць, набыць, дастаць’, рус. добы́ть дастаць, набыць і г. д.’, ст.-рус. добыти ’набыць, здабыць; дажыць’, чэш. dobyti ’здабыць, набыць, зарабіць; завалодаць, авалодаць; дастаць, выцягнуць’, славац. dobyť ’захапіць, авалодаць; дабыць, дабіцца’, в.-луж. dobyć ’астацца; здабыць, зарабіць; авалодаць, захапіць, перамагчы’, н.-луж. dobyś ’астацца, выцерпець да канца’, польск. dobyć ’астацца, прабыць; выцягнуць, дастаць; захапіць, авалодаць’, балг. доби́я ’здабыць; раджаць’, серб.-харв. до̀бити ’здабыць, атрымаць’, славен. dobíti ’атрымаць і да т. п.’ Прасл. *dobyti (прэфікс *do + дзеяслоў *byti). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 47–48. Не вельмі ясным застаецца пытанне аб першапачатковым значэнні слова. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што зыходзіць трэба з ’раджаць’ (агляд гл. Махэк₂, 122). Паводле Трубачова (там жа, 48), лепш думаць, што гэта апошняе з’яўляецца мясцовым сінонімам. Махэк услед за Матлам (гл. Махэк₂, 122) лічыць, што развіццё семантыкі ішло так, як у лац. слова pecu ’жывёла’ > ’маёмасць, грошы’. Зыходным, паводле Махэка, для *dobyti з’яўляецца ’нарадзіць’. Гэта значэнне было агульным, але сёння захавалася ў балг. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́нік ’расліна ляскаўка, Silene cucubalus’ (віц., Кіс.). У іншых мовах адпаведнікаў як быццам няма. Не вельмі яснае паходжанне, магчыма, да калоць, параўн. рус. алан. колетуха ’расліна Cirsium, чартапалох’. Што датычыць семантыкі, падставы для такога меркавання ёсць — у некаторых відаў Silene як лісце, так і плады пакрыты восцю. Параўн. яшчэ рус. дыял. колкий у назвах раслін, у якіх ёсць калючкі, рожкі і да т. п., гл. СРНГ, 14, 137. Не выключана таксама, што тут утварэнне ад калоць ’расшчапляць і да т. п.’; семантыку тлумачаць нар. сінонімы: бел. ляскаўка. лускаецца, луснец, рус. хлопушка і да т. п. Гэтыя супастаўленні, аднак, не вельмі дакладныя. Магчыма, неабходна меркаваць аб утварэнні ад калець (Сколеть), параўн. калелая як назва хваробы (гл. ніжэй). Словаўтваральна гэта было б больш надзейна (*колетная трава), параўн. зах.-сіб. каленная ’расліна Dracoccphalum thymiflorum, змеегалоўнік’ — лекавы сродак ад радзімае, прыладка (хваробы ў маленькіх дзяцей), які суправаджаецца сутаргамі. Аднак рускі прыклад двухсэнсоўны, паколькі семантыка лацінскай назвы сведчыць хутчэй на карысць першай прапанаванай версіі. Магчымая сувязь з каляя не пераконвае па семантычных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́ць ’зябнуць, мерзнуць’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат.), ’дубець, карчанець’ (Нас.), ’здыхаць’ (Яруш.). Рус. бран., смал., цвяр., пск., наўг., вяц. і інш. колеть ’цвярдзець’ (у Даля без геаграфіі), (смал.) ’здыхаць’. Відаць, інавацыя ў бел. і шэрагу рус., пагранічных з беларускімі гаворках. Утворана аналагічна дубець, карчанець і да т. п. ад кол (гл.). Што датычыць семантыкі, асноўнае значэнне ’станавіцца цвёрдым’, адкуль і ’мерзнуць’ і ’здыхаць’. З вытворных слоў звяртае на сябе ўвагу калелая ў выразе калелая бярэ (Янк. БП), бадай яго каліэлая ўзела (Сержп. Грам.). У Насовіча калёлая тлумачыцца як наз. жан. р. са значэннем ’холад, дрыжыкі’: «Колѣлая цебе берець, на печь лѣзсшъ» (Нас., 242), колѣлый ’замёрзлы, азяблы’. Думаецца, што можна меркаваць пра беларускую інавацыю, паколькі дакладны адпаведнік быў адзначаны толькі Дабравольскім: колелая ’дрыжыкі, ліхарадка’. Не выключана, што тут эўфемістычная назва хваробы, параўн. рус. дыял. назву ліхаманкі колотуха. У такім выпадку значэнне магло развіцца натуральна на базе семем ’зябнуць’ і ’дрыжаць, трэсціся’ (параўн. і трасца ў аналагічных выпадках). Да статуса інавацыі параўн. рус. том. колеться ’зябіць, ліхаманіць’: «колется тебе всё, колется, хворатся».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ата́ва ’маладая трава, якая вырасла на месцы скошанай у той жа год’. Рус., укр., балг. отава, серб.-харв. о̀тава, польск. otawa, чэш., славац., славен. otava, в.-луж. wotawa ’тс’. Праслав. *otava выводзяць звычайна ад дзеяслова *otyti ’растлусцець, вырасці’ (ад *tyti), адкуль (з аблаўтам) *otaviti ’заставіць расці’ і далей — *otava (як слава пры слыць, забава пры забыць). Параўн. ст.-чэш. otaviti sě ’акрыяць’, сучаснае чэш. zotaviti ’асвяжыць, даць сілу’. Іначай Махэк, 345: *ot‑aviti sę ’зноў з’явіцца’, што семантычна лепш супастаўляецца з чэш. otavče ’асенняе куранё’ і ўказанымі значэннямі, аднак сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі і патрабуе ўдакладненняў у рэканструкцыі семантыкі прэфікса *оt‑ (па балтыйскаму ўзору). Махэк₂ (422) прызнаў гэту этымалогію памылковай. Голуб-Копечны лічаць асноўным ot‑ ’зноў’, а ‑ava суфіксальным. Параўнанне з літ. atólas атава’ і іншымі балтыйскімі формамі, зробленае Міклашычам і падтрыманае Траўтманам, 16, выклікала пярэчанні Эндзеліна (Мюленбах-Эндзелін, 1, 149), які тлумачыў балтыйскае слова іначай (параўн. Фрэнкель, 22). Вывядзенне слова з цюрк. от ’трава’ (Міклашыч, 228; Дзмітрыеў, Строй, 541; Курс суч., 161) выклікае пярэчанні. Супрун, Зб. Крымскаму, 128–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баразна́ (адносна семантыкі гл. Яшкін.). Рус. борозда́ (дыял. зах. борозна́), укр. борозна́ (дыял. зах. борозда́), польск. brózda, чэш. brázda, в.-луж. brózda, н.-луж. brozda, ст.-слав. бразда, балг. бразда́ (дыял. бразна́, брезна́, гл. БЕР, 1, 73), серб.-харв. бра́зда, славен. brázda. Прасл. borzda (суф. ‑zda, параўн. Слаўскі, 1, 45); тып *borzna другасны, вытворны ад *borzda (гл. Рудніцкі, 175). Аснова *bor‑ тая ж, што і ў *bor‑na (гл. барана́). Параўноўваюць з ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё, зубец, край’, ірл. barr ’верхавіна’, ст.-в.-ням. burst ’шчаціна’ (гл. Бернекер, 75; Фасмер, 1, 196); далей з лац. forāre і г. д. Корань *bor‑ (і.-е. *bhor‑) у спецыяльным тэрміналагічным значэнні ’рабіць барозны і да т. п.’ толькі ў слав. мовах і ў грэч. (Машынскі, Pierw., 74). Параўн. грэч. φαρᾶν ’араць’, φάρος ’саха’. Няпэўнымі з’яўляюцца версіі: Махэк₂, 65 (роднаснасць з літ. bir̃žis, лат. birze ’баразна і г. д.’; слав. borz‑ (< *bhorg̑‑) пад уплывам gręda зрабілася *borzda); Голуб-Копечны, 76 (*borzda < *bord‑da, роднаснае з ст.-в.-ням. bart ’край’); Атупшчыкоў, ЭИРЯ, IV, 87–96 (< *borg̑(i)da, да лац. frangere ’ламаць, разбіваць’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)