Заняпа́д ’упадак’. Укр. занепа́д ’тс’. Параўн. рус. бранск., смал., кур., арл. занепасть ’зрабіцца слабым, хваравітым’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *занепадати, *занепад + ти > *занепасти. Складанасць у сумяшчэнні значэння кораня (пад‑) і кампанента не-, якое дае ’не падаць’, што не адказвае сапраўднаму значэнню слова (прэфікс за‑ азначае пачатковы этап ці завяршэнне дзеяння, а таму ў гэтых разважаннях неістотны); параўн. рус. за‑не‑мочь. Калі ўлічыць наяўнасць рус. варонеж., бранск., кур., уладз., ярасл., кубан. занапастить(ся) ’мець напасці, г. зн. непрыемнасці; знікнуць, замучыць, страціць’, відаць, трэба ўводзіць слова да *занапасти, у якім потым адбылася ўзмацняючая народна-этымалагічная замена на > не: *занепасти.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зялі́ць ’надакучаць, дурыць (у выразе зяліць галаву)’ (бялын., Янк. Мат.). В.-луж. zelić ’крычаць, праклінаць, лаяцца’. Шустэр–Шэўц (Этимология, 1970, 89), які не ведаў бел. адпаведнік, збліжаў в.-луж. слова з і.-е. коранем *gal‑ ’крычаць’ (Покарны, 1, 250) і параўноўваў з улікам чаргавання галосных, а потым зычных з бел. галіць ’падганяць’, рус. галиться ’насміхацца’, чэш. háliti ’гучна смяяцца’. Наяўнасць бел. адпаведніка можа і падмацаваць прасл. этымалогію, але, магчыма, тут больш новае ўтварэнне — дзеяслоў ад зелле (в.-луж. zelo ’лячэбная расліна’) ’уздзейнічаць зеллем’. Параўн. соль і саліць (перан.). Нельга выключаць і адасобленасці бел. і в.-луж. лексем. Параўн. яшчэ заліць 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казу́тка ’козлік, падобны да ўслончыка, на якім катаюцца зімой з горкі’ (віц., Нар. лекс.), ’дрожкі’ (Касп.). Два ўтварэнні, якія фармальна і тэрытарыяльна суадносяцца. Матывацыя першага зразумелая (параўн. каза ’тс’, відавочна і наяўнасць зааморфнай адзнакі). Словаўтварэнне — ад асновы коз‑ з непрадуктыўнай ‑ут‑суфіксацыяй, паралельнай да ‑ур‑, ‑ул‑; Сцяцко (Афікс. наз., 129) адзначае яе адпрыметнікавыя малюта, галюта і галута рэг. (віц.) утварэнні, што важна з пункту погляду геаграфіі. Не выключана, аднак, што неабходнай з’яўляецца рэканструкцыя прыметніка тыпу козі. Матывацыя другога слова — казутка ’дрожкі’, няясная. Калі гэта не самастойнае ўтварэнне, можна меркаваць аб пераносе назвы з невялікіх санак, саней наогул, для якіх матывацыя больш-менш зразумелая.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Ла́зіва, ліізіво, лёзыво, лізыво, лезіво, льёзіво, лёзьво ’драбіны, лесвіца лазіць да коміна’ (стол., Нар. сл.; іўеў., трак., Сл. паўн.-зах.), ’вяроўка з дошчачкамі, пры дапамозе якой пчаляры лазілі на дрэва’ (З нар. сл., Сл. паўн.-зах., ЛАПП), зах.-укр. лазиво, лазило ’тс’, рус. лезево, польск. laziwо (> чэш. lezivо ’тс’). Дзендзялеўскі (Укр.-зах. парал., 169) адносіць гэту лексему да ўкраінскіх (усх.-слав.) — польскіх агульных лексічных утварэнняў. Слаўскі ж (5, 68) мяркуе, што польск. слова запазычана з бел. мовы. Аднак наяўнасць чэш. фіксацыі дае магчымасць аднесці лексему да прасл. lazivojlezivo (гл. Варбот, Слав. языкозн., VII, 1973, 95). Да лаз, лазіць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пяка́рня ’памяшканне, дзе выпякаюць хлеб’ (ТСБМ), пекарня ’памяшканне для службы ў маёнтку з вялікай печчу для выпечкі хлеба’ (Сержп.). Вытворнае ад пе́кар ’хлебапёк’ (гл.), параўн. пя́кар ’тс’ (івац., Сл. ПЗБ), ці хутчэй запазычанне з польск. piekarnia, адкуль паходзіць і складаны суфікс ‑арня для ўтварэння назоўнікаў — назваў памяшканняў для пэўнай дзейнасці. Першаснай крыніцай лічыцца с.-в.-ням. бавар. peck ’пекар’, с.-в.-ням. bẹcke ’тс’, сучаснае ням. Bäcker ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 226; Сной, 434 і інш.), аднак наяўнасць ст.-слав. пекарь, пекаръница ’хлебная печ’, а таксама адпаведных слоў у большасці сучасных славянскіх моў ставіць пад сумненне апошняе меркаванне, гл. БЕР, 5, 133.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ра́дашча (радоща) ’агульная радасць’ (Нас.). Мяркуецца, што запазычана з украінскай мовы (Сцяцко, Выбр. тв., 1, 237), дзе выступае як pluralia tantum ра́дощі, што ставіць пад сумненне наяўнасць формы адз. л. (параўн. Малдаван, Этимология–1994–1996, 210). Праблематычнай падаецца і суадносная форма адз. л. ст.-слав. радоща, паколькі ў пісьмовых помніках гэтая і падобныя формы на ‑ощи сустракаюцца выключна ў форме мн. л., часцей за ўсё ў Тв. скл. радощами, што выступае ў ролі прыслоўя, якое паслужыла асновай для ўтварэння формы назоўнага і іншых склонаў (Трыпуцька, SR, 10, 81–96). Да *radostь з пашырэннем ‑(j)a (ESJSt, 12, 745). Гл. радасць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Таласа́ ’дробныя хвалі на вадзе, зыб’ (слаўг., Яшкін, Слоўнік), ’дробныя зморшчыш, хвалі на вадзе’ (Ласт.), тало́сіцца ’злёгку хвалявацца, зыбацца (пра ваду)’, таласі́ць ’мігацець, мітусіцца (у вачах)’ (Ласт.). Нягледзечы на наяўнасць у гаворках некаторых міжземнаморскіх тэрмінаў (параўн. трымуктан, гл.), наўрад ці звязана з балканскім тэрмінам, параўн. макед. талас ’хваля, вал’, серб.-харв. та̏лас ’вал’, што ўзыходзіць да грэч. θάλασσα ’мора’ праз тур. talaz/talas/tales ’хваля, вал’, параўн. таксама харв. talàsati ’пералівацца (пра ваду, збожжа на полі)’, гл. Скок, 3, 438; Зайкоўскі, Слов. етим., 183; спец. пра грэчаскае слова гл. Ньюман, Arctos (Helsinki), 14, 51–78. Хутчэй звязана з наступным словам, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АНТАЦЭРО́ТАВЫЯ ІМХІ́,
антацэратопсіды (Athocerotopsida), клас мохападобных. Уключае 2 сям. — антацэротавыя (4 роды) і натаціласавыя (1 род). Каля 300 відаў. Пашыраны ў трапічных і ва ўмерана цёплых краінах. Першапасяленцы вільготных аголеных глебаў; у тропіках растуць на галінках, лісці і адмерлых раслінах. На Беларусі адзінае сям. антацэротавых з 2 родамі — антацэрас і феацэрас.
Стараж. група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга палеазою. Спалучае асобныя прыкметы пячоначнікаў, імхоў, сасудзістых раслін і водарасцяў. Лічыцца прамежкавым звяном паміж астатнімі мохападобнымі і сасудзістымі раслінамі. Прыкметы: неабмежаваны рост спарафіта, наяўнасць пласціністых храматафораў з пірэноідам і тыповых для вышэйшых раслін вусцейкаў у гаметафіта.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
Г.Ф.Рыкоўскі.
т. 1, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд. група). Пашырана ў Балгарыі (дзярж. мова) і сярод балгараў, што жывуць у Югаславіі, Румыніі і інш. суседніх дзяржавах. Мае 2 асн. групы дыялектаў: усходні і заходні.
У фанетычнай сістэме балгарскай мовы 6 галосных (у тым ліку спецыфічна балг. гук «ъ») і 37 зычных фанем. Граматычныя асаблівасці вызначаюцца яе прыналежнасцю да балканскага моўнага саюза: страта катэгорыі склону (па гэтай прыкмеце балгарскую мову адносяць да аналітычных моў), наяўнасць катэгорыі азначальнасці імені (назоўнік з постапазіцыйным артыклем — «жената», «градът») і спец. пераказвальнага ладу, страта інфінітыву, разгалінаваная сістэма з 9 часоў дзеяслова і інш.
Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 10 ст. Сучасная літ. мова сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. на аснове паўн.-ўсх. гаворак. Графіка балгарскай мовы ўзыходзіць да кірыліцы.
т. 2, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДВА́НА
(ад назвы гіст. вобласці ў Цэнтр. Індыі),
гіганцкі суперкантынент, які існаваў у Паўд. паўшар’і Зямлі на працягу б.ч. палеазою (верагодна, і ў дакембрыі) і ў пач. мезазою. Мяркуюць, што Гандвана — мацярык яйцападобнай формы, антыподам якой у Паўн. паўшар’і была Лаўразія. У тэктанічных адносінах Гандвана — дакембрыйская платформа, адна з найб. структур Зямлі. Уключала шэраг стараж. платформаў Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Азіі (Аравійская і Індастанская), Аўстраліі і Антарктыды. Пра тое, што гэтыя часткі кантынентаў былі адзіным цэлым, сведчаць вялікае падабенства або ідэнтычнасць познапалеазойскіх і раннемезазойскіх кантынентальных адкладаў, наяўнасць слядоў палеазойскага мацерыковага зледзянення, пашырэнне гласаптэрыевай флоры і інш. агульныя рысы. У сярэдзіне юрскага перыяду пачаўся раскол Гандваны, які завяршыўся да канца ранняга мелу. Часткі яе пачалі разыходзіцца і ў выніку дрэйфу кантынентаў занялі сучаснае становішча.
М.А.Нагорны.
т. 5, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)