Казу́тка ’козлік, падобны да ўслончыка, на якім катаюцца зімой з горкі’ (віц., Нар. лекс.), ’дрожкі’ (Касп.). Два ўтварэнні, якія фармальна і тэрытарыяльна суадносяцца. Матывацыя першага зразумелая (параўн. каза ’тс’, відавочна і наяўнасць зааморфнай адзнакі). Словаўтварэнне — ад асновы коз‑ з непрадуктыўнай ‑ут‑суфіксацыяй, паралельнай да ‑ур‑, ‑ул‑; Сцяцко (Афікс. наз., 129) адзначае яе адпрыметнікавыя малюта, галюта і галута рэг. (віц.) утварэнні, што важна з пункту погляду геаграфіі. Не выключана, аднак, што неабходнай з’яўляецца рэканструкцыя прыметніка тыпу козі. Матывацыя другога слова — казутка ’дрожкі’, няясная. Калі гэта не самастойнае ўтварэнне, можна меркаваць аб пераносе назвы з невялікіх санак, саней наогул, для якіх матывацыя больш-менш зразумелая.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)