Пяка́рня ’памяшканне, дзе выпякаюць хлеб’ (ТСБМ), пекарня ’памяшканне для службы ў маёнтку з вялікай печчу для выпечкі хлеба’ (Сержп.). Вытворнае ад пе́кар ’хлебапёк’ (гл.), параўн. пя́кар ’тс’ (івац., Сл. ПЗБ), ці хутчэй запазычанне з польск. piekarnia, адкуль паходзіць і складаны суфікс ‑арня для ўтварэння назоўнікаў — назваў памяшканняў для пэўнай дзейнасці. Першаснай крыніцай лічыцца с.-в.-ням. бавар. peck ’пекар’, с.-в.-ням. bẹcke ’тс’, сучаснае ням. Bäcker ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 226; Сной, 434 і інш.), аднак наяўнасць ст.-слав. пекарь, пекаръница ’хлебная печ’, а таксама адпаведных слоў у большасці сучасных славянскіх моў ставіць пад сумненне апошняе меркаванне, гл. БЕР, 5, 133.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)