уве́сь, усяго́, м.; уся́, усёй, ж.; усё, усяго́, н.; мн. усе́, усі́х; займ. азначальны.

1. Вызначае што‑н. як непадзельнае, узятае ў поўным аб’ёме; цэлы. Увесь вечар. Усё лета. □ Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас. Увесь май сушыла. Ні дажджынкі, ні расінкі. Паўлаў. Мінск — сталіца, гордасць наша, Слава ўсёй краіны. Купала. // толькі мн. (усе́, усі́х). Указвае на вычарпальны ахоп асобных аднародных прадметаў, асоб, з’яў; без выключэння, кожны ў сукупнасці з іншымі. З усіх бакоў. Па ўсіх правілах. □ Цяпер ідуць Пад горды сцяг Саветаў Народы ўсе І ўсе мацерыкі. Хведаровіч. За мір і за шчасце змагайцеся, Працоўныя ўсіх краін! Куляшоў. Усе на лузе, ад малога да вялікага. Ваданосаў. // Уваходзячы па сэнсу ў склад выказніка або азначэння, ужываецца ў значэнні: цалкам, поўнасцю, зусім. Быў .. [Мікуць] увесь мокры. Чорны. Сядзіба [Арлоўскага] шырокая і доўгая, уся пад садам. Чарнышэвіч. Са з’яўленнем .. [Соні] мне быццам перадаваўся яе бадзёры настрой, і я ўвесь ажываў. Ракітны. // Пры абстрактных назоўніках указвае на вышэйшую ступень праяўлення якасці, прыметы. Ва ўсю шырыню. Сканцэнтраваць усю ўвагу. □ Каб недавер увесь развеяць, Скажу: тут выдумкі ні-ні... Бачыла.

2. у знач. наз. усё, усяго́, н. Тое, што ёсць, цалкам, без выключэння. Усё для перамогі! Заўсёды ўсім задаволены. □ Усё ў доме цяпер перавернута дагары нагамі. Ус. Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць. Чорны. // усё. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Лепш за ўсё. Больш за ўсё. Менш за ўсё. □ Успаміны .. [Нічыпара] былі часам і цікавыя і мелі якое-небудзь значэнне. А часцей за ўсё стары гаварыў проста так, што прыходзіла ў галаву. Кулакоўскі. [Іванчанка:] А я думаю, што .. [дзеці] хутчэй за ўсё тут, у вёсцы... Кучар. // у знач. вык. Азначае выключную важнасць, значэнне прадмета, паняцця і пад. [Паддубны:] — Мы разумеем, што сувязь з народам — гэта ўсё. М. Ткачоў. // у знач. наз. усе́, усі́х. У поўным складзе, без выключэння. Усе ў зборы. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. □ Падалі снеданне. Усе селі за стол. Юрэвіч. Усім спадабалася Балукова выдумка і гурт[ам] прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана. Колас. Нізкі пералаз — усім дарога. Прыказка. // усё, усе́. Ужываецца ў якасці абагульняючага слова пры пералічэнні. Вас, землякі мае, Вітаю .. Прастор палёў, лясы — Усё ваша. Чарот. // Р усі́х. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Бяздомны музыка, жабрак для .. [Ганны] мілей за ўсіх і вышэй за ўсіх. Гіст. бел. сав. літ. Больш за ўсіх Крумкач стары Набіваў закускай волле. Гілевіч.

3. толькі ў Н. Скончыцца, зрасходавацца цалкам. Соль уся. □ — Рыс ужо ўвесь, — сказала .. [маці] бацьку. Маўр.

4. у знач. вык. усё. Разм. Скончана, канец. Больш не ўбачымся. Усё. □ — Усё, — сказаў Тарас, усміхнуўшыся. Якімовіч. — Не хочам і — усё! — капрызна выкрыкнуў другі, пухлагубы пястун. Ракітны.

5. З некаторымі назоўнікамі з прыназоўнікамі «з», «у» (ва), «на» утварае ўстойлівыя прыслоўныя словазлучэнні, якія паказваюць на паўнату, інтэнсіўнасць, сілу праяўлення якога‑н. дзеяння. Ва (на) ўвесь дух. Ва ўсе вочы. Ва (на) ўсю моц. З усіх ног. З усяго маху. На ўвесь голас. На ўвесь рост. На ўсе застаўкі. На ўсё горла. На ўсю сілу. З усёй сілай. З усіх сіл.

•••

Ад усіх дзірак (бочак) затычка гл. затычка.

Ад усяго сэрца гл. сэрца.

Валіць усё ў адну кучу гл. валіць.

Ва ўсе лапаткі гл. лапатка.

Ва ўсёй (сваёй) красе гл. краса.

Ва ўсіх адносінах гл. адносіны.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Вось (табе) і ўвесь сказ гл. сказ.

Выматаць усю душу (усе духі, нервы, кішкі) гл. выматаць.

Выціснуць усе сокі гл. выціснуць.

Званіць ва ўсе званы гл. званіць.

З усімі анёрамі гл. анёры.

З усіх канцоў гл. канец.

З усяго свету гл. свет.

Ісці на ўсё гл. ісці.

І ўсё тут — больш нічога; няма чаго гаварыць, размова скончана.

Майстар на ўсе рукі гл. майстар.

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

Мераць усіх (усё) на адзін аршын гл. мераць.

На ўсе вякі гл. век.

На ўсе жылы; з усіх жыл гл. жыла.

На ўсе лады гл. лад ​1.

На ўсе чатыры бакі гл. бок.

На ўсім гатовым гл. гатовы.

На ўсю іванаўскую гл. іванаўскі.

Не ўсе дома ў каго — пра дзівака, чалавека ненармальнага, прыдуркаватага. «Ой, Сёма, Сёма! — стары паляпаў пальцам па лбе. — Не ўсе ў цябе, сыночак, дома»... Корбан.

Ну, вось і ўсё! гл. вось ​2.

Па ўсім відаць гл. відаць.

Па ўсіх правілах гл. правіла.

Па ўсіх правілах мастацтва гл. правіла.

Перш за ўсё гл. перш.

Скарэй за ўсё гл. скарэй.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Увесь у каго — пра падабенства да каго‑н. [Галя:] — Ого! Хлопец — увесь у тату. Шамякін.

Увесь час гл. час.

Увесь (уся, усё, усе) чыста — без выключэння, поўнасцю, цалкам. [Паўлюк:] — Ну, і выйшла, што я ўвесь чыста ў .. руках [брата]. Зарэцкі. Сядай! Не хвацкі танец твой! — Крычаць яму [Фаме] з застолля ўсе чыста. Корбан. Выказаць усё чыста — нашто ёй [Ганне] і яму [Сцяпану] цярпець немаведама для чаго! Мележ.

Усе да аднаго; усе (усё) на свеце — ужываюцца з узмацняльным значэннем вычарпальнай паўнаты, поўнага ахопу. І вось падмарозіць. Яблыкі ападуць усе да аднаго. Укрыюць дол пад дзічкаю. Бяспалы. Тэатр засланіў перад .. [Вашамірскім] усё па свеце. Бядуля.

Усе козыры ў руках гл. козыр.

Усё адно — а) аднолькава, няма розніцы. [Тапаркоў:] — А калі за маё старанне такая аддзяка — мне ўсё адно. Навуменка; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Не адступленне — перадышка. Нам выйграць бой, усё адно. А. Александровіч.

Усё адно як — як быццам бы. Стаіш і маўчыш, усё адно як чужы. Скрыган.

Усё гарыць у руках — тое, што і работа гарыць у руках (гл. работа).

Усё кончана — пра цяжкую страту, безнадзейнае становішча.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Усё роўна — а) аднолькава, няма розніцы. [Насця:] А хіба ж не ўсё роўна вам, Дзе мой каханы, тут ці там? Колас; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Але бацька ўсё роўна пойдзе і вернецца дадому толькі на світанні. Кулакоўскі; в) тым не менш, усё-такі. Як ні ціха Андрэй адчыняў дзверы, як ні ціха распранаўся, а маці ўсё роўна пачула. Ермаловіч.

Усё роўна як — быццам бы. Ён гаварыў сурова, усё роўна як загадваў. Скрыган.

Усё страчана — пра што‑н. канчаткова згубленае, пра беззваротную страту.

Усё як ёсць — літаральна ўсё, поўнасцю. [Няміра:] — Я думаў, што вы адно сёе-тое прадасце, аж вы ўсё як ёсць. Чорны. Гледачы памяркоўныя абмяркоўваюць. Усё як ёсць Нетаропка. Барадулін.

Усімі сіламі гл. сіла.

Усіх масцей гл. масць.

Усяго добрага гл. добры.

Усяго найлепшага гл. найлепшы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «да» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, да якіх скіравана дзеянне, рух. Падысці да акна. Плысці да берага. □ Да хаты падымчаўся жарабок, запрэжаны ў маляваныя драбіны. Чорны. Наталька павярнулася да бацькі, азарыла яго светлай усмешкай. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры абазначэнні мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад. Падкасаць штаны да каленяў. Давесці справу да канца. □ Канцы башлыка, якімі хлопец абвязаны ледзь не да носа, запацелі і падмярзаюць на ветры. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні меры, велічыні чаго‑н. Шынель да пят. Вады ў рацэ да пояса.

3. Ужываецца пры абазначэнні мяжы той адлегласці, прасторы, якая аддзяляе адзін пункт ад другога. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры чатыры. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, з’ява і пад. Ад бурнай Віслы да Урала — Чырвоных ведалі ваяк. Чарот. Што ні скажа — Маслам мажа з плеч да лытак. Вось дык крытык! Крапіва.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам служыць для абазначэння моманту, да якога працягваецца дзеянне, стан і пад. А цяпер, глядзі, зіма якая І якія на шляхах вятры, Што ледзь чутна, як гармонік грае У калгасным клубе да зары. Танк. Да сярэдзіны мая Рыгорава жыццё кацілася новай каляінай. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» або «з» (ад, з — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, з’ява і пад. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы. З вясны да восені — даволі-такі часу. Крапіва.

5. Ужываецца пры абазначэнні падзеі, з’явы, якім папярэднічала пэўнае дзеянне; адпавядае па значэнню словам: перад чым небудзь, раней чаго-небудзь. Выканаць план да ўстаноўленага тэрміну. □ За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.

Колькасныя адносіны

6. У спалучэнні з лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні колькаснай мяжы чаго‑н. Ніна гарыць, бо ноччу тэмпература падымаецца ледзь не да сарака. Брыль. // Ужываецца пры ўказанні на магчымасць якой‑н. колькасці, меры; адпавядае па значэнню словам: каля, прыблізна. У аўтобусе змяшчаецца да сямідзесяці пасажыраў. □ Прамінуўшы да дзесяці падвод, .. [Сідар] апамятаўся і спыніўся. Гартны. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» і другім лічэбнікам ужываецца пры абазначэнні велічынь, якія абмяжоўваюць што‑н. Дзеці ад трох да пяці год.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы і пад., да якіх што‑н. далучаецца, дабаўляецца. Да пяці прыбавілі два. □ Рыгор прыстаў да першага рада і з асаблівым захапленнем убіваў у рыхлую зямлю востры жалязняк. Гартны. / У выразе: да таго ж. Да таго ж Мініч яшчэ меў недахоп у вымаўленні: ён шапялявіў. Колас.

8. Ужываецца пры абазначэнні групы або катэгорыі людзей, з’яў, прадметаў і пад., да якіх належыць, адносіцца хто‑, што‑н. Былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга. Колас. [Чарнавус:] Скажыце, Аляксандр Пятровіч, да якога перыяду вы адносіце сваю знаходку? Крапіва.

9. Ужываецца пры абазначэнні матыву, мэты якога‑н. дзеяння. Імкнуцца да новых поспехаў. Рыхтавацца да экзаменаў. □ Голіцца .. [Ян] штодня, пакідаючы толькі адны вусы, каб паказаць сваім дочкам прыклад ахайнасці і прывучыць іх да парадку. Лынькоў.

10. Ужываецца пасля назоўніка пры абазначэнні асаблівасцей або прызначэння прадмета, з’явы і пад. Пісьмо да запатрабавання. □ Сігнал да працы ўмомант падняў на ногі рабочых. Гартны.

11. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі звязана якое‑н. дзеянне, стан, прымета, якасць. Шапка .. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас. Стары ўжо, відаць, прывык да такіх кампрэсаў і адчуваў сябе больш-менш зручна. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., да якіх праяўляюцца якія‑н. адносіны, пачуцці. Любоў да радзімы. Схільнасць да разважанняў. □ У Віцькавым голасе замілаванне і шчырая любоў да маці. Асіпенка. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю гэту навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў. Колас.

12. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, у дачыненні да якіх выяўляецца прыгоднасць, прыдатнасць каго‑, чаго‑н. Галена Прыбыткоўская была і рухавая, і спрытная да ўсяго. Чорны. Яська — майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, да якіх ёсць або адсутнічае патрэба, зацікаўленасць. Прыйшло да ахвоты пагаварыць. Маю да цябе справу. □ Колькі дзён не да рыбы было Сілівону. Лынькоў. Грамадзе было не да смеху над спалоханай кабетай. Бядуля.

13. (у спалучэнні са словамі «падобны», «мець падабенства»). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы, з якімі параўноўваецца хто‑, што‑н. За сталом сядзяць Таня і хлопчык год трох, вельмі падобны да самога Лясніцкага. Шамякін. Азірніся, падзівіся — Мірты, лаўры, кіпарысы Не падобны да сябе. Панчанка. Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам хутар[оў] ці да зборных выселак. Чорны.

14. Ужываецца ў загалоўках пры абазначэнні тэмы твора або падзеі, з’явы, з якімі звязан змест твора. Да пытання аб развіцці маністычнага погляду па гісторыю. Да пытання аб правапісе назоўнікаў.

15. Ужываецца пры абазначэнні таго, да чаго заклікаюць, пабуджаюць. Наперад, да новых перамог! □ Рэй вядзе Рыжы. — Да зброі! — ціха камандуе ён. Колас. Жыві ж, красуйся, горад стольны, З руін да славы ўставай! Глебка.

16. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, з’явы і пад., да якіх скіравана дзеянне. Прыступіць да работы. Прыслухоўвацца да голасу народных мас. □ Цяпер разгорнем часаў шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося. Колас. Ці ты, мілы, спіш, не чуеш, Што да мяне не гаворыш? З нар. песні. // Ужываецца пры абазначэнні выніку дзеяння. Прыйсці да згоды. Сеавольства да дабра не даводзіць.

17. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, з якімі сутыкаецца хто‑н., змацоўваецца што‑н. Прывязаць каня да плота. Прымацаваць партрэт да сцяны. □ Кавалачак дроту быў моцна прыпаяны да ланцужка. Лынькоў. Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. // Пры паўтораным назоўніку служыць для ўтварэння прыслоўных спалучэнняў, якія абазначаюць, што асобы ці прадметы узаемна сутыкаюцца, судакранаюцца. Хлопцы са страху прытуліліся адзін да аднаго. С. Александровіч. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Асіпенка.

Акалічнасныя адносіны

18. Ужываецца пры ўказанні на ступень, якой дасягае дзеянне, стан. Працаваць да поту. Начысціць да бляску. Кранаць да душы. □ Раптам паляцела грузавая машына і, рэзка, ажно да піску, затармазіўшы, спынілася. Броўка. Пах хвоі рабіўся яшчэ больш густым, ядраным, ён цадзіўся ў грудзі, распінаў іх да салодкай стомы. Лынькоў. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для абазначэння найвышэйшай ступені якога‑н. дзеяння, стану. Прамокнуць да ніткі. Стаміцца да смерці. □ Рэзкі сівер падыхае, Да касцей праймае. Крапіва. // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі служыць для ўказання на паўнату колькаснага ахопу; адпавядае па значэнню словам: усё, цалкам, поўнасцю. Разведаць усё да драбніц. □ Анцыпік са здзіўленнем глядзеў, як Лабановіч узяў поўную шклянку і, не адрываючыся, выпіў да дна. Колас. — Я табе сплачу доўг, Сімон. На будучую восень я разлічуся да капейкі. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «ад» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры ўказанні на поўны ахоп якіх‑н. прадметаў, якасцей і пад. Зацікавіць усіх — ад малога да старога.

•••

Ад дошкі да дошкі гл. дошка.

Ад слова да слова гл. слова.

Ад часу да часу гл. час.

Давесці да ручкі гл. давесці.

Да пабачэння гл. пабачэнне.

Да пары да часу гл. пара.

Да часу гл. час.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Што да каго-чаго гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што 1, чаго, чаму, што, чым, аб чым, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб прадметах, з’явах і іх прыметах, дзеянні, стане каго‑, чаго‑н. А што там, што там за ракой? Прыходзь — і зразумееш: Тут замець рупнаю рукой Насыпала сувеі. Матэвушаў. [Пан:] — Загадаю вам тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Якімовіч. Дарога, дарога! Чым заваражыла мяне ты? Танк. / У спалучэнні з часціцамі і займеннікамі «ж», «жа», «гэта», «такое». — Што ж цяпер рабіць? — спытаў .. [тата] сам у сябе і цішэй дадаў: — Ды так і заблудзіцца можна. Пальчэўскі. — А што ж гэта за вуліца, ці даўно яна тут? Кулакоўскі. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: нічога ўжо не зробіш, не варта і гаварыць. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкнецца. То што ж ты ўжо зробіш? Лобан. [Рыгор:] — Што аба мне пытаць: не хочацца нават і ўспамінаць нічога. Гартны. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях у значэнні: добры, нічога. Чым не хлопец? Чым не горад? Чым не машына? □ [Тодар:] — Вось хоць бы і Антоля Скрылёва — чым не дзяўчына? Крапіва.

2. (толькі ў форме Н што) пытальны, у знач. вык. У якім стане хто‑, што‑н. знаходзіцца?, як? — Як наша вёска, што суседзі?

3. (у форме Н што і Р чаго) пытальны, у знач. прысл. Чаму?, па якой прычыне? — Што ж не кланяешся мне? — Грозна Леў спытаў. Танк. «Што ж гэта я зусім раскісла? Так, сапраўды, і да сухотаў недалёка». Ваданосаў. — Што так шчыра прыняўся за работу? — перабілі .. [Рыгора] суседзі. — На абед пара. Гартны. — Ну, заспявай яшчэ, — сказаў хлопец.. — Чаго ж ты пакінуў спяваць? Чорны.

4. (у форме Н што і Р чаго) пытальны, у знач. прысл. Для чаго?, навошта?, з якой мэтай? Што нам Кола сяброў завужаць, — Скрыжаваліся Нашы скрыжалі. Барадулін. [Сашка:] — Чаго ты, Валя, заходзіла тады да Шпулькевіча, калі мы з табой першы раз убачыліся? Чорны. Хацеў Сцёпка проста ў панскі дом ісці, ды лёкай спыніў: — Ты чаго тут, валацуга, цягаешся! Якімовіч.

5. Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах: а) адпавядае па значэнню адмоўнаму займенніку «нішто», а таксама назоўнікам, якія абазначаюць адмоўныя ўласцівасці, якасці. Што мне ворагі! Што яму мароз! □ Што па той чэсці, калі няма чаго есці. Прыказка; б) (у форме Р) пры наступным адмоўі ў значэнні: усё, усякае, любое. Чаго няволя не зробіць! І чаго за жыццё не зазнаеш! □ Чаго-чаго толькі .. [гаспадыні] не панеслі: стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар, побач блішчала ўсімі колерамі неба і зямлі яечня з салам і каўбасой. Бядуля.

6. неазначальны. Разм. Што-небудзь, штосьці. [Брэйт:] — Толькі вы тут будзьце. Калі што — я прыскочу... Ставер. — Дайце мне, мама, перакусіць чаго. — А чаго ж табе даць, сынку? — Што ёсць у вас. Гартны. [Алаіза:] — Вы тут крыху пасядзіце, пазабаўляйцеся чым, а я на хвіліначку выскачу. Арабей.

7. (у форме В) указальны. Ужываецца ў спалучэнні з часціцамі «вось», «во», «от» для ўдакладнення выказвання ў значэнні: наступнае, іменна гэта. [Шэмет:] — Вось што я хачу сказаць. Такіх старшынь, як Бадытчык, мы не будзем знімаць, а будзем шукаць. Лобан. — Во што я скажу, Алесь: Віктар табе не таварыш, — проста пазіраючы на яго, сказала Лена. Ваданосаў. [Людміла:] Я не бачу тут Ніны Зорынай. Ёй паведамілі? [Соня:] А яе і не будзе. Вось што. Кучар.

8. адносны. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі дапаўняльнымі. Маці ніяк не магла зразумець, што робіцца з сынам. Паслядовіч. [Лютынскі:] Сядзь, я зараз пашукаю, чым перавязаць [руку]. Крапіва. Запанавала цішыня. Бацька, відаць, яшчэ не ўцяміў, што да чаго. Бажко. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Маёру] ніяк не ўдавалася даць рады таму, што рабілася на дарогах і прасёлках. Лынькоў. Сынава ўяўленне дарысавала да канца тое, пра што толькі з большага сказаў бацька. Чорны. — Што прайшло, таго не вернеш! Гурскі. // Далучае даданыя дапаўняльныя сказы з прычынным адценнем, выступаючы ў значэнні займеннага прыслоўя «чаму». Пачаў і на яго [сына] бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Якімовіч.

9. адносны. Далучае дзейнікавыя даданыя сказы. [Конан:] — Што не ў меру, тое ў шкоду. Лобан. Што з воза ўпала, тое прапала. Прыказка.

10. адносны. Далучае выказнікавыя даданыя сказы, якія звычайна раскрываюць выказнік галоўнага сказа, выражаны займеннікамі «такі», «гэтакі», «той». — Працоўная слава — гэта не тое, што даецца чалавеку адзін раз і назаўсёды. Краўчанка. Што міру, тое і бабінаму сыну. Прыказка.

11. адносны. Далучае даданыя азначальныя сказы, выступаючы ў значэнні займеннікаў «які», «каторы». Другую групу касцоў, што ідзе следам за намі, вядзе Валодзька Цітовіч. Брыль. Зацвіла каліна, Што вадзіла летам, Ой, чырвоным цветам Зацвіла каліна. Трус. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала. Да асуджаных кінуліся салдаты. І тады той з людзей, што стаяў першым у шарэнзе, загаварыў. Лынькоў.

12. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае сабой даданы ўступальны сказ. Жывём багата, што там ні кажы. Панчанка. Што ні кажы, дзялка і хвата Прызнаць адкрыта трэба ў ім [Богуце]. Колас.

13. адносны. Ужываецца для сувязі даданых далучальных сказаў дабавачнага характару. — А я не аграном, — адказала Іра. — Палоць трэба, што ж яшчэ рабіць. [Алёша:] — Палоць? А вой! Хто ж канюшыну поле? Лобан. Аднаго разу прыязджаў сам граф верхам на кані, чаго ніколі не бывала. Пестрак.

•••

Адно што гл. адзін.

А што ты думаеш гл. ты.

Бадай што гл. бадай.

Блізка што гл. блізка.

Бог (святы) ведае што гл. бог.

Больш чым... гл. больш.

Вось яно што! гл. вось ​2.

Вунь яно што! гл. вунь.

Дарма (дармо) што гл. дарма.

Дзіва што гл. дзіва.

(Ды) што (і) гаварыць гл. гаварыць.

За што купіў, за тое і прадаю гл. купіць.

І думаць няма чаго гл. думаць.

Калі што якое — калі здарыцца што‑н. нечаканае, узнікнуць якія‑н. цяжкасці, непрыемнасці і пад. [Бондар:] — Запомні, калі што якое, галавой адкажаш... Навуменка. Па ўспамінах старых людзей, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, паўстанцы часта казалі, калі што якое: «Будзем скардзіцца Кастусю!..» В. Вольскі.

Лічыць ні за што гл. лічыць.

Мала што гл. мала.

На чым свет стаіць гл. свет.

Не абы (там) што — не простая рэч, не дробязь, не глупства. [Ілья:] — Эх, нічога вы, жанчыны, не цяміце ў рыбацтве. Гэта ж спорт, высакародны спорт, а не абы там што! Васілёнак.

Ні за што (на свеце) — ні ў якім выпадку, ні пры якіх умовах, ніколі. І ўжо каторы раз.. [Вера] думала, што так бязглузда памылялася ў людзях, меркавала аб іх па першаму ўражанню і потым ні за што не хацела мяняць сваёй думкі. Асіпенка.

Ні за што ні пра што — а) дарэмна. Атрымаўшы пяцёрку ні за што ні пра што,.. [доктар] збянтэжыўся, пачырванеў і прамовіў: — А можа, гер Гендарсан, я ўсё-такі пагляджу на вашы зубы? Чарнышэвіч; б) без прычыны, без падстаў.

Ні пры чым — не мае ніякіх адносін да чаго‑н., не з’яўляецца прычынай чаго‑н.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. зацяць.

Няма на што глядзець гл. глядзець.

Няма чаго богу грашыць гл. грашыць.

Няма чаго граху таіць гл. таіць.

Няма чаго казаць гл. казаць ​1.

Няма чаго на бога ківаць гл. ківаць.

Няма чаго рабіць гл. рабіць.

Няма чым крыць гл. крыць.

Пакуль што гл. пакуль (у 1 знач.).

Пры чым тут хто-што — якія адносіны хто‑, што‑н. мае да гэтага.

У чым маці нарадзіла гл. маці.

У чым справа? гл. справа ​1.

Хоць бы што каму — а) ніколькі не хвалюе, не турбуе што‑н. Дзяўчаты ўзяліся за Васіля Міронавіча .. Той хоць бы што: сядзеў і ківаў галавою. Пташнікаў; б) зусім не цяжка. Пятро і Аляксей задыхаліся, прабіраючыся па ярах, а Міколу — хоць бы што. Новікаў; в) ніякіх вынікаў. Усю вясну Уля калечыла свае рукі.. Чаго толькі не прыносіла суседка, чым не мазалі доўгія дзявочыя пальцы? І хоць бы што. Паўлаў.

Чаго варты! гл. варты.

Чаго добрага гл. добры.

Чаго не бывае гл. бываць.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Чым багаты, тым і рады гл. багаты.

Чым дыхае (дыша) хто гл. дыхаць.

Чым хата багата гл. хата.

Што бога гнявіць; няма чаго бога гнявіць гл. гнявіць.

Што б там ні было гл. быць.

Што будзе, тое будзе гл. быць.

Што вы! (ты!) — выражае здзіўленне, спалох як рэакцыя) на чые‑н. словы, учынкі.

Што (гэта) за ... — у пытальных сказах абазначае пытанне пра якасць, уласцівасць: які, якая, якое, якія? — І што гэта за грукат стаіць дзень і ноч? — дадала Наста. М. Ткачоў. Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва.

Што да каго-чаго, то (дык)... — калі гаварыць аб кім‑, чым‑н., мець на ўвазе каго‑, што‑н., то (дык)...

Што датычыцца каго-чаго, то... гл. датычыцца.

Што ёсць духу (сілы) гл. дух.

Што за... — у клічных сказах выражае эмацыянальныя адносіны да ўласцівасцей каго‑, чаго‑н. (захапленне або абурэнне). Што за рогі былі ў яго [лася]! Узнятыя ўгору на фоне ружовага неба, яны перапляталіся з галінамі і, здавалася, засланялі сабой увесь лес. Няхай.

Што за ліха! гл. ліха ​1.

Што за чорт! гл. чорт.

Што значыць хто ці што гл. значыць ​2.

Што называецца гл. называцца.

Што ні крок гл. крок.

Што трэба гл. трэба ​1.

Што (тут, і) казаць гл. казаць ​1.

Што-што, а...; чаго-чаго, а...; чаму-чаму, а... — падкрэслівае выключнасць прадмета, з’явы, падзеі і пад., пра якую паведамляецца. У сканцэнтраваным расоле, які запаўняў лагуну, чаго-чаго, а солі было дастаткова. Чаркасаў.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? гл. я.

што 2, злучн.

1. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы: а) са значэннем паведамлення, выказвання, думкі, пачуцця ці ўнутранага стану і пад. Апошняе меркаванне, што Саўка спалохаўся паўстанцаў, змусіла войта задумацца. Колас. У першым сваім пісьме да Валі Люба напісала, што яе пасылаюць вучыцца на рабфак. Чорны. [Валя:] — Ой, цяжкі быў час, не думалі, што выжывем, а вось выжылі. Арабей. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Ніна ўжо некалькі дзён думала аб тым, што павінна сказаць аб усім Лявону. Галавач; б) з прычынным адценнем, выступаючы ў значэнні займеннага прыслоўя «чаму». Галя горка папракала сябе, што выбрала такі нязручны час, каб паехаць на якую пару дзён да сваёй сяброўкі. Лынькоў. [Туляга:] Я хацеў бы параіцца з вамі.. [Вера:] Дык парайцеся. [Туляга:] Але ж і раіцца небяспечна. Баюся, што пойдуць усялякія чуткі. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Бацькі былі ўсцешаны тым, што дзеці сталі на свае ногі, што кожны знайшоў сваю дарогу ў жыцці. Лынькоў.

2. тлумачальны. Падпарадкоўвае дзейнікавыя даданыя сказы. Наіўнае юнацтва! Табе здаецца, што ты выключнае, што ты самае разумнае, мудрае, не падобнае на ўсіх, і жаданні ў цябе недасягальныя! Шамякін.

3. тлумачальны. Падпарадкоўвае выказнікавыя даданыя сказы, якія раскрываюць выказнік галоўнага сказа, выражаны як займеннікамі, так і іншымі часцінамі мовы. Партыя вучыць, што ўзняць культуру кожнага з народаў Савецкага Саюза можна толькі на яго роднай мове. Крапіва. Час быў такі, што нашы бацькі былі на вайне. Чорны.

4. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя сказы меры і ступені (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «так», «такі», «настолькі», «да таго»). Такі шум, гоман на кірмашы, што чалавек ледзь не аглух. Якімовіч. Граматычны лад нашай [беларускай] мовы настолькі дасканалы, што дае магчымасць пабудаваць любую фразу, выказаць любую думку. Крапіва. А навакол такі спакой, Што посвіст салаўіны Здаецца громам над зямлёй Чырвоным, белым, сінім. Танк. Прабірацца па лесе нялёгка: намяло снегу столькі, што як вухнеш у яміну, то наверсе застанецца адна аблавушка. Лецка.

5. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «так», «гэтак» у галоўным сказе). [Лявон:] Дык ён, гэты Драздоўскі, так завязаў нам вузел, што каля дзесяці гадоў разблытвалі, чуць канец знайшлі. Галавач. Гаварыў .. [Клыга] так, што зразу відаць было, што ўсякае слова яго — гэта вера яго. Чорны.

6. параўнальны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя параўнальныя сказы і параўнальныя звароты, выступаючы ў значэнні злучнікаў чым, як, нібы, нібыта. На Шэмета [Журавінка] паглядзеў — што рубля падарыў. Лобан. Тральшчык, што мінёр — памыляецца адзін раз у жыцці. Б. Стральцоў. Сон навальваецца як сцяна. Спіш — што мёртвы. Мележ. / З адценнем градацыі. Што бліжэй да агню, то ўсё больш і больш хлапчукі прыбаўлялі кроку. Кулакоўскі.

7. умоўны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя ўмоўныя сказы; па значэнню адпавядае злучнікам калі, раз. [Доктар:] Мусіць, цётка вельмі паноў любіць, што і нас панамі называе? Крапіва.

8. прычынны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы прычыны. Хлебароб, аддаўшы сілы Свайму полю-ніве, Усміхнецца табе міла, Што ты ўрадліва. Гартны.

9. часавы. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы часу, дзеянне якіх адбываецца адначасова з дзеяннем галоўнага сказа, выступаючы ў значэнні злучніка «як толькі». [Даніла:] Руку, друг!.. Што дзень, то больш у мяне баявых таварышаў. Крапіва. — Будзе і наша свята. Што дзень — то бліжэй яно. Брыль.

10. Уваходзіць у склад састаўных падпарадкавальных злучнікаў: а) прычынных злучнікаў «таму што», «ад таго што», «у сувязі з тым што», «затым што», «дзеля таго што». Не трэба туды ісці, таму што і масток і Віктар увесь час перад вачыма. Кулакоўскі. Гарнітур быў нішто, але няспрытна вельмі ж сядзеў, мусіць, ад таго, што манішка і цвёрды каўнер усё роўна як звязвалі чалавека. Чорны; б) уступальным злучнікаў «дармо што», «нягледзячы на тое што». Лявонка хлопец дзельны, дармо што і наезджы. Машара. Нягледзячы на тое, што прыказкі і прымаўкі самастойна не бытуюць, яны не трацяць ад гэтага свайго велізарнага значэння. Крапіва; в) выніковых злучнікаў «так што», «у выніку таго што». Поезд імчаў у цёмную ноч, так што Паддубны не заўважыў, калі праехалі праз тунель Папар. Пестрак. Быў ён чалавек ціхі і непрыкметны. Ні з кім асабліва не сыходзіўся, так што ніхто добра не ведаў, як ён жыве. Лынькоў; г) далучальных злучнікаў «тым больш (болей) што». Лабановіч сабраўся паблукаць па верханьскіх ваколіцах, тым болей што не ўсе яны былі даследаваны ім. Колас. Здалёк нельга было пазнаць, хто гэта, тым больш, што жанчына толькі на хвіліну прыпынілася каля цэментавых прыступак. Кулакоўскі.

што 3, часціца.

1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці, меркавання і пад. — Што, едзеш? — спытаўся Падбярэцкі і зноў паскроб патыліцу. Пташнікаў. Больш за ўсё непакоіла думка: а што, калі Толя, для якога яна хоча купіць баян, не прыедзе?.. Ваданосаў. Цяпер .. [хлопцы] ўжо не спускалі вачэй з травы, заглядвалі і ў кусты. А што калі і яшчэ дзе валяецца такі ж аўтамат! Якімовіч.

2. (у форме Н таго Р чаго) пытальная. Ужываецца ў дыялагічнай мове ў ролі словасказа як адказ на пастаўленае пытанне ў значэнні: што?, чаго трэба? або для выражэння здзіўлення ў сувязі са сказаным ці просьбы паўтарыць недачутае, незразуметае. — Смех смехам, а паплавы марнеюць. — А што, раней не выгаралі вось так, як і сёлета? Асіпенка. [Каця:] — А ўсё ж прызнаеш — [хлопец] прыгожанькі! — Ну і што? — Як што? — наступала Каця, адчуваючы свой верх. Ракітны.

3. У складзе мадальнай часціцы «ці што» ужываецца для выказвання меркавання ці няўпэўненасці ў чым‑н. [Гулякоў:] — Дык што, гаспадар? Маўчаць будзеш? Язык прыкусіў ты, ці што? Кавалёў. [Камлюк:] — На атрад Паддубнага ўзялі [самалёты] курс, ці што? М. Ткачоў. А што мы — бедныя, ці што? Ці наша поле не ўрадзіла? Ці нашых фабрык не чутно? Гілевіч.

4. У складзе мадальнай часціцы «што ж» ужываецца: а) пры выказванні згоды, прымірэння ці адабрэння чаго‑н. — Гол! — з захапленнем крычыць Віця. — Давай свабодны! — Ну што ж, няхай будзе свабодны! Мяч ляціць высока ўгору. Васілёнак. — Калі суджана разам жыць, вернецца, а калі не, што ж, мая дачка, не ты адна такая... Гроднеў; б) у дыялагічнай мове пры пабуджэнні субяседніка адказаць на пытанне, удакладніць што‑н. Томцы, як кажуць, пашанцавала — яе заўважыў галоўны інжынер будаўнічага ўпраўлення. — Ну і што ж там твая Томка? — не надта прыязна запытаўся Васіль. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр. коза, рус. коза, польск. koza, палаб. tʼözɜ, н.-луж. kóza, в.-луж. koza, чэш. koza, славац. koza, славен. kóza, серб.-харв. ко̀за, макед. коза, балг. коза. Засведчана ў ст.-слав. коза ’тс’. Праслав. koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл. koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд. аjā ’каза’ (і.-е. *ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс. azak, н.-перс. azg ’каза’, літ. ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт. *ažia‑), патрабуе тлумачэння слав. k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб. keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ. hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц. hakuls ’тс’, ст.-ісл. hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням. hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб. kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е. *ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд. chā́gaḥ ’казёл’ і слав. koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ. ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав. azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав. ꙗзьно ’скура’ < прасл. azьno, магчыма, славен. aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав. koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ. ožkà ’каза’, так і для слав. koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк. äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк. käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав. koza, ст.-інд. ajā́ і інш. K у слав. koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав. kostь, якое разам з лац. costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд. ásthi, ст.-іран. ast‑, asti‑, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет. hastai, арм. oskr, якія да і.-е. *est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд. chagaḥ ’казёл’, chā́ ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е. *skego‑s ’скакун’, а z у слав. koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е. *(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е. *(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.

*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш. koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус. пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск. koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац. koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.

Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр. коза ’тс’, чэш. дыял. koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.

Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.

Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск. koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.

Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг. дыял. козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг. дыял. козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.

Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр. коза ’турма’, польск. koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш. дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.

Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш. koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен. koza ’козлы’, параўн. укр. козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус. арх. козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг. козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел. казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр. козинець, рус. козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.

Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв. kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус. смал. козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.

Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск. koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус. смал. коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.

Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус. смал. козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.

Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.

Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал. коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус. дыял. коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.

Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус. тагільск., свярдл. козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.

Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.

Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус. свярдл. коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.

Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм. каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).

Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус. арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел. карм. каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.

Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.

Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус. пячор., арханг. кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц. кобылка ’козлы’, кадн., валаг. кобыла ’тс’, бел. каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус. уладз., малаж., ярасл. кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус. трубч., арл. кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг. козел ’тс’.

Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.

Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес. баба, маг. лісіца, рус. дыял. собака, бел. літар. сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел. сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.

Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск. варм.-маз. koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).

Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран. козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў. бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр. усх.-палес. козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.

Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус. коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр. харк. коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус. вяц. коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск. дыял. koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял. koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш. мар. дыял. zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв. коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус. іркуц. посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес. кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў. барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр. козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг. останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).

Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус. с.-урал. козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.

Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел. блюзна, блізна, рус. близна, балг. близна, серб.-харв. бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел. каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял. козлы ’сварка, нелады’.

Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр. усх.-палес. бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел. бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес. укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.

*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск. koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск. koza — калька з лац. Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск. koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)