Трэ́йці ‘трэці’ (Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, ТС, Янк. 2; зэльв., Нар. словатв.; беласт., Сл. ПЗБ; ганц., Ск. нар. мовы), трэ́йцяя нядзеля ‘сход месяца, яго 3‑я квадра’ (стаўб., З нар. сл.); трэ́йціе пе́ўні ‘пара сутак’ (Сержп. Грам.), сюды ж трэйця́к, трэйця́ка ‘трацяк, цялушка трэцяга году’ (Мат. Гом., Скарбы, Кліх), трэйтя́к ‘3‑гадовае жарабя’ (пруж., Зн., дыс.); на трэйцяк ‘трэцяя частка ўраджаю’ (ТС), трэйця́к ‘трэці пастух’ (там жа). Паводле Карскага (1, 354), з *трецʼцʼи, параўн. тре́цьцій ‘трэці’ (Бяльк.), як айца < а́сса (гл. айцец). Станкевіч (Язык, 237) лічыць падваенне (падаўжэнне) гукаў у прыметніках і парадкавых лічэбніках нерэгулярным і прапануе тлумачыць з’яўленне й паміж а, о, е і зубнымі вядомымі ў народнай мове выпадкамі тыпу войстры, гайсаць і пад. (Станкевіч, Зб. тв., 2, 35). Цвяткоў (Запіскі, 78) бачыць аналогію ў польск. miejsce (*mieśće > *mieśśće з распадабненнем і зацвярдзеннем ś пад уплывам c). Параўн., аднак, ст.-бел. третье ‘трэцім разам’ (ГСБМ) адпаведна ст.-слав. третиѥ, третиѥѥ ‘тс’ (ESJSt, 16, 978), што дало форму з падваеннем. Да тры, трэ́йка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра- — прыйменная прыстаўка з градацыйным значэннем (гл. празелле, прарадзіма і пад). Агульнаславянскае, за выключэннем палаб. і н.-луж., параўн. рус., укр., ст.-рус., ст.-слав., балг., серб.-харв. пра‑, польск., чэш., славац., славен. pra‑. Прасл. *pra‑. Звязана чаргаваннем галосных з дзеяслоўнай прыстаўкай і прыназоўнікам *pro‑. Падаўжэнне галоснага адбылося, як мяркуе Сольмсен (KZ, 35, 468), на канцы слова па рытмічных прычынах. Роднаснае літ. prõ, прыназ., ст.-інд. prā‑ побач з prō‑, лац. prō ’перад’, ст.-в.-ням. fruo ’рана’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 400; Вальдэ-Гофман, 2, 364; Фасмер, 3, 351; ESSJ, 1, 205 і наст.).

Пра- — прыназоўнік і прыстаўка. Рус. про, про-, укр. про ’пра’, ст.-рус. про, про- ’дзеля’, ст.-слав. про‑, балг. про-, серб.-харв. про-, славен. pro‑, чэш. pro ’для’, pru‑. Праслав. pro, pro‑. Звязана аблаўтам з pra‑ (гл. папярэдні артыкул). Роднаснае ст.-прус. pra‑ ’цераз, для’, pra ’пра, пера-’, літ. pra‑ ’тс’, грэч. προ ’перад’, πρα‑, лац. pro‑ (prō), гоц. fra‑, нова-в.-ням. ver‑ ’пера-, за-’, ст.-інд. pra‑ ’перад, за-’ і г. д. (Траўтман, 229; Вальдэ-Гофман, 2, 364 і наст.; Фасмер, 3, 370; ESSJ, 1, 216 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́бка1 ‘стрэмка; трэска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Гарэц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк., Юрч.; лельч., Арх. ГУ; Жд. 3), ска́ба ‘стрэмка, клін’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ска́біна ‘тс’ (Юрч.), сюды ж, відаць, скаба́ ‘худая жанчына’, скаба́чка ‘тс’ (Мат. Гом.). Укр. ска́бка, рус. кур., смал. ска́ба ‘тс’. Паводле Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), вытворнае ад дзеяслова з коранем *skob‑, мабыць *skobiti, роднаснага скобля, скабліць (гл.), які быў страчаны яшчэ на праславянскім узроўні (параўн. аднак скабіць, гл.). Падаўжэнне галоснага ў корані сведчыць аб праславянскай старажытнасці гэтага дэрывата. Мяркулава (Этимология–1983, 64–65) аб’ядноўвае ў прасл. *skaba значэнні ‘рабро, стрэмка, шчэпка; худы’ і ўзводзіць да прасл. *skab‑ (гл. ска́ба). Са скабліць звязваюць і іншыя аўтары; гл. Міклашыч, 301; Праабражэнскі, 2, 291; Фасмер 3, 630; параўноўваецца таксама з лат. skobar̂ga ‘стрэмка’, skobaiga ‘тс’, літ. skobti ‘зрываць яблык’ (Буга, Rinkt. 2, 307).

Ска́бка2, ска́біна ‘кропля тлушчу ў страве’ (Юрч.), параўн. славен. skȃba ‘тс’, харв. škȃble ‘тс’, ‘тлустая пляма’. Відавочна, да ска́бка1, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адшчэпленае’. Параўн. яшчэ поўны паралелізм значэнняў у скалка1, скалка2. Куркіна (Диал. структура, 93) разглядае разам з скаба, скабка ‘трэска, стрэмка’, што да прасл. *skaba з другасным падаўжэннем каранёвай галоснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лётаць лётыць ’лятаць (у розных кірунках)’, ’хутка бегаць, хадзіць’, ’насіцца’, ’заляцацца’ (Гарэц., Нас., Шат., ТСБМ; в.-дзв., паст., віл., барыс., Сл. паўн.-зах.; маладз., Янк. Мат.), драг. лётатэ і лэ́татэ ’тс’ (І. Лучыц-Федарэц). Рус. лётать, серб.-харв. ле́тети ’лётать туды-сюды’ (у адрозненне ад ле́тати — дзеяслова шматразовага дзеяння), магчыма, чэш. létati, lítat. Прасл. інтэнсіў lětati, які ўзыходзіць да першаснага lektati, параўн. роднасныя літ. lė̃kti, lekiù ’ляцець’, lakstýti ’пырхаць, лётаць’, lakstinė́ti ’тс’ (шматразовае дзеянне), лат. lèkt, lęcu ’скакаць’, ’узыходзіць (аб месяцы, сонцы)’, ’здарацца’, часам і ’ляцець’, lę̄kât ’скакаць’ (шматразовае дзеянне), — звычайна іх супастаўляюць са ст.-грэч. λακτίζω ’брыкаюся’, ’тапчу, б’ю нагой’, с.-в.-ням. lęcken ’брыкаць, скакаць’. Цяперашні час гэтага інтэнсіва ўтвараўся пры дапамозе суф. ‑te‑ (Мее, Общеслав., 188–189); рэшткі старога спражэння можна бачыць у бел. (ашм., астрав., лаг., паст., смарг.) ляту́ — 1‑я ас., ляту́ць — 3‑я ас. (Сл. паўн.-зах.), польск. дыял. letę, letą. Група ‑kt‑ перад ‑a‑ перайшла ў ‑t‑ (Махэк₂, 328), падаўжэнне галоснай, як у lěgati (Слаўскі, 4, 65). Пазней да інтэнсіва быў даўтвораны ітэратыў letěti, а lětati стала імперфектам. Сляды інтэнсіва назіраюцца ў бел. лята́ць ’ляцець у розных кірунках’, ’хутка бегаць’ (Янк. II, ТСБМ). Праблематычным застаецца націск на галоснай кораня (як у інтэнсіва) у ітэратывах па форме бел. ваўк., івац., лях. ле́цець, чэрв. ле́ціць ’ляцець’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. таксама ляце́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́ха1 пла́шка, плашча́к, плахты́на, плу́ха, плушка ’палавіна расколатага уздоўж дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Янк. 3., Шушк., Яруш., Маш., Некр., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.) ’вялікая трэска’ (шчуч., шальч., чэрв., Сл. ПЗБ), ’маснічыны’ (Сцяшк. МГ), пла́шычка ’плаха’ (Юрч. СНЛ). Укр. харк. пла́ха ’шырокая дошка; палена, плаха’, рус. пла́хта ’дошка’, ’аполак’, ’масніца’, ’палка’, ’пень’, ’зрубанае і ачышчанае ад сукоў дрэва’. Усх.-слав.-польск. ізалекса, роднасная прыметніку плоскі (Праабражэнскі, 2, 70; Фасмер, 3, 275) < прасл. *ploskъ ’плоскі’, у якім карэннае ‑o‑ атрымала экспрэсіўнае падаўжэнне (Махэк₃, 462), параўн. таксама польск. płocha ’бёрда’, чэш. plochý ’плоскі’, славац. plošina ’раўніна’, ’пляцоўка, платформа’. Яму адпавядаюць лат. plaskains, plāskains, літ. plókščias (< plāšk‑tjas) ’плоскі’ — у такім выпадку можна дапусціць існаванне ў прасл. мове формы *plaskъ, параўн. польск. płaski, plaskaty ’роўны, гладкі’, ляш. plʼaskaty, чэш. splaskovati ’сплюшчваць’, ’спадаць (пра пухліну)’, бел. пласка ’брыца, Echinochloa L.’, пласкі ’пакаты’. Дапускаецца роднаснасць са ст.-в.-ням. flah ’плоскі’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112), са ст.-грэч. πλάξ ’паверхня, плошча’, ’дошка’ (Голуб-Ліер, 378). Сюды ж плаха, пла́хта ’вілападобная частка сахі, на якую набіты жалезныя сашнікі’ (Выг., Бес., Янк. 3., Тарн., Сл. ПЗБ, Дэмб. 2, Смул.; Сержп. Земл.), ’рама, аснова драўлянай бараны’ (Сл. ПЗБ; Дэмб. 2; чэрв., Хрэст. дыял.), а таксама пла́шка ’палова капусты’ (Вешт.; калінк., Сл. ПЗБ), пла́харэм ’плазам’ (ТС). У слав. мовах назіраецца чаргаванне зычных асновы sk, k і x (Брукнер, 419), а таксама падкрэсліваецца генетычная тоеснасць форм *plaskъ > з *plax‑ъta (Фасмер, 3, 276).

Пла́ха2, пла́шка, пла́хта, пла́шачка, плашчы́на, прыпла́шнык ’доўжань, века вялікай бакавой адтуліны ў вуллі-калодзе’ (лун., Шатал.; паст., Сл. ПЗБ; Нікан.; віц., гродз., брэсц., гом., ЛА, 1), ’драўляны каркас лежака’ (паст., Сл. ПЗБ). Да пла́ха1.

Пла́ха3, пла́шышча ’шырокі кавалак поля’, ’пласт сала’ (ТС; светлаг., SOr, 39, 352; Юрч. СНЛ), плахві́на ’пляц’ (ТС): пла́ха ’элемент узору на тканіне ў форме прамавугольніка’ (брагін., З нар. сл.), пла́шкі ’узор у 4 ніты’ (Уладз.); пла́хі ’плахта, несшываная спадніца’ (Ян.). Да прасл. *plaxa (Банькоўскі, 2, 614) > плаха1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)