паказвае залежнасць паміж мех. напружаннем і дэфармацыяй пругкага цела. Адкрыты ў 1660 Р.Гукам. Паводле Гука закона пры падоўжным расцяжэнні (сцісканні) стрыжня даўжынёй 1 з плошчай папярочнага сячэння S абс.падаўжэнне (укарачэнне) Δl прама прапарцыянальнае сіле F, якая расцягвае (сціскае) стрыжань: Δl = Fl/ES, дзе E — модуль Юнга (гл.Модулі пругкасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,
зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕРА́ЗЫ,
ферменты, якія каталізуюць утварэнне макрамалекул з нізкамалекулярных рэчываў. Найважн. з П. — нуклеатыдылтрансферазы, што каталізуюць сінтэз нуклеінавых кіслот з нуклеазідтрыфасфатаў (у якасці матрыцы выкарыстоўваецца ДНК або РНК). Пад уздзеяннем П. нуклеазідтрыфасфаты пераносяцца ў канец ланцуга, які сінтэзуецца, і адбываецца падаўжэнне ланцуга на адну нуклеатыдную адзінку. Сінтэз ДНК праходзіць адначасова на двух ланцугах папярэдне раскручанай (дэспіралізаванай) ДНК-матрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭ́НТ (ад лац. accentus націск),
1) тое, што націск.
2) Знак націску над літарай («вада́»).
3) Асаблівасці вымаўлення, уласцівыя асобе, якая гаворыць не на роднай мове.
4) Вылучэнне, падкрэсліванне таго, што з’яўляецца найб. важным, галоўным у артыкуле, маст. творы і г.д. 5) У музыцы — вылучэнне, падкрэсліванне гуку або акорда. Адрозніваюць акцэнт дынамічны (узмацненне гучання), метрычны (вылучэнне апорных доляў такта), рытмічны (перанясенне націску з апорных доляў на слабыя — сінкопа, рытмічнае падаўжэнне гуку), агагічны (затрымка або зацягванне гуку), меладычны (вылучэнне гуку меладычным скачком або арнаментальнай фігурай). Сродкам акцэнтавання служыць і раптоўная змена гармоніі, тэмбру і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),
змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.
У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс.падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныя — пластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЕРНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам. Чалавечае вока ўспрымае рэчыва афарбаваным, калі яно паглынае святло ў бачным дыяпазоне спектра (400—750 нм). Колер рэчыва дапаўняльны да колеру паглынутых прамянёў, напр., калі яно паглынае сінія прамяні — прадмет бачым жоўтым, чырвоныя — сінявата-зялёным; непразрыстае цела, якое адбівае ўсе прамяні, — бясколернае.
Залежнасць паміж хім. будовай рэчыва і яго колерам даследавалі ням. хімікі-арганікі К.Ліберман і К.Грэбе (1869); О.Віт прапанаваў у 1876 храмафорную тэорыю, паводле якой за афарбоўку арган. злучэнняў адказныя групы атамаў з кратнымі сувязямі (храмафоры), напр., —N=N—, —N=O. Паводле сучасных уяўленняў для афарбоўкі арган. злучэнняў неабходна наяўнасць спалучанай сістэмы двух ці больш храмафораў; значны ўплыў на яе маюць электрадонарныя і электраакцэптарныя групы (аўксахромы), напр., —OH, —NH2, C6H5O—. Зрушэнне паглынальнага максімуму ў доўгахвалевую вобласць (батахромны эфект) выклікае паглыбленне колеру, напр., ад жоўтага да чырвонага ці ад сіняга да зялёнага. Паглыбленню колеру спрыяе таксама падаўжэнне ланцуга спалучэння, увядзенне аўксахромных груп і іх іанізацыя, змяненне валентных вуглоў у выніку прасторавых перашкод, утварэнне ўнутрыкомплексных злучэнняў з металамі за кошт непадзеленых пар электронаў. Павышэнне колеру (гіпсахромны эфект) звязана з парушэннямі плоскасці малекулы ў выніку прасторавых перашкод, іанізацыяй малекулы са знікненнем электрадонарных уласцівасцей, напр., батахромны эфект групы NH2 змяншаецца ў выніку ўтварэння групы NH3. К.т. мае важнае значэнне ў распрацоўцы новых фарбавальнікаў.
Літ.:
Степанов Б.И. Введение в химию и технологию органических красителей. М., 1971.