ФОТАПЕРЫЯДЫ́ЗМ (ад фота... + грэч. periodos абход, пэўнае кола часу),

рэакцыя арганізмаў на змену дня і ночы, якая выяўляецца ў ваганнях інтэнсіўнасці фізіял. працэсаў.

У раслін Ф. — прыстасавальная рэакцыя да комплексу сезонных змен навакольных умоў. Органы ўспрымання фотаперыяду — лісце. Асн. вынік — утварэнне ў розных органах раслін фітагармонаў, што ўплываюць на цвіценне, утварэнне клубняў, цыбулін, караняплодаў і інш., а таксама на фізіял. працэсы (напр., пераход да спакою, засухаўстойлівасць). У залежнасці ад рэакцыі на даўж. дня, якая паскарае цвіценне, расліны падзяляюць на даўгадзённыя (напр., збожжавыя злакі, блёкат). караткадзённыя (каноплі, рыс, соя, тытунь і інш.) і нейтральныя (напр., гарох, грэчка). Даўгадзённыя расліны пашыраны пераважна ва ўмераных і прыпалярных шыротах, караткадзённыя — бліжэй да субтропікаў. Асаблівасці Ф. выкарыстоўваюцца ў селекцыі. У жывёл Ф. кантралюе надыход і спыненне шлюбнага перыяду, пладавітасць, восеньскія і веснавыя лінькі, міграцыі і інш. Генетычна абумоўлены і звязаны з біялагічнымі рытмамі. Рэгулюецца нерв. і гарманальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для прагназавання дынамікі і рэгуляцыі колькасці жывёл, у сельскай гаспадарцы (напр., штучнае падаўжэнне дня ў асенне-зімовы перыяд стымулюе яйцаноскасць).

т. 16, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)