ІНДЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ, індаарыйскія мовы,

1) група генетычна роднасных моў, якія паходзяць ад стараж.-інд. мовы і разам з дардскімі і іранскімі мовамі адносяцца да індаіранскай моўнай агульнасці, што ўваходзіць у індаеўрап. сям’ю моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). У гісторыі развіцця І.м. адрозніваюць стараж.-інд. (мова ведаў у сярэдзіне 2-га тыс. да н.э., санскрыт з пач. 1-га тыс. да н.э.), сярэднеінд. (з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. паралельна з санскрытам развіваліся палі і пракрыты, якія адлюстроўвалі пэўныя з’явы жывой мовы), новаінд. (пасля 10 ст.) мовы. Новаінд. мовы падзяляюць на 3 галіны: унутраную (зах. хіндзі мова, урду мова, пенджабі, гуджараці, раджастані і інш.),

прамежкавую (усх. хіндзі) і знешнюю, якая падзяляецца на групы: паўн.-зах. (лахнда, сіндхі), паўд. (маратхі), усх. (орыя, біхары, бенгалі, асамская). Некат. вучоныя да ўнутр. галіны, апрача цэнтр. групы, далучаюць і мовы пахары, якія паходжаннем належалі да дардскай групы, але яшчэ ў пракрыцкую эпоху зазналі ўплыў І.м. Да І.м. належыць таксама цыганская мова.

Стараж. І.м. былі тыповымі флектыўнымі мовамі з унутр. і вонкавай флексіямі, чаргаваннем галосных, багатай марфалогіяй (3 роды, 3 лікі, 8 склонаў, разгорнутая сістэма часоў і ладоў дзеяслова і дзеепрыметнікаў); у фанетыцы — групы зычных, дыфтонгі, складовыя «р» і «л», муз. націск. У сярэднеінд. мовах адбывалася пэўнае спрашчэнне сістэмы часоў і ладоў, выкарыстанне дзеепрыметнікаў для абазначэння прошлага часу, выпрацоўваўся больш стандартны парадак слоў. Новаінд. мовы пры спрашчэнні марфал. выражэння скланення і спражэння развіваюць аналіт. спосабы перадачы склонавых значэнняў (паслялогі) і дзеяслоўных катэгорый; трацяцца зычныя на канцы слова і ў групах, у слоўнік пранікаюць многія запазычанні з санскрыту, з моў Усходу і еўрапейскіх. І.м. выкарыстоўваюць розныя алфавіты (гл. Індыйскае пісьмо). Некат. мовы карыстаюцца араба-перс. графікай. Вывучае І.м. індалогія.

2) Умоўная, не зусім дакладная назва моў, пашыраных на тэр. Індыі, Пакістана, Бангладэш, Шры-Ланкі, Мальдываў і Непала. Б.ч. іх — індаеўрап. ўласна І.м., іранскія (у т. л. пушту і белуджская), пашыраныя толькі ў Індастане дардскія мовы (у т. л. кашмірская), якія займаюць прамежкавае становішча паміж іранскімі і індыйскімі. Тут пашыраны таксама дравідыйскія мовы, мунду, некат. тыбета-бірманскія і мон-кхмерская мовы.

Літ.:

Зограф Г.А. Языки Индии, Пакистана, Цейлона и Непала. М., 1960;

Яго ж. Морфологический строй новых индоарийских языков. М., 1976;

Чаттерджи С.К. Введение в индоарийское языкознание: Пер. с англ. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРАМАНТЫ́ЗМ (ад неа... + рамантызм),

умоўная назва шэрагу эстэт. тэндэнцый у л-ры і мастацтве еўрап. краін канца 19 — пач. 20 ст. У самаст. кірунак не аформіўся. Узнік як рэакцыя на прозу тагачаснага жыцця, песімізм і бязвер’е дэкадэнцтва, пазітывізм у філасофіі, натуралізм у мастацтве. У тэматычным і маст.-стылявым планах генетычна ўзыходзіць да рамантызму. Яго ідэалаг. аснова — абстрактны гуманізм. Характэрныя рысы Н. — непрыняцце рэчаіснасці, вастрыня этычнай праблематыкі, напружанасць фабульных сітуацый, максімалізм, рамантызацыя пачуцця, прыярытэт экспрэсіўнага над апісальным, зварот да таямнічых ці звышнатуральных падзей, фантастыка, гратэск, экзотыка, усхваленне і ўзвелічэнне подзвігаў, героікі і прыгод. Тыповы неарамант. герой — мужны ці незвычайны чалавек, адзінокі, часам проціпастаўлены грамадству; яго жыццё звязана з рызыкай і прыгодамі, свае дзеянні ён падпарадкоўвае альтруістычным ідэалам. Найб. росквіту Н. дасягнуў у 1890-я г.

У літаратуры Н. суіснаваў з рэаліст. і дэкаданснымі, неарэаліст. тэндэнцыямі. Найб. выразна яго рысы выявіліся ў творчасці Р.​Кіплінга, Р.​Л.​Стывенсана, Э.​Растана, Дж.​Конрада, К.​Дойла, Э.​Л.​Войніч, Дж.​Лондана, К.​Гамсуна, Г.​Ібсена, Ф.​Гарсія Лоркі, групы пісьменнікаў «Маладая Польшча» і інш. У рус. л-ры неарамант. тэндэнцыі ўвасобіліся ў паэзіі К.​Бальмонта, З.​Гіпіус, С.​Гарадзецкага, у прозе Л.​Андрэева, А.​Рэмізава, Дз.​Меражкоўскага. У бел. л-ры праявіўся ў творах Я.​Купалы (паэмы «Сон на кургане», «На куццю»), Я.​Коласа (паэма «Сымон-музыка»), М.​Багдановіча, «нашаніўскай» паэзіі і прозе, пазней — у творах У.​Караткевіча і інш.

У музыцы Н. — паняцце, якое. абазначае позні рамантызм (творчасць Ф.​Ліста, Р.​Вагнера). Да неарамантыкаў умоўна далучаюць І.​Брамса, А.​Брукнера, Г.​Вольфа, Г.​Малера, Р.​Штрауса, а таксама кампазітараў, якія працягвалі некаторыя традыцыі рамант. музыкі ў пач. 20 ст. (М.​Рэгер, Л.​Яначак, Р.​Воан-Уільямс). У 2-й пал. 20 ст. многія кампазітары звярталіся да стылістыкі рамантызму. Н. 1970—90-х г. звязаны з пратэстам супраць «другога авангарда», патрабаваннем адкрытай выразнасці і вяртаннем да «новай прастаты». У бел. музыцы рысы Н. характэрны для твораў Л.​Абеліёвіча, Г.​Гарэлавай, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, А.​Залётнева, У.​Кандрусевіча, В.​Помазава, Ф.​Пыталева, Дз.​Смольскага, У.​Солтана, А.​Соніна.

Літ.:

Царик Д.К. Типология неоромантизма. Киев, 1984.

А.​У.​Вострыкава.

т. 11, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТА («Otto»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва, якія выйшлі з-пад удараў карнікаў у ліст. 1943 у ходзе карнай аперацыі «Генрых». Праводзілася ў Дрысенскім і Асвейскім р-нах 20.12.1943—1.1.1944 у Вял. Айч. вайну. Мэты аперацыі: знішчыць партыз. сілы на тэр. паміж г. Дрыса і Себеж (Пскоўская вобл., Расія), каб наладзіць па дарогах Дрыса—Себеж і Полацк—Себеж бесперашкоднае забеспячэнне правага фланга групы армій «Поўнач». 20 снеж. з Себежа, Ідрыцы і Шкяўне (Латвія) на Пн, з Даўгаўпілса на З, з Полацка на Пд праціўнік пачаў наступленне супраць партыз. абароны, якая праходзіла па р. Нішча, Дрыса і Свольна, карнікі адцяснілі партызан да апошняй лініі іх абароны — лагераў у раёне в. Роўнае Поле Расонскага р-на, дзе сканцэнтраваліся штабы ўсіх брыгад, шпіталі з параненымі, тысячы жанчын, старых і дзяцей. На сумесным пасяджэнні камандавання брыгад было прынята рашэнне прарваць блакаду і вывесці жыхароў і параненых у сав. тыл. Для выканання гэтай задачы былі створаны 2 ударныя групы: першая ў складзе партыз. брыгад Асвейскай, 1-й і 2-й Дрысенскіх, Латышскага партыз. атрада (узначаліў І.​К.​Захараў), другая ў складзе 1-й, 7, 11, 12, 20-й Калінінскіх брыгад (В.​М.​Лісоўскі). 26 снеж. першая ўдарная група нанесла моцны ўдар па карніках каля в. Канюхова (Расонскі р-н), што стварыла магчымасць 30 снеж. амаль 10 тыс. жыхарам пад прыкрыццём партызан пераправіцца цераз р. Дрыса і ўвайсці ў размяшчэнне часцей Чырв. Арміі. Другой ударнай групе прарыў у раёне в. Клясціцы—Юхавічы (Расонскі р-н) не ўдаўся, таму пасля 2-дзённых баёў партызаны і мясц. жыхары, што ішлі з імі, адышлі ў лясы на Пн і З ад в. Роўнае Поле; частка насельніцтва выйшла за лінію фронту па маршруце першай ударнай групы. У ходзе аперацыі «О.» гітлераўцы (паводле даных баявой групы Готберга) расстралялі каля 2 тыс. чал., захапілі для вывазу ў Германію больш за 500 чал., спалілі в. Барысава (загубілі 76 чал.), Кісялі (113), Кашалёва (37), Стралкі (122), Ярмоліна (39), Мельніца (не аднавілася) Верхнядзвінскага р-на. У 1974 у в. Канюхова пастаўлены помнік партызанам і жыхарам, якія загінулі пры прарыве блакады.

У.​С.​Пасэ.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.

Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.

Літ.:

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (7.10.1788, в. Гразівец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 6.8.1877),

бел. мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў магілёўскія гімназію і духоўную семінарыю (1812). З 1812 выкладчык, інспектар Аршанскага, рэктар Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў, з 1822 заг., наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. З 1843 у адстаўцы, жыў і займаўся навук. працай у г. Мсціслаў. Шмат падарожнічаў па Беларусі. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рус. мовы і славеснасці Пецярбургскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рус. геагр. т-ва. Па іх прапанове склаў першы гіст. слоўнік бел. мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе растлумачыў каля 13 тыс. слоў і паняццяў (Увараўская прэмія 1865; рукапіс завершаны ў 1867, захоўваецца ў Нац. б-цы ў Пецярбургу). Асн. месца ў яго навук. спадчыне займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўключана больш за 30 тыс. слоў запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губ., выбраных з вуснай нар. творчасці, старабел. пісьмовых крыніц. У 1881 выдадзены «Дадатак да беларускага слоўніка І.​І.​Насовіча» (каля 1 тыс. новых слоў). Аўтар фалькл.-этнагр. прац: «Зборнік беларускіх прыказак» (1867, залаты медаль Рус. геагр. т-ва), у які ўключыў і растлумачыў эквівалентамі з інш. моў, пракаменціраваў каля 3500 прыказак, прымавак, прыгаворак і інш. блізкіх да іх паняццяў, «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873, больш за 350 тэкстаў), зборнік «Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты» (рукапіс не выяўлены) і інш. У гіст.-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» даводзіў, што назва плямён «дрыгавічы», «радзімічы», «крывічы» і інш. паходзяць ад бел. нар. слоў. Аўтар гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны майго жыцця» (рукапіс у б-цы Рас. АН у Пецярбургу), артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Пераклаў з лац. мовы 3-томную працу А.​Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя зямель Беларусі з 1217 да 1696.

Тв.:

Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983 (Факс. выд.).

Літ.:

Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978.

І.​П.​Хаўратовіч.

І.І.Насовіч.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ву́зел 1, ‑зла, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго‑н. або зацягнута пятля на чым‑н. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік.

2. перан. Складанае спляценне якіх‑н. падзей, збег акалічнасцей. Вузел супярэчнасцей. Драматычны вузел п’есы. □ [Галена:] — Вы, здаецца, усе таксама ўблытаны ў гэтым вузле. Чорны.

3. Месца перакрыжавання, стыку чаго‑н. Чыгуначны вузел. □ Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі. Чорны.

4. Сукупнасць размешчаных побач збудаванняў, машын, механізмаў і пад., звязаных паміж сабой. Энергетычны вузел. Радыётрансляцыйны вузел. Вузел абароны. // Частка машын, механізмаў, якая з’яўляецца злучэннем больш простых дэталей. Вузлы аўтамашыны.

5. Патоўшчаная частка сцябла з парасткамі або лісцямі. Лісцявы вузел.

6. Від прычоскі з доўгіх валасоў, закручаных на патыліцы. Аня Папова, трымаючы ў зубах шпількі, стаяла перад люстэркам і заколвала на патыліцы цяжкі вузел кос. Васілевіч.

7. Скапленне нервовых клетак. Нервовы вузел. // Патаўшчэнне сасудаў; бугорчык на скуры. Вузлы жыл.

8. Тое, што і клунак. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін.

•••

Марскі вузел — агульная назва рознага віду петляў і спосабаў звязвання тросаў.

Мёртвы вузел — асобы спосаб звязвання вяровак.

Санітарны вузел — памяшканні, абсталяваныя для санітарна-гігіенічных мэт (ванная, пральня, прыбіральня і пад.).

Гордзіеў вузел — пра заблытаныя абставіны, справы.

Рассячы гордзіеў вузел гл. рассячы.

ву́зел 2, ‑зла, м.

Мера скорасці ходу суднаў, роўная 1,852 км у гадзіну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́на, ‑ы, ж.

1. Частка архітэктурнага збудавання ў выглядзе высокага слупа, якая з’яўляецца апорай франтонаў, унутраных частак будынка. Нават не агледзеўшы вестыбюля з прыгожымі мармуровымі калонамі, .. [Міхайлаў] першы пачаў падымацца па шырокай засланай.. дарожкай лесвіцы. Карпаў. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам, пахіліліся ўперад. Пестрак. // Помнік у выглядзе слупа, збудаваны ў памяць якога‑н. здарэння. Калона Траяна. Аляксандраўская калона.

2. У вайсковай справе — строй, глыбіня якога большая за яго шырыню або роўная ёй; такі парадак пастраення войск, пры якім падраздзяленні знаходзяцца або рухаюцца адно за адным на пэўнай дыстанцыі. Паходная калона. □ Мерна пакалыхваючыся, ідзе калона салдат. Данілевіч. Перад вачыма Рудчанкі прамільгнулі тыя, хто ішоў у тую ноч у штурмавой калоне. Сіўцоў. // Шэраг суднаў, якія ідуць адно за адным. // Група асоб або машын, трактароў і інш., якія рухаюцца выцягнутай лініяй, рад за радам. Калоны дэманстрантаў. □ У выхадныя ж дні ў страі, калонамі, з кіркамі і рыдлёўкамі [рабочыя] накіроўваліся на разборку руін і расчыстку пляцовак. Карпаў. Калоны грузавікоў ішлі і ішлі з блізкіх і далёкіх чыгуначных станцый. Хадкевіч.

3. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі.

4. Назва апаратаў цыліндрычнай формы.

•••

Кільватэрная калона — рад суднаў, якія ідуць адно за другім у кільватэры.

Трактарная калона — група трактароў, якая выконвае агульнае вытворчае заданне.

Пятая калона — сукупнасць асоб, якія займаюцца антыдзяржаўнай, падрыўной дзейнасцю ўнутры краіны і знаходзяцца на ўтрыманні варожых дзяржаў (першапачаткова — аб контррэвалюцыйнай групе, якая дзейнічала ў тыле іспанскай рэспублікі ў 1936–1939 гг.).

[Фр. collonne.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліст 1, ‑а і ‑у, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў і (разм.) лісці, ‑яў; м.

1. ‑а. Орган паветранага жыўлення і газаабмену раслін у выглядзе тонкай, звычайна зялёнай пласцінкі на чаранку. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Крапіва. Усё відаць, як на далоні .. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе. Лынькоў. Асенніх лісцяў плаўленая медзь кладзецца, астываючы, пад ногі. А. Вольскі.

2. ‑у; у знач. зб. Лісце. Ачнецца гай І з песнямі У зялёны ліст Адзенецца. Колас. // Засушанае лісце некаторых раслін, якое ужываецца як прыправа, а таксама для прыгатавання настояў, лекаў. Лаўровы ліст. Эўкаліптавы ліст. Александрыйскі ліст.

•••

Лістам слацца гл. слацца.

ліст 2, ‑а, М ‑сце; мн. лісты, ‑оў; м.

1. Тонкі пласт якога‑н. матэрыялу (паперы, металу, фанеры і пад.). У дашчанай майстэрні Ігнась з грукатам і лёскатам выпростваў на холадзе вялікія лісты бляхі. Мурашка. Вулай скамечыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

2. Пісьмо. Як шкада мне, Што паштовы голуб Ад цябе ліста не прынясе. Аўрамчык. Ліст ад геолага-сына Маці чытае старая — Аб сваіх справах хлапчына Піша з далёкага краю. Смагаровіч.

3. (звычайна з азначэннем). Дакумент, якім што‑н. пацвярджаецца або загадваецца. Абходны ліст. Маршрутны ліст. Бальнічны ліст. // Бланк для занясення якіх‑н. звестак. Падпісны ліст.

•••

Акладны ліст — афіцыйнае паведамленне аб аблажэнні падаткам, страхоўкай і пад.

Выканаўчы ліст — юрыдычны дакумент на права спагнання паводле рашэння суда.

Тытульны ліст — старонка ў пачатку кнігі, дзе надрукавана яе назва.

З ліста — адразу, без папярэдняй падрыхтоўкі (іграць, чытаць і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́тул, ‑а, м.

1. Ганаровае радавое або дараванае дваранскае званне (барон, граф, князь і пад.), якое падкрэслівала прывілеяванае становішча асобы і патрабавала адпаведнага тытулавання (ваша благароддзе, ваша вялікасць, ваша яснавяльможнасць і пад.). Гаварылі, што .. [Гальвас] меў тытул не то графа, не то варона. Чорны. // Разм. Называнне асобы па роду занятку, займаемай пасадзе і пад. — Ну што ж, — сказаў Віктар. — Тытул домаўласніка — гэта якраз тое, чаго мне не хапала. Але нічога не зробіш, будзем будаваць свой дом. Палтаран. У каменданцкім загадзе, які быў расклеены па сценах дамоў гарадка, Паўлік значыўся поўным сваім тытулам: грамадзянін Арэшка Павел Фёдаравіч. Хомчанка. Новыя свацці (жадалі яны сабе гэтых тытулаў, прысвоеных ім дзецьмі, ці не) напярэдадні сышліся абмеркаваць план дзеянняў. Васілевіч. // Якое‑н. званне, што прысвойваецца каму‑н. у гонар прызнання заслуг. Францыск Скарына, узброены доктарскімі тытуламі, зарукай і грашыма віленскага гарадскога галавы, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі бібліі. «Полымя». Паказалі каляровыя афішы з партрэтамі [артыстаў]. У кожнага тытул: лаўрэат якогасьці конкурсу. Жычка. / у іран. ужыв. Акрамя выключнай схільнасці да красамоўства, уладальнік ёмістай лысіны быў надзвычай прагны да славы, да гучных тытулаў і чыноў. Лынькоў.

2. Загаловак кнігі. // Першая старонка кнігі, на якой надрукаваны загаловак, імя аўтара, год і месца выдання; тытульны ліст. Тытул набіраецца буйным шрыфтам. □ Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам. Караткевіч.

3. У буржуазнай юрыспрудэнцыі — аснова якога‑н. права. Тытул уласнасці.

4. Спец. Назва каштарысаў капітальнага будаўніцтва ў СССР па аб’ектах, якія ўключаны ў тытульныя спісы.

[Лац. titulus — надпіс, ганаровае званне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял. Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.​Буш, з 28 чэрв. В.​Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн. чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.​Х.​Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.​Ф.​Захараў), 3-і (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн. чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.​Я.​Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.​К.​Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв. гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл. Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл. Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл. Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.

Літ.:

Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.​М.​Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.​А.​Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.

т. 2, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)