Лакно ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’ (Бейл.), локно́ ’гарлачык белы, Nuphar alba L.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Нар. лекс.), Локна — возера і сенажаць в. Ласіцк (Бел. анам., 1985, 125), укр. палес. локно́), лукно́ ’гарлачык’. Польск. Łekno, Łukna (назва возера ў Пазнанскім ваяводстве, з XII–XIII стст.), сярэдневяковыя тапонімы і гідронімы з палабскай, паморскай, лужыцкай і славенкай тэрыторый ў формах: *lъkno, *lъкniса і з басейна Прыляці і Дзясны: Локна, Локнея, Локніца, Локня, Локнянка; чэш. lekno, leknin ’гарлачык белы’, славац. lekno, lekno biele ’тс’, lekno žlté ’гарлачык жоўты’, leknovec ’німфейнік шчыталісты, Nymphoides peltatum (S. G. Gmel.)’, магчыма, в.-луж. łuknadź, łoknadź. u̯óknač ’лотаць, Caltha palustris L.’ Прасл. (паўн.-прасл.) дыялектызм lъkno, які служыў для называння водных раслін на балотах, азёрах і звязаных з імі мікратапонімаў. Адпаведнікі ў балт. мовах: літ. lùknė, лат. lùkne ’гарлачык жоўты’, Lùknas (возера), Lùknė (рака), лат. Lukna (рака). Аналагічна параўн. семантычную паралель ’расліна’ ⟷ ’балота’: локвањ ’гарлачык’, локвањача ’тс’ < лӧква ’лужа’, ло̀кањ ’невялікая лужа’ (а раней ’балота, дрыгва’ < ’возера’) ці ’балота’ ⟷ ’лес’ (гл. Талстой. Геогр., 244). Балта-паўн.-слав. ізалекса (Непакупны, Связи, 34–36). Прасл. lъkno звязваецца этымолагамі з і.-е. *leu̯k‑/*lou̯k‑ ’блішчэць, ільсніцца’ (Слаўскі, 5, 99; Слаўскі, SP, 1, 115; Брукнер, 309; Трубачоў, Этимология–1968, 24–32; Фрэнкель, 389–390).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывако́ст ’расліна Symphytum L.’ (БелСЭ), жывако́снік (Кіс.). Рус. жи́вокость (з 1790 г.) ’расліна Delphinium L.’, дыял. жи́воко́сть, жи́воко́с, живоко́ст — назва шэрагу раслін, у тым ліку Symphytum officinale L., Polygonum hydropiper L., Cynoglossum officinale L., Thalictrum minus L., Spiraea ulmaria L., Chelidonium majus L.’, укр. живокі́ст(ь) ’symphytum L.’, польск. żywokost ’Symphytum L.’ Калі сучасны від слова не вынік народнай этымалогіі, можна тлумачыць жывакост як назву паводле лячэбных уласцівасцей расліны. Чэш. назва Symphytum — kostival, valikost тлумачылася яшчэ ў чэш. лекарскай кнізе Я. Чэрнага (1517) тым, што расліна «зламаныя косці зацвярджае», «раны зацягвае, закатвае (svaluje, zavaluje)». Махэк (Jména rostl., 191–192) замест сувязі з val‑ прапануе пераход val‑ < bal‑ (ovati, balii) ’лячыць’. З чэш. kostival, польск. kosztywał, славац. kostiviar — вынік імкнення да разумення другой часткі слова. Тады ў жывакост першая частка звязана з жывіць ’гоіць’, а другая, як і ў чэш. назве, — з *kostь: *živi‑kostь. Можна адзначыць, што і рус. живокость — назва лекавай расліны (рагулька). Польск. żywokost (з XV ст.). Лось (Сложные слова в польском языке. СПб, 1901, 104–105) не тлумачыў семантыку польск. слова, лічыў першую частку адпрыметнікавай, а не аддзеяслоўнай. Не выключана, што бел. (як і ўкр.) словы з польск., дзе калька з чэш. valikost, а рус. < бел., укр. Чэш. паходжанне тлумачыла б цвёрдасць канчатковага зычнага. Параўн. жывіцельнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́чка 1 ’костачка, сустаў на пальцы’ (Сцяц., ЛА, 3; брагін., Шатал.; лід., свісл., іўеў., беласт., Сл. ПЗБ; слонім., Нар. лекс.), ’костачка на ступні нагі’ (Жд. 2), ’кончык, падушачка на пальцы’ (ТС; шчуч., свісл., лях., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ПСл, Мат. Гом.), ’невялікая колькасць чаго-небудзь, узятая кончыкамі пальцаў, шчопаць’ (лун., Шатал.; ТС; жытк., нараўл., Мат. Гом.), ’скула на твары; ружовыя месцы на шчацэ’ (ЛА, 3; барыс., віл., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), пучкі ’пальцы на руках’ (Растарг.), параўн. укр. пучка ’кончык пальца, палец; шчопаць’, рус. пучка ’палец, мяккая частка пальца’. Да пук ’выпукласць, пукатасць’ (гл.), параўн. польск. рис, pucka ’падушачка пальцаў’ (Брукнер, 447: да pęc, pąk), славац. риска ’кулак, сціснутая рука’. Сюды таксама пучок ’падушачка на пальцы, мякіш’ (свісл., Шатал.).

Пу́чка 2 ’пятка яйца’ (ЛА, 1; астрав., Сл. ПЗБ). Ад пушка ’тс’ (< пуха, гл.), змененае ў выніку семантычнай блізкасці з пу́чка}. Параўн., аднак, рус. дыял. пука ’тупы канец яйца’, што не выключае паходжання ад пук ’выпукласць, пукатасць’.

Пу́чка 3 ’бурачнік, баршчэўнік без лісця — сцяблінка’ (Мар. дыс.), рус. пучка ’баршчэўнік, Heracleum; дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ Да пук ’кветаноснае сцябло’ і назвы іншых раслін з патоўшчанай верхняй часткай, напрыклад: пук ’дзягіль’ (гл.), насуперак Фасмеру (3, 415), які выводзіць рускае слова з эст. put1 k ’баршчэўнік, трубка’, фт. рШкі ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смала́ 1 ‘загусцелы сок хваёвых і іншых раслін’, ‘пра назойлівага, надакучлівага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.; астрав., драг., Сл. ПЗБ), ‘жывіца сасны’ (Пятк. 2), смола́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. смола ‘тс’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), сюды ж смалі́ць ‘насычаць смалой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Укр., рус. смола́, стараж.-рус., серб.-ц.-слав. смола ‘тс’, польск. smoła, в.-луж., н.-луж. smoła, палаб. smüla ‘смала; пекла, печ’, чэш. smůla, славац. smola, серб.-харв. смо̀ла, славен. smóla, балг. смола́, макед. смола. Прасл. *smola утворана ад і.-е. кораня *(s)mel‑ ‘гарэць, тлець’ (Сной₁, 586). І.‑е. адпаведнікі: лат. smeļi мн. л. ‘смольныя паленні’, літ. smėla ‘тлее’, smelà ‘смала’, н.-ням. smelem ‘гарэць доўга і дымна’, с.-ірл. smál, smól, smúal ‘агонь, попел’ (Праабражэнскі, 2, 337; Фасмер, 3, 690; Шустар-Шэўц, 1322; Сной₁, 586; Глухак, 566; Скок, 3, 294; ЕСУМ, 5, 326–327). Махэк₂ (563), Борысь (563) лічаць *smola дэрыватам ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова *smelti ‘тлець, злёгку гарэць’, суадноснага з *smaliti, гл. смаліць.

Смала́ 2, смыла́, смэла́, смо́лка ‘малодзіва’ (бяроз., пін., хойн., Шатал.), смала́, смаліна́, смо́лак, смо́лка ‘(ліпкае саланаватае) малако перад ацёлам’ (Мат. Гом.), смола́ ‘тс’ (ТС), смо́лка ‘тс’ (Шат., Сцяшк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ). Гл. папярэдняе слова. Семантычнае развіццё аналагічна развіццю ў сера ‘малодзіва’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́я ’рагулькі палявыя, Delphinum consolida L.’ (ТС, ПСл), ’званочак, Campanula persicifolia L.’ (лельч., Бейл.), ’сон, дрымотна, Pulsatilla pratensis Mill.’ (там жа), ’падтыннік, Chelidonium majus L.’ (там жа), то́я садо́ва ’рагулькі высокія, Delphium elatum’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. то́я, то́ядь ’боцікі, Aconitum napellus L.’, тоя польо́ва ’крывяна-чырвоная герань, Geranium sanguineum L.’, ту́я, нето́я, чорното́я ’тс’, то́я лісна́ ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’, польск. дыял. toja ’боцікі’, tojad ’тс’, tojeść ’лазаніца, Lysimachia nummularia L.’, ст.-польск. toje, matki boże toje, tojeść, matki boże(j) tojeść, matki boży tojeść ’лазаніца звычайная, Lysimachia vulgaris L.’. Арэальнае ўтварэнне з не да канца высветленай этымалогіяй (Пастусяк, Pogranicze, 320–322). Брукнер (572) у якасці зыходнай формы для польскай мовы лічыць tojeść, tojest, to je (літаральна ’гэта ёсць’) як табуізаваную назву для атрутных і проціатрутных раслін. Дзендзяліўскі (SFPS, 12, 195) тлумачыць украінскую форму з суф. ‑ядь як вытворную ад то́я, якая азначала спачатку ’зараснік тоі’, а то́я ён выводзіць як адваротнае ўтварэнне ад нето́я, табуізаванай назвы з семантыкай ’гэта не ёсць расліна, што мае звышнатуральную моц’, параўн. таксама ЕСУМ, 5, 612. Будзішэўска (JP, 1974, 4, 174) мяркуе пра нямецкае паходжанне назвы ад das ist ’гэта ёсць’, магчыма, нейкім чынам пераробленае з ням. Dost ’мацердушка, Origanum L.’, што няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́са 1 ’верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства’ (ТСБМ), сюды ж ра́сішча (ря́сище) ’падранае адзенне, лахманы’, pácce, ря́ссе ’транты, рыззё, зношанае адзенне’ (Нас., Мат. Маг., Юрч., ЛА, 5, Растарг.), ря́ска ’неахайная жанчына ў падранай вопратцы’ (хоцім., Янк. 2), ’зношаная адзежына’ (Юрч.); ст.-бел. рѧсы: рѧсы золотыи оучинимъ тобѣ (Альтбаўэр). Запазычана праз стараж.-рус. і ц.-слав. раса ’тс’ з с.-грэч. ράσον ’манашаскія шаты, убор’, н.-грэч. ρασο ’тс’; зыходнай формай лічыцца лац. rāsum (Фасмер, 3, 443–444, 538; БЕР, 6, 185). Формы з ‑я‑ (‑ѧ‑) другасныя, параўн. рус. ря́са ’убор святара, манаха’, укр. ря́са ’тс’, паводле Брукнера (6) з ням. Rasch ’грубая тканіна, камлот’; усходнебеларускія формы, магчыма, з’яўляюцца гіперычнымі (у мяккаэрых гаворках) або ўзніклі пад уплывам *ręsa ’махры; вісюлькі’ (гл. раса́ 2).

Ра́са 2 ’групоўка людзей аднаго фізічнага тыпу’, ’парода’ (Некр. і Байк., ТСБМ). З ням. Rasse (праз польскую або рускую); зыходнай можа быць італ. razza ’тс’ і араб. raʼs ’галава, выток’ (Брукнер, 454; Фасмер, 3, 444; Сной₂, 602). Сюды ж расо́вы ’пародзісты, надзелены якасцямі добрай пароды’ (Скарбы), што з’яўляецца запазычаннем з польск. rasowy ’тс’.

Раса́ 1 ’вадзяныя кроплі на паверхні раслін’ (ТСБМ, Стан., Ласт., Сл. ПЗБ), pocа́ ’тс’ (ТС), расі́на ’капля расы; вельмі малая колькасць якой-небудзь вадкасці’ (Нас., Байк. і Некр., Ян.), расі́ца памянш. ’раса’ (Нас.), ро́ска ’капля вадкасці, якая выступае на саску ў каровы незадоўга перад цяленнем’ (ТС), параўн. ст.-бел. роса ’тс’ (Альтбаўэр), укр. роса́ ’раса’, рус. роса́ ’тс’, польск. rosa ’тс’, в.-луж., н.-луж. rosa ’тс’, чэш., славац. rosa ’тс’, ’пот’, ’сляза’, славен. rósa ’раса’, ’пот, сляза’, серб., харв. roòa ’раса’, балг. роса́ ’раса’, ’кропля поту’, макед. роса ’тс’, ст.-слав. роса ’тс’. Прасл. rosa, параўн. літ. rasa, лат. rasa ’тс’, ’дробны дождж’, грэч. δρόσος ’кропля расы’, ’вільгаць’, ст.-інд. rasā‑ ’сок раслінаў’, ’вільгаць’. Імаверна, аддзеяслоўная форма ад і.-е. асновы *res‑ ’цячы’ < *eres‑ ’тс’, параўн. хец. aršzi, ст.-інд. ársati ’тс’ (Міклашыч, 283; Фасмер, 3, 503; Скок, 3, 158; Бязлай, 3, 197; Шустар-Шэўц, 2, 1237; Глухак, 531; Сной, 545). Сюды ж раса́, роса́ ’пацёкі на вокнах’ (Сл. ПЗБ; чач., хойн., лельч., ЛА, 4) — метафарычны перанос, параўн. рус. пск. роса́ ’тс’, літ. rasóti ’пакрывацца расой’ і ’запацяваць (пра акно)’. Параўн. таксама як раса́ вісі́ць ’пра вялікую колькасць’ (Ян.).

Раса́ 2 ’жытняя кветка’ (Арх. Федар.): расуе жыта, што раса, калмаценька (дзятл., Сл. ПЗБ), ’цвіценне, красаванне’: расуе жыта, пускае расочкі — гэта раса (воран., Сл. ПЗБ), ре́сы ’парасткі на клубнях бульбы’ (драг., ЖНС), ра́сы ’махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), сюды ж расо́чка ’пылок кветкі жыта’ (Сл. ПЗБ), параўн. укр. ря́са ’каласок жыта ці аўса’, рус. дыял. ряса́, ря́са ’махры, кутасік’, польск. rzęsa ’вейка’, ст.-польск. rzęsa ’усялякія вісячыя ўпрыгожванні’, rząsa ’коцікі ляшчыны і альхі’, чэш. řasa ’вейка; складка (у тканіне)’, славац. riasa ’тс’, н.-луж. rěsa ’мужчынскія кветкі на вярбе, альсе, бярозе, што маюць форму завушніцы’, славен. resa ’асцюк; ніці, што вісяць па краі адзення’, серб.-харв. ре́а ’кіціца; махры, кутасік’, балг. реса̀ ’тычынка, суквецце арэха, ляшчыны, вярбы; фрэнзлік, кутасік’, макед. реси мн. л. ’водарасці (у Охрыдскім возеры)’. Ад прасл. *ręsa, што хутчэй за ўсё з *ręd‑sa < *ręd‑ (Фасмер, 3, 538; Бязлай, 3, 173; Сной, 534; Глухак, 525), роднаснага да *ręditi ’упрыгожваць’, ’нанізваць’, параўн. рус. наряжать, наряд, рядить. Іншыя версіі гл. Махэк₂, 529 (< *rępsáti ад кораня *ręp‑ ’драць, трапаць, згібаць’), Скок, 3, 131 (няпэўнае параўнанне з ст.-інд. raçana ’папружка, рэмень’, прапанаванага раней Младэнавым, 560). Няяснымі застаюцца адносіны да краса, красаванне ’цвіценне злакавых раслін’ (гл.). Спробы вытлумачыць семантычную эвалюцыю ад *krasa ’росквіт жыцця’ да *krasa > rasa ’кветка раслін’ не ўлічваюць розную якасць *r‑ (непалаталізаваны/палаталізаваны). Параўнанне краса ’ўпрыгожванне, паляпшэнне свайго выгляду, выстаўленне сябе на агляд’ і краса́, раса́ ’квітненне злакавых’, што супастаўляюцца з паралельнымі формамі з семантыкай ’выхваленне, праслаўленне, хвальба’ — ісл. hrosa ’хваліць, хваліцца’, hroesni ’хвальба, ліслівасць’, нарв. rose ’тс’, нарв. дыял. rösen ’статны, заўважны, відны’, швед. rosa ’праслаўляць’ (Общ. лекс., 144–146), не пераконваюць. Можна канстатаваць адваротнае развіццё раска > краска, падобна як сустракаецца пераасэнсаванне ветка > кветка і наадварот (Станкевіч, Зб. тв. 1, 442–443): арш. кветка аўсу, квяцісты авёс / гродз. ветка аўсу, вяцісты авёс, параўн. адарві кветку кляновую (Нас.). Гл. расаваць.

Раса́ 3 ’абрадавы выхад (святкаванне з рытуальнымі дзеяннямі і пачастункам) у поле на веснавога Юр’я’ (мін., Доўн.-Зап. 1), расу́ таптаць (Шлюб.), хадзіць на ро́су (лях., Архіў БЭЛА), росу трусыты/тэрусіць/гнать ’тс’ (пін., Агапкіна, Основы), Rasa ’Купанне’ (Федар. 1). Семантычная кандэнсацыя словазлучэнняў тыпу (ісці, пайсці, выйсці, хадзіць і пад.) на/у расу з далейшым пераасэнсаваннем назоўніка як каляндарнага тэрміна сферы традыцыйнай культуры. Параўн. рус. зах. роса́ ’свята Івана Купалы’ (Даль), калін. ро́сы мн. л. ’касьба раніцой або ўвечары’, уладз. па ро́су пойти ’пайсці на сенакос’. Да раса 1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424–426; Агапкіна, Основы, 417–418.

Раса́ 4: расы́ няма на яго ’пажаданне няшчасця’ (Ян.). Верагодна, аддалена звязана з народнымі ўяўленнямі аб расе як шкоднай вадкасці (амбівалентнымі звычайным пазітыўным, жыццядайным), якая набывае такія ўласцівасці пад чароўным уздзеяннем. Таксама імавернай падаецца метафарычная замена: (хваробны, смяротны) пот → раса. Параўн. рус. дыял. медвяная роса́ ’хвароба раслін, пры якой яны пакрываюцца саладкаватай жыжкай’, варонеж. ро́сный ’заражаны мучністай расой ці грыбковымі хваробамі (аб раслінах)’, а таксама укр. перегна́ти на ро́су (каго) ’даць каму-небудзь; выцяць’. Да раса 1 (гл.). Гл. Бел. міф., 424. Параўн. росісць ’нешта дрэннае’: шоб вас поела росісць (ТС), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСАБЛІ́ВА АХО́ЎНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ І АБ’Е́КТЫ,

тэрыторыі, акваторыі і аб’екты, цалкам або часткова, пастаянна або часова выключаныя з інтэнсіўнага гасп. выкарыстання (таксама тыя, што знаходзяцца ў карыстанні і валоданні), для якіх заканадаўствам і нарматыўнымі актамі ўстанаўліваецца асаблівы рэжым аховы і выкарыстання.

Тэрыторыі ўтвараюцца з мэтай захавання своеасаблівых эталонаў прыроды, забеспячэння экалагічнай раўнавагі і падтрымкі асяроддзя, прыдатнага для чалавека, жывёл і раслін, вывучэння натуральных і антрапагенных працэсаў у біясферы і кантролю за іх зменамі, аховы прыродных рэсурсаў, каштоўных натуральных і штучных прыродных комплексаў, аб’ектаў і з’яў, генафонду расліннага і жывёльнага свету і інш. Маюць экалагічнае, рэсурса- і аб’ектаахоўнае, навуковае, асветнае, выхаваўчае, культурнае, эстэтычнае, рэкрэацыйнае або гістарычнае (у асобных выпадках) і інш. значэнне. Да іх адносяцца тэр. запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў, некаторых помнікаў прыроды. У сусв. практыцы асн. формай з’яўляюцца нац. і прыродныя паркі, запаведнікі (рэзерваты).

На Беларусі (1995) 79 такіх тэрыторый (у т. л. Бярэзінскі біясферны запаведнік, Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, нац. паркі Белавежская пушча і Браслаўскія азёры), 76 заказнікаў і 187 помнікаў прыроды рэсп. значэння. Агульная пл. 794,2 тыс. га (3,8% пл. рэспублікі).

Да аб’ектаў належаць некаторыя помнікі прыроды рэсп. значэння: асобныя рэдкія і векавыя дрэвы і іх групы, валуны, валунна-галечныя кангламераты і іх групы, геал. агаленні, унікальныя формы рэльефу, крыніцы і інш.

На Беларусі гэтыя тэр. і аб’екты маюць міжнар., рэсп. або мясц. значэнне. У адпаведнасці з «Законам Рэспублікі Беларусь аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) ім надаецца статус дзяржаўных. Кіраванне ў галіне арганізацыі, выкарыстання і аховы гэтых тэрыторый і аб’ектаў ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў Рэспублікі Беларусь, выканкомамі мясц. Саветаў дэпутатаў, Мін-вам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органамі на месцах; кантроль — мясцовымі Саветамі дэпутатаў, органамі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш.

З.​Ф.​Мураўёў, Г.​У.​Вынаеў.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІЦІРО́ЎКА,

якасная ацэнка асобных прыродных рэсурсаў (водаў, глебаў, лясоў, жывёльнага свету і інш.), іх тэрытарыяльных спалучэнняў або сукупнасцяў (біягеацэнозаў, ландшафтаў, угоддзяў, запаведных участкаў і інш.) ці асобных гасп. каштоўнасцяў. Найбольшае гасп. значэнне мае баніціроўка с.-г. жывёл, глебы і лесу (гл. Банітэт).

Баніціроўка сельскагаспадарчых жывёл — іх ацэнка паводле племянных і прадукцыйных вартасцяў для вызначэння парадку далейшага выкарыстання. Уключае комплексную ацэнку жывёл паводле паходжання, экстэр’еру, прадукцыйнасці, узнаўленчай здольнасці і якасці патомства. Адно з асн. масавых мерапрыемстваў па паляпшэнні статкаў. На Беларусі праводзіцца (з 1934) заатэхнікамі-селекцыянерамі ці спецыялістамі-баніцёрамі ва ўсіх племянных статках штогод у пэўныя тэрміны. Баніціруюць: кароў, быкоў, маладняк буйн. раг. жывёлы з 6 месяцаў; свінаматак, кныроў, рамонты маладняк з 2 месяцаў; аўцаматак, бараноў і маладняк авечак танкарунных і паўтанкарунных парод з аднагадовага ўзросту, грубашэрсных, мяса-сальных і неспецыялізаваных парод ва ўзросце каля 1,5 года, футравых — у 7—8 месяцаў, смушкавых — ва ўзросце 1—2 сут; маладняк козаў ва ўзросце 3,5—4 месяцаў і 1 года; дарослую птушку, маладняк курэй і індыкоў з 2 месяцаў, качак і гусей з 3 месяцаў. Паводле вынікаў баніціроўкі фарміруюць племянное ядро, племянны маладняк, групу жывёл, не прыдатных на племя, і інш. групы, распрацоўваюць мерапрыемствы для павышэння даходнасці фермаў. Баніціроўка глебы — параўнальная ацэнка якасці глебы па яе найважнейшых агранамічных уласцівасцях. Неабходна для эканам. ацэнкі зямлі, вядзення зямельнага кадастру, меліярацыі і інш. Пры баніціроўцы ўлічваюцца прыродныя якасці глебы (грануламетрычны склад, увільготненасць, завалуненасць і камяністасць, кіслотнасць), дабратворны і шкодны ўплыў на яе гасп. дзейнасці чалавека (намнажэнне гумусу, асн. пажыўных рэчываў для раслін, пашкоджанасць у выніку эрозіі і інш.). Баніціроўка вядзецца па 100-бальнай шкале. Ва ўмовах Беларусі найвышэй ацэнены дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы — 63—100 балаў. Бал банітэту глебаў дзярнова-падзолістых 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных 20—64, тарфяна-балотных 36—75, поймавых 31—88.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗА (Betula),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (B. pendula), і пушыстая, або белая (B. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (B. carelica), і няясная, або цёмная (B. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (B. humilis) і карлікавая (B. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (B. papyrifera), жоўтая (B. lutea), вязалістая (B. ulmifolia), Эрмана (B. ermanii), японская (B. japonica), блакітная (B. coerulea), туркестанская (B. turkestanica), даурская (B. dahurica), рабрыстая (B. costata) і Шміта, або жалезная (B. schmidtii).

Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.

В.​Ф.​Пабірушка.

Бяроза: павіслая (уверсе); карэльская.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)